RFE/RL |
|
Гаўдэамус
56. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (6)
Самыя прэстыжныя і шанаваныя ва ўсім сьвеце брытанскія ўнівэрсытэты Кэмбрыджскі і Оксфардзкі – выразна элітныя. Трапіць сюды могуць толькі самыя таленавітыя. А якія шанцы ў маладых беларусаў не надзвычайных, а добрых здольнасьцяў? Куды і якім чынам ім лепш за ўсё паступаць, калі прынятае рашэньне кіравацца ў Вялікабрытанію за ведамі? На гэтыя пытаньні, а таксама на пытаньне, ці можна паступіць ва ўнівэрсытэт, дзе вучыўся прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэйэр, – адказ у сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Тэарэтычна паступаць у брытанскі ўнівэрсытэт можна нават адразу пасьля заканчэньня сярэдняй школы ў Беларусі, маючы за плячыма толькі 17 год. Але ці варта гэта рабіць адразу? Справа ў тым, што гэта варыянт толькі для тых, хто мае вельмі шмат грошай, або для надзвычай таленавітых маладых людзей, за адукацыю якіх гатовы даплочваць любы ўнівэрсытэт. Сёньняшні брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэйэр – чалавек надзвычайных здольнасьцяў. І тэарэтычна ён бы мог мець дыплём самага прэстыжнага ўнівэрсытэту, тыпу Кэмбрыджа, ці Оксфарда. Але ён скончыў унівэрсытэт графства Кэнт у горадзе Кэнтэрбэры, што на самым поўдні Вялікабрытаніі. Унівэрсытэт гэты ў афіцыйнай клясыфікацыі брытанскіх вышэйшых навучальных установаў знаходзіцца толькі ў другой дзесяццы й нічым не вылучаецца. Як адзначыў Тоні Блэйэр ў адным са сваіх інтэрвію, ён абраў Кэнцкі ўнівэрсытэт таму, што ён, па-першае, быў значна таннейшы ад іншых, а па-другое, гэта адносна малады ўнівэрсытэт, пазбаўлены закасьцянеласьці, які дае адпаведную свабоду сваім студэнтам у працэсе навучаньня. Каб дапамагчы вам знайсьці адказ на пытаньне, якім чынам можна было б стаць студэнтам Кэнцкага ўнівэрсытэту й пра магчымасьці атрыманьня фінансавай дапамогі, я пазваніў у Кэнтэрбэры. Інтэрвію для нашых слухачоў згадзілася даць дырэктар-куратар аддзелу замежных студэнтаў доктар Памэла Грос. На маё пытаньне, датычнае стыпендыяльных фондаў, яна адказала: (Грос: ) “Калі гаварыць пра спэцыфічныя праблемы ўсходнеэўрапейскіх студэнтаў, дык у нас на ўнівэрсытэце ёсць адпаведны фонд для замежных студэнтаў. Але колькасьць грошай у гэтым фондзе абмежаваная. І таму звычайна студэнт, які атрымлівае гэтую стыпендыю, мае штогод 1500 фунтаў. Я прыгадваю, што мы не зьяўляемся адным са старых брытанскіх унівэрсытэтаў зь вялікімі грашыма. Нашаму ўніверсітэту ўсяго 30 гадоў. І недахоп грошай – гэта вялікая праблема для нашых студэнтаў”. Канешне, для 17–18-гадовага абітурыента атрымаць стыпендыю ў брытанскім унівэрсытэце даволі цяжка. На 1 стыпендыю для замежных студэнтаў, якая да таго ж пакрывае толькі каля 20% коштаў навучаньня, прэтэндуе да 10 кандыдатаў. Прыгадаю, што за год навучаньня ў Кэнцкім унівэрсытэце трэба заплаціць прыблізна 7 тысячаў ангельскіх фунтаў. (гэта ня менш за 11 тыс. амэрыканскіх даляраў) Да гэтага дадаюцца яшчэ кошты харчаваньня, пражываньня, падарожжаў. Усяго ня менш 20 тыс. даляраў у год. Унівэрсытэт жа прапануе, ды й то толькі для лепшых студэнтаў стыпендыю 1500 фунтаў, альбо 2250 даляраў. Але ці існуюць нейкія іншыя магчымасьці атрыманьня стыпендыяў? Памела Грос лічыць: (Грос: ) “Напэўна ёсьць агульнаэўрапейская праграма дапамогі ўсходнеэўрапейскім студэнтам, але я не зьяўляюся экспэртам у іх. Адзін з маіх калегаў займаецца гэтым. У нашым жа ўнівэрсытэце мы маем некалькі праграмаў супрацоўніцтва з замежнымі ўнівэрсытэтамі, якія ствараюць некаторыя магчымасьці. Праўда, з усходнеэўрапейцамі нашыя сувязі пакуль-што абмежаваныя. Мы ўжо некалькі гадоў маем праграму абмену студэнтамі з Польшчаю. Мы таксама маем аднаго, часам двух студэнтаў у рамках праграмы “Тэмпус”. Але мы цяпер працуем над адмысловай праграмаю супрацоўніцтва з Усходняй Эўропай. Але пакуль-што мы маем даволі мала студэнтаў з посткамуністычнай Эўропы. І гэта сумна”. І тут я мушу дадаць: самая даступнае для беларускіх абітурыентаў – гэта паспрабаваць атрымаць стыпендыю з фондаў спэцыяльных адукацыйных праграмаў Эўрапейскага Зьвязу, створаных спэцыяльна дзеля таго, каб садзейнічаць працэсу дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў на посткамуністычнай прасторы. Ёсьць дзьве адукацыйныя праграмы гэтых фондаў пад назвамі “Тэмпус” і “Сакратэс”. Я пляную прысьвяціць расказу пра гэтыя праграмы спэцыяльныя перадачы. Цяпер жа толькі адзначу, што стыпендыяльныя сродкі зь іх прызначаныя пераважна для пасьлядыплёмнай адукацыі і для тых, хто скончыў некалькі курсаў беларускай ВНУ. Якім бы шляхам пайшлі вы да ангельскай адукацыі, калі б вы былі, прыкладам, беларускім абітурыентам? Такім было маё наступнае пытаньне да Памэлы Грос, дырэктара аддзелу замежных студэнтаў Кенцкага ўнівэрсітэту. (Грос: ) “У нас ёсьць спэцыяльная праграма, якая на працягу чатырох гадоў дае студэнтам дыплём першай ступені вышэйшай адукацыі. У гэтай праграме ёсьць адпаведная лічба ўсходнеэўрапейскіх студэнтаў. Мы прыймаем іх на тых самых падставах, што і амэрыканцаў. І некаторыя з тых, хто трапляе на першы курс, карыстаюцца фінансавай дапамогаю некаторых фондаў, але яны дамагаюцца гэтай падтрымкі ў індывідуальным парадку. Але бальшыня аддае перавагу сканчэньню першага, ці некалькіх першых курсаў у сябе на бацькаўшчыне. Важную ролю тут адыгрывае веданьне ангельскае мовы”. Памэла Грос сама закранула, як бачым, праблему веданьня ангельскае мовы. Ці сапраўды такая праблема йснуе ў дачыненьні да абітурыентаў зь Беларусі ды іншых краінаў Усходняй Эўропы? (Грос: ) “Я асабіста займаюся наборам студэнтаў з усяго сьвету. І веданьне мовы – для ўсіх важная праблема. Але найбольш складаная яна для студэнтаў зь некаторых краінаў, якія культурна вельмі далёкія ад Эўропы. Перш за ўсё тут трэба прыгадаць японцаў і карэйцаў. Яны больш стрыманыя, яны ня могуць так свабодна выказваць свае думкі. Зразумела, што студэнтаў з Усходняй Эўропы гэта не датычыць, хаця і ў іх ёсьць адпаведныя праблемы з моваю”. У брытанскія ўнівэрсытэты трапляюць толькі тыя, хто добра здаў міжнародныя іспыты веданьня ангельскае мовы. Так што ацэнка спадарыні Грос не адлюстроўвае агульны ўзровень яе веданьня на Беларусі. Прыгадаю, што праблеме веданьня ангельскае мовы й спэцыфікі здачы спэцыяльных міжнародных іспытаў сыстэмы TOEFL і SAT мы таксама прысьвяцім спэцыяльную перадачу. Мікола Іваноў
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |