border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Гаўдэамус


46. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце (2)

Цэнтральна-Эўрапейскаму ўніверсітэту, які знаходзіцца ў самым цэнтры вугорскай сталіцы Будапешту, хутка споўніцца 10 год.  Як на вышэйшую навучальную ўстанову гэта няшмат, але дзякуючы ўнікальнай працы настаўніцкага калектыву, адміністрацыі і самога стваральніка універсітэту Джорджа Сораса гэтую вышэйшую навучальную ўстанову сёньня без перабольшваньня можна назваць візытнай картачкай Будапешту.  Гэта адна з самых прэстыжных і шанаваных вышэйшых навучальных установаў у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе, якой не без падставаў ганарыцца Вугоршчына.  І вось менавіта тут вучыца бадай-што самая вялікая колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой.

Як жывуць яны ў Будапешце?   Як вучацца?   На гэтыя і іншыя пытаньні адказ у сёньняшняй перадачы серыі "Гаўдэамус".

Калі я прыехаў у Будапешт і накіраваўся ў Цэнтральна-эўрапейскі ўніверсітэт, першае, што мяне здзівіла, - гэта атмасфера, якая пануе ў гэтай вышэйшай навучальнай установе.  Тут сапраўдная "Вежа Бабель", дзе не толькі вучацца прадстаўнікі 44 краінаў, але і працуюць настаўнікі амаль з усіх краінаў з посткамуністычнай прасторы.  Вугорцы, чэхі, палякі, румыны, бальшыня з дыплёмамі шанаваных заходніх універсітэтаў, людзі, якія ня толькі ведаюць постсавецкую рэальнасць, але выхаваныя ў заходняй культуры.  Сярод працаўнікоў універсітэту шмат і тых, хто нядаўна скончыў яго.

Дзеля таго, каб знайсьці студэнтаў-беларусаў, я накіраваўся як раз да аднаго з іх - адміністратара студэнцкіх справаў, Сяргея Сыча.  Ён сам нядаўна скончыў Цэнтральна-Эўрапейскі ўніверсітэт, і ўжо другі год запар узначальвае бюро студэнцкіх справаў.  Як можна было меркаваць паводле ягонага імя, Сыч таксама паходзіць з адной з былых савецкіх рэспублікаў.  Ён з Данецку, і нават пасьпеў на Украіне скончыць некалькі курсаў Данецкага дзяржаўнага ўніверсітэту.  Пазней быў шанаваны заходні універсітэт Кембрыдж, "постградьюэйт стадыз" у Будапешце і вось цяпер ён у штаце ўніверсітэту. Займае даволі важную пасаду: каардынатара студэнцкіх справаў.  Не аднойчы ён сустракаўся і з беларусамі, якіх ва ўніверсітэце вучыцца 27 асобаў. Вось, што ён расказаў пра іх.

(Сыч:) "Што тычыцца пазнейшай працы беларускіх студэнтаў, дык усе яны паспяхова яе знаходзяць.  Бальшыня з іх працуе ў Акадэміі навук Беларусі, а таксама ў недзяржаўных арганізацыях. Прыблізна 22% выхаванкаў-беларусаў нашага універсітэту засталіся на Захадзе. Тут яны працягваюць сваю адукацыю.  Бальшыня беларусаў вучыцца на факультэтах палітычных навукаў, міжнародных адносінаў, эўрапейскіх даследваньняў, гісторыі сярэднявечча і сацыялёгіі.  Гэта адны з найбольш папулярных кірункаў, куды самы вялікі конкурс.  І таму я магу з упэўненасьцю сьвердзіць, што падрыхтоўка беларусаў на высокім узроўні".

Пазьней Сяргей Лыч дапамог мне арганізаваць сустрэчу з групай беларускіх студэнтаў, якія згадзіліся падзяліцца з нашымі слухачамі сваімі думкамі аб сваім шляху на студэнкія лаўкі Будапештскага ўніверсітэту, а таксама аб тым, як вучыцца ім тут і як жывецца. На сустрэчу са мной прыйшлі: Алег Шлома,  студэнт факультэта міжнародных адносінаў, Міхаіл Рудэрман студэнт эканамічнага факультэту, Яўген Матусевіч, студэнт- палітоляг, Ігар Лупсякоў, які толькі што скончыў паліталягічны факультэт універсітэту і цяпер працуе ў прыватнай фірме ў Будапешце.

Першае і самае, бадай-што, галоўнае,  чым я папрасіў маіх суразмоўцаў  падзяліцца з нашымі радыёслухачамі, - гэта іх думкі наконт тых ведаў і той падрыхтоўкі, якую яны атрымалі на Беларусі. Аўтарытэт заходняй вышэйшай асветы ў Беларусі і іншых краінах за-за былой так званай "жалезнай заслоны" вельмі высокі. І гэта не безпадстаўна.  Але адначасна я размаўляў з шэрагам выкладчыкаў Цэнтральна-Эўрапейскага ўніверсітэту, і амаль ўсе яны ў адзін голас хвалілі падрыхтоўку студэнтаў з былога Савецкага Саюза, у тым ліку і студэнтаў з Беларусі.  Больш таго, у некаторых галінах падрыхтоўка усходніх студэнтаў перавышае падрыхтоўку іх заходніх калегаў.  У чым тыт справа? Можа высокі аўтарытэт заходняй сістэмы адукацыі - міф?  Каб выказацца на гэтую тэму,  першым слова ўзяў Алег Шлома.  Перад тым, як трапіць ў Будапешт, Алег вычыўся на перакладчыцкім факультэце Мінскага універсітэта замежных моваў і на факультэце міжнародных адносінаў Беларускага ўніверсітэту.

(Шлома:) "Так, я згодны: тыя студэнты, якія прыязджаюць вучыцца за мяжу з посткамуністычнай прасторы, выказваюць даволі высокі ўзровень агульных ведаў.  Асабліва гэта датычыцца дакладных навукаў, напрыклад, матэматыкі ды інжынерных навукаў.  Аднак, што датычыцца сацыяльных навукаў, такіх як філязофія, ці сацыялёгія, тут існуюць адпаведныя прабелы.  Можа гэта і не прабелы, а розны падыход, які існаваў на Захадзе і былым Савецкім  Саюзе.  У маладых людзей лічыцца, што атрымаць адукацыю на Захадзе - гэта амаль верны шлях да добрай кар'еры.  І таму  існуе вялікая праблема: ці ехаць на Захад, ці працягваць адукацыю дома".

Міхаіл Рудэрман прыехаў у Будапешт з Менску з "чырвоным дыплёмам" Беларускага ўніверсітэту. І тут, у Будапешце,  ён сярод лепшых.  Вось ягоная думка на конт адрозьненьня заходняй і савецкаў сістэмаў адукацыі.

(Рудэрман:) "Мы на Беларусі не маем доступу да бібліятэчных рэсурсаў. Праблема палягае ў тым, што вы можаце атрымаць ад свайго навучаньня столькі ведаў, сколькі вы хочаце, ня столькі, колькі вам дадуць, а колькі самі возьміце.  Веды - гэта перш за ўсё доступ да бібліятэкаў, да кніжак і часопісаў.  Толькі тут, на Захадзе, можна атрымаць сапраўдны доступ да навуковай літаратуры.  Тут я маю сапраўдны доступ да гэтых ведаў.  А ў Беларусі я не меў доступу да працаў лепшых вучоных сьвету.  А тут я маю такую магчымасць.  Можа таму адукацыя тут цэніцца больш высока, што доступ да ведаў значна лягчэйшы".

Яўген Матусевіч скончыў у Менску Інстытут сучасных ведаў. У Будапешце ён паступіў на паліталёгію. Ягоная будучая спецыяльнасць - правы чалавека. Ягоная думка наступная.

(Матусевіч:)  "Статус савецкай адукацыі крыху завышаны. Я так мяркую, што ўсё тое, што гавораць пра высокую якасць савецкай адукацыі - ў значнай ступені міф.  У нас вельмі добрыя матэматыкі, фізікі, але, калі мы возьмем сацыяльныя навукі, дык тут мы значна адсталі.  Я таксама хацеў дадаць, што большасць студэнтаў, якія вучацца тут, разглядаюць дыплём Цэнтральна-эўрапейскага ўніверсітэту ці іншых вну як квіток на Захад. Для большасьці з іх - гэта магчымасць з"ехаць з Беларусі за мяжу, калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі".

Ігар Лупсякоў - самы тытуляваны з маіх суразмоўцаў. Ён ужо двойчы скончыў Цэнтральна-эўрапейскі ўніверсітэт. Вучыўся таксама ў Вялікабрытаніі, ва ўніверсітэце горада Лідс.

(Лупсякоў:) "Калі параўнаць былую савецкую сістэму адукацыі з заходняй, дык трэба адзначыць, што былая савецкая - гэта ўвогуле пруская сістэма 18 стагоддзя, якая няшмат зьмянілася за 200 гадоў. І, як адзначыў мой калега, сацыяльныя навукі на Захадзе больш разьвітыя, чымся ў былым СССР. Возьмем у якасьці прыклада хаця б такі факт, што ў Цэнтральна-эўрапейскім універсітэце дасюцль яшчэ не было ніводнага беларуса, які б здолеў паступіць у аспірантуру."
 

Па-рознаму склаўся шлях маіх суразмоўцаў у Цэнтральна-эўрапейскі ўніверсітэт, напэўна, розныя шляхі абіруць яны і пасля яго закнчэньня. Але ёсць адна рэч, якая аб"ядноўвае іх ўсіх - станоўчасць і паслядоўнасць у дасягненьні сваіх мэтаў, а таксама разуменьне таго, што менавіта заходняя адукацыя можа дапамагчы ім зрабіць добрую кар"еру ў жыцьці, а таксама зрабіць нешта і для сваёй бацькаўшчыны - Беларусі.

У сеньняшняй перадачы я не паспеў закрануць праблемы штодзённага жыцьця студэнтаў у Будапешце. Як складаецца іх бюджэт? Ці атрымліваюць яны стыпендыі? А калі так, ці хапае гэтых стыпендыяў на жыцьцё?  Якім чынам і дзе яны атрымалі гэтыя стыпендыі?  Гэтым і іншым праблемам будзе прысьвечаная наступная перадача серыі "Гаўдэамус", якая выйдзе ў эфір праз тыдзень.

Мікола Іваноў
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org