RFE/RL |
|
Гаўдэамус
45. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце (1)
Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце -- адна з самых даступных для беларусаў вышэйшых навучальных установаў Захаду. Яе структура, кантынгент студэнтаў, спэцыфіка працэсу выкладаньня... Гэтыя ды іншыя тэмы -- у чарговай перадачы сэрыі "Гаўдэамус". Звычайна элітныя вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць і багатую гісторыю. Ангельскія Оксфардзкі і Кембрыдзкі ўнівэрсытэты вядуць сваю гісторыю зь сярэднявечча. Тое самае можна сказаць і пра парыскую Сарбону. Амэрыканскі Гарвардзкі ўнівэрсытэт - першая створаная на амэрыканскім кантынэнце вышэйшая навучальная ўстанова. Застаецца яна самай шанаванай і аўтарытэтнай вышэйшай школай і па сёньняшні дзень. Але вось другое месца ў гіерархіі амэрыканскай вышэйшай школы займае адносна малады ўнівэрсытэт - Стэнфардзкі. Так што для стварэньня элітнага ўнівэрсытэту багатая гісторыя і дасьведчаньне -- умова даволі важная, але не абсалютна неабходная. Вось чаму Джордж Сорас палічыў магчымым стварыць элітную вышэйшую школу ад самага пачатку ў Будапэшце. І без перабольшаньня можна сказаць, што гэта ў яго атрымалася. У Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце вучацца сёньня студэнты практычна з усіх краінаў былога сацыялістычнага лягеру і Савецкага Саюзу. Сярод 700 студэнтаў -- прадстаўнікі больш як 40 краінаў сьвету. Пэдагагічны працэс тут распрацаваны з улікам посткамуністычных умоваў і патрэбаў грамадзтва ў перабудове. Адбор студэнтаў вельмі строгі, так што трапляюць туды найлепшыя, здольныя пазьней уліцца ў інтэлектуальную эліту сваёй краіны. З заявы рэктара Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту прафэсара Юзэфа Яжаба: «Адна з галоўных ідэяў, на якой пабудаваны наш унівэрсытэт, - гэта спалучэньне ўсходняга і заходняга крытычнага мысьленьня. Разам з нашымі студэнтамі мы распрацоўваем новыя падыходы для вырашэньня складаных праблемаў посткамуністычнага грамадзтва, выкарыстоўваючы заходні досьвед. Сёньняшні склад выкладчыцкага калектыву, ягоны аўтарытэт і досьвед, веды студэнтаў і матэрыяльная база дазваляе нам быць ў ліку найлепшых навучальных установаў Эўропы». Тут неабходнае адно тлумачэньне. Сам Джордж Сорас зьяўляецца станоўчым прыхільнікам так званага адкрытага грамадзтва, у якім ідэалёгія падпарадкаваная патрэбам эканамічнага разьвіцьця. Ідэалягічныя разыходжаньні паміж паасобнымі групамі насельніцтва, на думку Сораса, не павінны быць тормазам на шляху да матэрыяльнага дабрабыту. Хутчэй наадварот: палітычны плюралізм можа і павінен быць маторам прагрэсу ва ўсіх галінах жыцьця грамадзтва. Вось чаму ў сорасаўскім унівэрсытэце ў Будапэшце працуюць ня толькі аднадумцы, якія падзяляюць погляды свайго патрона. Свабодны абмен поглядамі, дыскусыі і пасьлядоўная абарона сваіх поглядаў -- падстава навучальнага працэсу ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэсытэце. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт складецца з 4 факультэтаў і 6 асобных катэдраў, якія прапануюць студэнтам веды ў гэткіх галінах: -- факультэты: эканомікі, права, гісторыі і палітычных навукаў; -- катэдры: аховы навакольнага асяродзьдзя, фальклёру і культуры, міжнародных дачыненьняў і эўрапейскіх дасьледаваньняў, правоў чалавека, дасьледаваньня сярэднявечча, вывучэньня нацыяналізму, вывучэньня гісторыі і культуры Паўднёва-Ўсходняй Эўропы. Практычна па ўсіх з вышэйпералічаных кірункаў ведаў ва ўнівэрсытэце існуе аспірантура, якая працягваецца два гады. Пазьней у нашых радыёперадачах серыі «Гаўдэамус» я паспрабую падрабязна расказаць пра ўсе катэдры і факультэты ўнівэрсытэту. Цяпер жа толькі адзначу, што высокі ўзровень выкладаньня ў Будапэшце гарантуе даволі своеасаблівая кадравая палітыка кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Акрамя запрашэньня зь лекцыямі вядомых аўтарытэтаў амэрыканскага і эўрапейскага сьвету навукі, тут працуе сталы інтэрнацыянальны калектыў выкладчыкаў. Запрашаюць на працу сюды ня толькі прадстаўнікоў заходніх краінаў, але і тых навукоўцаў з посткамуністычнай прасторы, якія атрымалі заходнюю адукацыю і змаглі вырвацца з путаў постсавецкага мысленьня. Гэтыя людзі, часам зусім маладыя дактары і нават прафэсары, яўляюць сабой самы каштоўны набытак унівэрсытэту. Яны выдатна разумеюць сутнасьць праблемаў посттаталітарнай трансфармацыі грамадзтваў сваіх краінаў і адначасна зьяўляюцца прыхільнікамі заходняй цывілізацыі. Наша даведка: Сярод 60 сталых выкладчыкаў унівэрсытэту працуюць прадстаўнікі наступных краінаў: Аўстрыі, Босьніі, Балгарыі, Канады, Харватыі, Чэскай Рэспублікі, Югаславіі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Індыі, Ізраілю, Італіі, Латвіі, Македоніі, Галяндыі, Польшчы, Румыніі, Расеі, Славаччыны, Славеніі, Швэйцарыі, Гішпаніі, Украіны, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Як бачым, сярод выкладчыкаў няма прадстаўнікоў Беларусі. Але затое сярод студэнтаў беларусаў даволі шмат. Падобная сытуацыя ў нейкай ступені адлюстроўвае палітычную сытуацыю ў Беларусі. На наступным тыдні я зьбіраюся наведаць Будапэшт і сустрэцца з тымі беларусамі, каму пашанцавала вучыцца ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце. Так што наступная перадача серыі «Гаўдэамус» прагучыць у выглядзе рэпартажу зь месца падзеяў. Прыгадаю, што выйдзе яна ў эфір у наступны аўторак. Мікола Іваноў
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |