RFE/RL |
|
Гаўдэамус
40. Прыватная Варшаўская вышэйшая школа бізнэсу й адміністрацыі
Гаўдэамус - сэрыя адукацыйных перадачаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, у якой мы расказваем галоўным чынам пра тое, як могуць маладыя беларусы атрымаць адукацыю на Захадзе Эўропы, а таксама ў цэнтральна- і усходнеэўрапейскіх посткамуністычных краінах. Сёньня ж я хацеў бы прысьвяціць перадачу, не выходзячы за рамкі адукацыйнай тэмы, праблеме стварэньня новых сучасных вышэйшых навучальных установаў, якія павінны служыць посткамуністычнаму дэмакратычнаму грамадзтву ў варунках нараджэньня рынкавай гаспадаркі. Ці ёсць магчымасць, каб і ў Беларусі на зьмену старым закасьцянелым постсавецкім навучальным установам прыйшлі новыя сучасныя вышэйшыя школы, якія адпавядаюць патрэбам XXI стагодзьдзя? Адказу на гэтае ды іншыя пытаньні і будзе прысьвечаная нашая сёньняшняя перадача сэрыі "Гаўдэамус". ..................................... У якасьці прыкладу таго, як можна стварыць практычна на пустым месцы і галоўным чынам уласнымі сіламі сучасную, аўтарытэтную навучальную ўстанову я вырашыў абраць Прыватную Варшаўскую вышэйшую школу бізнэсу й адміністрацыі. Гэта самая старая польская прыватная вышэйшая навучальная ўстанова, створаная практычна адразу пасля ўпадку камунізму ў 1991 годзе. Дзеля стварэньня гэтай школы адразу патрэбная была адна неабходная перадумова: спрыяльнае стаўленьне ўладаў. І гэтая ўмова была ў Польшчы на пачатку 90-х гадоў у наяўнасьці. Вялікая дапамога прыйшла ў выглядзе перадачы школе за сымбалічную суму комплексу будынкаў у раёне вуліцы Бабравецкай у Варшаве. Будынкі гэтыя знаходзяцца ў ціхім месцы, каля парку. Так што варункі для вучобы студэнты атрымалі выдатныя. Дзеля таго каб стварыць вышэйшую школу, а пазьней яе зарэгістраваць,
неабходна згуртаваць вакол яе ідэі аўтарытэтныя навуковыя і выкладчыцкія
кадры. Міністэрства Адукацыі краіны толькі тады можа зарэгістраваць
новую ВНУ, калі там працуюць вядомыя навуковыя і выкладчыцкія аўтарытэты.
У выпадку Польшчы патрэбна 10 тытулярных прафэсараў і каб 40% выкладчыкаў
мела доктарскі тытул. Калі колькасьць тытулярных прафэсараў перавышае
40, вышэйшая школа атрымлівае аўтаномію ў сваёй дыдактычнай і навуковай
дзейнасьці.
..................................... З артыкулу польскай газеты "Пшеглёнд тыгоднёвы", прысьвечанага Варшаўскай Прыватнай школе бізнэсу й адміністрацыі: «Ідэя элітарнасьці ад самага пачатку была закладзеная ў фундамэнт новай
школы. Навучаньне студэнтаў тут - гэта працэс стварэньня новай польскагй
сярэдняй клясы, якая мае амбіцыі, зьвязаныя з фармаваньнем моцнай польскай
дзяржавы...»
..................................... Як сьцьвярджае рэктар Прыватнай Варшаўскай школы бізнэсу й адміністрацыі, Тадэвуш Козьлюк, школа пачынае быць зацікаўленая ў лёсе сваіх будучых выпускнікоў у момант, калі яны яшчэ толькі зьяўляюцца абітурыентамі. Дзеля гэтага кіраўніцтва школы дэталёва вывучае патрэбы рынку працы, уважліва сочыць за сучаснымі грамадзка-эканамічнымі тэндэнцыямі ў сьвеце, вывучае апошнія дасягненьні навукі й тэхнікі. Таму ў школе практычна кожны год зьмяняецца сьпіс так званых неабавязковых дысцыплінаў, якія кожны студэнт можа абраць паводле свайго густу й патрэбаў. Сьпіс гэты распрацоўваецца на падставе апошніх тэндэнцыяў разьвіцьця сусветнай гаспадаркі. ..................................... Наша даведка: Ад самага пачатку свайго існаваньня Прыватная Варшаўская школа бізнэсу й адміністрацыі аддавала выразную перавагу глыбокаму навучаньню замежных моваў. Яна першая ў Польшчы, а магчыма і ва ўсёй посткамуністычнай Эўропе, увяла правіла вывучэньня студэнтамі трох замежных моваў. Звычайна гэта ангельская, французкая ці нямецкая і расейская. Але вывучаюць тут і іншыя мовы. Напрыклад, гішпанскую, партугальскую і інш. Але, зразумела, перавага аддаецца ангельскай мове. Падчас яе вывучэньня выкарыстоўваюцца самыя сучасныя дыдактычныя мэтады. Разлік ідзе на тое, каб пасля двух гадоў навукі на трэцім курсе студэнты маглі б слухаць лекцыі па-ангельску і самастойна працаваць з гэтай мовай. ..................................... Прыватная Варшаўская школа бізнэсу й адміністрацыі - адна з самых сучасных, а сёньня ўжо й самых шанаваных навучальных установаў ня толькі Польшчы, але і ўсёй посткамуністычнай Эўропы. Вось чаму сярод яе студэнтаў ня толькі палякі, але й прадстаўнікі іншых народаў Эўропы. Трапіць сюды вучыцца ня проста. У школе існуе даволі строгі адбор патэнцыяльных кандыдатаў у студэнты. І гэта невыпадкова. Школа гэтая - піянэр выкарыстаньня самага сучаснага тэхнічнага абсталяваньня ў навучальным працэсе. На працягу трох гадоў чалавецтва павінна сустрэцца з новай зьяваю - паўсюдным і глябальным увядзеньнем сусьветных сыстэмаў аптычнай сувязі, якая будзе сымбалізаваць сабой перадачу інфармацыі на адлегласьць у рэальным часе. Гэта будзе рэвалюцыя, вынікі якой сёньня нават цяжка ўявіць. Дык вось Варшаўская школа бізнэсу й адміністрацыі ідзе наперадзе ў польскай навуцы ў галіне падрыхтоўкі да гэткай глыбокай трансфармацыі ўсёй сістэмы інфарматыкі. ..................................... Падаем адрас і іншыя каардынаты Прыватнай варшаўскай школы бізнэсу й адміністрацыі: вул. Бобровецка 9
тэлефоны для даведак і інфармаваньня -
старонку ў інтэрнэце вы можаце знайсьці пад адрасам: http://www.pwsbia.edu.pl ..................................... Прыватная Варшаўская школа бізнэсу й адміністрацыі - унікальны інстытут. Яго стварэньне і амаль васьмігадовая дзейнасьць - знак часу. Толькі менавіта такія ВНУ здольныя дапамагчы ў грунтоўнай мадэрнізацыі польскага грамадзтва. І гэта добра разумеюць сёньняшнія кіраўнікі Польшчы. Таму і мае гэтая навучальныя установа надзвычай спрыяльныя варункі для сваёй дзейнасьці. А якія ж праграмы навучаньня існуюць у Варшаўскай прыватнай школе бізнэсу? Колькі каштуе тут навучаньне? Які кантынгент студэнтаў туды трапляе? На гэтыя ды іншыя пытаньні вы атрымаеце адказ у наступнай перадачы сэрыі "Гаўдэамус". Мікола Іваноў
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |