RFE/RL |
|
Гаўдэамус
4. Адказы на лісты слухачоў
Літаральна пасьля першай перадачы аб магчымасьцях атрыманьня вышэйшай адукацыі за мяжою да нас пайшлі лісты, камэнтары, запытаньні. Таму я вырашыў не адкладаць справу на доўга, а адразу ж пагаварыць з тымі, хто першы адгукнуўся на нашыя, так бы мовіць, пазыўныя. Вітаю перш за ўсё Андрэя Музарава - вучня Магілеўскага абласнога ліцэю пры Магілеўскім Дзяржаўным Унівэрсытэце імя Аркадзя Куляшова. Ён піша: "Праблема, якую вы ўзьнялі, надзвычай важная. Вышэйшая адукацыя - самае галоўнае пытаньне ў кожнай дзяржаве. Ад узроўню адукацыі кожнага з выпускнікоў ВНУ, ад ягонага прафэсіяналізму ў значнай ступені залежыць лёс кожнай краіны [...] Калі мы жадаем мець сваю незалежную дзяржаву, дзе годна, разумна і заможна будзе жыць кожны чалавек, мы мусім атрымаць вышэйшую адукацыю на сусьветным узроўні. І толькі гэта дазволіць нам мець прафэсіяналяў сваёй справы". Што-ж, з вашымі словамі, спадар Андрэй Музараў, нельга не пагадзіцца. Дарэчы, менавіта дзеля падобнай мэты і была задуманая гэтая сэрыя перадачаў. Вышэйшая асьвета - гэта ня толькі магчымасьць практычнага выкарыстаньня ведаў для агульнай карысьці ўсяго грамадзтва, гэта таксама магчымасьць гарантыі лепшай будучыні і больш высокага матэрыяльнага ўзроўню для кожнага выхаванца ўнівэрсытэту, коледжу, ці інстытуту. Вы, Андрэй, цікавіцеся магчымасьцямі атрыманьня вышэйшай асьветы ў Вялікабрытаніі і пішаце: "Ангельшчына для мяне - адна з самых дэмакратычных краінаў сьвету. Знаходжаньне там - як глыток сьвежага паветра ў адрозьненьне ад сучаснай беларускай рэчаіснасьці, дзе ўлада хуткімі крокамі ідзе да таталітарызму і імкнецца як мага больш абмежаваць свабодную думку. Вучыцца ў Ангельшчыне - гэта раўназначна з атрыманьнем доступу да ангельскай і сусьветнай культуры, духоўна ўзбагаціцца. Акрамя таго, гэта магчымасьць свабодна размаўляць на ангельскай мове, што вельмі дарэчы ў наш час". Ангельская сыстэма асьветы - гэта сапраўды цэлая вялікая старонка ў гісторыі сусьветнай адукацыі. Я мяркую прысьвяціць ёй адмысловую перадачу, а магчыма і не адну. Сёньня ж адзначым толькі, што зь пяці найбольш прэстыжных і аўтарытэтных унівэрсытэтаў Эўропы два знаходзяцца ў Вялікабрытаніі: Кембрыдзкі і Оксфардзкі. Створаныя яшчэ ў сярэднявеччы, гэтыя навучальныя ўстановы сёньня ператварыліся ў крыніцы самай высокаякаснай веды ў Эўропе. Дыплём Кембрыджу ці Оксфарду адразу гарантуе вам высокааплатную працу. І яшчэ: гэтыя два прэстыжныя ўнівэрсытэты сёньня сталі кузьняй ня толькі для ангельскіх палітычных і эканамічных элітаў, але й міжнародных. Шмат хто з амэрыканскіх ці францускіх палітыкаў самага высокага рангу сёньня можа пахваліцца дыплёмам гэтых унівэрсытэтаў. Замежныя студэнты ў аўдыторыях Оксфарду й Кембрыджу складаюцца амаль на 30% з чужынцаў. Дарэчы, тое самае можна сказаць і пра іхны выкладчыцкі склад. Сярод прафэсараў найлепшыя навукоўцы з розных эўрапейскіх краінаў, якія даволі гарманічна дзейнічаюць у межах традыцыйнай ангельскай асьветы. Паўтараю, што адмысловая перадача, прысьвечаная ангельскай сыстэме вышэйшай адукацыі прагучыць у нашым эфіры ў адну з наступных пятніцаў, а сёньня я паспрабую толькі як мага дакладней адказаць на вашыя пытаньні, Андрэй Музараў. Пытаньне першае: Вы, бясспрэчна, маеце магчымасьць атрымаць адукацыю ў Ангельшчыне задарма. Дзеля гэтага вам трэба звярнуцца ў адно з аддзяленьняў брытанскай сусьветнай арганізацыі British Council і паведаміць ім пра вашае жаданьне. У некаторых краінах аддзяленьні British Council знаходзяцца пры брытанскіх амбасадах. І яшчэ адно - вельмі важнае для вас, Андрэй: у некаторых краінах дзеля таго, каб быць прынятым у вышэйшую навучальную ўстанову неабходна зьвяртацца непасрэдна ў той ці іншы унівэрсытэт. У Вялікабрытаніі - інакш. Дзеля таго, каб у гэтай справе было больш парадку, там створаная адмысловая арганізацыя "Каардынацыйны камітэт у справах прыёму студэнтаў у брытанскія ўнівэрсытэты". У замежжы функцыі гэтага камітэту выконваюць прадстаўнікі British Council. Вось чаму кожны, хто б хацеў вучыцца ў Англіі, Шатляндыі, ці Ўэльсе павінен зьвяртацца менавіта ў British Council. Згаданы каардынацыйны камітэт ня толькі накіруе вашыя дакумэнты ў адпаведную вышэйшую навучальную ўстанову, але і можа паслужыць у якасьці дарадніка ў справе выбару для вас адпаведнага ўнівэрсытэту. Звычайна запоўненую вамі анкету рассылаюць у некалькі ўнівэрсытэтаў, а пазьней з кожнага зь іх прыходзіць адказ. Бывае так, што зацікаўленасьць прыняць вас у лік стэдэнтаў выказваюць адразу некалькі ўнівэрсытэтаў, і тады вам трэба самому зрабіць выбар, але гэта прыемны працэс выбару, хоць часам і нялёгкі... Што ж датычыць магчымасьці для вас, Андрэй, вучыцца за мяжой задарма, дык на гэтым пытаньні мы ўжо затрымліваліся ў нашых папярэдніх перадачах. Так. Такая магчымасьць існуе, але ўсё залежыць ад вас - ад вашых здольнасьцяў, ад працаздольнасьці, і магчыма крыху ад шчасьлівага выпадку. Падкрэсьліваю яшчэ раз: усе без выключэньня ўнівэрсытэты на сьвеце зацікаўленыя ў прыёме таленавітай моладзі. Яны нават самі прапануюць найбольш здольным унівэрсытэцкія стыпэндыі, а для іншых знаходзяць магчымасьць фінансаваньня з розных фондаў і арганізацыяў. Але як пераканаць унівэрсытэт у вашых здольнасьцях? Пра гэта мы таксама будзем гаварыць ў адной з нашых наступных перадачаў. Адказваючы на ліст Андрэя Музарава, я мушу падкрэсьліць, што ў нас няма магчымасьці адказваць на лісты нашых слухачоў пісьмова, бо тады давялося б адкласьці на бок галоўную працу ў эфіры. Затое ўсе важныя пытаньні, якія могуць быць цікавыя ня толькі для адной асобы, але й для шырокай аўдыторыі слухачоў, мы будзем абмяркоўваць у нашых перадачах. Карыстаючыся нагодай, я хацеў бы падзякаваць за лісты Марыне Зарэцкай, якая напісала да нас зь Нямеччыны. На жаль, наша рэдакцыя ня ў стане ўладкоўваць вас ва ўнівэрсытэт ці ў гімназію. Мы можам дапамагчы радай, інфармацыяй, але ня можам рабіць за каго-небудзь канкрэтную працу. Мікола Іваноў
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |