RFE/RL |
|
Гаўдэамус
3. Ці неабходна ведаць ангельскую мову?
На пачатку неабходна адназначна сказаць: бяз добрага веданьня хоць бы адной замежнай мовы атрымаць заходнюю адукацыю немагчыма. Гэта аксіёма. Але тут узьнікае пытаньне: ці вы ўжо на месцы ў Менску, ці Гомелі павінны вывучыць замежную мову да такой ступені, каб адразу быць гатовымі да слуханьня лекцыяў, здачы экзаменаў і залікаў у заходнім унівэрсытэце? Адказ таксама адназначны: не. Такой патрэбы няма. Кожная заходняя краіна ня толькі гатовая прапанаваць высокакваліфікаваную адукацыю, але й глыбока зацікаўленая ў тым, каб гэтую адукацыю атрымалі ў тым ліку і маладыя таленавітыя людзі з замежжа, здольныя пазьней стаць у сваіх краінах своеасаблівымі амбасадарамі брытанскай, ці французкай культуры і, адпаведна, нацыянальных гістарычных вартасьцяў краінаў навучаньня. Па-другое, вышэйшая адукацыя для чужынцаў - гэта сёньня даволі важная галіна гаспадаркі. Штогадовыя прыбыткі ад яе складаюць дзясяткі і, нават, сотні мільёнаў даляраў. Наша даведка:
У Вялікай Брытаніі агульны прыбытак ад платы замежных студэнтаў за адукацыю ў ангельскіх унівэрсытэтах і коледжах дасягае 1,5 % агульнай сумы паступленьняў ад замежнага гандлю. У Францыі гэтая сума толькі крышку меншая. З кожным годам павялічваюць прыбыткі ад платы за адукацыю замежных студэнтаў унівэрсытэты Швэйцарыі, Бэльгіі, Аўстрыі, Галяндыі ды іншых краінаў. Гэта, дарэчы, зьяўляецца адной з прычынаў, чаму амаль у кожным заходнім унівэрсытэце існуе так званы падрыхтоўчы факультэт, на якім вам на працягу году будуць выкладаць мову, а таксама дадуць тыя веды зь іншых прадметаў, якія неабходныя для вашай далейшай вучобы. Наша даведка:
Наша даведка:
Ангельская мова сёньня - мова міжнародная. З кожным годам ейнае становішча ў сьвеце ўсё больш і больш нагадвае становішча мовы лацінскай у сярэднявеччы. Наша даведка:
Немагчыма сёньня зрабіць навуковую ці міжнародную дыпляматычную кар'еру бязь веданьня ангельскай мовы. Гэта аксіёма. Я за сваё жыцьцё ўдзельнічаў у шмат якіх навуковых і практычных канфэрэнцыях, але ніколі не сустракаў, каб нехта з маіх калегаў - заходніх навукоўцаў - не валодаў ангельскай мовай. Больш таго, я свабодна выступаў перад студэнтамі французкага ўнівэрсытэту імя Шарля дэ Голя ў Лілі зь лекцыяй на ангельскай мове. Студэнты ня толькі ўважліва слухалі мяне, але й свабодна ўдзельнічалі ў англамоўнай дыскусіі аб праблемах гісторыі Беларусі. Гэткім чынам, ставіць пытаньне тыпу: ці патрэбнае валоданьне ангельскай мовай на тое, каб вучыцца за мяжой, гучыць, мякка кажучы, бязглузда. Ангельская мова - гэта абсалютна неабходны элемэнт інтэлектульнага вобразу кожнага па-эўрапейску адукаванага чалавека. Доўгія гады йснаваньня жалезнай заслоны, узьведзенай Савецкім Саюзам, стварылі на постсавецкай прасторы непраўдзівае ўяуленьне пра магчымасьць атрыманьня паўнавартаснай адукацыі бязь веданьня ангельскай мовы. І толькі цяпер сёньняшнія беларускія навукоўцы ці інжынэры паволі пачынаюць разумець, што іхная адукацыя вельмі абмежаваная менавіта таму, што яны не валодаюць ангельскай мовай. Бяз гэтай мовы яны нагадваюць цесьлю, у якога абедзьве рукі левыя. На заканчэньне падсумуем: наўрад ці можна сказаць, што веданьне замежнай мовы - гэта ключ да атрыманьня заходняй адукацыі. Прыкладам, ангельская мова - гэта толькі своеасаблівая прылада для атрыманьня ведаў. Але прылада абсалютна неабходная. Але, як могуць ацэньвацца крытэрыі і ўзровень вашага веданьня ангельшчыны? Ці дастатковае вашае асабістае перакананьне дзеля таго, каб вучыцца ў англамоўным унівэрсытэце? На гэтае і іншыя пытаньні, датычныя крытэрыяў ацэнкі вашага веданьня мовы, мы адкажам у адной з наступных перадачаў гэтай сэрыі. Мікола Іваноў
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |