border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Гаўдэамус


2. Што важнейшае: грошы ці здольнасьці?

На самым пачатку сэрыі нашых перадачаў пра магчымасьці для беларускай моладзі вучыцца за мяжой я паспрабую адказаць на адно вельмі істотнае пытаньне.  Хто можа вучыцца на цывілізаваным Захадзе?  Адразу зазначу, што гэтае вялікае пытаньне распадаецца на некалькі меншых:

Па-першае, што тут важнейшае: грошы ці здольнасьці?

Вядома, што на сьвеце сапраўды ёсьць даволі аўтарытэтныя ўнівэрсытэты і інстытуты, якія за адпаведную плату возьмуць вас на вучобу ня толькі без экзаменаў, але і без папярэдняй кваліфікацыйнай размовы.  Больш таго, у іх вас будуць вучыць столькі, колькі вы хочаце, нягледзячы на тое, ці вы будзеце пасьпяхова здаваць экзамены і залікі, ці не.  Вас будуць вучыць вельмі сумленна і кваліфікавана, але ці ў вашай галаве нешта застанецца пасля гэтай навукі ці не - гэта ўжо вашая асабістая адказнасьць.

Прыкладаў падобнай "навукі" даволі шмат.  Таму ў заходніх унівэрсытэтах нярэдка можна сустрэць нават дзетак багатых арабскіх шэйхаў, якія гадамі наведваюць заняткі першага курсу, а іхныя бацькі ня вельмі арыентуюцца ў посьпехах сваіх улюбёных спадкаемцаў.

Прыкладам такой навучальнай установы, для якой самае галоўнае - грошы, зьяўляецца Ўэбстэрскі ўнівэрсытэт у амэрыканскім штаце Мізуры.

Заснаваны ў 1925 годзе ў горадзе Сэнт-Луіс, ён да Другой сусьветнай вайны быў звычайным шараговым амэрыканскім унівэрсытэтам у правінцыі.  Але ягоны зорны час настаў у 70-80-я гады, калі філіі Ўэбстэрскага ўнівэрсытэту зьявіліся на Эўрапейскім кантынэнце: у Жэнэве (Швэйцарыя), Ляйдэне (Галяндыя), Лёндане (Вялікабрытанія) і Вене (Аўстрыя).  Ўэбстэр быў адным зь першых амэрыканскіх унівэрсытэтаў, які жвава адгукнуўся на запатрабаваньне Эўропы на амэрыканскую адукацыю.

Напрыклад, у Вене гэтая англамоўная навучальная ўстанова працуе паводле амэрыканскіх навучальных стандартаў.  Ад самага пачатку яна спэцыялізвалася на абслугоўваньні багатых кліентаў.  Тут сапраўды даюць веды даволі высокай якасьці, але ня вельмі цікавяцца, якім чынам вы іх успрымаеце.  Гэта ўжо вашая асабістая справа.  Калі вам не шкада вашых грошай, дык можаце вучыцца на тым самым курсе хоць пяць гадоў.  Але напэўна ж вас цікавіць, якія веды можна атрымаць у Ўэбстэры і колькі гэта каштуе.

У 1998 годзе Венская філія Ўэбстэрскага ўнівэрсытэту прымае студэнтаў на гэткія кірункі:
- бізнэс і маркетынг;
- кампутарнае праграмаваньне;
- міжнародныя дачыненьні;
- культуразнаўства;
- мастацтвазнаўства;
- сыстэмы адукацыі;
- інжынэрныя прафэсіі.

Кошт вучобы ў Ўэбстэрскім унівэрсытэце, як на заходнія варункі, невялікі:
Каля 8.000 амэрыканскіх даляраў у год за навучаньне;
Прыблізна 800 даляраў за падручнікі;
3.000 - за карыстаньне сталоўкай-рэстаранам,
5.000 - за асобны пакой у студэнцкім інтэрнаце;
З00 даляраў за мэдыцынскую страхоўку;
Прыблізна 1.500 даляраў на дробныя асабістыя выдаткі.
Такім чынам, агульны кошт вучобы на год складае больш за 18.000 даляраў.

Калі нехта з вас, паважаныя радыёслухачы, хацеў бы асабіста зьвярнуцца ў Венскую філію Ўэбстэрскага ўнівэрсытэту - падаем адрас і кантактны тэлефон:

Webster University
Marokkanergasse 16
Vienna, Austria - A-1030
тэлефон прыёмнай камісіі - 431 714 75 92.
Зразумела, што зьвяртацца трэба ў ангельскай мове.

Дарэчы, калі нехта хоча атрымаць дадатковыя зьвесткі пра гэты ўнівэрсытэт, зьвяртацца можна й да нас, у беларускую рэдакцыю Радыё Свабода, а мы перашлём ваш ліст адрасату.

Аднак людзей, якія маюць вялікія грошы, у Беларусі няшмат, і нас, зразумела, перадусім цікавіць - якія магчымасьці адукавацца ёсьць для тых, хто такіх грошай ня мае.

Перад тым, як пачаць адказваць на гэтае пытаньне, мушу зрабіць адно надзвычай важнае тлумачэньне.  У варунках заходняй рынкавай сыстэмы адукацыя зьяўляецца такім самым таварам, як і, напрыклад, прамысловая прадукцыя.  Больш якасная адукацыя каштуе больш, менш якасная - менш.  Але ня ўсё тут так проста, як гэта здаецца на першы погляд.

Адмысловая камісія ЮНЭСКА ў справах адукацыі штогод вызначае рэйтынг практычна кожнай навучальнай установы на сьвеце.  Поўнасьцю аб'ектыўнай камісіі быць, зразумела, цяжка, але менавіта гэты рэйтынг адыгрывае даволі важную ролю ў вызначэньні аўтарытэту і прэстыжу паасобных вышэйшых навучальных установаў.

З клясыфікацыі вышэйшых навучальных установаў сьвету адукацыйнай камісіі ЮНЭСКА: Самы высокі рэйтынг маюць у сьпісе ўнівэрсытэты Злучаных Штатаў Амэрыкі: Стэнфардзкі, Гарвардзкі, Ельскі, Пэнсыльванскі; Унівэрсытэты Нямеччыны : Цюбінгенскі і Франкфурцкі, а таксама: француская Сарбона, брытанскія Кембрыдж і Оксфард; Вольны ўнівэрсытэт Бруселю (Бэльгія), Венскі тэхналягічны ўнівэрсытэт (Аўстрыя), Мілянскі ўнівэрсытэт (Італія) і інш.

Якія ж крытэрыі паклала ў аснову сваёй клясыфікацыі шаноўная міжнародная арганізацыя?  Чаму дыплёмы адных вышэйшых навучальных установаў адразу адчыняюць перад іхнымі ўласьнікамі шырокія пэрспэктывы добрай кар'еры, а на іншыя - патэнцыяльныя працадаўцы пазіраюць зь відавочным недаверам?

Кожная сур'ёзная вышэйшая навучальная ўстанова на сьвеце ня толькі ганарыцца сваімі выхаванцамі, але й вядзе дакладны сьпіс сваіх выпускнікоў.  Перадусім гэта робіцца дзеля таго, што пазнейшыя посьпехі выхаванцаў сьведчаць пра вартасць ведаў, якія яны атрымалі ў часе вучобы.

І яшчэ адно - вартасьць кожнай вышэйшай навучальнай установы залежыць таксама ад кваліфікацыі ейных выкладчыкаў.  У гэтай справе ўлічваецца ня толькі арытмэтычная колькасьць прафэсараў на аднаго студэнта, але - і гэта больш істотна - колькасьць вядомых навуковых імёнаў, якія працуюць ва ўнівэрсытэце.  Лічыцца, напрыклад, што Стэнфардзкі ўнівэрсытэт у ЗША зьяўляецца сусьветным рэкардсмэнам паводле колькасьці ляўрэатаў Нобелеўскай прэміі, якія працуць тут у якасьці выкладчыкаў.

Апрача нармальнай канкурэнцыі атрыманьня ведаў, на міжнародным адукацыйным рынку існуе вельмі моцная канкурэнцыя на прыняцьцё таленавітых добрых студэнтаў.  Вядучыя ўнівэрсытэты сьвету, можна сказаць, палююць на такую моладзь, якая пазьней можа прынесьці ўнівэрсытэту славу.

Мікола Іваноў
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org