RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Гаўдэамус



111. Глябалізацыя ў сфэры адукацыі.

Удзельнічае: Уладзімер Колас.

(эфір 30.11.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў.

У сыcтэме вышэйшай адукацыі сёньня адбываюцца такія самыя працэсы глябалізацыі і інтэрнацыяналізацыі, як і ў іншых галінах жыцьця чалавечага грамадзтва. Вышэйшая школа паволі губляе нацыянальнае аблічча і ўсё больш і больш падпарадкоўваецца ўнівэрсальным усясьветным законам унівэрсытэцкай асьветы. А як жа падрыхтаваныя беларускія выпускнікі сярэдніх школаў, каб актыўна, на роўных, з прадстаўнікамі іншых краінаў вучыцца ў заходніх унівэрсытэтах?

У нашай перадачы “Гаўдэамус”, якая выходзіць у эфір рэгулярна на працягу больш як 2 гадоў, прагучалі размовы і інтэрвію з дзесяткамі беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў блізкім і далёкім замежжы. І калі нейкім чынам падсумаваць гэтыя размовы, атрымліваецца, што падрыхтоўка, якую атрымалі нашыя суродзічы ў беларускай школе ў галіне дакладных навук, абсалютна дастатковая, каб вучыцца на Захадзе. Больш таго, узровень падрыхтоўкі ў галіне матэматыкі, фізыкі, хімііі і іншых дакладных навук нават даволі часта перавышае той узровень ведаў, які атрымліваюць у школе іх калегі з заходніх краінаў.

Але абсалютна адваротная карціна назіраецца ў галіне грамадзкіх навук. Падрыхтоўка бальшыні нашых выпускнікоў сярэдніх школаў у галіне гісторыі, грамадзтвазнаўства, замежных моваў, геаграфіі і інш. зусім недастатковая. Чаму? Магчыма гэта спадчына савецкай сыстэмы адукацыі. А калі так, дык ці робяцца сёньня ў Беларусі спробы пераадолець гэтую аднабаковасьць? Ці нарэшце ідзе тут станаўленьне сваёй беларускай нацыянальнай адукацыйнай сыстэмы, арыентаванай на найлепшыя заходнія стандарты? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго зь вядомых беларускіх пэдагогаў, дырэктара беларускага гуманітарнага ліцэю ў Менску Ўладзімра Коласа:

(Колас: ) “У Савецкім Саюзе школа была надта ідэалягізаваная. Яна выконвала перш за ўсё палітычныя функцыі, выконвала дзяржаўны заказ. Яна рыхтавала перш за ўсё грамадзянаў таталітарнай дзяржавы і кадры для ваенна-прамысловага комплексу. Цяпер, як быццам бы, і дзяржавы гэтай няма, і комплекс гэты нам для Беларусі ня вельмі патрэбны, а школа працягвае прадукаваць такія кадры. Атрымліваецца парадокс: любяць нашыя чыноўнікі хваліцца, што ў нас шмат пераможцаў міжнародных алімпіядаў ва ўсіх гэтых дысцыплінах, нават у эканоміцы. Таму я заўсёды задаю пытаньне: чаму ж у нас эканоміка ў такім стане? Калі выпускнікі нашай школы трапляюць у замежжа, вельмі добра там арыентуюцца і добра ўладкоўваюцца, вельмі добра працуюць і цэняцца. І чаму ж яны ня могуць нармальнае жыцьцё наладзіць на сваёй Бацькаўшчыне? Гэтая праблема карэніцца ў школе, у тым як рыхтуюць, у тым, якое месца там займаюць дысцыпліны гуманітарнай сфэры: літаратура, гісторыя і г.д. Іншымі словамі, мы ня вучым арыентавацца ў часе, у прасторы, у грамадзтве. І зтое, што ў нас робіцца на палітычным ляндшафце, гэта, відавочна, ілюструе”.

(Іваноў: ) “А што ж канкрэтна трэба зрабіць, каб пераадолець гэтую аднабаковасць беларускай сыстэмы асьветы, каб нашыя абітурыенты адчувалі сябе на роўных са сваімі заходнімі калегамі? Уладзімір Колас, дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю адказвае:”

(Колас: ) “Павінна быць дзяржаўная воля. На дзяржаўным узроўні павінна быць накіраванасьць на пабудову незалежнай дзяржавы, дэмакратычнай і прагрэсыўнай дзяржавы. Мы ж пакуль што рухаемся ў адваротным кірунку, да адраджэньня таталітарнага ладу. Канкрэтна ж, што трэба зрабіць, - гэта перш за ўсё падзяліць адукацыю. Пакуль у нас школа адлюстроўвае ўтапічнасць таталітарнай сыстэмы, маналітнасць, немагчымасць выбару. Выбар – самая галоўная прыкмета дэмакратыі. Школа павінная вучыць рабіць выбар. Выбар: якія дысцыпліны я хачу вывучаць і на якім узроўні. Такой магчымасьці пакуль што ў школы няма. Асабліва трэба даваць выбар на апошнім этапе адукацыі на перадунівэрсытэцкім узроўні. І другое – гэта роля выкладчыка, гэта роля кіраўніка адукацыйнага працэсу. Пакуль што ў нас гэта людзі абсалютна паднявольныя, гатовыя бяздумна выконваць любыя загады: ствараць нейкія піянерския арганізацыі, зганяць бацькоў на нейкія выбары, запалохваць, не пускаць на дэманстрацыі. Ад усяго гэтага трэба пазбаўляцца”.

(Іваноў: ) “Дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю ў Менску Ўладзімір Колас прыехаў у Прагу на паседжаньне Міжнароднага аб”яднаньня гуманітарных ліцэяў, арганізацыі, якая займаецца ня толькі наладжваньнем супрацоўніцтва паміж ліцэямі ў розных краінах, але і пошукам для сваіх выхаванцаў магчымасьцяў атрыманьня вышэйшай адукацыі, пошукам стыпендыяў і іншых формаў фінансавай дапамогі. Вось што ён расказаў пра сваю працу ў Беларусі ў гэтай галіне:

(Колас: ) “Я зьяўляюся старшынём беларускага аддзяленьня Міжнароднай арганізацыі гуманітарных каледжаў. Гэта вельмі важная і вядомая міжнародная адукацыйная структура. Магчымасць замежнага навучаньня для нашых студэнтаў абмежаваная перш за ўсё матэрыяльна. И тут трэба шукаць не навучальныя ўстановы, у якіх можна вучыцца, а шукаць крыніцы фінансаваньня. І вашая перадача магла б у гэтым пляне дапамагаць нашым выпускнікам і нашым абітурыентам. І другое, трэба працаваць над тым, каб дапамагаць рабіць правільны выбар, каб ехаць за мяжу толькі ў тым выпадку, каб атрымаць адукацыю, якой няма ў нас. І думаць ня толькі пра карысьць для самога сябе, але і для краіны”.

(Іваноў: ) “Калі б да Вас, спадар Колас, зьвярнуўся нехта з вашых выхаванцаў з прозьбай дапамагчы ў тым, каб знайсьці сродкі на навучаньне ў адным з прэстыжных заходніх унівэрсытэтаў? Ці ў Вас ёсць магчымасць яму дапамагчы?”

(Колас: ) “Пакуль што трэба шукаць гранты и арганізацыі, якія даюць гранты, толькі за мяжой. Ёсць арганізацыи, якія могуць дапамагаць. Вось у нас ёсць Інфармацыйная служба амбасады ЗША ў Менску, ёсць там і інтэрнэт. Дапамога ёсць, але ніхта табе на сподышку з галубой каёмачкай не прынясе табе гэты грант. Трэба самому працаваць”.

(Іваноў: ) “А вось, што дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімір Колас распавёў пра свае непасрэдныя кантакты з заходнімі ўнівэрсытэтамі:”

(Колас: ) “Гэтым летам гэты кантакт на нас неяк зь неба зваліўся, дзякуючы фонду “Дзецям Чарнобылю”. Наладжваецца вельми добры кантакт з Цэнтральным унівэрсытэтам штату Вашынгтон. Ён знаходзицца ў горадзе Элізбург. Штат Вашынгтон ня трэба блытаць з горадам Вашынгтонам. Ён знаходзіцца на Ціхім акіяне каля мяжы з Канадай, каля гораду Сіэтл. Цудоўны ўнівэрсытэт. Нядаўна мы вярнуліся адтуль. Я туды вазіў сваіх ліцэістаў. Мы ўдзельнічалі ў праграме “business week”. Гэта навучаньне бізнэсу для моладзі. Я ўзяў туды, зразумела, з адпаведным адборам, пераможцаў нашых нацыянальных алімпіядаў – 6 чалавек. І вось яны там так “прабамбілі глебу”, так сябе зарэкамэндавалі, што нават зрабілі сэнсацыю. І мы вырашылі стала ўдзельнічаць у гэтым “business week”. У гэтай імпрэзе прымаюць удзел не выкладчыкі, а бізнэсмэны-практыкі. Там і Біл Гейц прымаў ўдзел. Стала ўдзельнічае “Майкрасофт” і “Боінг”. Яны такім чынам кадры сабе падбіраюць. Вырашана, што наступным летам яны прыязджаюць да нас і праводзяць “business week”. для дзьвюх соцень нашых цінэйджэраў. Больш таго, там адбыліся перамовы на ўзроўні загадчыка катадры для замежных студэнтаў, і мы будзем змагацца за некалькі грантаў для навучаньня беларускіх студэнтаў у гэтым унівэрсытэце”.

(Іваноў: ) “Уладзімір Колас – адзін з найбольш дасьведчаных у Беларусі людзей у галіне магчымасьцяў атрыманьня вышэйшай адукацыі ў замежжы. І таму я зьвярнуўся да яго з прозьбай даць некальки парадаў тым, хто нас слухае цяпер и хто разважае магчымасьць накіравацца на вучобу ў адну з заходніх краінаў. Дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэя адказвае:”

(Колас: ) “Галоўная мэта адукацыі, я заклікаю, каб яна была ня толькі адукацыяй для сябе, дзеля задавальненьня сваіх уласных патрэбаў, але і для той дзяржавы, у якой мы будзем жыць, дзе будуць жыць нашыя дзеці і нашыя ўнукі”.

(Іваноў: ) “Менскі Беларускі гуманітарны ліцэй – адна з найбольш прэстыжных і шанаваных сярэдніх школаў Беларусі. Свой прэстыж ён заваяваў, дзякуючы, не ў апошнюю чаргу, сваім міжнародным кантактам, дзякуючы імкненьню свайго настаўніцкага калектыву быць перш за ўсё эўрапейскай навучальнай установай. Ягоная беларускасьць і эўрапэйскасьць – дзьве найважнейшыя складаныя выдатнага посьпеху”.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org