RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Гаўдэамус



109. Студэнцкая навуковая стажыроўка ў ЗША.

Максім Плікус, студэнт 5 курса Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, сёньня праходзіць гадавы працоўны стаж у Каліфарнійскім Істытуце перасадкі валасоў.

Каліфарнійскі Інстытут перасадкі валасоў у горадзе Сан Хозэ – адна з самых аўтарытэтных і шанаваных навукова-дасьледчых установаў ЗША ў галіне мэдыцыны, і трапіць сюды для замежнага навукоўца вялікі гонар. Студэнтаў запрашаюць сюды вельмі рэдка, і падобнае запрашэньне сьведчыць аб тым, што запрошаны чалавек надзвычай таленавіты.

Таму запрашэньне сюды Максіма Плікуса, студэнта 5 курса Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, сьведчыць аб тым, што Максім у свае 20 гадоў дасягнуў даволі шмат. А вось як ён сам расказвае пра сябе:

(Плікус: ) “Я студэнт Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Там я скончыў 4 курсы і яшчэ засталося вучыцца 2 гады. Ужо на першым курсе мне пашчасьціла, і я сустрэўся з адным з найбольш шанаваных прафэсароў нашага ўнівэрсытэту – Алесем Астроўскім. Ён займаецца пэрспэктыўным кірункам навукі. Ён мае вялікі калектыў супрацоўнікаў, і на першым курсе я да іх далучыўся”.

Максім Плікус расказвае пра свой шлях у Амэрыку даволі празаічна. Хаця ў сапраўднасьці, наколькі я ведаю, на ўсю Беларусь ягоны выпадак, калі студэнт атрымаў магчымасць працоўнай практыкі ў прэстыжным амэрыканскім навукова-дасьледчым інстытуце, унікальны. Максім Плікус расказвае:

(Плікус: ) “На працягу 4 гадоў я удзельнічаю ў навуковай працы пад кіраўніцтвам прафэсара Астроўскага. Я – аўтар шэрагу навуковых працаў, выступаў на міжнародных канфэрэнцыях: у Польшчы, у Турэччыне, у Расеі. З дапамогай Інтэрнэту я зьвязаўся з міжнароднымі навуковымі цэнтрамі, якія вывучаюць валасы. Мы таксама ў Гародні вывучаем марфагенез валасоў. Я напісаў у шэраг усясьветна вядомых фірмаў электронныя лісты, і з Каліфорніі прыйшоў адказ-прапанова, што яны зацікаўлены запрасіць мяне на практыку”.

На пытаньне: ці ў ягоным лёсе галоўную ролю адыгралі ягоныя надзвычайныя здольнасьці, ці ягоная праца ў Амэрыцы – вынік шчасьлівых абставінаў, Максім Плікус адказвае:

(Плікус: ) “Я тут, у Каліфорніі, прадстаўляю не сабе, а наш навуковы калектыў. Усе нашыя пасьпяховыя навуковыя экспэрымэнты робяцца калектывам. Мне пашанцавала, таму што я меў час паехаць на практыку за мяжу, а наш шэф, прафэсар Астроўскі, ён вельмі заняты чалавек. Для мяне ж надзвычай важны крок у маёй будучай навуковай кар’еры”.

Максіма Плікуса, хаця ён толькі і студэнт, запрасілі ў Амэрыку не вучыцца, а працаваць. Вось як выглядае ягоная штодзённая праца ў Амэрыцы:

(Плікус: ) “Тут, у Каліфорніі, я атрымаў вялікія практычныя дасьведчаньні. Такія апэрацыі ў нас у Беларусі, зразумела, ня робяцца. Гэта каштуе вялікіх грошай. Адзінае, што я ведаю, есць клініка трансплантацыі валасоў у Маскве. Але гэта таксама прадстаўніцтва амэрыканскай клінікі. Клініка, дзя я працую сёньня, Каліфарнійскі Інстытут валасоў, яна буйнейшая ў гэтай галіне. Спачатку мяне запрасілі ў галоўны офіс у Лёс-Анждэлес. Пазьней я пераехаў у клініку ў Сан-Хозе, дзе і працую цяпер. Тут робяцца апэрацыі, я шмат падарожнічаю па ваколіцах: да Сан-Францыска, да Апэртона, да Салінаса. Ва ўсіх гэтых гарадах мы маем свае прадстаўніцтвы і там робім аперацыі”.

Каб атрымаць працоўную практыку ў ЗША Максіму Плакусу трэба было даслаць за акіян адпаведныя дакумэнты, накіраваць ім свае навуковыя працы. І ўсё гэта дзеля таго, каб пераканаць амэрыканцаў, што ён можа быць карысны падчас навуковых экспэрымэнтаў у Сан Хозэ. Ён распавядае:

(Плікус: ) “Па-першае, яны глядзяць на тое, што ты практычна можаш. Яны не глядзяць на тое, якія ты прывез з сабой паперы, і што там напісана, яны глядзяць на тое, што ты практычна можаш, што ты дасягнуў, чаго дасягнула твая навуковая група. Рэклямай нашых дасягненьняў у Горадні, зразумела, быў Інтэрнэт. Мы зрабілі старонку ў Інтэрнэце. Мы маем свой афіцыйны сайт.Там шмат цікавай інфармацыі, пачынаючы яшчэ з тых часоў, калі наш шэф Астроўскі скончыў унівэрсытэт, калі ён рабіў першыя вопыты. Ёсць шматлікія фотаздымкі, мікрафотаздымкі вопытаў. І ўсе гэта я даваў у сваіх электронных лістах. І гэта зацікавіла каліфарнійскіх лекараў”.

Тое што для маладога, здольнага беларускага студэнта-мэдыка паездка ў ЗША на працоўную практыку надзвычай карысная, зразумела. Але якую выгоду мелі амэрыканцы, запрашаючы Міксіма Плікуса ў Амэрыку? Якім чынам яны скарысталі ягоныя здольнасьці і дасьведчаньні? Максім выказвае на гэтую тэму наступнае меркаваньне:

(Плікус: ) “У амерыканцаў крыху іншае стаўленьне да мэдыцыны. У Каліфорніі ёсьць два галоўныя Інстытуты ў галіне вывучэньня валасоў, якія паміж сабой канкуруюць. Гэта наш Інстытут валасоў, і яшчэ ёсьць іншая клініка, якая называецца “Botney clinic”. Але тая другая клініка, у адрозьненьні ад нашага Інстытуту валасоў, ня робіць ніякіх навуковых дасьледаваньняў. І таму гэтую канкурэнцыю выйграе наш Інстытут, таму, што тут ёсьць спэцыяльнае абсталяваньне, распрацаванае навукоўцамі інстытуту, амаль кожны з лекараў мае навуковыя працы. Ёсьць тут і спецыяльныя выданьні, і відэакасэты. Наш гарадзенскі навуковы калектыў у гэтым сэнсе таксама мае выдатныя дасягненьні. Мы працуем на самым пэрспэктыўным кірунку. Як амэрыканцы любяць гаварыць, гэта клянаваньне валасоў. Можа, гучыць гэта і не зусім прывабна, але гэта самы пэрспэктыўны кірунак. Мяркую, што навуковыя распрацоўкі нашага калектыву, якраз і паслужылі падставай дзеля запрашэньня мяне ў Каліфорнію. Амэрыканцы хацелі, каб я падзяліўся зь імі дасьведчаньнямі”.

Сёньня даволі часта нам даводзіцца сустракацца з думкамі аб тым, што беларуская мэдыцынская навука ў крызысе, што навукоўцы-мэдыкі Беларусі ня маюць сродкаў нават на самыя неабходныя дасьледаваньні. Калі гэта так, дык як можа адчуваць сябе малады беларускі навуковец сярод амэрыканцаў? Ці сапраўды ўзровень беларускай мэдычнай навукі такі нізкі, што Максім Плікус адчувае сябе сярод калегаў-амэрыканцаў як бы навукоўцам другога гатунку? Ён адказвае:

(Плікус: ) “Калі я быў у камандыроўцы ў Лёс-Анждэлесе, я завітаў ва Ўнівэрсытэт Паўночнай Каліфорніі. Там мне пашчасьціла сустрэцца з адным з выдатных амэрыканскіх навукоўцаў, які запрасіў мяне выступіць з дакладам і прадэманстраваць мае вопыты. Пазьней, падчас размовы зь ім, я зразумеў, што нягледзячы, што ўніверсытэт гэты прыватны, дзяржава фінансуе некаторыя дасьледаваньні і навуковы абмен. І таму яны маюць дзяржаўныя грошы на стыпендыі і запрашэньне навукоўцаў іншых краінаў. Нічога падобнага ў нас у Беларусі няма. Мы вымушаныя шукаць кантактаў з заходнімі ўнівэрсытэтамі, якія маюць падобнае фінансаваньне. І гэта адзіны шлях для выхаду ў сьвет. Мы зьвяртаемся да заходніх калегаў, якія маюць сучаснае абсталяваньне, і толькі з іх дапамогай можам рабіць нашыя вопыты. Нашыя магчымасьці ў Беларусі вельмі абмежаваныя. Хаця і тут ёсьць некаторыя выключэньні. Прыгадаю лябараторыю вірусалёгіі ў Менску, якая атрымала сучаснае заходняе абсталяваньне”.

У маёй размове з Максімам Плікусам, студэнтам 5 курса Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, мы не закранулі шмат практычных пытаньняў: дзе ён узяў грошы на авіябілет у ЗША, якім чынам атрымаў амэрыканскую візу, як уладкаваўся ў Амэрыцы, якое ягонае фінансавае становішча ў Злучаных Шатах і шмат, шмат іншага. Пра ўсё гэта вы пачуеце ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org