RFE/RL |
|
Блізкая Эўропа
Праблема самагубстваў у краінах Усходняй Эўропы
Аўтар і вядучы Мікола Іваноў Cмерць 40-гадовага жыхара невялічкага мястэчка Руша ў паўдзённай частцы Вугоршчыны нікога не зьдзівіла. Самагубцы тут – звычайная зьява, нібы частка мясцовага нацыянальнага каляарыту. У той злавесны дзень гэты чалавек наехаў сваім старэнькім аўтамабілем на шыкоўны мэрсэдэс і пашкодзіў яго. Пазьней высьветлілася, што ў яго няма страхоўкі і за пашкоджаньні трэба плаціць з уласнай кішэні. І чалавек выбраў для сябе звычайнае для гэтай мясьціны выйсьце - самагубства. Ён павесіўся ва ўласным доме. Мястэчка Руша знаходзіцца ў паўдзённай частцы Вугоршчыны, якую не без падставаў называюць эўрапейскай сталіцай самагубцаў. Тут ля мяжы зь Югаславіяй і Румыніяй узровень самагубстваў на 100 тысячаў жыхароў перавышае 70. Гэта амаль у 4 разы болей, чымся сярэднеэўрапейскі. Чалавек, які скончыў жыцьцё самагубствам, быў самотным мужчынам, які жыў сам на фэрме з сабакам. Ён меў праблемы з алькаголем, а ягоны бацька, дзед і дзядзька ўсе скончылі сваё жыцьцё тым самым спосабам, што і ён. Вугоршчына лідыруе на эўрапейскім кантынэнце паводле колькасьці самагубстваў ад пачатку стагодзьдзя. Некаторыя навукоўцы бачаць у гэтым нейкую генэтычную схільнасьць Цікава, што і сярод вугорскай нацыянальнай меншасьці ў Славаччыне, Сэрбіі й Румыніі працэнт самагубстваў значна вышэйшы за сярэдні, характэрны для гэтых краінаў. Але дагэтуль нікому не ўдалося знайсьці той спэцыфічны ген, які адказвае за самагубствы. Для вугорскага фэнамэну ёсьць культурнае й грамадзка-палітычнае вытлумачэньне. Вугорская гістарычная традыцыя мае тэндэнцыю адзначаць больш трагічныя, чымся сьвяточныя пераможныя падзеі. Тое самае датычыць вугорскага мастацтва, літаратуры й музыкі. "Вугорцы дэпрэсіўная нацыя, - лічыць доктар Марыя Коп, якая вывучае праблему самагубстваў. – Самагубствы тут сталі нармальнасьцю, асабліва гэта датычыць старых людзей. Да самагубцаў тут ставяцца з пашанай, нават зь нейкай годнасьцю. Шмат вялікіх людзей Вугоршчыны скончылі жыцьцё самагубствам, а апагеі самагубстваў прыпадалі на пэрыяды нацыянальных трагедый і ваеных паразаў. *** У 1989 годзе Вугоршчына мела самы высокі паказчык самагубстваў у сьвеце - 47 на 100 тыс. жыхароў. Але як раз у гэты час у краіне была створаная спэцыяльная ўрадавая арганізацыя дзеля змаганьня супроць гэтай грамадзкай хваробы. Акрамя таго, значна палепшылася эканамічнае становішча Вугоршчыны. У краіне наступіла палітычная стабілізацыя. І усё гэта выразна пачало адбівацца на стане маральнага здароўя грамадзтва. Паказчык колькасці самагубстваў зьнізіўся да 34 на 100 тысячаў і на гэтым узроўні стабілізаваўся. Узровень самагубстваў на эўрапейскім кантынэнце мае тэндэнцыю павышэньня з захаду на ўсход і з поўдня на поўнач. Сонечныя Італія й Грэцыя маюць яго амаль утрая меншы, чымся скандынаўскія і прыбалтыйскія краіны, а таксама Нямеччына. Але тут няма жалезнага правіла. Так, напрыклад, дажджлівая й шэрая Вялікабрытанія мае паказчык усяго 8 самагубстваў на 100 тыс. жыхароў. Але апошнім часам на ўсходзе Эўропы пачаў назірацца ўнікальны фэномэн. У некаторых посткамуністычных краінах узровень самагубстваў павысіўся амаль удвая. А незалежная Літва, напрыклад, і зусім выйшла ў сусветныя лідэры, апярэдзіўшы саму Вугоршчыну. Летась тут было зафіксавана 50 самагубстваў на 100 тысячаў жыхароў. Сярод эўрапейскіх лідэраў у гэтай сумнай галіне – і іншыя былыя савецкія рэспублікі: Расея, Эстонія, Латвія і, здавалася б неспадзявана, Беларусь. Перада мною дадзеныя Міністэрства Аховы Здароўя Беларусі. За першыя 9 месяцаў 1997 году ў Беларусі скончылі жыцьцё самагубствам 2770 чалавек. За такі самы пэрыяд сёлета – ужо 2847 чалавек. Пры гэтым гэткі сумны рост назіраецца без перапынку ад 1989 году. Асаблівую заклапочанасьць выклікае факт надзвычай высокага ўзроўню самагубстваў сярод моладзі. Узровень гэты ўвесь час павышаецца. Калі скончыцца такая тэндэнцыя – невядома. Дзеля таго, каб пракамэнтаваць сытуацыю, я зьвярнуўся да старшыні Беларускай асацыяцыі лекароў Аляксандра Цярэшчанкі. Вось, што ён мне расказаў: Цярэшчанка: Па-першае, трэба сказаць, што Беларусь цяпер знаходзіцца на пераходзе ад аднаго ўкладу жыцьця да нейкага новага. Пры гэтым ня ўсе разумеюць, што гэта будзе за новае. Я лічу, што не матэрыяльны ўзровень жыцьця, не залежнасьць ад рэчаў і ежы робіць людзей самагубцамі. Ролю тут адыгрываюць два фактары: псыхалягічны і псыхіятрычны. Адсутнасьць у гэты пераходны пэрыяд адпаведнага ўзроўню адукацыі й культуры, неабходнага ўзроўню сацыяльнай адаптацыі да гэтых складаных часоў, адсутнасьць добрай псыхілягічнай дапамогі – усё гэта можа быць прычынай павышэньня лічбы самагубстваў як сярод моладзі, так і сярод сталых людзей. Ёсць такія службы. Яны яшчэ ня вельмі папулярызаваныя, але патрошкі яны зьяўляюцца. Але гэтыя телефоны даверу не зьяўляюцца, і не могуць быць нават у разьвітых краінах асноўным сродкам пераадоленьня зьявы самагубстваў. Узровень самагубстваў у грамадзтве залежыць ад шмат якіх зьяваў. Гэта і палітычная арыентацыя моладзі, гэта сацыяльная арыентацыя на працу, вучобу, на адносіны да жыцьця. Гэта і адносіны да бацькоў, да дзяцей, да каханых, да бацькаўшчыны і інш. Вось калі ў гэтых галінах нешта пазытыўнае будзе адбывацца ў грамадзтве, вось тады й пачнуць працаваць тэлефоны даверу ды іншыя сродкі пераадоленьня зьявы самагубстваў. Колькасць самагубцаў сьведчыць выразна аб маральным здароўі кожнага грамадзтва. Пры гэтым не заўсёды добрабыт і высокаразьвітая гаспадарка могуць гарантаваць гэтае здароўе. Фінляндыя, напрыклад, – краіна высокага дабрабыту, але паказчык колькасьці самагубстваў тут даволі высокі. Тое самае можна сказаць і пра кандыйскую правінцыю Квэбэк, дзе занепакоены сытуацыяй урад распрацаваў спэцыяльную праграму пераадоленьня гэтага зла. Праграма гэтая прадугледжвае грунтоўную адукацыю насельніцтва, стварэньне спэцыяльных пунктаў дапамогі ў трагічных сытуацыях, арганізацыю спэцыяльных гарачых тэлефонных лініяў, а таксама стварэньне новага здаровага маральнага клімату ў грамадзтве. Мікола Іваноў, Прага
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |