RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Дазвол на выезд



Сланы Ганібала

Гэтая гісторыя пачалася тады, калі на тваёй полацкай вуліцы быў толькі адзін тэлевізар, глядзець які да Цымэрманаў увечары набівалася чалавек па трыццаць. Але табе болей падабалася хадзіць у раённую дзіцячую бібліятэку. На яе паліцах ты і знайшоў аднойчы кніжку пад загадкава-вабнай назваю — «Сланы Ганібала».

Праўда, з твару гэты намаляваны на вокладцы Ганібал быў падазрона падобны да дзядзькі Грышы Цымэрмана, які рамантаваў на рынку абутак. Але хутка выявілася, што падабенства мела цалкам выпадковы характар. Ганібалавага бацьку клікалі не Абрамам, а Гамількарам. Тэлевізару ў Ганібала не было, затое ён камандаваў войскам старажытнага Карфагену, ваяваў супроць Рыму і разам са сваімі баявымі сланамі зьдзейсьніў бліскучы паход праз Пірэнэі і Альпы.

У тое лета вы колькі разоў гулялі на ўтравелых полацкіх вуліцах у вайну Карфагену з Рымам. У вайсковых дзеяньнях на баку карфагенцаў бралі ўзел і баявыя сланы. Сланом згаджаўся быць твой сябар Вова Цымэрман, дужы габрэйскі хлопчык, які зь пятае клясы займаўся не шахматамі, а вольнай барацьбой і вазіў цябе на плячах лёгка, як ката.

Ад таго часу праміне цэлае жыцьцё, у якім Карфаген ніколі ня будзе тваёй запаветнаю марай. Ты нават ня будзеш ведаць, якую візу трэба атрымліваць, каб пераканацца, што знакамітая пастанова рымскага сэнату пасьпяхова выкананая і родны горад Ганібала разбураны.

Аднак пакручастаму сюжэту твайго жыцьця будзе заўгодна, каб першай афрыканскаю краінай, куды цябе закіне, стаў Туніс, дзе ты ўсьцешана даведаесься, што валадар грозных сланоў рос і сталеў зусім побач з цэнтральным сталічным пляцам Тунісу, які носіць імя 7 лістапада.

У гэты дзень на тэлеэкранах аднойчы зьявіўся прэм’ер-міністар Бэн Алі, які сурова растлумачыў суграмадзянам, што нястомныя клопаты пра стабільнасьць дзяржавы падтачылі магутнае некалі здароўе ўсенародна абранага першага прэзыдэнта незалежнага Тунісу Хабіба Бургібы. Цяпер па шматлікіх просьбах працоўных арабаў і бэрбэраў краінаю парулюе ён, Бэн Алі, або, у перакладзе, проста сын Алі, а па-нашаму Сашы.

Сярод безьлічы партрэтаў, зь якіх новы бацька нацыі сочыць, як дзейнічае яго забарона на дзейнасьць палітычных партыяў, ты і адшукаеш абвестку з запрашэньнем наведаць Карфаген, а пералічыўшы свае дынары, з радасным зьдзіўленьнем пазнаеш на адной з купюраў сэміцкі профіль дзядзькі Грышы Цымэрмана.

Праз паўгадзіны ў абладзе салодкіх згадак маленства ты ўжо будзеш ісьці па карфагенскіх прысадах, густоўна аздобленых маленькімі саркафагамі з прахам ахвяраваных богу Ваалу немаўляткаў. На пунійскіх калёнах ня будзе партрэтаў Бэн Алі. Адпачываючы ад рызыкоўных палітычных аналёгіяў, ты навядзеш фотаапарат на архітэктурны краявід і ледзьве пасьпееш пстрыкнуць, як з-за разгалістага кактусу падымецца двухмэтровы чалавек у цывільным, што без тлумачэньняў засьвеціць табе стужку. Толькі пасьля ты заўважыш замаскаваныя БТРы і стамлёна падумаеш, якія гэтыя ўладары аднолькавыя і як фатальна іх цягне да вечнасьці: адзін здае на вечнае захаваньне сваю канстытуцыю з аўтографам, другі будуе палац побач са сьвяцілішчам Тафэль.

Ты разьвернесься да рэзыдэнцыі Бэн Алі сьпінай і тым мейсцам, дзе яна губляе сваё гордае найменьне, і на сапфіравай асноведзі мора зьнячэўку ўбачыш юную бляндынку з валасамі колеру плятыны і амаль свойскім імем Аўшра, што па-літоўску азначае Заранка.

Мова, на якой вы будзеце размаўляць, у гэтых мясьцінах не падасца табе чужою. Аўшра будзе вывучаць гісторыю і ведаць, што карфагенская культура мела тую дзіўную асаблівасьць, што не стварыла прыгожага пісьменства. Ты адзначыш, што Аўшра прыкметна вышэйшая за цябе, але гэтая трывожная акалічнасьць не перашкодзіць твайму натхнёнаму ўяўленьню, што буйна закаласіцца самымі сьмелымі мроямі.

Якраз тут да вас і падыйдзе невысокі, зацягнуты ў скуру эўрапеец, якому твая суразмоўніца магла б быць за ўнучку. У зялёных вачах аб’екту тваіх каласістых мрояў мільгане лёгкая разгубленасьць, і Аўшра растлумачыць, што гэта яе каханак з Гамбургу.

Каханак па-гаспадарску возьме тваю нязьдзейсьненую мару за тонкую талію і павядзе яе да тэрмаў імпэратара Антонія. Гледзячы усьлед, ты адразу знойдзеш у постаці Аўшры некалькі істотных хібаў. Але гэтага дзеля суцяшэньня будзе відавочна недастаткова.

Ты прысядзеш на адбітую капітэль, заплюшчыўшы вочы, прыслухаесься да ветру, і мудры антычны вецер, які памятае велічны поступ сланоў Ганібала, пашле табе сапраўднае суцяшэньне. Ты раптам зразумееш, што Карфаген прайграў Рыму і ўрэшце загінуў менавіта таму, што ня меў такой дробязі, як карфагенская мастацкая літаратура. Значыцца, яшчэ ня ўсё страчана. Асабліва калі ўлічыць, што тыя пэрыяды гісторыі, якія потым называюць «залатым векам», у тваёй краіне маюць уласьцівасьць праз кожныя 5ОО гадоў паўтарацца. Бо апошні «залаты век»скончыўся ў ХVI стагодзьдзі, а табе наканавана яшчэ нейкі час пабадзяцца па сьвеце і пасядзець за пісьмовым сталом у стагодзьдзі ХХІ-м.

Уладзімер Арлоў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org