RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Далягляды.
Пэрспэктывы ХХІ стагодзьдзя.



Ці пагражае Зямлі перанасяленьне?

(эфір 12 лістапада 1999)

Аўтар і вядучы – Алена Ціхановіч.

Набліжаецца канец ХХ стагодзьдзя – стагодзьдзя, якое спазнала таямніцу дзяленьня атама і законы перадачы генетычнага коду. Што рыхтуе для нас ХХІ стагодзьдзе? Пытанні, якія паўстаюць на пераломе эпох, мы абмяркоўваем ў новай праграме “ХХІ стагодзьдзе. Далягляды”. Колькі нас будзе, што мы будзем есьці, на што хварэць і ад чаго паміраць, якія непрыемнасьці й радасьці нас чакаюць? Меркаваньні й прагнозы міжнародных экспэртаў у нашай праграме па пятніцах.

Пачнем з тэмы, якая зноў зьведвае надзвычайнае зацікаўленне. На якую колькасьць чалавечай папуляцыі разьлічаная зямля? Ці пагражае ёй перанасяленьне, галеча і голад, – словам, ці меў рацыю ў сваіх прагнозах ангельскі эканаміст Томас Мальтус?

Праца Томаса Мальтуса “Эсэ аб прынцыпах папуляцыі” пабачыла сьвет два стагодзьдзі таму – у 1798 годзе. Гэта быў змрочны прагноз. Мальтус папярэджваў, што чалавецтва, якое памнажаецца ў геаметрычнай прагрэсіі, рана ці позна падыйдзе да мяжы свайго росту. Стан прыродных і харчовых рэсурсаў вызначыць гэту мяжу. За ёй чалавецтва чакаюць голад, галеча, канфлікты.

Мальтузіянства перажыло сваіх крытыкаў і знайшло працяг у новым мальтузіянстве. У 1968 годзе выйшла кніга амэрыканскага эколяга Поўла Эрліха “Бомба папуляцыі”, ў якой быў збольшага паўтораны сцэнарый Мальтуса. Эрліх таксама зрабіў націск на праблеме перанаселенасьці і сьцьвярджаў, што цяперашні ўзровень народанасельніцтва прынамсі ў тры разы большы, чым прыймальна. Паводле Эрліха, аптымальны памер зямной папуляцыі – 2 мільярды чалавек.

Сёлета, 12 кастрычніка на сьвеце зьявіўся шасцімільярдны чалавек. Гэнеральны сакратар ААН Кофі Анан назваў гэты дзень Днём шасці мільярдаў і вітаў хлопчыка, народжанага ў Сараеве. “Гэта клясычны выпадак добрай і дрэннай навіны адначасова,” – пракамэнтаваў падзею Алекс Маршал, прадстаўнік Фонду ААН у справах народанасельніцтва. – Ніхто раней ня думаў, што будзе магчыма дасягнуць такой колькасьці людзей, не разбурыўшы плянэту. Прадказвалі ж і экалягічны калапс, і голад, і ядзерную вайну. Але мы жывем адносна добра і гэта – дасягненьне. Зь іншага боку, шмат людзей жывуць у нястачы і асноўны прырост насельніцтва адбываецца якраз у бяднейшых краінах і бяднейшых сем’я”х.

Вось некалькі лічбаў з дакладу ААН аб стане народанасельніцтва за гэты год. “Глябальная папуляцыя павялічваецца на 78 мільёнаў за год. Палова сьвету зараз маладзейшая за 25 гадоў, зь іх мільярд ва ўзросце ад 15 да 24 – гэта бацькі наступнага пакаленьня. Найхутчэйшы рост адбываецца ў цэнтральнай частцы Афрыкі, а таксама рэгіёнах Паўднёвай і Заходняй Азіі. Рост насельніцтва запаволіўся ў Эўропе, Паўночнай Амэрыцы, Японіі. З індустрыяльных краінаў рост насельніцтва назіраецца толькі ў ЗША, і тое ў многім дзякуючы эміграцыі. На парозе ХХІ стагодзьдзя больш як мільярд чалавек пазбаўлены элемэнтарнага, амаль кожны трэці ня мае доступу да чыстай вады. У афрыканскай Батсване, дзе кожны чацьверты дарослы інфікаваны СНІДам, сярэдняя працягласць жыцьця скарацілася з 61 да 48 гадоў, а на пачатку наступнага стагодзьдзя можа скараціцца да 38.”

У якасьці камэнтару можна прывесьці словы згаданага ўжо спэцыяліста ААН Алекса Маршала: “Насельніцтва цэлай Нямеччыны прыбаўляецца ў сьвеце кожны год. І гэта было б добра, калі б яно было забясьпечанае рэсурсамі Нямеччыны. Аднак яно іх ня мае.”

Дарэчы, у сувязі з Днём шасьцімільярднага чалавека праблемы дэмаграфіі прыцягнулі пільную ўвагу ня толькі спецыялістаў ААН, але і шэрагу актывістаў, якія аб’яднаныя ў грамадзкія рухі тыпу “Zero Population Growth” – “За нулявы прырост насельніцтва”. Актывісты гэтага руху маюць сваю старонку на Інтэрнеце, праз якую вядуць прапаганду асэнсаванага і плянаванага падыходу да росту зямнога насельніцтва.

Беларусь на пераломе стагодзьдзяў апынулася па іншы бок гэтай праблемы: дзесьці на мяжы 1992-93 гадоў яна ужо перайшла планку “нулявога прыросту”, а зараз насельніцтва штогод скарачаецца. Хіба толькі ў гэтым паказчыку яна не адрозьніваецца ад цывілізаваных краінаў Эўропы, хаця, безумоўна, прычыны , якія да гэтага прывялі розьняцца. У індустрыяльнай і заможнай Эўропе – меншая нараджальнасьць абумоўленая пазьнейшым шлюбным узростам жанчын і мужчын, іх жаданьнем атрымаць адукацыю і забясьпечыць ёю ўсіх сваіх дзяцей. Дадамо да гэтага высокую сэксуальную культуру і звычку да высокага ўзроўню жыцця. Да Беларусі гэтыя абставіны стасуюцца менш, тут сем’і ўжо з адным дзіцем, як правіла, абмежаваныя ў эканамічных сродках для выжываньня. З другога боку, Беларусь у цяперашняй сваёй беднасьці не прыпадабняецца да бяднейшых частак сьвету, дзе адбываецца некантраляваны рост насельніцтва. Тут, безумоўна, сказваюцца традыцыі і псіхалёгія нацыі.

Такім чынам, пакуль Беларусь выпадае з клясычнага мальтусаўскага прагнозу: насельніцтва тут скарачаецца, а праблемы нястачы і галечы нарастаюць. Элемэнтарныя прадукты становяцца дэфіцытам ці раскошай, чэргі, талёны і сыстэма разьмеркаваньня – пастаяннай прыкметай побыту.
 
Так, ёсьць рэчы, абумоўленыя агульнымі тэндэнцыямі, а ёсьць і проста мясцовыя сацыяльна-эканамічныя асаблівасьці. Ёсьць розныя полюсы. Па ўсім сьвеце, як грыбы, растуць супэр- і гіпэрмаркеты , дзе кошык для прадуктаў дарос ужо да памераў добрага возу. Пасьпяхова функцыянуюць тысячы Макдональдсаў, дзе чалавек купляе гарачыя бутэрброды, не выходзячы з машыны.

Між іншым, на загружаных амэрыканскіх трасах на заднім шкле аўтамабіляў сярод мноства арыгінальных налепак можна пабачыць і такую: “Мальтус меў рацыю”. Менавіта такая налепка кінулася ў вочы і аўтару спэцыяльнага нумару часопісу TIME , які прысьвечаны праблемам новага стагодзьдзя. Амерыканскі вучоны, аўтар кнігі “Трыюмф эвалюцыі” Нільс Элдрэдж прыводзіць прагнозныя лічбы, паводле якіх ўжо праз сто гадоў на Зямлі будзе жыць 9 з паловай мільядаў чалавек.

А 200 гадоў таму, у пару Мальтуса, жыло ўсяго 900 мільёнаў чалавек. Праблема, між тым, ня толькі ў прагрэсе лічбаў. Як заўважае той жа Нільс Элдрэдж, у дыскусіях вакол мальтузіянства неяк выпускаецца з-пад увагі істотны момант: пастаянныя зьмены ў стасунках чалавека і прыроды. Зыходзячы з гэтага, Элдрэдж дапускае: Мальтус меў бы рацыю, калі б абвясьціў сваю тэорыю 10 тысяч гадоў таму, калі чалавецтва жыло ў замкнёных эка-сыстэмах і жывілася з паляваньня. Аднак 200 гадоў таму, калі ўжо даўно квітнела сельская гаспадарка, Мальтус ня меў рацыі. Ён не разумеў, што нацыі ня ёсьць закрытыя эка-сыстэмы, што яны могуць асвойваць новыя рэгіёны, і якія магчымасці для гэтага дасць індустрыяльная рэвалюцыя.

Але, у адпаведнасьці з падыходам Элдрэджа таксама можна дапусьціць, што стасункі чалавека і прыроды могуць зьмяніцца да горшага. Ён, у прыватнасьці, дапускае, што нас чакае новая эра трансфармацыі мора і сушы. І таму прадказаньні Мальтуса яшчэ могуць спраўдзіцца. Дарэчы, яшчэ задоўга да Мальтуса, у 1679 годзе дацкі вынаходнік мікраскопу Антоні Лівенгук гаварыў, што мяжа чалавечай папуляцыі 13 мільярдаў – і гэтая лічба адметна супадае з большасьцю сучасных прагнозаў.

Нагадаю думку дэмографаў ААН: ці запаволіцца рост чалавечай папуляцыі, будзе залежаць ад рашэньняў і дзеяньняў, прынятых на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя. У прыватнасьці, асабліва будзе гэта залежаць ад захадаў, накіраваных на павышэньне адукаванасьці, забесьпячэньне полавага раўнапраўя і ўсеагульнага права на здароўе, улучна і з рэпрадуктыўным здароўем.

Шэраг вучоных, як, напрыклад, цытаваны намі Алекс Маршал, лічаць, што максімальная лічба народанасельніцтва плянэты яшчэ няпэўная. Але зьменшыць рост папуляцыі зараз неабходна якраз для таго, каб выйграць час і адказаць на гэтае пытаньне: колькі нас зямля можа вытрымаць і для таго, каб вырашыць праблемы беспрацоўя і недаядання.

Пытанне “Колькі нас можа вытрымаць Зямля ?” на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў – пастаянная тэма дыскусіі эколягаў і эканамістаў. Прычына іх нязгоды ў тым, як кожны з гэтых бакоў успрымае сьвет. Сэнс гэтай доўгагадовай дыскусіі падсумаваў прафэсар Ракфэлераўскага і Калюмбійскага ўнівэрсытэтаў Джоэл Коэн у кнізе, якая так і называецца: “Колькі людзей Зямля можа забясьпечыць?”

Эколягі звычайна апэруюць аргумэнтамі пра абмежаванасьць прыродных рэсурсаў, а эканамісты даводзяць, што розум чалавецтва стварае і памнажае рэсурсы нават зь нічога. Так, паводле гэтай пазыцыі, кампутарная рэвалюцыя вырасла на пяску. Прафэсар Коэн заўважае, што чалавек разумны, у адрозьненьне ад жывёлаў, найбольш прыстасаваны да зьменаў навакольнага асяродзьдзя. Ён ня будзе, бы той мядзьведзь, сасаць лапу да галоднай сьмерці. А ўвогуле паняцьце “гранічнай нагрузкі” плянэты зьвязанае таксама з тым, які ўзровень жыцьця на гэтай плянэце мы ўяўляем.

Як лічыць аўтар часопісу TIME, цяперашняе чалавецтва – першая супольнасьць, якая дасягнула вельмі цеснай эканамічнай інтэграцыі. Калі гаварыць не ў палітычным, а эканамічным сэнсе, то мы адна-адзіная вялізная нацыя. Мы штодня купляем тавараў і паслуг на 1 трыльён даляраў. Эканоміка ў цэлым квітнее. І голад у Эфіопіі – хутчэй адхіленьне і выключэньне, чым знак агульнай будучыні.

Эканамічная інтэграцыя сьвету азначае і тое, што мы таксама ня маем закрытых экалягічных сыстэмаў – зямная атмасфэра, яе нетры, яе запасы – усё гэта таксама глябальнае і агульнае. Амаль па ўсім сьвеце лясы і стэпы ператвораныя ў сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі. Гарады, прыгарады і вялізныя гандлёвыя цэнтры вырасьлі на тых месцах, дзе людзі жылі ў больш натуральных супольнасьцях. Рэкі забруджаныя і рыбы вылоўліваецца больш, чым дапушчальна. Пры такіх тэндэнцыях мы штогод будзем страчваць 30 тысячаў відаў жывёл і расьлін. Хаця яшчэ цяпер мы залежым, прынамсі, ад 40 тысячаў гэтых відаў для забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня, жытлом, адзеньнем і палівам. Мы дасюль маем патрэбу ў гэтых прыродных рэсурсах, каб захаваць сваё жыцьцё. Аднак злая іронія ў тым, што надзвычайны посьпех нашай цывілізацыі ў жыцьці па-за экалягічнымі сыстэмамі ставіць самыя гэтыя сыстэмы пад пагрозу. Тэндэнцыі вяртаюць нас назад, да Мальтуса.

Гэтыя тэндэнцыі прызнае цытаваны намі аўтар, амэрыканскі вучоны Нільс Элдрыдж. Ён выказвае апасеньні, што, хаця мы і ня рухаемся да татальнага біялягічнага выміраньня, аднак мальтузіянскія грымасы голаду, канфліктаў і хваробаў могуць стаць часьцейшай зьявай у наступных стагодзьдзях. Да таго ж, гэта будзе суправаджацца стратай разнастайнасьці культур і, на жаль, стратамі ў якасьці жыцця.

Тым ня менш, як мяркуе Нільс Элдрыдж, мы можам знайсьці ў сабе волю да свайго роду абуджэньня: разгледзець, што чакае нас на раздарожжы і што з гэтым рабіць. Мы можам стабілізаваць нашую колькасьць і ўраўнаважыць узровень спажываньня. Мы можам не дапусціць разбурэньня экасістэмаў і зьнікненьня жывёл і расьлін. Мы, урэшце, можам асэнсаваць сябе, якімі мы сталі: першай глябальнай эканамічнай супольнасьцю, якая дасягнула свайго фантастычнага становішча дзякуючы неабмежаванаму розуму, хаця магмымасьці і былі абмежаваныя здароўем і прадуктыўнасьцю натуральнай сыстэмы. Мы можам, урэшце, калі захочам, даказаць, што Мальтус ня меў рацыі ў сваіх прагнозах.

Алена Ціхановіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org