RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Далягляды
Пэрспэктывы ХХІ стагодзьдзя



Як дапамагчы бедным?

(эфір 3 сакавіка 2000)

Аўтар і вядучы – Віталь Тарас.

Чалавецтва ўступае ў новае тысячагоддзе з большай колькасцью бедных, чым калісьці раней. Пры гэтым, бедныя складаюць большую частку насельніцтва. Калі на пачатку дваццатага стагодзьдзя на Зямлі жылі 2 мільярды чалавек, дык зараз – 6 мільярдаў. Зь іх 1 мільярд 300 мільёнаў жывуць ва ўмовах абсалютнае беднасьці. Аднак, ці справядлівая вядомая формула Маркса – багатыя багацеюць, бедныя робяцца бяднейшымі? І ці заслугоўвае пашаны беднасьць сама па сабе? Аб гэтым – у сёньняшнім вупуску “Даляглядаў”.

Паводле статыстычных зьвестак, апублікаваных сёлета ў студзені ў газэце “International Herald Tribune”, 1 мільярд 300 мільёнаў чалавек маюць усяго 1 даляр на дзень альбо менш. Гэта й называецца абсалютнай беднасьцьцю. А яшчэ 2 мільярды 800 мільёнаў мусяць выжываць за 2 даляры на дзень.

70 адсоткаў абяздоленых людзей жывуць у Азіі.

Няроўнасьць вырасла да неверагоднай ступені. У апошнім дакладзе ў справе гуманітарнага разьвіцьця ў рамках праграмы ААН (ПРААН) сьцвярджаецца, што калі параўнаць адну пятую частку насельніцтва, якая жыве у найбяднейшных краінах і адну пятую частку, якая жыве ў найбагацейшых краінах, дык на аднаго багатага чалавека даводзіцца 71 бедны. У 90-м годзе гэтыя суадносіны складалі 1:60, у 60-м – 1:30.

Хаця бедныя ў наш час і не становяцца больш беднымі, багатыя працягваюць багацець.

Паводле прэзыдэнта Азіяцкага Банку разьвіцьця Тадао Чына, колькасьць абсалютна бедных людзей у Азіі складае зараз траціну ўсяго насельніцтва. У 1970-м годзе такіх была палова. Прагназаваная сярэдняя працягласць жыцьця вырасла за гэты час з 48-і гадоў да 65-і, пісьменная частка дарослага насельніцтва ўзрасла з 40-а да 70 адсоткаў. Прагрэс у наяўнасцьі. Аднак, пакутлівае адчуваньне, што жабрацтва па-ранейшаму існуе, не пакідае нас, нават калі частка краінаў дасягнула нечуванага для іх дагэтуль узроўню жыцьця.

Дарэчы,гэта паьцвярджае й статыстыка. Паводле зьвестак, якія прыводзіць, напрыклад, расейскі часопіс “Новое время”, 1 мільярд чалавек у 70 краінах сьвету жывуць сёньня горш, чымся 25 гадоў таму.

Заможныя краіны троху скарацілі зьнешнюю дапамогу іншым краінам пасьля заканчэньня халоднай вайны. У 1990-м годзе краіны-лідэры ва ўсясьветнай эканоміцы дамовіліся дараваць траціну ўсіх пазыкаў краінаў трэцяга сьвету, якія ацэньваюцца ў 70 трыльёнаў даляраў. Афіцыйная дапамога слабаразьвітым краінам ў 1997-м годзе зьнізілася да 0, 22 адсоткі валавага нацыянальнага прадукту перадавых краінаў.

Адзін зь вядомых эканамістаў, Альфрэд Мозэр неяк пажартаваў: “Дапамога слабаразьвітым краінам – гэта калі грошы беднякоў з багатых краінаў трапляюць да багатых людзей у бедных краінах.”

Калі ж сур’ёзна, татальная беднасьць ня можа больш успрымацца як зьява прыроды ці Боскае пакараньне, выпрабаваньне веры.
Дастакова шмат людзей змаглі пабачыць, як пайшлі намарна вельмі многія разнастайныя праекты. Некаторыя зь іх былі больш удалыя, некаторыя менш. Але самымі недаўгавечнымі аказаліся ідэі, заснаваныя на шчодрай дабрадзейнасьці да тых бедных, якія заслугоўваюць пашаны. П’еса рускага драматурга ХІХ стагоддзя Астроўскага называлася “Беднасьць не загана.” Аднак пэрсанаж брытанскага драмтурга Бернарда Шоў, бацька Элізы Дулітл у п’есе Пігмаліён, казаў: “Ганебнае жабрацтва таксама мусіць быць прынятым”.

Хорхэ Брага дэ Маседа, які ўзначальвае Арганізацыю ў справе эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця са штаб-кватэрай у Парыжы, трымаецца меркаваньня, што “беднасьць створаная чалавекам”. З гэтага, на ягоную думку, вынікае, што чалавек гэтаксама можа адолець беднасьць. Гэтая новая канцэпцыя не азначае адмаўленьня ад усялякай дапамогі, аднак яна ня можа працягвацца далей такім чынам, як гэта было ў апошнія гады.

Трэба адзначыць розьніцу паміж паняцьцямі “нізкага даходу” і “беднасьцью”. Розьніца ў тым, што малы заробак у нейкай ступені можна кампэнсаваць за кошт прыстойных умоваў жыцьця. Сюды ўваходзяць такія важныя рэчы як чыстая вада, сантэхніка, мэдычнае абслугоўваньне, адукацыя, ад наўянасьці якіх у вялікай ступені залежыць магчымасьць чалавечага разьвіцьця.

Пра ступень разьвіцьця краінаў альбо кантынэнтаў сьведчаць такія паказчыкі як ліквідацыя непісьменнасьці, дзіцячай злачыннасьці і прагнозная працягласьць жыцьця. Усе гэтыя паказчыкі палепшыліся ў большасьці бедных краінаў сьвету.

Аднак у Афрыцы, у выніку эпідэміі СНІДу, сярэдняя прагназаваная працягласць жыцьця можа зноў панізіцца з 65-і гадоў да 48-і.
Усялякая дапамога можа аказацца марнай у выніку дрэннага адміністрацыйнага кіраваньня альбо карупцыі з боку ўраду, які эксплюатуе насельніцтва, альбо грандыёзных праектаў, праваленых у выніку немагчымасьці аплаціць іх.

У адрозьненьне ад ХІХ стагодзьдзя, эканамічны прагрэс больш ня зводзіцца да такіх канкрэтных рэчаў як вытворчасць чыгуну й сталі альбо электраэнэргіі. Прагрэс у ХХІ стагодзьдзі будзе вызначацца такімі рэчамі як інфармацыйныя тэхналёгіі, і таму чалавецтву неабходна больш засяродзіцца на адукацыі ды матывацыі людзей.

Глябалізацыя, якая пачалася пасьля заканчэньня халоднай вайны, таксама мела вельмі неадназначныя вынікі. Капіталы з дваццаці разьвітых краінаў былі заінвэставаныя ў больш як сто іншых краінаў. Аб’ём гандлю ўзрос у 15 разоў, пачынаючы з 60-га году, але гэта тычылася, зноў жа, абмежаванага кола краінаў-рэцыпіентаў. Насамрэч, вялікія посьпехі адных суправаджаліся вялікімі праблемамі для іншых.

Было б несправядлівай й шкоднай памылкай сьцьвярджаць, што сьвет базуецца на ідэях Маркса аб тым, што ўсе падзяляюцца на тых, хто мае і тых, хто ня мае, на бедных і багатых. Багатыя сапраўды ёсьць багатымі, калі ёсьць магымасьць прадукаваць новае багацьце, а ня толькі спажываць яго.

Разьвітыя краіны прызналі памылковым падыход да ўсіх краінаў паводле аднастайнага прынцыпу падзелу на багатыя й бедныя. Ёсьць яшчэ й краіны з сярэднім узроўнем разьвіцьця.

Цікава, што краіны Лацінскай Амэрыкі ня згодныя зь меркаваньнем разьвітых краінаў Поўначы, што дапамагаць трэба найперш найбедным. У Лацінскай Амэрыцы лічаць, што краіны, якія дамагліся эканамічнага прагрэсу, таксама заслугоўваюць падтрымкі.
Няма адзінага рэцэпту, нейкай адзінай формулы, якая магла б забясьпечыць посьпех у абавязковым парадку. Ідэя прэзыдэнта Клінтана, што кожны чалавек павінен атрымаць доступ да кампутару, ня падыходзіць для вырашэньня праблемаў Мексыкі, Бразыліі ці Паўночнай Карэі.

Прадастаўленьне тэрміновых крэдытаў – напачатку малымі порцыямі – сапраўды можа дапамагчы многім краінам перайсьці да самафінансаваньня, але гэта працуе не заўсёды і не паўсюль. Трэба выкрыстоўваць поўны спэктар мераў, адаптаваных, найперш, да мяйсцовых умоваў.

Маштабныя праекты – кшталту пабудовы вялкіх хайвэяў замест маленькіх фермаў, агромністых дамбаў замест сучаснага вадаправоду – не прынесльлі карысьці.

Калі прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан абвесьціў вайну супраць беднасьцьі ў 1964-м годзе, ён зыходзіў з погляду, што прадукцыі можна вырабіць больш чым гэта неабходна дзеля спажываньня. Гэта была хутчэй ідэалягічная ўстаноўка на тое, што багацець ня можна бясконца і што трэба раздаць лішкі багацьця бедным. Джонсан хацеў укараніць гэтую ідэю ў амэрыканскім грамадзтве, але, на няшчасьце, вайна ў Віетнаме прымусіла адмовіцца ад сацыяльных праграмаў унутры краіны.

Гады прэзыдэнцтва Джонсана заключалі ў сабе важны ўрок. Лёзунг тае эпохі сфармуляваў дарадца Белага Дому Джозэф Каліфана, які сказаў: “Я ня бачыў ніводнай праблемы, якую ня можна было б разьвязаць з дапамогай грошай”. У нашыя дні гэта ўспрымаецца як памылковы шлях у вырашэньні праблемы беднасьці. Гэтая праблема ня толькі эканамічная. Здароўе, адукацыя, адносіны грамадзтва і ўладаў – таксама частка праблемы. Беднасьць ёсьць настолькі ж справай палітыкі, як і грошай.

Віталь Тарас, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org