RFE/RL |
Ці будзем мы ў ХХІ стагодзьдзі ўсё яшчэ есьці мяса?(эфір 14 студзеня 2000) Аўтар і вядучы – Алена Радкевіч. Ці будзем мы ў ХХІ стагодзьдзі ўсё яшчэ есьці мяса? Дасьледчыкі ўважаюць, што калі мы аднойчы ачомаемся і ўбачым, якім чынам прадукцыя з жывёльнага мяса ўзьдзейнічае на нашае здароўе і здароўе плянэты – мы адмовімся ад мясаядзеньне. Калі Юлі Цэзар трыумфальна ўступіў у Рым у 45 годзе да н.э., ён адзначыў сваю перамогу пампэзным сьвяткаваньнем, дзе частавалі мясам і рыбай ды забаўлялі гульнямі тысячы гасьцей. Ад таго часу, як людзі авалодалі вагнём, усе перамогі чалавецтва – у войнах, спорце, палітыцы альбо камэрцыі – адзначаліся падобнымі сьвяткаваньнямі з неверагодным паяданьнем жывёльнай плоці. І сёньня паўсюль у краінах трэйцяга сьвету, выкараскаўшыся з беднасьці, людзі перш за ўсё пераключаюцца з сялянскага тыпу харчаваньня, якое складаецца пераважна з зерневых і бабовых – на сьвініну ды ялавічыну. Пасьля 1950 г. ужываньне мяса на душу насельніцтва павялічылася больш як у 2 разы. Складаецца ўражаньне, што мяса – гэта ня толькі ежа, але і ўзнагарода. Але ў новым стагодзьдзі гэта ўсё зьменіцца, – уважаюць ня толькі энтузіясты вэгэтарыянства, але й дасьледчыкі. На іхную думку, гэтак жа, як аднойчы чалавецтва ўбачыла нарэшце эканамічныя і сацыяльныя праблемы, зьвязаныя з цыгарэтамі і паленьнем – яно нарэшце перастане ігнараваць праблемы, зьвязаныя з масавым вырошчваньнем жывёлы для кармленьня нашага ўсё больш шматлікага насельніцтва. А да ліку гэтых праблемаў, да прыкладу, належыць марнаваньне сьвежай вады і зямлі; моцнае забруджваньне навакольля адкідамі – прадуктамі жыцьцядзейнасьці жывёлаў; рост колькасьці сардэчных і іншых захворваньняў; зьнішчэньне лясоў, ад якіх залежыць велізарная частка жыцьця нашай плянэты. Па-першае, што тычыцца марнаваньня сьвежай вады. Каб атрымаць
Ва ўсім сьвеце ўсё больш вады марнуецца на гадаваньне сьвіньняў і кураў, замест таго, каб выдаткоўваць яе на вырошчваньне зерня для непасрэднага ўжываньня ў ежу – у той жа час на зямлі высыхаюць мільёны калодзежаў. Індыя, Кітай Паўночная Афрыка і ЗША ўжо адчуваюць дэфіцыт пітной вады і выпампоўваюць яе з ваданосных пластоў больш, чым можа быць скампэнсавана ападкамі. У выніку таго, што насельніцтва ў рэгіёнах з абмежаванымі воднымі рэсурсамі працягвае расьці, урады непазьбежна будуць вымушаныя скарачаць гэты дэфіцыт вады праз вырошчваньне ежы непасрэдна для чалавечага ўжытку, а не для гадаваньня жывёлы. А гэтая новая палітыка непазьбежна прывядзе да падвышэньня цаны на мяса да такога ўзроўню, што толькі найбагацейшыя змогуць яго сабе дазволіць. Вядома ж, такая пэрспэктыва спародзіць пратэсты: маўляў, непасрэднае ўжываньне зерня ня можа даць столькі ж пратэіну, колькі мяса. Гэта праўда. Але дыетолягі дакажуць, што большасьць людзей у багацейшых краінах зусім не патрабуе столькі пратэіну, колькі мы атрымліваем зь мяса на сёньняшні дзень. І да таго ж даць нам патрэбны пратэін могуць шмат расьлінных крыніцаў, уключаючы зерне, якое марнуецца на пракорм жывёлаў. А шматлікія параўнаўчыя дасьледваньні здароўя вэгэтарыянцаў і мясаедаў сьведчаць, што некаторыя хваробы – напрыклад, артэрыяльная гіпэртэнзія, мачакіслы дыятэз, апэндыцыт і многія іншыя – у вэгэтарыянцаў не сустракаюцца амаль зусім. Тут варта зазначыць, што ў былым СССР – паводле статыстыкі 80-ых гадоў (знайсьці пазьнейшых дадзеных не атрымалася) – 85 адсоткаў усіх неадкладных апэрацыяў рабілася з прычыны вострага апэндыцыту, а гэта 500 тысячаў на год. Сьцьвярджаецца, што, паводле дасьледваньняў, у вэгэтарыянцаў ніжэйшы ціск, меншая вага і лепшыя паказчыкі ўтрыманьня тлушчу ў крыві. Сярод іх радзей сустракаюцца парушэньні абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістыя захворваньні, дыябэт, падагра і рак кішачніку. У часопісе Амэрыканскай мэдыцынскай асацыяцыі сьцьвярджаецца, што да 97-мі адсоткаў хваробаў сэрца, з-за якіх здараецца больш паловы сьмерцяў у ЗША, можна было б прадухіліць вэгэтарыянскай дыетай. Тэорыі адносна “неабходнасьці для арганізму жывёльных бялкоў”, “утрыманьня у мясной ежы незаменных амінакіслотаў”, “няздольнасьці без ужываньня мяса да цяжкой фізычнай працы” прыхільнікі вэгэтарыянства абвяргаюць з навуковага пункту погляду, але перадусім – апэлюючы да шматлікіх гістарычных прыкладаў. Лічыцца, што мяса ня елі рымскія ваяры, сувораўскія жаўнеры і г.д., вэгэтарыянцамі былі многія вядомыя спартоўцы, сярод якіх і пераможцы Алімпійскіх гульняў. Сярод практыкаў і прапагандыстаў вэгэтарыянства былі Піфагор і піфагарэйцы, Платон, Плутарх, Будда, Заратустра, Леанарда да Вінчы, Бэрнард Шоў і многія іншыя. У выніку абнародваньня падобных дасьледваньняў і гістарычных фактаў, на Захадзе распаўсюдзілася стаўленьне да ўжываньня мяса, як да часам прыемнага, але ў цэлым шкоднага занятку, накшталт паленьня, якім людзі займаюцца па звычцы альбо слабасьці. Паводле статыстыкі 90-ых гадоў, больш як 10 адсоткаў насельніцтва сьвету – вэгэтарыянцы: у Індыі – больш як 80 адсоткаў, у ЗША – каля 5-ці, у Велікабрытаніі – 7 адсоткаў. Але гэтыя лічбы маюць тэндэнцыю росту. Самое слова “вэгэтарыянец” было ўведзенае ва ўжытак у 1842 годзе заснавальнікамі “Брытанскага вэгэтарыянскага таварыства” – першага з такога кшталту арганізацыяў. За аснову было узятае лацінскае “vegetus”, што азначае “моцны, здаровы, сьвежы, бадзёры”. Ад пачатку слова “вэгэтарыянства” азначала лад жыцьця, гарманічны з філязофскага і маральнага пункту погляду, а ня толькі фруктова-гароднінную дыету. У царскай Расеі ад канца мінулага стагодзьдзя працавала некалькі такіх таварыстваў, аднак пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе яны былі забароненыя. Аж да канца 80-ых гадоў прапаганда вэгэтарыянства ў СССР, у тым ліку, натуральна, і ў Беларусі, перасьледвалася. Пазыцыя афіцыйнай мэдыцыны заключалася ў тым, што вэгэтарыянства шкоднае для здароўя. Масавая вытворчасьць мяса стала пастаяннай крыніцай забруджваньня навакольнага асродзьдзя. Магчыма, каровіныя ляпёхі некалі і былі прадметам для жартаў, але ў апошнія гады яны спарадзілі масавыя пошасьці сярод рыбаў і хваробы, якія спараджаюць згубу памяці і востры сьверб скуры ў людзей, што мелі кантакт з забруджанай такім чынам вадой. Жывёлы на сёньняшні дзень прадукуюць у 130 разоў больш адкідаў, чым людзі. Адная толькі сьвіная ферма ў штаце Юта у ЗША, напрыклад, стварае больш адкідаў, чым горад Лос-Анджэлес і забруджвае таксама пітную ваду. У менш кранутых цывілізацыяй рэгіёнах – ад Інданэзіі да Амазоніі – выпальваюцца трапічныя лясы, каб расчысьціць мейсца для выпасу скаціны. Сельская гаспадарка – асноўная прычына зьнішчэньня лясоў, а ўсё большы попыт на мяса стымулюе наступ сельскай гаспадаркі. Прадукаваньне мяса наносіць шкоду ня толькі прыродзе, а і чалавеку непасрэдна. У Кітаі нядаўняе пераключэньне на цяжкую мясную ежу пацягнула за сабой павелічэньне атлушчэньня насельніцтва, хваробы сэрца, рака грудзей і простай кішкі. Дасьледчыкі з ЗША і усясьветнай арганізацыі аховы здароўя зрабілі падобныя адкрыцьці і ў іншых частках сьвету. Існуе занепакоенасьць таксама адносна таго, як ўплывае на арганізм чалавека мяса жывёлаў, якіх вырошчваюць з дапамогай геннай мадыфікацыі. Апалягеты вэгэтарыянства вылучаюць нават тэорыю, паводле якой рост колькасьці транссэксуалаў заўдзячаецца ўсё таму ж мясаедзтву. Маўляў, мяса нават пасьля тэрмічнай апрацоўкі захоўвае гармоны таго полу, да якога належыла жывёла – і таму ўжываньне мяса прыводзіць да дэзарыентацыі гарманальнай сыстэмы чалавека лавінай чужародных гармонаў. То бо, калі ясі замест быкоў пераважна кароваў, альбо замест кабаноў сьвіньняў – у адзін цудоўны дзень можаш адчуць сябе транссэксуалам. Дзеля справядлівасьці, трэба зазначыць, што такая залежнасьць нікім сур’ёзна не разглядаецца. Шкода мяса і карысьць садавінна-гародніннага харчаваньня адлюстраваная ў многіх гісторыях. У часопісе Амэрыканскага таварыства дыетолягаў распавядаецца пра ангельскага селяніна Фома Парру, які дажыў да 152 гадоў, харчуючыся толькі расьліннай ежай. Уступіў у другі шлюб у 120 гадоў, меў сына, які памер у 127. Даведаўшыся пра такі фэномэн, Карл 1 нібыта запрасіў селяніна да сябе, дзе той адразу ж памер ад нязвыклай для яго ежы і віна. Дактары Брусэльскага Ўнівэрсітэту Йотэк’ё і Кіпані сьцьвярджаюць, што вэгэтарыянцы здольныя працаваць у 2-3 разы больш, чым тыя, хто харчуецца мясам, і у тры разы хутчэй аднаўляюць свае сілы. І наогул: фізіялягічна чалавека трэба аднесьці хутчэй да траваядных, чымся да драпежнікаў. Платаядныя жывёлы маюць параўнальна кароткі кІшачнік – усяго ў тры разы даўжэйшы за цела, і гэта дазваляе своечасова выводзіць з арганізму мяса, якое хутка распадаецца і выдзяляе таксіны. У траваядных жа кішачнік даўжэйшы ў 6 разоў, бо расьлінная ежа распадаецца нашмат павальней за мяса. Гэтыя гісторыі і сьцьвярджэньні многімі ўспрыймаюцца з недаверам. Урэшце
рэшт, мы эвалюцыянавалі як паляўнічыя-зьбіральнікі і елі мяса сто тысячаў
гадоў на нашай эры. Гэта натуральна для нас – есьці мяса – можа сказаць
нехта. Але сёньняшнія жывёлы -- вырашчаныя на фабрыцы, перагружаныя хімікатамі,
са зьмененай геннай структурай -- далёкія ад тых дзікіх жывёлаў, на якіх
палявалі нашыя продкі.
Ніхто не бярэ на сябе сьмеласьць прадказваць канец усяму мясаядзеньню. Праз дзясяткі гадоў кароваў усё яшчэ будуць вырошчваць – магчыма, на лапіках натуральнай зямлі – для людзей, якія ўсё ж ткі жадаюць і могуць сабе дазволіць біфштэкс. Астатнія ж будуць рабіць выключэньні толькі для цырыманіяльных абедаў, накшталт амэрыканскага Дня ўдзячнасьці, якія рытуальна зьвязваюць чалавецтва з ягонай эвалюцыйнай і культурнай мінуўшчынай. Але эра масавай вытворчасьці жывёльных прадуктаў і спадарожныя ёй невытрымныя праблемы для здароўя чалавека і навакольля – павінны завершыцца да канца наступнага стагодзьдзя. Што да Беларусі, то вэгэтарыянства, выглядае, робіцца тут часткай дзяржаўнай палітыкі. Беларусаў заклікалі ня есьці мяса хаця б улетку, але і ўзімку мала ў каго на сьвяточным стале стаяла калядная гусь. Праўда пры гэтым беларусам праблематычна знайсьці і “неверагоднае задавальненьне ў разнастайным расьлінным харчаваньні”. Алена Радкевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |