RFE/RL |
|
Вострая брама
Нью-Ёрк, Нью-Ёрк... Навагодняя перадача.(эфір 31 сьнежня 2000) Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. Гэты грандыёзны Новы год - на зломе эпох - цяжка ў поўнай меры адчуць у нас, у Беларусі, дзе грандыёзныя хіба што задачы, якія мы яшчэ толькі будзем ставіць заўтра. Усё, так бы мовіць, наперадзе. А сёньня наш родны краявід нічым не нагадвае пра знакавую перамену лічбаў - дзьве тысячы, тры тысячы... Адно беларускаму сэрцу зразумела, якую магутную энэргію тояць у сабе гэтыя панылыя шэрыя пагоркі пад шэрым небам і пад шэрым сьнегам. Але ўсё гэта - будзе. А сёньня нашы людзі ў нашым краявідзе яшчэ не навучыліся самі рабіць сваё сьвята ў сябе дома. Яны традыцыйна аддадуцца магіі тэлеэкрану з чужымі фэерыямі, жырсьцямі і яркімі відовішчамі. Свой сьвяточны настрой і адчуваньне злому эпохаў мы будзем шукаць ня тут, ня дома, а недзе. Напрыклад, у самым грандыёзным горадзе сьвету - Нью-Ёрку. Ёсьць там такі самы грандыёзны раён - Мангэтэн, раён небасягаў і самых буйных зьдзелак, дзе абяртаецца цэлы сьвет. Зямля на Мангэтэне самая дарагая ў сьвеце, таму 50-павярховы будынак тут узводзіцца з касьмічнай хуткасьцю - за месяц. І ўсяго два месяцы ідуць на тое, каб зьнесьці папярэдні небасяг на гэтым месцы. Выходзіць, што і час на Мангэтэне - самы дарагі ў сьвеце. Мне падумалася, што самым дарэчным госьцем навагодняе "Вострае Брамы" можа стаць будаўнік з Мангэтэну, які гэтыя самыя небасягі падымае ў нябёсы. Чаму б не зрабіць такую перадачу ў памятных традыцыях савецкіх тэлевізійных "Блакітных агеньчыкаў", толькі запрасіць туды не ардэнаносных даярак і піянэраў цаліны, а перадавіка капіталістычнае працы. Хай раскажа пра сваё жыцьцё-быцьцё, пра свае дасягненьні, пра сьвет чыстагану. Імя ягонае - Славамір Адамовіч. Беларускі паэт, радыкал і скандаліст, які ў 2000-м паўгода адпрацаваў на нью-ёрскіх новабудоўлях. Са Славамірам размаўляе сталы аўтар нашае праграмы Зьміцер Бартосік. Каб захаваць чысьціню жанру і лепшыя традыцыі ўсім вядомае тэлевізіі, наш Урмас От запрасіў свайго візаві ў рэстаран. (Зьміцер Бартосік: ) “Калі Славамір Адамовіч зьехаў у Амэрыку, я пашкадаваў,
што не паспрачаўся з тымі, хто прадказваў яму эміграцыю. Чамусьці я быў
упэўнены, што паэт вернецца яшчэ ў 2000-м. Тым больш радаснаю была сустрэча.
Мне казалі, што пасьля працы на амэрыканскай будоўлі Славаміра нельга пазнаць
- такі ён стаў сур'ёзны й разважлівы. Першае, што кінулася ў вочы пры сустрэчы
– зьмены ў гардэробе. Легендарнае галіфэ саступіла месца амэрыканскім спартовым
нагавіцам. Мы вырашылі адзначыць сустрэчу ў рэстаране Дому Літаратараў.
Калісьці гэта быў утульны і дружалюбны кабак, які цяпер стаў чужым і бяздушным.
Што, зрэшты, ніяк не папсавала бяседу з "амэрыканцам" Адамовічам. У выніку
атрымалася запісанае на стужку сьведчаньне той мэтамарфозы, што адбылася
з правым рэваншыстам, актыўным байцом вулічных акцыяў пратэсту, вязьнем
сумленьня - паэтам, які гучней за ўсіх бразнуў дзярыма дваццатага стагодзьдзя.
...Іншы раз выходзіш на дах. Над дахам паліцэйскія вэрталёты завісьлі.
Над табой вісяць. Сонца. Статуя Свабоды недзе далёка так зелянее. І так
глядзіш, кругом глядзіш на гэтыя будынкі-хмарачосы сусьветнага гандлёвага
цэнтру. Я пра Мангэтэн гавару. Я на Мангэтэне працаваў. 16-я стрыт. 335-ы
дом. І раптам позірк упіраецца ў суседні дом, ніжэй. І бачыш там на гэтай
страсе - людзі. Невялічкія. Практычна, як мурашкі. Агульнае ўражаньне –
рабочыя мурашы. І ты ведаеш, што гэтыя рабочыя мурашы – нелегалы. Што атрымліваюць
яны ў лепшым выпадку 7-8 даляраў. Гэта калі ён ужо які-небудзь брыгадзір...
А я назад трапіў у кастрычніку. І тут жа нашы чарговыя паходы-мітынгі. Дзяды. Устаноўка крыжоў. Гэта мяне проста злавала. Проста я сабе гаварыў – баста. Хопіць зь мяне гэтых крыжоў, хопіць зь мяне гэтых паходаў з Дзядамі. Вось. Пры тым, што Дзяды, як і ўсе вялікія сьвяты – гэта інтымнае, сямейнае сьвята. Вось. А не калектыўнае, публічнае. Крыўдна было... Хочацца нарэшце, каб нашы людзі пайшлі на працу, на работу. А з работы прынесьлі грошы. Не на мітынгі, не на змаганьні. Вось. Каб можна было ўбачыць і ўліцца ў гэтую плынь, якая раніцай бяжыць на работу. А ня тое, што невядома куды... Там хочацца неба. Безумоўна, у Мангэтэне хочацца неба. Таму што за гэтымі хмарачосамі яго мала. Ну... Можна гаварыць пра такую зьяву Нью-Ёрка як харбідж. Сьмецьце. Пахі Нью-Ёрку можна апісваць доўга-доўга. Я быў страшна раззлаваны, калі мне адзін з маладых людзей даводзіў, што яму абрыдла ў Менску жыць у доме з абсіканымі, мякка кажучы, пад'ездамі. На што я яму тут жа сказаў – там у цябе быў абсіканы пад'езд, а тут у цябе цэлы горад сьмярдзіць сікамі, прабач. Вялікі сусьветны цэнтар, але ён сьмярдзіць сікамі. Што ты з гэтым зробіш... Усе чулі, усе ведаюць, нават школьнікі, што ў нью-ёрскай падземцы пацукі як коні лазяць. І брудна там. Гэта сапраўды ўсё так. Але, што вавёркі там, такія ж шэрыя, дакладней попельнага колеру, як пацукі й мышы! Гэта я толькі там пабачыў. І я згадваю адзін зь первых сваіх вершаў "Не сьпяшай, мая рыжая векша". Я думаю, як бы я пісаў у Нью-Ёрку пра рыжую векшу. Калі яна там сівая. Іх там страшэнна шмат - вавёрак і пацукоў. У нас столькі ў батанічным ня ўбачыш. І гэта - на жаль. Там шмат у горадзе шпакоў, вераб'ёў. А тыя пачвары, так званыя, легендарныя! Вялікія пацукі, каторых любяць у фільмах жахаў паказваць. Я думаю, гэта рэжысэры паблыталі. Сьвядома, ці не. Зь янотам. Янотаў вельмі шмат. Яны таксама такія гарбатыя, як і пацукі. – А ты можаш уявіць такую сытуацыю, калі... ты эмігруеш. Ці ты не эмігруеш? – Усіх хвалюе гэтае пытаньне. Не, я не эмігрую. Зноў жа, з агаворкай.
(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік у рэстарацыі менскага Дому літаратараў гутарыў са Славамірам Адамовічам - паэтам і перадавіком капіталістычнае працы на нью-ёрскіх новабудоўлях. Цікава, што ўсе гэтыя быццам іранічныя азначэньні - перадавік, новабудоўля - сапраўды ўсё больш іранічна выглядаюць у дачыненьні да нашага сёньняшняга жыцьця і ўсё менш іранічна - у дачыненьні да жыцьця амэрыканскага. Чым больш рэалістычна мы бачым заходняе жыцьцё, тым больш іррэальна выглядаюць нашыя колішнія савецкія ўяўленьні. Два сьветы, два лады жыцьця - сапраўдны і ўяўны - давяршаюць сваю эпахальную перамену месцамі. Асабіста мне давялося быць на Мангэтэне акурат у тыя травеньскія дні 98-га, калі Амэрыка разьвітвалася з Фрэнкам Сынатрам - усеагульным любімцам і народным песьняром. Паўсюль былі ягоныя партрэты, адусюль даляталі ўрыўкі ягоных песень. Сынатра і жанчыны, Сынатра - гангстэр, Сынатра - дабрачынец - паведамлялі газэтныя загалоўкі. Я тады думаў - а хто ў нашай культуры свой Фрэнк Сынатра? Зьнешне адразу прыгадаўся Янка Купала. А вось у сваім жанры, бадай, нічога й не прыпомнілася. Хіба што Віктар Вуячыч - найбольш яркае, дакладней, важкае імя. Але папулярнасьць Вуячыча рабілася ўсё ж зьверху, а не вырастала з сапраўднае шчырае народнае любові. Гэта значыць, што свайго Сынатры ў беларусаў не было і няма. Можа таму сам Сынатра, амэрыканскі, - і голасам сваім, і тварам, і манерамі - успрымаецца ў нас - паверх бар'ераў - сваім на кожную публіку і на кожны век. З новым годам!” Сяргей Дубавец, Вільня
|
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |