RFE/RL |
|
Вострая брама
Лёзунгі Случчыны(эфір 26 лістапада 2000) Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. Тэма гэтай перадачы - ёмістая фраза, кароткі ацэначны выраз, якім у дачыненьнях людзей ацэньваюцца гістарычныя падзеі. Для беларусаў краязнаўчая сьведамасьць - яскравае выключэньне, а ня правіла. Ёмістая фраза бярэцца зазвычай са школьнае праграмы. І, не ўнікаючы ў дэталі, чалавек дасьць адназначную характарыстыку хану Мамаю або фашыстам. Другая крыніца - расповеды дзядоў. І тут ужо падключаецца жывы рэгіянальны досьвед пакаленьняў. ... А пасьля прыйшлі немцы, - распавядала мне адна вясковая бабуля, - усе харошыя, гладкія, дзецям шакаляд давалі... Яшчэ больш складана з савецкімі партызанамі - тут жывы рэгіянальны досьвед часта ўступае ў супярэчнасьць з фармулёўкамі школьнае праграмы. А ёсьць і такія гістарычныя зьявы, што ў падручніках не прапісаныя. І адзінае, на што даводзіцца спадзявацца, гэта жывыя ўспаміны людзей. Напрыклад, Слуцкае паўстаньне 20-га году. Агляд лёзунгаў таго часу я папрасіў зрабіць Сяргея Шупу. (Шупа: ) “Кожная вайна, паўстаньне, бунт і падобныя сацыяльныя забурэньні звычайна асацыююцца з кароткімі ёмістымі лёзунгамі, якія тлумачаць іхны зьмест, сутнасьць, матывы. «За нашу і вашу свабоду» — і ўсім усё ясна. «За Родзіну, за Сталіна» — таксама. «Drang nach Osten», «Адваюем ад бандытаў тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі», «Patria o muerte» — усё гэта гучыць як удалыя загалоўкі гістарычных раманаў. Часам яны нараджаліся ў полымі самых падзеяў, пісаліся на штандарах і вялі іх удзельнікаў наперад, у бой, на сьмерць. А часам, прыдуманыя пазьнейшымі ідэолягамі, яны мелі мала агульнага з рэальным зьместам падзеяў і маглі б падацца ўдзельнікам недарэчнымі ці крывадушнымі. У гэтым сэнсе Слуцкае Паўстаньне да сёньня застаецца нібыта й безыменнае. Паўнацэннай беларускай дзяржавы зь беларускім апаратам прапаганды ў ХХ ст. так і ня ўзьнікла, таму Слуцкае Паўстаньне ніколі не было аб'ектам афіцыёзных прапагандысцкіх распрацовак, калі б праз школьныя падручнікі, раманы, вершы, кінафільмы, тэатральныя спэктаклі, тэлесэрыялы ў сьведамасьці грамадзтва ўтварыліся простыя і гладкія штампы — нават ня будзем гадаць, як бы яны гучалі. Што ж узьняла случчакоў на гэткі амаль безразважна-безнадзейны чын? Беларусь ужо сёмы год — даўжэй, напэўна, за іншыя краіны Эўропы — жыла ў стане вайны, прычым сама Случчына трэці год перажывала няспынную зьмену акупантаў. Улетку 1920-га прыйшлі бальшавікі — не пустыя гаваруны 17-га, а канкрэтныя, праблемныя — з харчразьвёрсткай, гвалтам і расстрэламі на месцы ўсіх, хто стаяў упоперак іхнай дарогі. Бяз малага ўся Беларусь паўстала, напоўнілася, як тады казалі, «зялёнымі». Случчына ў тым часе пасьпела перажыць магутны культурны ўздым — Слуцкі Беларускі Нацыянальны Камітэт быў ці не найактыўнейшы ў Менскай губэрні: настаўніцкія курсы, школкі па вёсках, тэатральныя спэктаклі. І вось надыйшоў даволі нечаканы момант, калі раптам са Случчыны сыйшлі і расейцы, і палякі — край упершыню за доўгія гады апынуўся ў палітычным вакуўме. Заняць гэтае пустое месца, пакуль не прыйшоў хто іншы, і стацца гаспадаром сваёй долі тут і цяпер — вось, магчыма, той просты лёзунг моманту. Свой лад у сваёй хаце, кавалак зямлі, сякі-такі дастатак для сям'і, дабрабыт і бясьпека блізкіх — якія большыя прыярытэты маглі быць у тагачаснага беларускага селяніна. На гэта вельмі дарэчна наклалася прапаганда беларускіх эсэраў зь лёзунгамі зямлі й волі, зь якімі яны якраз і асацыявалі Незалежную Беларусь. І яны пайшлі, і ўзялі тую ўладу і трымалі яе, пакуль не прыйшоў нехта, каб зноў яе забраць. І няважна, хто гэта быў. Прыйшлі, каб выгнаць цябе з тваёй хаты. Тут ёсьць за што ваяваць. Дык якія формулы, якія лёзунгі нарадажала Случчына 80-гадовай даўніны? Дамо слова архіўным дакумэнтам і публікацыям. ЛЁЗУНГІ АБУДЖЭНЬНЯ:
ЛЁЗУНГІ ПРАЎДЫ:
ЛЁЗУНГІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ:
Аднак абсалютна пераважаюць у слуцкіх настроях ЛЁЗУНГІ СВАЙГО ЛАДУ,
ЗЯМЛІ І ДОЛІ:
Ад бязладнага натоўпу, якому хацелася толькі «людзьмі звацца» да гаспадароў сваёй зямлі і долі прайшло крыху больш за дзесяць гадоў. Аднак, на дзіва, лёзунгі Слуцкага Паўстаньня жывуць яшчэ й дагэтуль, ніяк ня могучы дачакацца сваёй рэалізацыі”. (Дубавец: ) “Сяргей Шупа перагледзеў архіўныя матэрыялы пра Слуцкае паўстаньне ў пошуках яскравага ацэначнага выразу. Тымчасам Зьміцер Бартосік праехаў па мясьцінах паўстаньня з мэтаю адшукаць тую трапную фразу ў гутарцы зь землякамі паўстанцаў”. (Бартосік: ) “Добра было б заехаць у гэтую вёску выпадкова. Нічога ня ведаючы пра падзеі дваццатага году. Ні з энцыкляпэдыяў, ні з газэтных артыкулаў. Ехаць сабе па сваіх неадкладных справах, мілавацца прыгожымі слуцкімі краявідамі, пагоркамі, парослымі хваёвым лесам. Раптам зьвярнуць увагу на агромністы пясчаны кар'ер перад чарговай вёскай. А, пад'ехаўшы да вёскі, крыху сьцяцца ад яе назвы. "Грозава". Грознага ў краявідзе вёскі знойдзецца няшмат. Але, калі выехаць на яе галоўны пляц, на якім замест царквы стаяць абшарпаны клюб і крама, дык на іх тле позірк сам выхапіць вялізны драўляны крыж з прымацаванаю жалезнаю "Пагоняю" й шыльдаю пад ёю. На якой вандроўнік па самай савецкай з савецкіх земляў прачытае, што тут быў сфармаваны грозаўскі полк, які ўдзельнічаў у Слуцкім антыбальшавіцкім паўстаньні ў лістападзе-сьнежні 1920-га году". А праз квартал ад гэтага крыжа бачнае ружова-балотнае выцьвілае палотнішча па-над сельсаветам. Міжволі кожны сустрэчны можа падасца калі ня слаўным нашчадкам паўстанцаў, дык прыродным нацыяналістам. І можна з палёгкаю на душы працягваць свой шлях далей. Ведаючы, што ёсьць яшчэ ў нас месцы, дзе не дадуць чапаць "незарэгістраваныя" сымбалі. Але я ведаў, куды ехаў. Вядома, я не чакаў сустрэць жывых сьведкаў тых баёў. Мне б хапіла проста словаў удзячнасьці на адрас палеглых. Ці нейкага слова-адгалоска тых падзеяў. Што праз пакаленьні ня страціла б сэнсу таго, што тут адбывалася. Пачаць сваё апытаньне вырашыў зь нестарой, з густам апранутай кабеты, што йшла ў краму. "Гэта такія даўнія падзеі, ні з чым не зьвязаныя. А мы ўсе тут прыежджыя". Далей я рызыкнуў падысьці да дзьвюх бабулек, што жывенька балбаталі на прызьбе. І нарваўся. "Пра гэтых балахоўцаў? Пра гэта бацька мне расказваў. Дык гэтыя ж бандзіты былі. Іх іначай не называлі, як бандзіты" Раптам гаворка перайшла на савецкіх партызанаў.
Між тым, на пляц выйшлі два хлапцы гадоў па дзесяць. Я вырашыў запытацца ў іх - што гэта за крыж стаіць? "А гэта крыж дзядам. Тут у нас каля Слуцку былі абаронцы. Вось ім паставілі,
у гонар ваенных людзей. За вызваленьне".
Тое, што хлопчыкам у школе "прамылі мазгі", гэта ня дзіўна. Дзіўна тое, што яны ў свае дзесяць гадоў ня могуць прачытаць шыльду на крыжы. А хутчэй за ўсё, проста ня маюць такога жаданьня. Не прыходзіць у галаву. Болей губляць часу ў такім "навалачным" Грозаве я не схацеў. Дзякуй і на тым, што не падымаецца рука паваліць той крыж. Я рвануў на іншы бок былога тэатру вайсковых дзеяньняў. У Семежава. Гэта ўжо было мястэчка. З Палацам культуры. З кварталам пяціпавярховікаў, абкладзеных "кабаньчыкам". З тыпавым абэліскам палеглым у апошнюю вайну воінам чырвонага войска - жаўнер са сьцягам пафарбаваны срэбнаю фарбай. І - як у пакінутым за паўсотні кілямэтраў адсюль Грозаве - прыгожы беларускі крыж. З прымацаваным бел-чырвона-белым вянком І, як у Грозаве, крыж жыў сваім жыцьцём. Больш багатым і напоўненым за жыцьцё тутэйшага люду. Які шарахаўся ад майго мікрафону, нібы ад пісталета. Які ня мог сказаць і двух словаў пра Слуцкае паўстаньне, хаця-б тых, што напісаныя на крыжы, а ўжо тым больш выказаць сваё стаўленьне да таго збройнага чыну. Але ўсё ж мне пашанцавала. Патрапілася мне адна прыгожая старая, якая сказала няшмат. Але адначасова й многа. "Адна бабуля казала, што тут расстрэльвалі. А каго? Ну, нейкіх белагвардзейцаў, ці каго... Я ня ведаю добра. Я з дваццаць другога году. А паўстаньне было ў дваццатым. Чула, што расстрэльвалі, а каго-што - ня знаю. То красныя наступалі, то белыя наступалі. Хто ведаў, што будзе? Якая ўлада лепшая? Ніхто ня ведаў. Гэтак як і мы. Я думаю, хто нам будзе лепш? Хто яго знае. Згодныя Вы ці не?" - Лепш свая. "А якая свая? Каторая свая, а каторая чужая? Бог яе ведае, каторая свая, а каторая чужая. І то свае людзі, і то свае людзі". Думаючы над гэтым нібыта простым бабульчыным пытаньнем, я ехаў у сталіцу краю, горад Слуцак. Пасьля тых стагодзьдзяў самых разнастайных акупацыяў паспрабуй разьбярыся, хто свае, а хто чужыя. Менш за ўсё хацелася думаць пра тое, што і ў Слуцку мяне чакае такая ж няўдзячнасьць нашчадкаў да тых, хто сваім жыцьцём вырашыў заплаціць за адказ на тое старое беларускае пытаньне. Вечаровы невялікі горад зьдзівіў колькасьцю машынаў на цёмных вуліцах. Рух сапраўды сталічны. Як, зрэшты, і колькасьць мінакоў у цэнтры гораду. Я ўстаў на галоўным пляцы, пад помнікам Леніну, дастаў мікрафон. І пачаў пытацца ў случакоў пра адно - ці чулі яны што-небудзь пра слуцкі збройны чын. На кожных, прыкладна, пяць чалавек, што ня чулі нічога, прыпадаў адзін, хто нешта ведаў. Вось што кажа гэты прыстойна апрануты спадар. "Ведаю вельмі нямнога. Узбунтаваліся супраць бальшавікоў у свой час. І праз сорак дзён, ці праз паўтары ці два месяцы паўстаньне падавілі. Мае адносіны вельмі станоўчыя. Больш няма чаго дабавіць". Наступны йшоў невысокі мужычок з авоськаю. "Не, ня ведаю. Бо я сам не беларус, а прыежджы. Жыву тут, таму й ня ведаю". Жыве тут, таму й ня ведае. Расейскі мужык сам не заўважыў, які ёмісты выдаў афарызм. Затым мяне чакаў цэлы шэраг людзей рознага веку й выгляду, якія "паняція не імелі". Пакуль не патрапіўся тыповы пралетар у кепцы. "Чытаў "Шлях Ільіча"... ой, "Слуцкі край". Газэта. Полк слуцкі нейкі быў. Працягу ня ведаю". - А вашыя адносіны?.. - Канечне, змагацца з бальшавікамі! Гэта адназначна. Я ў гэтым не сумняваюся ніколькі". Вельмі інтэлігентны студэнт у акулярах: "Чуў. Змагаліся за свабоду беларускага народа. Супраць расейскіх захопнікаў. І са школы чуў, і па радыё й тэлебачаньню раней гаварылі. Я цалкам падтрымліваю гэта". Мужчына, яўна зь цяжкім лёсам, а можа й крымінальным мінулым: "Увогуле ня чуў нічога. У шасьцідзясятыя гады было паўстаньне. Калі суд палілі. А ў дваццатыя ня чуў нічога". А вось тыя, хто абавязкова, па роду службы, павінен ведаць пра 20-ты год. Міліцэйскі патруль. "Ну было такое, як цяпер БНФ. У дваццатым годзе не было БНФ. Але такія замест іх. Каторыя ўсё выступаюць, і ня знаюць, чаго дабіваюцца". Далей - цікавая трансфармацыя ў часе. Я гутару з прыгожай кабетай. "Абсалютна нічога ня чула. Чула, што дваццаць трэцяга забастоўка прадпрымальнікаў будзе. Можа, гэта адно і тое?” Жанчына яўна жыве па-за часамі... Сыходзіць з пляцу мне не хацелася, нягледзячы на тое, што парадкам зьмерз. Здавалася, што я яшчэ не пачуў самага галоўнага адказу. Нарэшце сустрэў сытага маладзёна, пасьля адказу якога вырашыў пакінуць Слуцак. "Чуў. Ну, увогуле продразьвёрсткі тут гэтыя былі. І паўстаў народ троху. Абыякава мне гэта ўсё". Насамрэч, адказ на тое бабульчына пытаньне вельмі просты. Свая ўлада - гэта тая, пры якой народу не прыходзіць у галаву хапацца за зброю. Ці-то камень, ці-то стрэльбу. І дзякуй Богу, што прыклад, дадзены 80 гадоў таму, не прайшоў незаўважана. Хай пакуль для меншасьці”. (Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік так і не знайшоў ёмістай ацэначнае фразы пра Слуцкае паўстаньне 20-га году сярод землякоў паўстанцаў. У чым прычына і ў чым спэцыфіка гістарычнае памяці беларусаў? Пра гэта задумаўся Сяргей Харэўскі. (Харэўскі: ) “Неяк у грузінскім мястэчку Горы, тым самым, дзе нарадзіўся "правадыр народаў", я спытаўся ў дзядоў, што сядзелі перад хатаю, у якім баку музэй Сталіна. Дазнаўшыся, што я зь Беларусі, яны ўтрох выклікаліся мяне правесьці. Я быў ад душы рады гэткаму выпадку, бо тыя дзяды навыперадкі распавядалі мне пра свой горад. Перад мною паўстала ледзь ня ўся 1000-гадовая гісторыя краю. Калі ж дайшла гутарка да Сталіна, старыя раптам не паладзілі. Не, не... Яны ня ставілі пад сумнеў палітычныя перакананьні ці мэтады свайго земляка. Зямляцтва для грузінаў рэч сьвятая. Дык вось, адзін зь дзядоў красамоўна вывеў генэалёгію Сталіна ад Пятра І, не забыўшы пры тым уплесьці, што й расейскі цар сам меў у жылах кроў грузінскіх князёў Баграціані. Другі яму запярэчыў і давёў, ня менш пераканаўча, што Сталін - нашчадак Пржавальскага. А трэці, відаць усё ж крытычна настроены да спадчыны сатрапа, вытлумачыў, што Сталін наогул не грузін, а асецін. У кожным разе гэта цікава было слухаць. Ніякіх падобных спрэчак у Беларусі я ня чуў. Ну хто б у нас выводзіў радавод Машэрава аж з 17 стагодзьдзя? Беларусы збольшага мала цікавяцца гэткімі рэчамі. Роўна ж як і праўдзівай гісторыяй свайго краю. Аднаго разу на Паміры я наўбум запытаўся першага стрэчнага міліцыянта пра руіны крэпасьці, якую я быў пачаў фатаграфаваць. І міліцыянт распавёў у агульных рысах гісторыю фартэцыі ад 5 стагодзьдзя да нашае эры. Пры тым, не спыняючы аповед, зьвяртаў маю ўвагу то на дзіўную каструкцыю (кшталтам прускага муру), то прапаноўваў зазіруць за рог, то падняцца на вежу. Скончыўшы, паціснуў руку ды пайшоў па сваіх справах. Праз колькі дзён я спраўдзіў ягоныя словы ў энцыкляпэдыі і ўсё аказалася праўдаю. Далібог, не магу ўявіць сабе беларускага міліцыянта, які б распавёў пра гісторыю Быхаўскага ці Любчанскага замкаў. Хоць бы й словамі зь якога даведніка. Праз тую ж куртатую гістарычную памяць беларусы называюць курганы сваіх продкаў то швэдзкімі, то францускімі, то татарскімі магіламі. І нікому ў галаву не прыходзіць, што гэта лухта. Папросту ў гэткім кароткім выглядзе гісторыя лепей кладзецца ў беларускія галовы. А што да праўды.... Каб яе ведалі беларусы, па іншаму выглядала б і краіна. Прасьцей замяніць сваю гісторыю на чужыя байкі. Напрыклад, пра добрых расейскіх цароў. Ці пра Суворава, які павесіў свой картуз на бярозу. Калі ж распавядаць пра ордэн картузіянаў, які дапамагаў і касьцюшкоўцам і паўстанцам 1832 году, то зьмяняецца наогул сыстэма вартасьцяў. Вызваліцелі становяцца ворагамі. Зусім неабавязкова кожны народ павінен нагэтулькі прасякацца сваёй гісторыяй, як тыя грузіны. Вельмі спакойна ставяцца да сваёй нацыянальнай гісторыі, напрыклад, галяндцы, італьянцы ды французы. Але там іхная гісторыя нагэтулькі калясальная, што ўжо належыць цэламу сьвету. І ў паасобных прадстаўнікоў гэтых нацыяў няма ніякае пэрсанальнае адказанасьці за гістарычную памяць. Бо ўсё іхнае да драбноткаў ужо легла ў сусьветныя энцыкляпэдыі. Вазьмі з паліцы й дазнайся. Ці то пра Карла Вялікага ці то пра Старажытны Рым... Але вось жа скандынавы ставяцца да сваёй спадчыны з кранальнай рупнасьцю. Ісьляндцы вучаць дзяцей складаць новыя сагі й чытаць старажытныя на памяць. Бо помнікаў у іх зусім каліва, а сагі мусяць зьберагчы ісьляндцаў. Гэта ж з тых самых сагаў і мы ведаем пра нашую гісторыю. Пра Полацак, напрыклад, і князя Ўладзімера ды пра першага сьвятога ў нашых землях, Торвальда Вандроўніка. А нарвэгі ведаюць на памяць усіх сваіх прэм'ер-міністраў ды адзначаюць Дзень Канстытуцыі, не раўнуючы Каляды. Швэды ня толькі зьберагаюць стогадовыя сьвірны ды пуні, але й ведаюць імёны іх будаўнікоў і гаспадароў. Неверагодна, каб у Беларусі старая хата ці млын заносілася ў каталяг разам зь імёнамі іхных колішніх уласьнікаў. Пра гэта ня варта пытацца нават у Музэі народнага дойлідзтва, што пад Строчыцамі. Але гістарычная памяць - рэч зьменлівая. Калі нацыя хоча нешта забыць – дык і забывае. Партугальцы, грэкі, гішпанцы разьвіталіся са сваім фашыстоўскім досьведам і ня надта хто цяпер пра тое хоча гаварыць. Нібы вымылі рукі. Немцам гэтак зрабіць не даюць. І немцы праз тое прыдбалі комплекс. Вывернутай памяці. Дзе апошняе стагодзьдзе перакрэсьлівае ўсе папярэднія. Калі нацыя хоча, каб іхнае гістарычнае самапачуцьцё вызначала дзень сёньняшні, то й для гэтага ёсьць няхітрыя мэханізмы. Гістарычная памяць - рэч неўміручая. Адно толькі яе трэба даглядаць як... сад. Ангельцы выдаюць коміксы паводле Шэксьпіра, французы ладзяць рыцарскія фэсты, амэрыканцы даюць штогод прэміі народным майстрам і выканаўцам. Памятаю, як у дзяцінстве я быў уражаны польскімі дзіцячымі кніжкамі ды часопісамі. Нацыяналізм там фантанаваў. Усепераможныя польскія рыцары, крылатыя гусары ды Канстытуцыя 3 траўня, горыч падзелаў, мундуры часоў Пілсудзкага... Зусім нядаўна нешта падобнае пачыналася і ў Беларусі. Завіравала было краязнаўства. Людзі зачытваліся Караткевічам, Арловым, Тарасавым. Іхныя кнігі выходзілі вялізнымі, як па сёньняшніх мерках, накладамі. Выходзілі й разыходзіліся. І пасьмялелыя старыя пачалі ўжо казаць праўду... Як толькі афіцыйна была прызнаная праўда пра Курапаты, раптам людзі "ўспомнілі" дзясяткі такіх месцаў па ўсёй Беларусі. І мову сваю таксама "успомнілі". А якая ж памяць бяз мовы? Цяпер ізноў ня помняць. Але як той пяяў "і гэты лад не назаўсёды". І будзе шчэ той час, калі любы стрэчны мне міліцыянт у Быхаве ці Любчы распавядзе мне пра тамтэйшыя замкі ўсё як сьлед”. (Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі міжволі падвёў нашу сёньняшнюю гаворку да наступнай высновы - у сьвядомасьці беларускага люду жывуць толькі тыя ацэначныя трапныя фразы пра падзеі гісторыі, якія накінутыя расейскай і савецкай ідэалёгіяй праз сродкі масавай інфармацыі і дасьціпных пісьменьнікаў-журналістаў з гэтых сродкаў. Мне даводзілася чуць вельмі характэрны прыклад, калі людзі тлумачылі паходжаньне назваў Радашкавічаў, Краснага і Маладэчна. Маўляў, ехала тут некалі расейская імпэратрыца Кацярына ІІ і ў яе на шляху стаялі ўзрадаваныя натоўпы мясцовых жыхароў. Радашкавіцкія крычалі - Радуйся, красьненскія - Красная, а маладачанскія - Маладзіца. Лухта, вядома, але надта ж западае ў памяць і чэпка там трымаецца. Дык, можа быць, зьвёўшы ўсё сказанае вышэй разам, варта творцам нашага нацыянальнага адраджэньня добра задумацца пра тое, каб самім пачаць ня толькі пісаць кнігі ды артыкулы, а прыдумляць такія вось трапныя выразы, якія б адлюстроўвалі не чужыя акупацыйныя, а патрыятычныя ідэі. Удалы выраз лёгка запомніцца і распаўсюдзіцца самімі людзьмі. А яшчэ западзе ў народную памяць надоўга, калі не назаўсёды”. Сяргей Дубавец, Вільня
|
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |