RFE/RL |
|
Вострая брама
Беларускі пісьменьнік Васіль фон Роткірх(эфір 9.04.2000). Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. Іншы раз падумаеш, што ў культуразнаўстве нашым усё ўжо сказана і ўсё, што гаворыцца зноў - паўтарае шмат разоў агучаныя імёны і формулы, толькі іншымі словамі. Але якая б гэта была культура з выстраеных у шыхт бронзавых бюстаў, нібы тыя савецкія правадыры ў папулярных цяпер парках таталітарнае скульптуры. Культура была б нежывая, загнаная ў рэзэрвацыю, дзе строга вызначаныя межы - зафіксаваная культура, бліскучая як фікса і нерэальная як фікцыя. Аднак, дзякуй Богу, ёсьць у гэтай культуры мноства нефіксаваных старонак і імёнаў, безьліч загадак і стогадовых таямніцаў, над якімі яшчэ думаць і думаць. Прычым сказанае тычыцца як цэнтральных фігураў - напрыклад, таямніца сьмерці Купалы, так і зусім ня тое што не зафіксаваных, але некранутых. Як амаль некрануты геніяльны чарэйскі француз Оскар Мілаш, або нават ня згадваны ў сучаснасьці беларускі пісьменьнік 19 стагодзьдзя Васіль фон Роткірх. Далібог, вартая постаць, каб прысьвяціць яму нашу перадачу. Што, зрэшты, у нас там, у 19 стагодзьдзі? Ян Баршчэўскі, Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч. Паўстанцы-касінеры і літаратура - на працягу стагодзьдзя штораз больш вясковая, а пасьля - і зусім сялянская. Вэктар гэты - на вясковасьць - працаваў ледзьве не да нашых дзён. Хіба што гадоў дзесяць, найболей дваццаць таму ўзьніклі прыкметныя урбаністычныя плыні. Калі ж глядзець у адваротным кірунку - дык там літаратура штораз больш гарадзкая. Магчыма, якраз апошнім выразным урбаністам быў гэты самы Тэабальд або Васіль фон Роткірх, творы якога ў віленскім архіве чытаў Сяргей Харэўскі. (Сяргей Харэўскі: ) “Днямі, седзячы ў Дзяржаўным архіве Літоўскае Рэспублікі, я наноў перацярушваў зашмальцаваныя тэчкі з архівамі будаўнічага аддзелу віленскага магістрату 20-30-х гадоў, шукаючы чаго новага. Уласна мяне цікавіць творчасьць дойлідаў. Адшукваючы знаёмыя й незнаёмыя імёны, удыхаючы пах кардону й крохкіх блянкаў з выцьвілымі пячаткамі, я было ўжо пачаў нудзіцца. Урэшце, што мне дае цыдулка Вітана-Дубейкаўскага зь пералікам матэрыялаў, скарыстаных на рамонт жалезных кратаў для крамы нейкага Царфіна. Да вобразу Дубейкаўскага-творцы гэта нічога не дадасьць. Знуджаны, не перагледзеўшы й паловы замоўленых тэчак, я вырашыў скончыць жэрабем. Наўзгад, ня гледзячы на тытул, я выняў зь сярэдзіны бібліятэчнага кошыка яшчэ адну пульхную тэчку. "Biuro. Architekt-in?. Jan Nar?bski". Імя Яна Нарэнбскага добра вядомае, ён багата чаго рэстаўраваў у Беларусі, у тым ліку браў удзел у кансэрвацыі Крэўскага замку. А тут, у Вільні, пабудваў квартал дамоў на Лукішках у розных гістарычных стылях. Прафэсар Нарэнбскі выкладаў гісторыю архітэктуры ва ўнівэрсытэце, таму ягоныя дамы паслужылі й наглядным дапаможнікам. Але выцягнутая наўздагад тэчка мяне зьдзівіла, бо пра гэтага дойліда напісана шмат і знаходак ягоных праектаў не чакалася. Разьвязаў матузкі... Слушна, ніякіх праектаў, ніякіх здымкаў. Зноў пачак макулятуры, нібы похапкам выгрэбенае з шуфляды... Пару прыватных лістоў. Стос блянкаў. Расьпіскі. Некалькі сшыткаў з рахункамі, выпісанымі ахайным старамодным почыркам, з абавязковымі завіткамі ў галоўных літарах. Рукапісы. Угледзеўся. Папера відавочна старэйшая. Літары кірылічныя. Прабег вачыма колькі радкоў. Напісана па-беларуску. Ні пачатку, ні канца. Толькі раз-пораз у верхнім левым куце напісана "Віленскія ўспаміны. ч ІІ". Няўжо гэта Нарэнбскі пісаў? "На вуліцы Вялікай, у Вільні, была аптэка, якая ёсьць і да сёньня, якая належала аптэкару... забыў ягонае прзьвішча... страхалюднаму жахліваму гарбуну... Між тым, гэта быў разумны чалавек, і ўсе прафэсары акадэміі ўважалі яго за восьмага мудраца Грэцыі. Ён вельмі добра ўсьведамляў сваю пачварнасьць і часьцяком жартаваў зь сябе сам, прымаўляючы: У маленстве нат парася харашуня, адзін я выключэньне! Аднойчы, у летні дзень, аптэкар сядзеў у фатэлі ля сваёй адчыненай аптэкі й паліў люльку з даўжэзным чубуком. Быў у той дзень кірмаш. Крышталевіч заўважыў аптэкара і, спаткаўшы на тратуары натоўп мужыкоў, спыніў іх пытаньнем: Слухайце хлопцы, а ці вы бачылі калі абязьяну? - Якую бізьяну?
Сказаўшы гэта, падыйшоў да аптэкара й пачаў дражніць яго пугай, тыкаючы яго здалёк, і прымаўляючы "грр! грр!". Аптэкар, чуючы гэтую размову, ледзь не паміраў ад сьмеху. Між тым, натоўп гэтак павялічыўся, што паліцыя ўмяшалася да таго, што ледзьве яго разагнала. Крышталевіч са студэнтамі рагатаў таксама, а пасьля падыйшоў да аптэкара й перапрасіўся за сваю выхадку". Я гэтак захапіўся чытаньнем, што ўжо забыўся на тое, дзеля чаго прыйшоў у архіў. Адно за адным я нагбом чытаў апавяданьне за апавяданьнем, усё хутчэй, пакрысе прызвычаіўшыся да аўтарскага правапісу. Перада мною ляжаў рукапіс цэлае кнігі. Апавяданьні й аповесьці, перамяшаныя з мэмуарамі, пакідаюць дзіўнае ўражаньне. Імі лёгка зачаравацца, нагэтулькі пекна й проста яны напісаныя. Са старонак рукапісу ўзьнікаюць прывіды нябожчыкаў, выпаўзаюць кашмарныя трызьненьні, уперамешку з показкамі ды паданьнямі старое Беларусі. Як у апавяданьні "Галюцынацыі п'яніцы": "Чым я, сумленны чалавек, Гіляры Кіюць, угнявіў цябе, Божа? Увесь мой грэх, што п'ю, а п'ю з голаду. Ня можна ж ня есьці й ня піці. Гэта будзе ўжо самагубствам, а самагубства ёсьць цяжэйшы сьмяротны грэх на сьвеце... Але на Бога спадзявайся ды сам не кладайся! Пайду лепей у лес, на Шніпішкі. Сёньня ж Купальле. Знайду мо папараць-кветку й раптам здабуду скарб. Чаму ж не пайсьці? Праўда п'яны ўжо, але не зусім. Мо неяк упраўлюся. Але ж, халера, чарцей будзе пры тым скарбе... Іх адмыслова на Купалу з ланцугоў спускаюць. Шмат будзе чарцей... А не баюся я тых чарцей! Любога за хвост ды аб зямлю ці аб дрэва - лясь! Э!.. Ды вось ужо ляціць адзін". Але ўсё сканчаецца добра. Начныя жудзікі адыходзяць, саступаючы месца рэальнасьці. У рукапісах нейкага Тэабальда з плоймы пабытовых шчыгулаў паўстае віленскае жыцьцё сярэдзіны 30-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, пасьля сканчэньня вайны 1832 году. Нічога падобнага я не чытаў”. (Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі зачараваны рукапісамі Тэабальда. Але нічога падобнага ён не чытаў у беларускай тагачаснай літаратуры. Затое калі браць сусьветную клясыку, зараз жа знойдуцца аналёгіі. Напрыклад, у Вашынгтона Ірвінга. Такім чынам, хто ж такі гэты загадкавы беларускі пісьменьнік 19 стагодзьдзя, рукапіс якога адшуканы ў Віленскім архіве? Пакуль нам вядомае толькі адно ягонае імя - Тэабальд. Сяргей Харэўскі працягвае: (Сяргей Харэўскі: ) “Я пачаў з роспытаў калегаў. І як толькі даходзіў да показкі пра "малпу"-аптэкара, усе сыходзіліся на тым, што недзе нібы гэта было надрукавана. У бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту і насамрэч знайшлася кніга з такой назваю, але па-расейску: "Виленские воспоминания. Воспоминания Теобальда. часть 2. Печатается в ограниченном количестве экз., не для продажи. Вильна. Типография М.Р.Ромма. Жмудский переулок, 325. 1890. Дозволено цензурою 1 ноября 1889 года и 15 ноября 1890 года ". Похапкам, прамінаючы навязьлівыя "яці", я спраўджаў вядомыя мне ўжо сюжэты, але цяпер - у расейскім перакладзе. Калі ж дайшоў да дыялёгаў, пабачыў раптам, што яны засталіся беларускімі! Натуральна, кніга па-беларуску не магла выйсьці ў тагачаснай Расеі. Але аўтар уплішчыў дыялёгі, выдаючы іх за "жарганізмы". Але й гэта, бадай, падалося цэнзарам задужа. Таму прыпіска "не для продажи" - вытлумачальная. Аднак хто ўсё ж такі аўтар - Тэабальд? Засталося йзноў унурыцца ў біяграфічны каталёг. "Тэабальд - літаратурны псэўданім Васіля фон Роткірха (+1892)". Дададзеныя таксама яшчэ некалькі кніжак у бібляграфію. Ня густа. Разгортваю іншыя ўспаміны Тэабальда. Ёсьць! Першая падказка схаваная ў апавяданьні "Мярцьвяк на маскарадзе": "У Вільні, на сьвятках 1836 року, быў маскарад, у гэтак званых "рэдутовых залях". Я быў тады яшчэ студэнтам. Вяртаючыся, па сканчэньні калядаў з Магілёва ў Маскву, я заехаў да сваіх сяброў, каб разам зь імі зьдзейсьніць нашую паездку ў alma mater. Сябры запрасілі й мяне на той, вышэй апісаны маскарад. Каля палудня, мы, маскоўскія студэнты, сабраліся ў сваёй колішняй віленскай аўдыторыі, каб памаракаваць пра адно загадкавае здарэньне..." Атрымліваецца, што "фон Роткірх" паходзіць з Магілёўшчыны, вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце да 1832 году, а калі яго зачынілі расейцы, мусіў сканчаць вучобу ў Маскве. Але ў часе вакацыяў наведваўся ў Вільню. Гэткія далёкія перамяшчэньні відавочна былі б не пад сілу сьціпламу шкаляру. Выснова - прозьвішча мусіць быць добра ведамае. Але сярод сьпісаў радоў Магілёўскае губэрні някіх Роткірхаў няма. Мо й гэта псэўданім? Роткірх - па-нямецку "Чырвоная царква". У найбліжэйшых ваколіцах Магілёва ў ХІХ стагодзьдзі фальварак Чырвоная Царква ці Чырвонадвор існаваў паміж Ігуменам (цяпер Чэрвень) і Багушэвічамі. І праўда, тут была невялічкая ўніяцкая царкоўка, ніколі не тынкаваная. Належаў фальварак спрадвеку Масальскім, але ў 1780 годзе быў падораны віленскай капітуле. Затым перайшоў ва ўладаньне Сьвентарэцкіх. Пасьля паўстаньня 1863 году маёнтак разрабаваны й спалены дашчэнту, царкоўку, што ўжо стала да таго часу касьцёлам, зруйнавалі. Апошні ўладальнік гэтага дабра быў, паводле "Слоўніка геаграфічнага земляў польскіх", за 1880 год, нехта Іван Шэвіч, які ў свой гонар перайменаваў маёнтак у Іванаўск. Цяпер гэтая вёска перайменаваная яшчэ раз і завецца Красны Дар. Аб колішніх уладарах тут нагадваюць паўразбураная панская сядзіба ды старасьвецкі парк. Атрымліваецца, Васіль фон Роткірх, верагодна, адзін са Сьвентарэцкіх. Улічваючы абставіны ўдзелу гэтага старажытнага магнацкага роду ў паўстаньні 1863 году, кансьпірацыя для аднаго зь іх была ня лішняю. Гэтак, схаваўшыся двойчы за псэўданімы, беларускі пісьменьнік Тэабальд здолеў хоць нешта выдаць і па-беларуску. Падказак у ягоных творах багата. Бо ў іх удзельнічаюць рэальныя асобы, напрыклад, той самы Яцак Крышталевіч. "Крышталевіч быў нейкім дзівам сярод віленчукоў. Ён ня быў дурнем, бо валодаў процьмаю гумару, ня быў і п'яніцам, бо нічога ня піў, ня быў і жабраком, бо ніколі ні пра што не прасіў. Калі яму давалі грошы, ён раздаваў іх, усе чыста да граша, ля касьцёлаў. Гэта быў атлет пад 40 гадоў, худы, як аблізаны верцел. Крышталевічу нідзе не адмаўлялі ні ў ежы, ні ў начлегу. Дзе ён палуднаваў, там абед быў самы ажыўлены, самы вясёлы. Крышталевіч меў дар імправізаваць вершамі, мог імправізаваць цэлую гадзіну. І гэта былі не дурноты, яны заўсёды адрозьніваліся вялікай займальнасьцю. Студэнты намалявалі ягоны партрэт у поўны рост з усімі шчыгуламі ягонага гарнітуру. Партрэт тысячамі гравюраў разыйшоўся па краі. Пры тым Крышталевіч быў бязь меры набожным. Ён любіў фанатычна абраз Маці Божае Вастрабрамскае й не дараваў нікому ніякага блюзьнерства". (Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавёў пра мясьціны, зь якіх паходзіў Тэабальд. А мне зноў згадаліся чарэйскі француз Оскар Мілаш, родам зусім недалёка адгэтуль, які так фантастычна апісваў сваю Беларусь, і, таксама зь недалёкіх мясьцінаў, Ян Баршчэўскі, які прыдумаў культавы пэрсанаж беларускае літаратуры - шляхціца Завальню. Завальня - герой ужо вясковы, прынамсі, засьцянковы, хоць і шляхціц, а не селянін, а Яцак Крышталевіч, - яшчэ цалкам гарадзкі, мешчанін, які пры ўсёй фрывольнасьці такога параўнаньня моцна нагадвае знакамітага Швэйка. Крышталевіч - рэальны пэрсанаж. Пра гэта Сяргей Харэўскі дазнаўся наступнае: (Сяргей Харэўскі: ) “Гэтага чалавека апісвалі ў сваёй мэмуарыстыцы й Эдвард Адынец, і Станіслаў Мараўскі. Дзякуючы ім ён патрапіў у Вялікую ўсеагульную польскую ілюстраваную энцыкляпэдыю. У якасьці эпізадычнага пэрсанажа ён дзейнічае і ў Юзафа Крашэўскага ў "Рамане бяз назвы". У віленскай традыцыі за ім замацавалася яшчэ мянушка "Віленскі Ёрык". Чым жа гэтак вабіў гэты дзівак з поўнымі кішэнямі вершаў тагачасную публіку? Справа ў тым, што гэтыя вершы былі па-беларуску. Ня могучы іх выдаць і ня маючы амбіцыяў у "сур'ёзных" літаратурных мовах, ён бясконца дэклямаваў свае творы. Засталося пра яго яшчэ адно драматычнае сьведчаньне. З часоў вайны 1831-32 гадоў. Ён браў чынны ўдзел у забесьпячэньні партызанаў зброяй. Арсэнал перахоўваўся ў лёхах віленскага дамініканскага касьцёлу Сьвятога Духа. Паводле старадаўняга паданьня, уваход у тыя лёхі, дзе ляжаць труны манахаў ды мясцовых парахвіянаў, ахоўвае белы мніх. Ведаючы гэтае паданьне, партызаны спадзяваліся адпудзіць чужых. Але расейцы нешта вычулі й вырашылі раптам прыставіць варту да тых лёхаў. Ня могучы выйсьці са свае схованкі ўдзень, Крышталевіч убраўся ў адзежу дамініканца-нябожчыка. А як узыйшла поўня, ён выйшаў. Два маскалі, што стаялі на варце, ледзь не звар'яцелі зь перапуду й кінуліся зь лямантам на ўцёкі. А Крышталевіч з таго часу нічога больш не баяўся. "У Вільню ўступае эстляндзкі егерскі полк. Гэта было ў 1837 годзе, раньняй вясною. Полк быў пашыхтаваны ва "ўзводных калёнах справа" на Вастарабрамскім пляцы, не даяжджаючы да Вострае брамы, з боку Лідзкага гасьцінца. Палкавы й ротны камандзіры, кожны перад сваім батальёнам, сядзелі кожны на сваім кані, у чаканьні начальніка дывізіі, да якога быў пасланы ад'ютант з дакладам, што полк гатовы да ўступленьня ў горад. Жаўнеры стаялі вольна. Каля Вострае Брамы сабраўся натоўп народу, каб паглядзець на расейцаў ды пачуць музыку. Раптам з натоўпу гучыць загад: - Сьмірно! Батальёны на плечо! Палкавы камандзір спачатку быў зьдзівіўся гэткай камандзе, але пасьля падумаў, ці не палкавы ад'ютант дае знак, што ў адначасьсе зь ім едзе начальнік дывізіі. Таму ўсьлед скамандаваў: - Сьмірно! Батальёны на плечо! Батальённыя камандзіры таксама падхапілі гэтую каманду. Раптам з народу выяжджае на вадавозным кані, нат ня зьняўшы хамут ды лейцы, Крышталевіч. У крывых ботах, зашмальцаваным фраку й рудым, дашчэнту пакамечаным капелюшы. Падскакаўшы да калёны, раўнуў: - Здорово, ребята!
Дзіва, што гэткі твор наогул прайшоў цэнзуру. Але як патрапіў рукапіс Васіля фон Роткірха ў тэчку архітэктара Нарэнбскага? Той самы фон Роткірх, мяркуючы зь ягоных мэмуараў, стаў вайсковым інжынэрам і служыў доўгі час у Дзьвінску ў якасьці фартыфікатара. Гэтаму пэрыяду прысьвечаныя ягоныя "Дынабурскія ўспаміны". Яны, мяркуючы з апісаных рэаліяў, адпавядаюць 50-м гадам ХІХ стагодзьдзя. Там ён служыў, пакуль не пачалося. У 1863 годзе, ён, разам са сваім калегам, бацькам Яна Нарэнбскага, Казімерам, ідуць ў паўстанцкі аддзел. Пасьля разам былі змушаныя эміграваць, пакінуўшы за плячыма разрабаваны расейцамі родны край. Па вяртаньні, напрыканцы 80-х гадоў, у Беларусь, фон Роткірх шукае якіх магчымасьцяў выдаць сваю прозу па-беларуску. Да канца дзён ён ня здолеў знайсьці ніякага спосабу. Каб выдаць таўсьцезную кнігу ў Аўстрыі ці Нямеччыне, бракавала грошай. Паводле тэстамэнту, выдаць кнігу ён даручаў свайму сябру, інжынэру Нарэнбскаму. Той таксама не дажыў да часоў, калі ў Расеі ўсё ж дазволілі друкаваць па-беларуску. Рукапіс выпадкова дастаўся ягонаму сыну, Яну Нарэнбскаму. Ня ведаючы, што зь ім рабіць, ён шматкроць прапаноўваў яго беларусам да выданьня. Але й гэты Нарэнбскі памёр, не прыладзіўшы кнігу, у 1933 годзе. На гэтым ейныя сьляды перарваліся. Паперы з шуфлядаў бюро былі здадзеныя ў архіў віленскага магістрату. Пасьля апошняе вайны яны праляжалі ў Архіве Дзяржпляну Літоўскае ССР, адкуль перакачавалі ў Дзяржаўны Літоўскі архіў. Тут рукапіс кнігі Васіля фон Роткірха ляжыць і дасёньня. Мо хто яго й надрукуе. Шкада толькі, ніхто ня знойдзе вершаў Яцака Крышталевіча, за якія яго любіла ўся Вільня”. (Сяргей Дубавец: ) “Зусім ня хочацца падзяляць шкадаваньне Сяргея Харэўскага. Урэшце, нішто не мінае бясьсьледна, і заўсёды знойдзецца нехта, хто зацікавіцца і рукапісам фон Роткірха і вершамі Крышталевіча. І заўсёды знойдзецца рукапіс, які справакуе цэлае расьсьледаваньне, і заўсёды знойдзецца якая-небудзь віленская бабуля, якой прабабка пераказвала тыя іскрамётныя Яцкавы імправізацыі, што назаўсёды захавала памяць. Заўсёды знойдзецца тое, што будзе адрозьніваць жывую культуру ад зафіксанае, жывы розум ад памерлага. Калі жывое ўвабранае ў межы - няхай самыя бронзавыя і бліскучыя - яны заўсёды будуць правакаваць няспынны дух, на тое, каб выйсьці за іх у бясконцасьць. Самае істотнае, што ў нас, беларусаў, гэтая бясконцасьць ёсьць”. Сяргей Дубавец
|
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |