RFE/RL |
|
Вострая брама
Культура ў дачыненьнях з соцыюмам: КГБ, судовая мэдыцына, Сурганаў-малодшы.(эфір 16.01.2000). Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. Культура не існуе ў вакууме. Вось пра што ўрэшце думаеш, спрабуючы ўявіць сабе герархію культурных каштоўнасьцяў і іхных стваральнікаў. Нездарма ж заўважана, што нават толькі гаварыць па-беларуску – ужо палітыка. Усё ўвогуле самастойнае і беларускае, што робіцца для Беларусі – палітыка, ня надта пажаданая ў краіне, якой вызначаная роля марыянэткі або буфэру, службовага прыдатку іншай дзяржавы. Вось чаму так шчыльна перапляетаецца беларускі культурны кантэкст з самай кантэкставай арганізацыяй ХХ ст. – КГБ. Гэта ж на ім, на КГБ ляжалі, у ягоныя функцыі ўваходзілі ўсе нашы агульнанародныя любові і нянавісьці савецкага і постсавецкага часу, у тым ліку культурныя. Гэта ён фармаваў настроі і гэта безь яго ніхто б не насьмеліўся назваць кагосьці геніем, а каго – бяздарнасьцю. На жаль, зусім мала пішуць у нас пра вызначальную ролю КГБ у культурным будаўніцтве. Нарэшце трэба згадаць і сацыяльныя сфэры, наўпрост падключаныя да таго, што мы называем культурай і дзе альтэрнатывай культуры становіцца бескультур'е. Але якраз гэтыя памежныя станы і сфэры вельмі рэдка разглядаюцца навукоўцамі, хоць наўпрост уплываюць на вартасьць твораў і аўтарытэт іхных стваральнікаў. Вось пра гэтыя памежныя станы культуры і пойдзе гутарка ў сёньняшняй перадачы. Такім чынам, культура не існуе ў вакууме. Магчыма, узьнікае яна і недзе ў адной асобна ўзятай душы, але зараз жы пычынае шукаць выйсьця ў быццам бы неўласьцівы ёй сьвет. Найперш зьяўляецца вобраз краіны. Вы любуецеся краявідам, і ў вас сам сабою складаецца верш. Пасьля да вас прыходзяць сябры. Пачынаецца нацыянальнае пазнаньне чалавека, прарыў у псыхалёгію. Ваш калега кажа, што лепш за ўсё кахацца па-беларуску (памятаю, такія размовы часта можна было пачуць напачатку васьмідзясятых). Высьвятляецца, што родная мова прыдатная для абмеркаваньня самых розных тэмаў. Потым вы даведваецеся, што нехта выкінуўся з вакна і пакінуў цыдулку на беларускай мове. Зноў вострае адчуваньне памежнага стану. Урэшце вы заўважаеце, што вашыя знаёмцы па-беларуску абмяркоўваюць кухонныя справы. Так у вобразе краіны ўзьнікае, фармуецца вобраз чалавека. Адпаведна пашыраецца кола тэмаў для роздуму і творчасьці. Але і гэтага мала. І вам паступова пачынае малявацца вобраз дзяржавы. Ствараюцца гурткі і суполкі, якія патрабуюць беларускай адукацыі. Нехта пачынае ў рускамоўным працоўным калектыве гаварыць толькі па-беларуску. Зьяўляюцца прынцыпы. Праўда, вобраз дзяржавы ўсё ніяк не дамалёўваецца. Бо атачаюць рускамоўныя мас-мэдыі, кіно, шыльды, вулічная гамана, выступы кіраўніцтва. Міліцыянту, які са старонак аповесьці гаворыць па-беларуску, ня верыш. У лепшым выпадку – зноў адчуваеш памежны стан. Зайшоўшы ў кнігарню, вы бярэце з паліцы падручнік судовае мэдыцыны, які стаіць паміж зборнікам вершаў і зборнікам драмы. Ён апынуўся там, бо ён таксама па-беларуску. Цікава было б прааналізаваць рэфлектарную сыстэму крамніцы, якая яго туды паставіла. Але вось загадка – вашае ўласнае пачуцьцё, якое змусіла вас набыць менавіта гэтую кніжку. Ідучы з кнігарні, вы пачынаеце разумець, што падсьведама імкнуліся дамаляваць вобраз дзяржавы, у якой не стае рэальных, сур'ёзных атрыбутаў незалежнасьці – прынамсі, сваёй беларускамоўнай судовай мэдыцыны. Штосьці ў гэтым ёсьць ад комплексу недаросласьці. Зьміцер Бартосік так і зрабіў -- набыў падручнік судовае мэдыцыны па-беларуску і паспрабаваў зразумець самога сябе – навошта ён гэта зрабіў. (Зьміцер Бартосік: ) “Некалі, ва ўзросьце генiяльнасьцi, я хацеў скончыць жыцьцё самагубствам. Невядомая сьмерць падавалася больш цiкавай за "спазнанае" жыцьцё. Спыняла толькi багацьце выбару сродкаў. Я ня ведаў, што лепш -- павесiцца, атруцiцца, утапiцца, застрэлiцца, скiнуцца з шостага паверху аб асфальт, задушыцца газам цi, напрыклад, кiнуцца пад колы цягнiка. Я нават ледзь не пайшоў страляцца ў пнэўматычны цiр. Калi б тады, у пару сваёй стомленасьцi жыцьцём, я набыў беларускую кнiжку "Судовая мэдыцына", ня ведаю, на якiм сьвеце я быў бы сёньня. Але сёньня я ўсяго толькі правёў пазнавальны вечарок за гартаньнем гэтага чорнага томiка з фатаздымкамi расчлянёных целаў, рэзаных i колатых ранаў, адарваных коламi цягнiка галоваў ды iншых ня менш цiкавых карцiнак. Аказваецца, сьмерць падзяляецца на катэгорыi, роды i вiды. Толькi 25-35 працэнтаў прыпадае на скораспасьцiжную сьмерць. Гэта значыць тую, "якая хутка настала, нечаканую для ўсiх, хто акружае, сьмерць, што надышла на фоне ўяўнага здароўя ад захворваньняў, якiя скрыта працякалi i востра разьвiвалiся". Зусiм па-iншаму пачынаеш глядзець на сябе ў люстэрка па прачытаньнi разьдзелу аб зьменах у трупе. Аб хуткасьцi ўзьнiкненьня й характары трупных плямаў, мышачных адубеньняў ды высыханьне скурных покрываў. Затое, чытаючы разьдзелы, прысьвечаныя гвалтоўным сьмерцям i аздобленыя малюнкамi, болей пранiкаесься павагай да аўтараў за iх моўны выбар. Ёсьць у iх адукацыйны момант. Напрыклад: “Удар рабром далонi па пярэднебакавой паверхнi шыi можа выклiкаць пералом храсткоў гартанi i зьвязанае з гэтым рэфлекторнае спыненьне сэрца”. Альбо: “Прыцэльная стральба з самаробнай зброi малаэфектыўная, асаблiва на адлегласьцi звыш 15-20 мэтраў”. З далейшага чытаньня можна зразумець, як тую адлегласьць павялiчыць. А якое багацьце для фантазii дае мэню ядахiмiкатаў! З падрабязным апiсаньнем эфэктаў кожнага. Ледзь не з рэцэптам прыгатаваньня. А вось “дыягностыка павешаньня” чытаецца цяжка. “Судовую мэдыцыну” я набыў у “Кнiгарнi пiсьменьнiка”, дзе яна сьцiпла стаяла памiж “Анталёгiяй беларускай драматургii” савецкага пэрыяду й нейкай чытанкай для дзетак. Што цiкава, сёньня яе там ужо няма. У адрозьненьне ад суседніх на палiцы кніжак. Беларускi чытач зрабiў свой выбар на карысьць непрыгожага пiсьменства, ператварыўшы гэты, безумоўна, неабходны ў нацыянальным жыцьцi падручнiк у маленькі лiтаратурны бэстсэлер. У мяне няма сумневу, што гэта паспрыяе ўзьняцьцю прагi да жыцьця. Як напiсана пра летаргiю: “шматлiкiя легенды аб пахаваньнях уяўнапамёршых належаць да разраду выдумкi...” А значыць рана мы сябе хаваем”. Зьміцер Бартосік набыў у менскай “Кнігарні пісьменьніка” падручнік “Судовае мэдыцыны” і зноў пераканаўся, што культура не існуе ў вакууме. Тысячамі нітак яна зьвязаная з рэальным жыцьцём – з той самай судовай мэдыцынай або з банкаўскай справай, або з гутаркай таксіста ці пранізьлівымі рапартамі ў міліцэйскай рацыі. Іншая рэч, што беларускага рэальнага жыцьця так няшмат, што многія ніткі беларускае культуры аказаліся абарванымі і беларускамоўны мытнік на мяжы ўспрымаецца як выключэньне. Адсюль і ўражаньне пра вакуумнасьць нашае культуры і пра яе слабасьць. Праўда, і рэальнаму жыцьцю ад гэтага толькі горш. Бо пры тых абарваных нітках і жывы чалавек становіцца культурна або маральна слабейшым ці, калі хочаце, дзічэйшым. Унікальны выпадак і яскравы прыклад сказанага мы возьмем зь сёньняшняга віленскага жыцьця. Тут сэнсацыя. На публіку выставілі засакрэчаныя да нядаўняга часу скарбы віленскае Катэдры. А папярэднічала выставе цэлая дэтэктыўная гісторыя, пра якую распавядзе Сяргей Харэўскі. (Сяргей Харэўскі:) “Днямі ў Вільні адчынілася выстава скарбаў зь віленскай Катэдры. У 1985 годзе на гэтыя каштоўнасьці выпадкова натыкнуліся рабочыя, якія рамантавалі сыстэму вэнтыляцыі. Знаходку перадалі музэйшчыкам. Музэйшчыкі паведамілі пра яе ў ЦК літоўскай кампартыі. Нагадаю -- быў 85-ты год. Дык вось, у ЦК прынялі рашэньне схаваць скарбы ад Масквы. Каб не забрала. Каштоўнасьці падзялілі, запакавалі і ўначы разьвезьлі па таемных сховах. Ніхто лішні не даведаўся. І толькі празь дзесяць гадоў пра гэта стала вядома публіцы... Зьдзіўляе ня гэтак дэтэктыўная гісторыя пра знойдзены і перахаваны скарб, як паводзіны людзей. Рабочых, якім хапіла цяму й сумленьня, каб адразу зьвязацца са спэцыялістамі. Археолягаў і мастацтвазнаўцаў, у якіх ужо былі напагатове скрыні й цэтлікі! Камуністаў-"цэкоўцаў", якія ўсталі на абарону нацыянальных інтарэсаў у той зусім не нацыянальны час. Усе яны шчыра маўчалі цэлых дзесяць гадоў... Калі б такі самы скарб знайшоўся ў 80-я гады ў Беларусі, што б магло адбыцца зь ім? Такое пытаньне я задаў вядомаму беларускаму археолягу й гісторыку Алегу Трусаву: (Алег Трусаў:) “Нават, каб гэткае было знойдзена ў пачатку 91-га, усё б вывезьлі ў Маскву! І лёс далейшы быў бы гэткі: частку папросту пераплавілі б на золата, а самае каштоўнае аддалі б у гэтак званы "Гохран". Быў такі ворган – Гохран СССР”. Беларускія археолягі й гісторыкі змушаныя былі здаваць знаходкі ў Маскву. Навукоўцы з Расеі, якія праводзілі раскопкі ў Беларусі, звозілі знаходкі сабе. У сваёй практыцы археоляга, а пазьней і дэпутата Вярхоўнага Савету, спадар Трусаў сутыкаўся з гэтым шматразова. (Алег Трусаў:) “Гэткіх прыкладаў – маса. Напрыклад – унікальны бялыніцкі скарб залатых манетаў, знойдзены прыблізна ў той самы час. Знайшлі пад Бялынічамі, а зьвезьлі адразу ў Маскву. Але там яго ня зьнішчылі, бо ён унікальны. Ён патрапіў у той Гохран. Я, як быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, хацеў вярнуць яго назад, яшчэ за часамі СССР. Напісаў афіцыйныя лісты. І мне з Масквы, дарэчы, прыслалі адказ, у якім паведамлялася, якія каштоўнасьці, зьвезеныя зь Беларусі, яны захоўваюць. Я гэты сьпіс і Кебічу даваў, і Мясьніковічу. І потым даваў, як незалежнасьць атрымалі. І нармальныя людзі даўно б гэта ўсё вярнулі! Гэта ж дакумэнт. Там усё напісана, адкуль і што паходзіць, пачынаючы з 1964 году. Гэта дванаццаць скарбаў. Толькі тых, што ня зьнішчылі, не пераплавілі! Бо асноўную масу манетаў, царскіх, да прыкладу, ды іншых, перадавалі ў Маскву, а там іх пераплаўлялі ў звычайныя сьліткі. А самае ўнікальнае здавалася ў "Гохран", дзе і захоўваецца...” Беларускія камуністы ніколі не ўяўлялі сябе бацькамі нацыі, кіраўнікамі дзяржавы, што БССР, што РБ. Для іх "нацыянальныя каштоўнасьці" і "нацыянальныя сымбалі" -- пустыя гукі. Таму параўноўваць іхныя паводзіны з паводзінамі літоўскіх камуністаў не выпадае. Але можна параўнаць паводзіны простых людзей. Віленскія рабочыя, адкрывальнікі скарбу, таксама ўсталі на ягоную абарону. А што б на іх месцы зрабілі беларусы? -- спытаўся я ў спадара Трусава. (Алег Трусаў:) “Каб знайшлі беларусы, дык працэнтаў 80 зь іх пакралі б. Астатнія б здалі дзяржаве, каб атрымаць 25 % ад кошту знойдзенага. Адзін наш трактарыст на Берасьцейшчыне, напрыклад, у першыя гады незалежнасьці знайшоў велізарны скарб рымскіх манетаў. Здаў дзяржаве. І два гады валаводзілі, каб выплаціць яму гэтыя грошы. Пра гэта пісалі ва ўсіх газэтах...” Трактарыста дзяржава ўсё ж падманула. Бо выплачаныя грошы ў беларускіх рублях па колішнім афіцыйным курсе, ніяк не дараўнаць да сапраўднай рынкавай вартасьці тых антычных манетаў. Але, прынамсі, скарб застаўся ў руках навукоўцаў, застаўся ў Беларусі. Мне самому даводзілася бачыць, як людзі раскрадалі знойдзеныя ўнікальныя скарбы, ня ведаючы іх рэальнага кошту. Як напрыклад, у вёсцы Матылі Шчучынскага раёну, дзе мэханізатары знайшлі збан са скарбам галяндзкіх манетаў і рэчаў 16 стагодзьдзя й пахавалі сабе па кішэнях. Яны не разумеюць, што гэтыя рэчы ўдвая каштаўнейшыя, калі яны разам, што дапамагае іх атрыбутаваць і вывучыць. Кіраўнікі ня верылі й ня вераць у тое, што свая дзяржава ёсьць. А людзі ня вераць гэткай дзяржаве, якая ня верыць у сябе саму. Таму лічаць сябе правамоцнымі прыўлашчыць тое, што знайшлі ў сваёй, прынамсі, зямлі. Але мой субяседнік, спадар Трусаў, лічыць, што справы ўсё ж павярнуліся на лепшае. Цяпер нічога з таго, што знаходзяць у зямлі й таго, што рэквізуецца на мытнях, не аддаюць у Расею. Створаныя ацэначныя камісіі пры менскіх ды абласных музэях. Парадкуецца заканадаўства... І калі ў Беларусі будзе знойдены, нарэшце, скарб Напалеона, ён цяпер застанецца ў нас. А вось складзены спадаром Трусавым сьпіс нашых каштоўнасьцяў, якія ляжаць у маскоўскіх сэйфах, чакае пары, пакуль у краіне зьявіцца свая ўлада”. (Сяргей Дубавец:) “У мяне пасьля распаведзенага Сяргеем Харэўскім засталося адно неадказанае пытаньне. Грамадзянскую сьвядомасьць праявілі літоўскія рабочыя, навукоўцы і цэкоўцы. А якую ролю ў гэтай справе адыграў літоўскі КГБ? У той позьнесавецкі час менавіта гэтая арганізацыя валодала ўсімі грамадзкімі таямніцамі і была адзінай структурай, якая працавала непасрэдна ў кантэксьце -- вызначала і фармавала базавыя ўяўленьні грамадзянаў і іхныя настроі. Але адказу на гэтае пытаньне няма. Падобна, чэкісты пра скарб ня ведалі. Гэтая арганізацыя, трэба меркаваць, ня ўпісвалася ў літоўскія нацыянальныя інтарэсы. Пра гэта сьведчыць тое, што кадравых чэкістаў, у тым ліку і этнічных літоўцаў, рыхтавалі не ў Літве, а ў Менску. А таксама тое, што незалежная Літва цалкам адмовілася ад савецкіх спэцслужбаў і літаральна на голым месцы стварала свае. Параўноўваючы паводзіны паспалітых і непаспалітых літоўцаў з паводзінамі беларусаў, Сяргей Харэўскі прыйшоў да высновы пра тое, што нас адрозьнівае адсутнасьць сваёй улады. А ўлада – гэта адна з многіх сфэраў жыцьця, якія мусяць быць узаемазьвязаныя з культурай. Як тая судовая мэдыцына або, скажам, служба бясьпекі. Інакш паводзіны службоўцаў могуць страчваць сваю матывацыю і лёгіку. Літаральна некалькі дзён таму мне давялося размаўляць з сынам Фёдара Сурганава. Памятаеце, быў некалі такі старшыня прэзыдыюму вярхоўнага савету БССР. Нешта зусім выпадкова мы разгаварыліся на начной вуліцы Пуліхава. Ноч, як вядома, руйнуе дыстынцыю паміж людзьмі. Сурганаў-малодшы цяпер на пэнсіі і разам са сваім рыжым ірляндзкім сэтэрам займаецца пераважна паляваньнем. Ён разумны скептык і таксама нямала папрацаваў ва ўсялякіх уладных структурах, але, як мне падалося, нясе ў сабе дух таго яшчэ сурганаўскага ці машэраўскага, неістотна, дому, а шырэй сказаць, двара. Дык вось, адзінае, у чым мы не паразумеліся – гэта беларуская мова. Ён казаў, дакладней, прасіў: толькі не гаварыце па-беларуску. І ў словах ягоных быў боль, нібы казаў ён пра нешта дарагое, але нязбытнае. Чаму? – спытаўся я. Ня трэба – адказаў ён – мы гэтай мовы ня ведаем. Яго так выхавалі. Зразумела, што я не саступаў, бо каб перайсьці на расейскую з-за таго, што “ня ведаю” сваёй, ня меў падставаў. І гаварылі мы пра многія рэчы. Ажно вось, раз-пораз, ён паўтараў сваю просьбу. Толькі не гаварыце па-беларуску. І раптам з гэтых вось словаў мне стала зразумела, чаму ў Беларусі не сфармаваўся свой нацыянал-камунізм, які мог бы хаваць знойдзеныя нацыянальныя скарбы ад Масквы. Затое ў БССР сфармаваўся вельмі спэцыфічны патрыятызм – культ беларускае вёскі і беларускае партызанкі. Начальства шчыра любіла гэтыя зьявы і ставілася зь вялікай павагай да сваіх вясковых мацярок. Падобныя адносіны былі ў іх і да мовы. Але й ёй, як і мацяркам, лепш было заставацца ў вёсцы, або дзесьці ў дальніх пакоях начальніцкіх кватэр. Каб любіць гэта для сябе. А каб зьвесьці канцы з канцамі і прыдаць сваім пачуцьцям лягічны выгляд, яны прыдумалі вось гэта: мы беларускай мовы ня ведаем, таму на ёй і не гаворым. Зразумела, што ва ўсіх перапісах Сурганавы заўсёды называлі і назавуць роднай моваю беларускую. У гэтым выпадку мова стала ахвяраю любові да сябе. Задушаная ў абдымках. Калі гэта ўсё адбывалася, вельмі блізка пры цэкоўскім двары існавалі і беларускія літаратары, на долю якіх выпала апець пачуцьці партыйнай эліты ці прынамсі зразумець і выславіць іх. Нечакана мне згадаліся словы Адама Глёбуса, сказаныя ў колішняй “Вострай Браме” – нават калі мы не гаворым па-беларуску, у душы мы гаворым па-беларуску. Думаю пад гэтымі словамі падпісаўся б і Сурганаў-малодшы, зрэшты, і старэйшы б падпісаўся таксама. Але паўтару тое, з чаго пачаў – культура не існуе ў вакууме. І можна разумець пачуцьці намэнклятуры, але пры гэтым трэба бачыць і вынікі такой філязофіі. Таму адарвалася ад рэальнага жыцьця культура, але адарваліся і гэтыя людзі -- прадстаўнікі бээсэсэраўскае эліты, якія сёньня аддаюць перавагу паляваньню і ня надта любяць гаварыць пра рэальнае жыцьцё. Ім дарэчы, таксама жывецца сёньня ня соладка. Сяргей Дубавец, Вільня
|
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |