border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Беларускія раздарожжы


Беларускі Эльзас і Лятарынгія (Смаленшчына)

Гутарка з Алегам Трусавым

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка

Нядаўна мне давялося прачытаць успаміны віленскага беларускага дзеяча часоў вайны, доктара мэдыцыны Язэпа Малецкага «Пад знакам Пагоні». Выдадзеныя яны ў 1976 годзе ў Таронце беларускім выдавецтвам «Пагоня». Са старонак кнігі паўстаюць страшныя карціны віленскай беларускай трагедыі ў канцы 30-х пачатку 40-х гадоў. Над беларусамі ў беларускай сталіцы зьдзекваліся і палякі, і летувісы, і расейцы, і немцы. І ня толькі зьдзекваліся, але і нішчылі нас, даносілі на нас, і, нават, ужо будучы самі ў падпольлі, адстрэльвалі нашых дзеячоў. Напрыклад, толькі на суседняй Лідчыне за час вайны польскае падпольле забіла 1200 беларусаў. Трагедыя адарванага ад краіны места...

Але там, на беларускім Захадзе, гістарычныя абставіны склаліся так, што як на Віленшчыне, гэтак і на Беласточчыне, існаваў уласна беларускі рух, які так ці іначай бараніў беларусаў і сьведчыў пра іхную прысутнасьць. Там акупанты так ці іначай заўсёды лічыліся і лічацца зь беларусамі.

А што на беларускім Усходзе, падумалася мне, што са Смаленшчынай і Смаленскам? Там ужо цэлыя стагодзьдзі ніхто не бароніць Беларушчыну. Чым гэтае места было для Беларусі і чым яно ёсьць для нас цяпер? Ці закрытае смаленскае пытаньне? І ўвогуле — ці дастаткова ўвагі мы надаем Смаленску, аглядаючыся на сваю гісторыю?

У беларускае Сярэднявечча там жылі Клімент Смаляціч і Аўраамі Смаленскі. Менавіта ў тэксьце гандлёвай дамовы смаленскіх купцоў з Рыгай ад 1229 году навукоўцы ўпершыню фіксуюць лексычныя асаблівасьці беларускай мовы. Менавіта там у канцы XIV стагодзьдзя жыў Лука Смаленец, аўтар вядомага беларускага літаратурнага помніку «Смаленскі псалтыр». Менавіта ў Смаленску была складзеная славутая «Пахвала Вітаўту» і так званы Беларуска-Літоўскі Летапіс 1446 году. Менавіта з-за гэтага места нашая дзяржава вяла бясконцыя войны з Масквой, менавіта за Смаленск і Смаленшчыну паклалі галовы тысячы і тысячы беларусаў, і менавіта смаленскае суперніцтва з Маскоўшчынай у значнай ступені перадвызначыла гістарычны лёс цэлай старой Беларусі.

Беларускі характар гэтай зямлі не выклікае сумненьняў. Гэта сёньня расейцы, у патрэбе часу, называюць тамтэйшыя гаворкі паўднёва-заходнімі рускімі. А вось калі пагрозы ў выглядзе беларускай дзяржавы не існавала, напрыклад у 1860 годзе, яны падавалі аб Смаленску іншую інфармацыю. Паводле дадзеных Смаленскага статыстычнага камітэту, тады 68% насельніцтва Смаленскай губэрні былі беларусамі. А ў цэнтральных і заходніх паветах губэрні гэтыя лічбы набліжаліся да 100%. У Красьненскім павеце беларусаў было 95%, у Рослаўскім — 94%, у Смаленскім — каля 91%, у Парэцкім — 90%, у Ельнінскім — 90%, у Духаўшчынскім — 87% і ў Дарагабускім — каля 81% насельніцтва. 30% небеларускага насельніцтва ў губэрні даваў сам Смаленск, зрусыфікаваны за 300 год палону.

Трохсотгадовым палонам тлумачыцца і амаль поўная адсутнасьць там арганізаванага беларускага руху. Хоць, зрэшты, паасобныя гістарычныя факты сьведчаць, што і ў Смаленску нешта было. Напрыклад, вядома, што на Ўсебеларускім Кангрэсе ў Менску ў 1917 годзе смаленская дэлегацыя, ў адрозьненьне ад Віцебскай і Магілеўскай, якія выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе Расеі, разам зь Віленскай дэлегацыяй выступіла за поўную незалежнасьць нашай краіны. У пачатку стагодзьдзя адтуль паходзіў нават адзін зь беларускіх паэтаў. Вядома таксама, што ў часе апошняй вайны ў Вільні беларус са Смаленску Яфрэмаў актыўна супрацоўнічаў з рэдагаванай Францішкам Аляхновічам газэтай «Беларускі Голас».

Для гутаркі аб Смаленску я вырашыў запрасіць вядомага беларускага гісторыка і грамадзкага дзеяча Алега Трусава, які і сам паходзіць са Смаленшчыны. Тое, што вы далей пачуеце, дазваляе меркаваць, што сп. Трусаў фактычна прадстаўляе сёньня нейкую новую ўсходніцкую плынь у беларускай грамадзка-палітычнай думцы, якую можна назваць Смаленскай, ці, прынамсі, Смаленска-Магілеўскай.

ххх

С.А. - Алег Анатольевіч, як Вы ставіцеся да ўмоўнага ладу ў гісторыі? Карэктна гэта ці не для гісторыка?

А.Т. - Я лічу, што гэта карэктна, і ўмоўны лад у гісторыі існуе заўжды. Калі паглядзець па-філязофску — што такое гісторыя, дык гэта нейкі момант, якога нельга вымераць. Вы ж ведаеце гэты сафізм пра чарапаху і Ахіла, яшчэ з часоў Старажытнае Грэцыі. Таму сапраўдны гісторык павінен умоўны лад у гісторыі разглядаць бясконца. Бо ўсе варыянты, якія былі ў гісторыі і маглі адбыцца, але не адбыліся, — яны маюць права на існаваньне ў будучым часе. І такіх фактаў можна прывесьці даволі шмат. Калі, напрыклад, нешта не ўдавалася адразу, дык яно магло быць зьдзейсьнена народам зь пятай, восьмай, дзясятай спробы.

Возьмем, напрыклад, шматлікія паўстаньні баўгараў супраць туркаў. І баўгарскія гісторыкі-адраджэнцы заўжды разглядалі па-філязофску, літаратурна свае памылкі. Асабліва калі паўстаньне не атрымала належнага выніку. Таму мне здаецца, што тое, што робіць цяпер Радыё Свабода, разглядаючы напрыканцы ХХ стагодзьдзя магчымыя варыянты беларускага шляху, — вельмі важнае. І такі падыход мае права на існаваньне як любы футурызм.

С.А. - Дзякуй. Ну а зараз - аб Смаленску. Я зьвяртаюся да Вас з гэтымі пытаньнямі і як да прафэсійнага гісторыка, і як да чалавека, які паходзіць са Смаленшчыны і нават мае ў пашпарце запіс «расеец».

Найперш, якія этапы смаленскай гісторыі Вы маглі б вылучыць?

А.Т. - Іх некалькі. Першы і надзвычай важны - утварэньне Смаленскае дзяржавы. Справа ў тым, што крывічы - той славянскі народ, які разам з балтамі лёг у аснову беларусаў - стварылі адначасова тры дзяржавы: Полацкую, Пскоўскую і самую вялікую і моцную - Смаленскую. І Смаленская дзяржава мае свае вытокі недзе ў IX-X стагодзьдзях, калі непадалёк ад Смаленску ўзьнікла гэтак званае Гнёздава, якое было адным зь першых гарадзкіх утварэньняў на тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, дзе разам са славянамі жылі і варагі, а таксама і іншыя плямёны. Там археолягі адкапалі цікавыя знаходкі. Менавіта там знойдзеная вялікая колькасьць арабскіх дырхемаў, бо Гнёзнава, а пасьля і Смаленск сталі вузлавым пунктам на шляху з «варагаў у грэкі» - шляху, празь які ішоў эўрапейскі гандаль з Балтыйскага мора ў Касьпійскае і Чорнае. І потым Смаленская дзяржава, у адрозьненьне ад іншых усходнеславянскіх дзяржаваў, была самаю доўгатрывалаю. Смаленскае княства, фактычна, існавала як незалежная дзяржава да канца XIV-пачатку XV стагодзьдзяў, у той час як Полаччына сваю незалежнасьць страціла дзесьці ў пачатку XIV-га. Смаленшчына існавала яшчэ 100 год як самастойны этнас, як дзяржава са сваім войскам, са сваімі летапісамі, архітэктурай... І гэта вельмі важна. На жаль, факт незалежнага існаваньня Смаленшчыны ў XIII-XIV стагодзьдзях мала хто разглядае. Расейцам гэта нявыгадна, а беларусы да гэтага пакуль што не дайшлі.

С.А. - Вы кажаце, што крывічы стварылі тры дзяржавы. Але ці былі смаленскія крывічы цалкам ідэнтычныя палачанам і пскавічам? Бо вось сёньня археолягі і антраполягі сьцьвярджаюць, што палачане былі практычна ідэнтычныя латгалам(!). Цяпер бо капаюць і бачаць амаль ідэнтычныя з латгаламі строі. Іншымі словамі, прыхаваныя балцкія ўплывы ці нават карані.

Што Вы можаце сказаць у гэтым сэнсе пра смаленскіх крывічоў?

А.Т. - Смаленскія крывічы трошку адрозьніваліся тым, што яны прыйшлі на памежныя землі. Але на тэрыторыі Смаленшчыны да XII стагодзьдзя існавала ўсходнебалцкае племя Голядзь, і смаленцы яго асымілявалі даволі позна, балты існавалі яшчэ ў XII стагодзьдзі, ня кажучы ўжо пра VIII-IХ-Х стагодзьдзі. Іншая справа, што на Смаленшчыне крывічы сутыкнуліся і зь фіна-вугорскімі плямёнамі, бо гэта была мяжа паміж балтамі і фіна-вуграмі. І гэты элемэнт фіна-вугоршчыны ў смаленцаў мае месца. Дарэчы, пскоўскія крывічы ўжо напалову зьвязаныя зь фіна-вуграмі, г. зн. нашмат больш, чым смаленцы. Таму дасьледаваньні нашых археолягаў па Полаччыне ў карціну засяленьня балцкіх абшараў крывічамі нічога новага не даюць.

С.А. - Сапраўды, гэта вельмі цікава. Атрымліваецца, ў XIII-XIV стагодзьдзях існавала яшчэ адна беларуская дзяржава.

А.Т. - Так. Цалкам незалежная, цалкам сaмастойная. Са сваімі князямі, летапісамі, архітэктурай. Усё гэта было. Проста мы пра яе яшчэ ня ведаем. Гэта - невядомая Беларусь.

Больш таго. Маскоўскія князі хадзілі на гэтую дзяржаву ваяваць разам з татарамі. Потым ад маскоўцаў яе баранілі вялікія князі літоўскія. У другой палове XIV стагодзьдзя Альгерд колькі разоў бараніў Смаленск ад маскоўска-татарскіх наездаў. Аб гэтым ёсьць шмат пісьмовых крыніцаў. Але потым ВКЛ далучыла спачатку Мсьціслаў, а пасьля, у пачатку ХV стагодзьдзя, і Смаленск. Смаленшчына перайшла да ВКЛ на 100 гадоў, а ў 1514 годзе Смаленск захапілі войскі Васіля III. І яшчэ раз Смаленск вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў 1609 годзе і знаходзіўся ў ім да лета 1654 году.

С.А. - Ну і як бы Вы ацанілі ролю, значэньне Смаленску для Беларусі на ўсіх гэтых этапах? Ён быў каменем раздору паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Княствам Маскоўскім, быў прычынаю спусташальнай і зьнішчальнай вайны паміж імі. Як Вы акрэсьліваеце ролю Смаленшчыны для Беларусі, напрыклад, геапалітычна?

А.Т. - Смаленшчына для Беларусі - гэта своеасаблівая адмета, своеасаблівы сымбаль як беларускага адраджэньня, гэтак і заняпаду. Як толькі пытаньне Смаленшчыны ўзьнікае - заўжды Беларусь становіцца на ногі і адраджаецца. Гэтаксама і як толькі яно зьнікае з гістарычнае карты, дык і Беларусь у заняпадзе. Вось канкрэтныя прыклады. Пасьля бітвы пад Воршай Смаленск застаўся ў складзе расейскай дзяржавы. І гэта прывяло да таго, што троху пазьней прыйшоў у Беларусь Іван Жахлівы, захапіў і вынішчыў Полацак і зьнішчыў, фактычна, Полаччыну як этнакультурны рэгіён. І мог ён гэта зрабіць толькі маючы ў руках Смаленск. Аднак калі Расея сама трапіла ў цяжкае становішча - так званы Смутны час - і калі польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт у 1609 годзе штурмам узяў Смаленск, сытуацыя рэзка зьмянілася, і Вялікае Княства Літоўскае ў першай палове ХVII стагодзьдзя дасягнула апошняга ўзьлёту. Гэта быў апошні ўсплёск ягонага росквіту, росквіту матэрыяльнае культуры і дойлідзтва.

Менавіта ў гэты час праз Смаленск у Маскву пайшлі ўплывы нашага барока: гэта і беларускае кафлярства, гэта і нашыя разьбяры і г.д. Смаленск стаўся фарпостам беларусаў для завалодваньня культурнымі абшарамі Масковіі. Потым, калі ў 1654 годзе Смаленск канчаткова трапіў у склад Расейскае Імпэрыі, адбылася вельмі цікавая зьява. Да 1924 году, а яшчэ дакладней да 1941-га, Смаленшчына заставалася фактычна беларускім краем, гэта значыць большасьць народу не была асыміляваная расейскімі заваёўнікамі.

Нашая Смаленшчына зноў падняла галаву ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, калі на Ўсебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 году (80-годзьдзе якога мы нядаўна адзначалі), дэлегаты Віцебшчыны і Магілеўшчыны выступалі за аўтаномію Беларусі, дык смаленцы разам зь віленчукамі выступалі за поўную незалежнасьць. Потым Смаленск адыграў велізарную ролю праз пару год, калі ў Смаленску была абвешчаная БССР. І вось гэтыя моманты паказваюць, што пытаньне Смаленшчыны - тое самае, што і пытаньне Страсбуру, Эльзасу і Лятарынгіі, ў француска-нямецкіх дачыненьнях.

Самае цікавае, што пытаньне беларускай Смаленшчыны было цалкам сфармуляванае ў трэцім томе «Живописной России», які ў Беларусі, дарэчы, пасьпелі перавыдаць у 1993 годзе. І вось калі адкрыць гэты том на старонцы 442, дык мы ўбачым, што паводле зьвестак 1860 году, беларусаў у Смаленскай губэрні налічвалася 1 122 000, а вялікаросаў (расейцаў) - 520 000, у адсотках - 68% і 32%. Атрымалася так, як ні дзіўна, што Смаленская губэрня была адной з самых беларускіх. Чаму? Таму, што колькасьць гэбраяў была тут мінімальная. Мяжа аселасьці адрэзала гарадзкое гэбрайскае насельніцтва ад Смаленшчыны. І невыпадкова, што яна была такой беларуска-сьведамай. У гарадах Смаленшчыны, за выключэньнем тых, што трапілі ў склад Магілеўскае губэрні, гэбраяў было значна меньш альбо зусім не было.

Тое самае і наконт палякаў. Дарэчы, польскае асыміляцыі не існавала на Смаленшчыне пасьля 1654 году, і Каталіцызм зьнік як зьява, і Ўніяцтва прапала. Смаленшчына стала такой дзякуючы гэтым, здаецца, неспрыяльным фактарам для астатняй Беларусі. Гэта як фэномэн Беласточчыны. Праваслаўная царква не ваявала з Уніяй і Каталіцызмам, бо яны падтрымліваліся на дзяржаўным узроўні, і сяляне па-ранейшаму карысталіся беларускай мовай і дажылі да ХІХ стагодзьдзя без усялякіх прыкметаў асыміляцыі. (На Беласточчыне на пачатак ХІХ стагодзьдзя заставаліся 3 праваслаўныя парафіі. - С.А.)

Апошнія зьвесткі па Смаленшчыне датычаць 1924 году. Тады, падчас узбуйненьняў БССР, падкрэсьлівалася, што большасьць насельніцтва Смаленскае губэрні - гэта беларусы.

Ёсьць афіцыйныя дакумэнты. Нават на смаленскім радыё выступалі прадстаўнікі тамтэйшых губэрнскіх уладаў і пра гэта сьведчылі. Гэта - 1924 год.

С.А. - Ці бачыце Вы нейкія паралелі ў лёсе Смаленшчыны і Віленшчыны?

А.Т. - Паралелі я бачу больш ня зь Віленшчынай, а з Беласточчынай. Бо Віленшчына і Вільня - гэта ўсё ж сэрца Вялікага Княства Літоўскага, сэрца і сталіца Беларусі. Смаленск ніколі, за выключэньнем аднаго дня - 1 студзеня 1919 году - не прэтэндаваў на сталіцу Беларусі ці БССР. Ён адзін толькі дзень быў сталіцай. Але ён для нас мае такое самае значэньне, як на захадзе Горадня. Уявіце сабе, што зараз Горадня трапіла ў склад Польшчы. Мы б панесьлі такія самыя страты, і культурныя і этнічныя. Гэта горад, які я параўноўваю ня зь Вільняй, а з Горадняй. А потым, калі Смаленск трапіў у склад Расеі, ягоную функцыю выконваў Мсьціслаў. Але ён ня мог усё ж параўнацца са Смаленскам. Гэта як Слонім на Гарадзеншчыне. Пасьля Горадні ён другі горад, але першым ён ніколі быць ня можа.

С.А. - Ну а каб Смаленшчына засталася ў складзе Беларусі, якім мог бы быць лёс Беларусі і які быў бы лёс і сёньняшняе аблічча Смаленшчыны?

А.Т. - Па-першае. Большая частка Смаленшчыны магла трапіць у склад Беларусі ў 30-х гадох, да гэтага ішло. Нават былі надрукаваныя ў «Зьвязьдзе» карты БССР, дзе некалькі паветаў Смаленшчыны павінны былі з дня на дзень увайсьці ў склад БССР. На Смаленшчыне існавалі беларускія школы, і пытаньне ўзьяднаньня заходняй часткі Смаленшчыны з БССР фактычна было вырашанае. Толькі рэпрэсіі 30-х гадоў спынілі гэты працэс. Таму, каб Смаленшчына тады трапіла ў склад БССР, дык сытуацыя зь беларускай мовай і культурай была б нашмат лепшая, чым цяпер. Таму што ў гэтых вёсках Смаленшчыны людзі і цяпер размаўляюць, фактычна, па-беларуску.

Далучэньне Смаленску да Беларусі дало б нам іншую мэнтальнасьць, дало б нам магчымасьць цяпер гаварыць з усходнім суседам на іншай мове - на мове роўнага з роўным. Бо аднясеньне мяжы Маскоўскае дзяржавы на 200-300 кілямэтраў на ўсход, гэта тое самае, як, напрыклад, Беласточчына ў складзе Беларусі. Знаходжаньне Смаленску ў складзе Беларусі дало б нам магчымасьць дасягнуць падчас апошняга адраджэньня значна большых вынікаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што смаленскія землі цяпер - пустыя, незаселеныя, мы маглі б вырашыць пытаньне з чарнобыльскімі перасяленцамі. Невыпадкова чарнобыльцаў пасялілі ў Дрыбіне, гэта на самай мяжы Смаленшчыны. Можна было засяліць і Краснае, і Дарагабуж, і іншыя раёны, бо цяпер там жыве па 10-15 тысяч чалавек, фактычна гэта пустыя землі.

С.А. - Ну і сёньняшні дзень. Калі паглядзець назад, у мінуласьць, дык ніякі тэрмін ня ёсьць вялікім для гісторыі і няма нічога вечнага ў гісторыі. Ці назаўсёды страчаная Смаленшчына для Беларусі і, падкрэсьліваю, для беларушчыны? Я ведаю, што Вы падчас дэпутацтва мелі дачыненьне да такое інфармацыі, і мелі кантакты са смаленскаю элітай.

А.Т. - Справа ў тым, што ў 1990 годзе я ў складзе невялікай групы дэпутатаў апазыцыі Дэмклюбу, у якую апрача мяне ўваходзілі Пётра Садоўскі, Дзьмітры Булахаў і Зянон Пазьняк, ездзіў у Вярхоўны Савет РСФСР у Маскву. Па розных пытаньнях. У тым ліку сустракаліся і з прадстаўнікамі Смаленшчыны, дэпутатамі ВС РСФСР ад Смаленскае вобласьці. І там, падчас сяброўскай размовы ў гатэлі «Россия», мы некалькі гадзінаў гутарылі на тыя самыя тэмы, што і з Вамі цяпер: ці магчымае вяртаньне Смаленшчыны назад у Беларусь? У выніку, напрыклад, рэфэрэндуму. У той час быў прыняты Закон СССР «Аб рэфэрэндуме», і мы ставілі пытаньне тэарэтычна. Напрыклад, абвешчаны рэфэрэндум - дзе быць Смаленшчыне, у Беларусі, БССР тагачаснай, ці ў Расеі? Як на гэта глядзіць мясцовая эліта? Бо тыя дэпутаты і былі прадстаўнікамі мясцовае эліты - прадстаўнікі райкомаў, абкомаў Смаленскае вобласьці і г.д. На дзіва, усе яны выказаліся «за». Яны сказалі, што каб толькі гэты рэфэрэндум адбыўся, каб нам не перашкаджалі, мы б усе перайшлі ў Беларусь. Таму што ў той час Беларусь жыла нашмат лепш, чым Смаленшчына, і яны заўсёды глядзелі на Беларусь, як, напрыклад, палякі глядзелі на Нямеччыну, ці ўсходнія немцы на заходніх. Што мяне зьдзівіла, дык гэта тое, што гэтыя людзі (а большасьць зь іх былі прыехаўшы на Смаленшчыну пасьля вайны, бо ў вайну гэты край быў цалкам зьнішчаны) былі патрыётамі Смаленшчыны па духу. Многія зь іх выпісвалі газэту «Зьвязда», адзін зь іх прачытаў нам напамяць верш Петруся Броўкі, усе яны слухалі Беларускае Радыё, нават, некаторыя «ЛіМ» чыталі... Ізноў жа кажу - гэта не інтэлігенцыя, гэта інтэлігенцыя партыйная, намэнклятурная. І яны выказалі сваё меркаваньне - каб такі рэфэрэндум адбыўся ў 1990 годзе, дык Смаленшчына безумоўна далучылася б да БССР. Але гэта ў тым выпадку, каб рэфэрэндум адбыўся.

Такія настроі тагачаснай наменклятуры гавораць аб тым, што ў ХХІ стагодзьдзі, калі Беларусь стане нармальнай эўрапейскай дзяржавай, а цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Расеі перамогуць, такі рэфэрэндум мае права на існаваньне. Далучэньне гэтых земляў чыста добраахвотна, без усялякага прымусу, не выключанае. Як Вы, Сяргей, трапна адзначылі, у гісторыі не бывае вечных дзяржаўных межаў, яны ўвесь час мяняюцца ў залежнасьці ад палітычнае сытуацыі. Толькі ў гэтым, ХХ стагодзьдзі, адбылося восем падзелаў Беларусі, і восем разоў мяняліся нашыя дзяржаўныя межы.

Дарэчы, апошні кавалачак Смаленшчыны далучыўся да Беларусі ў 1964 годзе - гэта былі 8 вёсак калгасу «Путь Коммунизма», які ўвайшоў у склад Беларусі падчас хрушчоўскае адлігі.

ххх

Адным з найгалаўнейшых вынікаў нашай гутаркі я назваў бы прапанову Алега Трусава пачаць уважаць сярэднявечнае Смаленскае княства крывічоў яшчэ адной беларускай дзяржавай. Здаецца, ніхто дагэтуль ня ставіў пытаньня так: побач зь Вялікім Княствам Літоўскім да пачатку XV стагодзьдзя існавала яшчэ адна, усходнебеларуская дзяржава.

Цікава таксама, што свайго гістарычнага росквіту Смаленск дасягнуў у першай палове XVII стагодзьдзя ў складзе менавіта Вялікага Княства Літоўскага. Тады ён стаўся фарпостам беларускай культуры на ўсходзе і мостам для перадачы беларускага барока ў Маскву.

Маю ўвагу прыцягнулі таксама словы Алега Трусава пра іншую мэнтальнасьць, якую Беларусь магла б мець у выпадку наяўнасьці ў ейным складзе Смаленску. Ён таксама ўважае, што са Смаленскам мы б сёньня дасягнулі значна большых посьпехаў у справе нацыянальнага адраджэньня, у справе беларусізацыі. Хто ведае? Магчыма, што - так. Сапраўды, беларускі склад гарадзкога і местачковага насельніцтва Смаленскай губэрні, амаль поўная адсутнасьць там гэбраяў і палякаў, маглі зрабіць Смаленшчыну цэнтрам беларусізацыі 20-х гадоў, а магчыма б і не дазволілі ёй спыніцца гэтак рана...

Але, калі мы гаворым пра пажаданасьць уключэньня Смаленшчыны ў сёньняшнюю Беларусь, дык тут ёсьць аб чым падумаць. Цалкам магчыма, што сёньня зрусыфікаваная безумоўна больш чым любая зь іншых усходніх абласьцей Беларусі Смаленшчына, магла б не дазволіць Беларусі адрадзіцца. Уявім сабе, што да і без таго зрусыфікаваных Віцебшчыны і Магілеўшчыны далучыўся прамысловы Смаленск зь ягоным прывазным расейскім насельніцтвам... Гэта як Днепрапятроўск для Ўкраіны. Але мне вось нядаўна давялося прачытаць у расейскай газэце артыкул пра жыцьцё сельскай Смаленшчыны. Дык з 10 згаданых у тым артыкуле прозьвішчаў старшыняў калгасаў і сакратароў сельсаветаў, 9 былі чыста беларускія. А Алег Трусаў, увогуле, гаворыць пра наступнае стагодзьдзе, пра будучую паўнацэнную эўрапейскую Беларусь.

А з другога боку, мне часам думаецца вось што. Добра, абрасеены Смаленск. Добра, стварыў бы праблему для нас, каб мы дасталі яго зараз. Але ці не адэкватная любая ахвяра за такі абшар роднай зямлі ды з родным горадам? Напэўна, гэта як для каго. Простаму чалавеку патрэбнае спакойнае жыцьцё, проста дабрабыт. Інтэлігенту патрэбная проста родная зямля, ейнае шчасьце. Ці адэкватнаю была ахвяра летувісаў за няродную ім Вільню? 50 год савецкай няволі, расстрэлы, высылкі, калектывізацыя, і нялюбая расейская мова ў школах... 50-гадовы перапынак ў разьвіцьці...

У 30-х гадох у Заходняй Беларусі быў такі летувіскі дзяяч - Сташыс. Ён вельмі сябраваў зь беларускімі дзеячамі. Калі Сталін падараваў летувісам Вільню ў кастрычніку 1940 году, той Сташыс стаўся мэрам Вільні. Тады да яго прыйшла дэлегацыя беларусаў і папрасіла дапамагчы ў адкрыцьці беларускіх школаў у Вільні. Сташыс у вельмі рэзкай форме адмовіў, сказаўшы, што вось, маўляў, мы, летувісы, сваёй мэты дасягнулі - атрымалі Вільню, нашыя з вамі дарогі разыйшліся, і вы, беларусы, цяпер шукайце сабе рады самі... Праз 7 месяцаў усю Летуву забралі расейцы, і той Сташыс быў адным зь першых арыштаваны і расстраляны НКВД... Дык ці адэкватная зь сёньняшняга пункту гледжаньня летувіская ахвяра за Вільню? Я ня маю на гэтае пытаньне адназначнага адказу. Затое Вільню сёньня мае незалежная эўрапейская Летува, якая імкнецца ў Эўрапейскі Саюз і НАТО. І стацца такою ёй бясспрэчна дапамагла Вільня, а значыцца, і той Сташыс...

А ўвогуле, цікавая гэта рэч - узбуйненьні тэрыторыі БССР. Аказваецца, яшчэ ў 30-х гадох газэта «Зьвязда» друкавала мапы Савецкай Беларусі са Смаленшчынай уключна. Гэта гаворыць аб тым, што айцы БССР троху думалі пра сваю вотчыну... Я, напрыклад, нядаўна са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў 1945 годзе, адразу пасьля вайны, Вярхоўны Савет БССР вынес пастанову пра ўключэньне Ўсходняй Прусіі разам з горадам Кёнігсбэргам-Калінінградам у склад БССР, матывуючы гэта патрэбай Беларусі выйсьці да мора. Мы ж тады мелі і Беласточчыну. Але Масква мела іншыя пляны. Пастанову ў Крамлі скасавалі, а хутка і Беласточчыну падаравалі палякам. З тэрыторыяй нам у гэтым стагодзьдзі моцна не шанцавала.

Але пры ўсім гэтым, цікавыя ўсё ж былі людзі, тагачасныя правадыры БССР. Пазьнейшыя моцна здрабнелі, усе гэтыя малафеевы, сакаловы. Цяпер у Расеі іншая каньюнктура, там цяпер не саступаюць і кілямэтра на мяжы. А вось у часы здэградаванага Брэжнева, хворага Чарненкі ці раньняга Гарбачова можа і можна было правесьці нейкі плебісцыт на Смаленшчыне, хоць бы для перасяленьня туды людзей з заражаных Чарнобылем абшараў.

А ўвогуле — прыемна было чуць цьвярозы і аргумэнтаваны аптымізм аб цэнтрабежных тэндэнцыях у Расеі і эўрапейскай, а значыцца, прывабнай Беларусі ў наступным стагодзьдзі з вуснаў Алега Трусава, які ня толькі зьяўляецца гісторыкам і смаленцам з паходжаньня, але і мае значны досьвед дзяржаўнага дзеяча.

Сяргей Абламейка, Прага
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org