RFE/RL |
|
Праскі Акцэнт
Міхаіл Чыгір вяртаецца ў палітыку. Удзельнікі М.Чыгір, М.Статкевіч,
З.Бандарэнка
Аўтар і вядучы Алена Радкевіч Радкевіч: Роўна тыдзень таму ў Беларусі дзьве незалежныя газэты выпусьцілі сэнсацыю - у палітыку вяртаецца Міхаіл Чыгір. Ды ня проста вяртаецца, а падчас будучых выбараў будзе прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта. Сэнсацыя атрымалася, трэба сказаць, нейкая дзіўная: прайшоў тыдзень, але прэса на гэтую тэму маўчыць, у тым ліку і незалежная. У той самы час гэтую тэму цэлы тыдзень няспынна абмяркоўваюць ва ўсіх колах, якія ў Беларусі маюць дачыненьне да палітыкі. Інтанацыя гэтых абмеркаваньняў тлумачыць чаму маўчыць прэса: ніхто ня ведае, пакуль, як менавіта расцэньваць і камэнтаваць заяву былога прэм'ер-міністра. Раптоўнае ўвязваньне ў палітычную бойку чалавека, якога памятаюць як не-палітыка і не-байца, пакідае больш пытаньняў, і азначаць гэта можа толькі адно: гэты чалавек адчувае нечую падтрымку і мае на каго абаперціся. Але тэмай нашага абмеркаваньня будзе ня столькі сам факт вяртаньня Міхаіла Чыгіра, хоць і гэта таксама, колькі ягонае бачаньне пэрспэктывы і магчымасьцяў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама тое, як стасуецца гэтае бачаньне зь меркаваньнямі іншых суб'ектаў палітычнага працэсу. Тэму, апрача самога Міхаіла Чыгіра, які цяпер з намі на сувязі, з Масквы, абмяркоўваюць: старшыня Сацыял-Дэмакратычнай Партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч (Менск) і сябра аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97» Зьміцер Бандарэнка (Менск). Першае пытаньне да Міхаіла Чыгіра - вам у разе пачатку палітычнага змаганьня ўсё адно яго не пазьбегнуць. Чаму два гады таму, калі Вы сыйшлі ў адстаўку, Вамі ня быў абраны шлях Багданкевіча, Карпенкі - то бок - змаганьня ў апазыцыі, і што такое здарылася цяпер, што прымусіла вас парушыць маўчаньне? Чыгір: Па-першае, гэта быў зусім іншы час. У 1996 годзе Лукашэнка меў вялікую падтрымку народу. Становішча ў эканоміцы было даволі нядрэннае. Па краіне мы мелі заробкі каля 100 даляраў, мы мелі пэнсію каля 40 даляраў. Народ верыў прэзыдэнту, спадзяваўся, што далей будзе паляпшэньне становішча ў Беларусі, і таму я вельмі ціха і спакойна сыйшоў на бок, хоць вельмі добра ведаў, што будзе горш. Я спадзяваўся, што пройдзе час і людзі стануць разумець, што гэта ня той шлях, які патрэбны для Беларусі. Я прадбачыў, што надыйдзе час, і будзе магчымасьць, з прыходам выбараў, многім людзям узяць у іх удзел. А чаму ня ўзяць у гэтых выбарах удзелу мне? Я вельмі добра ведаю практыку кіраваньня эканомікай Беларусі. Я адчуў магчымасьць Беларусі жыць і рабіць лепей, чым жывуць і робяць сёньня людзі. Ну і самае важнае, што сёньня, калі прыехаць на Беларусь, людзі ў большасьці сваёй разумеюць, што так жыць далей нельга. Таму я спадзяюся, што спадар Лукашэнка аб'явіць выбары, правядзе іх цывілізавана і думаю, што Чыгір павінен прыняць удзел у гэтых выбарах. Радкевіч: Вы кажаце, што два гады таму сытуацыя была іншая: народ верыў прэзыдэнту, але, паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, рэйтынг прэзыдэнта на сёньняшні дзень усё роўна, які б ён ні быў, нашмат адрываецца ад усіх астатніх палітыкаў - гэта па-першае, па-другое - народныя пратэсты, якія апошнім часам у той ці іншай ступені выявіліся, не даюць падставы меркаваць, што вера гэтая пахіснулася вельмі моцна. Пратэсты гэтыя пакуль што слабыя. З чаго вы робіце выснову, што веры прэзыдэнту цяпер няма? Чыгір: Па-першае, я раблю гэтыя вывады з таго, што я бачу і размаўляю з многімі людзьмі ў Беларусі. Размаўляю, як еду па дарозе зь Менску на Маскву, ці з Масквы на Менск. І паедзьце вы ў вёску, паглядзіце, як людзі думаюць. Як яны думалі раней, і як яны думаюць сёньня. Зусім іншае становішча. А калі вы гаворыце пра апытаньні людзей, то ня кожны чалавек сёньня ў Беларусі можа сказаць тое, што ён думае. Радкевіч: А цяпер дамо магчымасьць выказацца Менску. Зьміцер Бандарэнка. Вяртаньне Міхаіла Чыгіра ў палітыку прадказаў яшчэ год таму старшыня БНФ Зянон Пазьняк. Прычым загаварыў ён пра гэта тады, калі нікому і ў галаву не прыходзіла, што былы прэм'ер наагул некалі аб'явіцца ў Беларусі. Тады Зянон Станіслававіч закінуў Хартыі-97, што яна ствараецца пад Чыгіра, як трамплін для ягонага будучага скачка ў прэзыдэнты. Наколькі для вас - актывістаў Хартыі - было прадказальным вяртаньне Міхаіла Чыгіра? Якую пазыцыю тут могуць заняць хартысты? Бандарэнка: Натуральна - Хартыя не рабілася пад нейкую адну асобу. У першую чаргу яна рабілася як антыдыктатарская, праваабарончая грамадзянская ініцыятыва, якая ставіла на мэце абарону правоў і свабодаў грамадзянаў. А зьяўленьне сёньня ў якасьці кандыдата сп. Чыгіра - гэта ягоная асабістая справа, і час пакажа, наколькі Міхаіл Мікалаевіч зможа тут праявіць сябе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Нашае ж стаўленьне, перадусім, яшчэ не адназначнае да самой ідэі выбараў. Нам здаецца, што трэба весьці сталую працу, не чакаючы выбараў мясцовых ці прэзыдэнцкіх, таму што правы грамадзянаў парушаюцца кожны дзень. Калі казаць пра альтэрнатыву Лукашэнку, то, у першую чаргу - гэта аб'яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў. І тут вялікую ролю можа адыграць Кангрэс Дэмакратычных Сілаў Беларусі, які плянуецца правесьці 29-30 студзеня 1999 году. І вось, аб'яднаньне дэмакратычных сілаў, распрацоўка агульнай праграмы дзеяньняў - гэта ёсьць галоўнае. А якія будуць кандыдаты, ці адбудуцца выбары наагул - гэта пытаньне часу. Радкевіч: Паводле апытаньня інфармацыйнага агенцтва БелАПАН, найбольш стрымана паставіўся да вяртаньня Міхаіла Чыгіра ў палітыку Мікола Статкевіч, старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. "Гэта ня больш чым яшчэ адна кандыдатура на пасаду прэзыдэнта і камэнтары тут залішнія", - сказаў ён... Як вы думаеце, ці магчымы на сёньняшні дзень адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў і ці гэткі кандыдат патрэбны? Статкевіч: Па-першае, я хацеў сказаць, што факт вылучэньня сп. Чыгіра, спроба вылучэньня яго кандыдатам у прэзыдэнты гэта - станоўчая падзея. Станоўчая хоць бы з таго пункту гледжаньня, што Міхаіл Мікалаевіч - вельмі вядомая ў нас фігура, і ягонае вылучэньне прыцягвае ўвагу да таго, што ў ліпені 1999 году павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Па-другое: калі б сапраўды прэзыдэнцкія выбары адбыліся і ў іх бы ўдзельнічаў такі кандыдат, якога ведаюць і не баяцца шмат хто з уладнай вэртыкалі, гаспадарчай эліты і ўпраўленчых элітаў на месцах - гэта магло б у нейкай ступені паўплываць у бок дэмакратычнасьці выбараў. Таму гэта нармальны крок, і мы яго вітаем. Адзіны кандыдат супраць Лукашэнкі, калі выбары ў 1999 усё ж адбудуцца - я думаю, што гэта рэч немагчымая. Таму што ўжо заявілі аб вылучэньні свайго кандыдата камуністы, заявіла Аб'яднаная Грамадзянская Партыя. Невядома, якая пазыцыя будзе ў БНФ, невядома ці пагодзіцца Грамадзянская Партыя зьняць сп. Карпенку на карысьць сп. Чыгіра, але тое, што гэтага ня зробяць камуністы - гэта для мяне відавочна. Я згодны са сп. Бандарэнкам, што найперш трэба цяпер весьці гаворку пра аб'яднаньне нашых намаганьняў. Наша партыя вылучыла ўсім удзельнікам Кангрэсу прапанову ператварыць гэты Кангрэс у пастаянна дзейны рух. У межах гэтага руху можна было б вырашаць пытаньне, колькі кандыдатаў будзе - адзін ці тры? Ці йсьці нам на выбары? На якіх умовах? І ў рэшце рэшт, разам змагацца, каб выбары адбыліся ў тэрмін і былі дэмакратычнымі. Радкевіч: А што думае Міхал Мікалаевіч Чыгір адносна магчымасьці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў у часе прэзыдэнцкіх выбараў? Чыгір: І Зьміцер Бандарэнка і Мікола Статкевіч сказалі самае асноўнае: што ня так важна, мабыць, хто кіруе краінай, важна - як кіруе і куды мы ідзём. Таму - самае асноўнае, што ў Беларусі павінны прайсьці выбары, і я думаю, што ня так важна - будзе адзін кандыдат, ці тры, ці пяць. Я думаю, што адзін кандыдат - гэта і немагчыма на сёньняшні дзень. Ёсьць розныя партыі, ёсьць розныя погляды, ёсьць розныя магчымасьці. Таму я лічу нармальным, што прымуць удзел цэлы шэраг людзей, гатовых балятавацца на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Але асноўнае, каб гэтыя выбары, канешне, адбыліся, каб месца заняў дастойны чалавек. Радкевіч: Як вы думаеце, што можа прымусіць беларускія ўлады пайсьці на такія выбары? Чыгір: Па-першае - гэта становішча, якое склалася ў краіне. Становішча, якое склалася на міжнароднай арэне. Беларусь трапіла ў поўную ізаляцыю: каб выйсьці зь яе, нават калі застанецца прэзыдэнтам Лукашэнка (а гэта можа быць - ніхто не выключае такога варыянту) - ён павінен поўнасьцю памяняць сваю палітыку: папрасіць прабачэньня ў міжнароднай супольнасьці за тое, што ім было зроблена ня так. Можа тады міжнародная супольнасьць памірыцца, і нейкія другія адносіны будуць да Беларусі. Па-другое - спавы ўнутраныя. Як жа так здарылася: мы ж паказалі людзям, што можам нядрэнна самі сябе карміць. Што здарылася за два гады, што нічога ня стала на прылаўках у магазінах? Патрэбныя іншыя падходы. Патрэбныя іншыя погляды, каб гэта зрабіць. Я думаю - другога варыянту няма. Усё роўна павінны быць аб'яўленыя выбары. Магчыма, што выбары ня будуць аб'яўленыя. Ёсьць такі варыянт. Тады мы можам назіраць далейшае зьбядненьне народу. І што можа адбыцца? Варыянты, якія ўжо вядомыя ў сьвеце - румынскі альбо яшчэ які-небудзь... І тады ўжо прыдзецца адказваць за ўсё тое, што адбылося на Беларусі. Радкевіч: Гэта ўсё зразумела, аднак пакуль што прыкметаў раскаяньня ў паводзінах прэзыдэнта не назіраецца, і таму ўсё, што мы зараз чулі - ня больш, чым добрыя пажаданьні, пад якімі пакуль што, як выглядае, няма рэальнай глебы... І я зьвяртаюся да нашага менскага суразмоўцы Зьміцера Бандарэнкі. Выглядае, што Лукашэнка не зьбіраецца выракацца свайго рэфэрэндуму 1996 году, паводле якога тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў сканчаецца ў 2001 годзе. Што магло б прымусіць улады пайсьці на прэзыдэнцкія выбары? Бандарэнка: Можна казаць цяпер, што Лукашэнка загнаны ў кут. Літаральна ўчора-пазаўчора па дзяржаўным тэлебачаньні была дадзеная інфармацыя, што гандаль з Расіяй скараціўся амаль напалову - гэта афіцыйная інфармацыя. Гэта значыць, што падзеньне агульнага гандлёвага абароту Рэспублікі Беларусь за апоші час склала 30-40%, улічваючы, што падзеньне таксама назіраецца ў гандлі з Украінай і зь іншымі дзяржавамі. Што гэта значыць? Гэта значыць, што пры рэальнай эканоміцы адразу ёсьць рост беспрацоўя працэнтаў на 30. Калі Лукашэнка ня можа сабе дазволіць адправіць працоўных на вуліцу, гэта значыць - скарачэньне заробкаў. Магчыма ўжо ўвесну заробак у Беларусі будзе складаць менш за 10 даляраў, а сярэдняя пэнсія - 3 даляры. Вось гэта тое, што можа прымусіць Лукашэнку пайсьці на выбары. Я магу выказаць сваю думку, што цяпер складваецца настолькі крытычная сытуацыя для рэжыму, настолькі час гуляе супраць Лукашэнкі, што перамогу апазыцыя ўпусьціць проста ня можа ў гэтым годзе, і калі гэтая перамога над рэжымам ня будзе атрыманая сёлета, гэта будзе віна толькі апазыцыі, якая не дамовілася пра каардынацыю дзеяньняў і ня выкарыстала момант. Тут небясьпека можа быць толькі ў тым, што пры любых выбарах - мясцовых, прэзыдэнцкіх - будзе шматварыянтнасьць кандыдатураў. Каб ня склалася, як у 1996 годзе, калі трэба было прымаць рашучыя адказныя пастановы і выконваць іх - было спадзяваньне на нейкага дзядзю з Усходу. Зараз гэта можа быць спадзяваньнем на нейкага там дзядзю з Усходу ці з Захаду. Вось у гэтым можа быць небясьпека. А так, сытуацыя для Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў складваецца вельмі і вельмі небясьпечная. Радкевіч: Лёгіка вашых разважаньняў была, на колькі я разумею, такая: сытуацыя ў эканоміцы ўсё горшая і горшая, расьце беспрацоўе, зьніжаюцца заробкі, усё менш і менш прадуктаў, усё цяжэй і цяжэй іх купіць, і Лукашэнка вымушаны будзе абвесьціць у гэтай сытуацыі прэзыдэнцкія выбары. Тым самым ён прызнае, што я, маўляў, такую сытуацыю ў эканоміцы стварыў і давайце мы абвесьцім выбары - можа быць, вы каго-небудзь абераце, хто гэтую сытуацыю выправіць. Але куды больш лягічна было б дапусьціць іншае, і гэта нашмат больш у традыцыях Лукашэнкі і ў лёгіцы ягоных паводзінаў, што вінаватымі, празь некаторы час, будуць абвешчаныя камэрсанты, банкіры, партыі, яўрэі - хто заўгодна. Зусім ня факт, што вынікам цяперашняга кепскага становішча ў эканоміцы Беларусі стануцца прэзыдэнцкія выбары. Што думае Мікола Статкевіч? Статкевіч: Я думаю, што пагаршэньне эканамічнай сытуацыі наадварот аддаляе прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў, бо нават рэзкага пагаршэньня жыцьцёвага ўзроўню недастаткова, каб расхістаць сыстэму ўладнае вэртыкалі, якую стварыў Лукашэнка - гэта першае. Па-другое - нават абвяшчэньне аб намеры вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты сп. Чыгіра памяншае верагоднасьць гэтых выбараў, таму што Міхаіл Мікалаевіч, калі ён сапраўды будзе кандыдатам у прэзыдэнты, можа заявіць, што пры мне, маўляў, заробак быў у тры ці ў чатыры разы большы... Ёсьць яшчэ такі фактар як маральны, таму што гэта - палітык (цяпер ужо палітык), які захаваў свой маральны аўтарытэт. Я зь вялікай павагай стаўлюся да яго, найперш праз тое, што ў 1996 годзе гэты чалавек меў мужнасьць і рашучасьць пакінуць сваю пасаду ў крытычнай сытуацыі. Таму, я думаю, існуе яшчэ шмат фактараў, якія, наадварот, будуць прымушаць Лукашэнку адкласьці выбары. Знутры краіны, я ня думаю, што праз паўгода ў нас будзе дастаткова сілы, каб прымусіць Лукашэнку пайсьці на выбары. Хоць я хацеў бы памыліцца. Што да вонкавага фактару - тут я цалкам згодны са сп. Бандарэнкам: занадта мы заўсёды спадзяемся на дзядзю з Захаду ці з Усходу. У рэшце рэшт ім ад нас трэба адно - каб як мага лепей былі ўлічаныя іхныя інтарэсы. Тут абы ціха і спакойна было- і можна мець прыбытак ціто ад транзыту, ціто яшчэ ад чаго. Магчыма, усходні фактар якраз спрацуе на сп. Чыгіра, бо калі нейкім сілам там, у Маскве, дзе цяпер няма адзінай палітыкі, надакучыць наш занадта экзатычны прэзыдэнт, і яны захочуць зрабіць сытуацыю больш прадказальнай, то яны могуць падтрымаць на прэзыдэнцкіх выбарах сп. Чыгіра - чалавека для сябе прадказальнага. Але ці дастаткова цяпер у Масквы сілаў, каб паставіць свайго васала на месца? Гэта пытаньне. Радкевіч: Міхаіл Мікалаевіч, мы са сп. Статкевічам у Вашай прысутнасьці займаліся дапушчэньнямі. Магчыма, што Вас падтрымлівае Масква, ці якія-небудзь расейскія палітыкі. Што б Вы маглі сказаць на гэты конт? Чыгір: Ну, па-першае, я хацеў бы сказаць, што я найперш спадзяюся на разважлівасьць сп. Лукашэнкі. Ён павінен зразумець, што становішча крытычнае і ёсьць магчымасьць: або ўзяць гэты цяжкі груз ізноў на сябе, або аддаць яго несьці далей іншым. Што ж тычыцца Масквы, то на сёньняшні дзень цяжка спадзявацца на тое, што Масква вельмі актыўна стане браць удзел у сытуацыі ў Беларусі, таму што ў Беларусі ў Лукашэнкі пазыцыя на сёньня не такая і складаная. Таму Масква, я думаю, мяшацца ня будзе, тым больш што ў Масквы цяпер хапае сваіх праблемаў і цяжкасьцяў. Але зь цягам часу - у залежнасьці ад палітычнай сытуацыі, паводзінаў апазыцыі і раскладу палітычных сілаў - я думаю, Масква можа сказаць сваё слова, можа сказаць сваю думку, ці хоць бы зрабіць што-небудзь. Але каб выбары прайшлі так, як думае Масква - гэта амаль немагчыма. Масква ў свой час падтрымлівала Кебіча, але паколькі Лукашэнка меў на той час значную перавагу ў Беларусі, Масква не магла паўплываць на вынікі выбараў у Беларусі. Так можа здарыцца й цяпер. Канешне, я размаўляў з палітыкамі, але на гэты час я не хацеў бы пра гэтыя размовы гаварыць шырока, каб гэта было вядома на сёньня ўсёй Беларусі. Ёсьць падтрымка ў Маскве. Радкевіч: Міхаіл Мікалаевіч, якія рэсурсы Вы асабіста можаце далучыць да агульнага змаганьня? Напрыклад, Вы ўскосным чынам далі зразумець, што магчымая падтрымка расейскіх дэмакратычных сілаў, але для змаганьня за прэзыдэнцкую пасаду патрэбныя і грошы, і структуры, якія ў Беларусі будуць весьці за Вас усю чарнавую працу... Чыгір: Па-першае, я ўжо атрымаў інфармацыю аб тым, што ў Беларусі ёсьць вядомыя людзі, якія мяне падтрымліваюць, і маё рашэньне было прынятае з улікам гэтай падтрымкі. Па-другое, я спадзяюся на розум і талент беларускіх людзей, якія павінны бачыць, куды мы ідзём, якія павінны ўмець параўнаць вынікі работы ў Літве і вынікі работы ў Польшчы з вынікамі работы і нашага жыцьця ў Беларусі. Таму я лічу, што разумныя людзі будуць падтрымліваць - не абавязкова Чыгіра - але дастойных кандыдатаў на выбарах у прэзыдэнты. Радкевіч: Мы чулі Міхаіла Чыгіра, і я хачу зазначыць, што "разумныя людзі, якія будуць падтрымліваць, галасаваць, разумець, што адбываецца" - гэта катэгорыя вельмі размытая, бо звычайна кандыдат у прэзыдэнты, палітык павінен абапірацца на нейкія больш канкрэтныя катэгорыі людзей... Я ізноў зьвяртаюся да Зьміцера Бандарэнкі - сябра аргкамітэту Хартыі-97, які бярэ чынны ўдзел у падрыхтоўцы Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Скажыце, калі ласка, вось Кангрэс Дэмакратычных Сілаў ставіць цяпер за мэту зьяднаць найбольш прыкметныя і ўплывовыя палітычныя сілы ў Беларусі і выпрацаваць нейкую агульную тактыку... Раптоўнае ўваходжаньне ў палітычнае жыцьцё Беларусі Міхаіла Чыгіра як пакуль што самастойнага, без ніякай структуры, суб'екта палітычнага працэсу будзе ўлічвацца Кангрэсам Дэмакратычных Сілаў? Вы зьбіраецеся запрасіць Міхаіла Мікалаевіча на свой Кангрэс? Бандарэнка: Я, па-першае, хацеў бы выказаць сваю павагу да сп. Чыгіра, таму што ягоны ўчынак у лістападзе 1996 году дае яму маральныя падставы для сёньняшніх дзеяньняў. Міхаіл Мікалаевіч паставіў свой подпіс сярод першых ста падпісантаў Хартыі-97. Гэта таксама мужны ўчынак для чалавека, які ў той час знаходзіўся ў вельмі няпэўнай сытуацыі, ведаючы далейшы лёс былых міністраў, былых паплечнікаў Лукашэнкі. Мне здаецца, калі Міхаіл Мікалаевіч кажа, што ён вёў перамовы з шэрагам аўтарытэтных і ўплывовых асобаў на Беларусі, то я думаю, што гэтыя працэсы будуць працягвацца, і лічу, што гэтая заяўка сп. Чыгіра ёсьць пэўным адкрыцьцём другога фронту змаганьня беларускай дэмакратыі. Ці стане гэты фронт вырашальным - пакажа час. Радкевіч: Да словаў Зьміцера Бандарэнкі і ягоных словаў павагі й падзякі якія былі выказаныя на адрас Міхаіла Мікалаевіча Чыгіра, я хацела б дадаць, што, напрыклад, Міхаіл Мікалаевіч заставаўся на пасадзе прэм'ер-міністра, калі зьбівалі дэпутатаў Вярхоўнага Савету... І тады ніякага грамадзянскага ўчынку зроблена не было... Я да таго, што адзін грамадзянскі ўчынак нельга ўзносіць на п'едэстал, і даваць на гэтай падставе такі вялікі палітычны аванс. Міхаіл Мікалаевіч, Вы мяне чуеце? Чыгір: Я думаю, што я гатовы да такіх закідаў і гэта, мабыць, ня самыя цяжкія закіды ў мой бок. Радкевіч: Натуральна, будуць яшчэ й цяжэйшыя, калі вы ўвяжацеся ў сапраўдную палітычную бойку. А цяпер я хацела б даць слова старшыні Сацыял- Дэмакратычнай Партыі Мікалаю Статкевічу. Сп. Статкевіч, Міхаіл Мікалаевіч, як Вы чулі, бачыць сваё апірышча і свой будучы электарат у асобе, як ён кажа, разумных людзей. Ці можа тут узьнікнуць пытаньне перацягваньня электарату і групаў падтрымкі ў дэмакратычных сілаў? Статкевіч: Па-першае, я хацеў бы адказаць на закід у адносінах да сп. Чыгіра, бо ён ня можа тут сябе абараніць. Я нагадаю, што ў той час, калі зьбівалі дэпутатаў, быў яшчэ й міністар унутраных справаў Юры Захаранка, які таксама не пакінуў сваёй пасады, але які цяпер карыстаецца вялікім аўтарытэтам у дэмакратычных партыях. Радкевіч: Я тут, папраўдзе, ня вельмі разумею, у якой ступені гэта можа апраўдваць сп. Чыгіра. Хіба што таксама ганіць сп. Захаранку. Статкевіч: Гэты закід і сапраўды не асноўны. Але Вы абсалютна слушна ставіце пытаньне аб падтрымцы. Любы кандыдат, які спадзяецца на дапамогу, павінен валодаць пэўнымі структурамі, пэўнымі рэсурсамі, у тым ліку і фінансавымі, і мець магчымасьць абаперціся на пэўныя пласты насельніцтва. Мо, нават, колькасна і невялікія, але дастаткова ўплывовыя. Я думаю, што ў сп. Чыгіра ёсьць шанцы знайсьці падтрымку - хоць і невядома, наколькі гэтая падтрымка будзе актыўная - у пэўных упраўленчых элітаў. Хоць яшчэ невядома, ці здольныя будуць гэтыя эліты праз паўгода на нейкія адкрытыя дзеяньні, каб хоць бы забясьпечыць дэмакратычнасьць выбараў. Я думаю, што сп. Чыгір мае шанцы атрымаць (найперш, мабыць, з Усходу) пэўныя рэсурсы для вядзеньня кампаніі. Але ключавым пытаньнем тут, сапраўды, робіцца наяўнасьць пэўных структураў. Гэтыя структуры ўжо выкрышталізаваліся. Па сутнасьці - гэта палітычныя партыі, таму што ўсе арганізацыі, грамадзкія рухі, камітэты - гэта, па-сутнасьці, тыя самыя людзі - людзі партыяў. У нас некалькі вядучых партыяў. Дык вось, ягоны посьпех зарэгістравацца ў якасьці кандыдата будзе залежаць не ад таго, ці падтрымаюць яго нейкія там вядомыя людзі ў Беларусі, зь якімі ён вёў перамовы, а ці падтрымаюць яго тыя структуры і арганізацыі, якія маюць магчымасьць сабраць, напрыклад, сто тысячаў подпісаў, каб зарэгістраваць яго як кандыдата. Я ня думаю, што тут магчыма нейкае перавабліваньне, таму што партыйныя структуры дастаткова дысцыплінаваныя і кансалідаваныя. Я думаю, што сапраўды трэба неяк дамаўляцца, шукаць варыянты, перамаўляцца і, магчыма, адным з такіх варыянтаў будзе і падтрымка з боку гэтых партыяў, ці ад некаторых зь іх кандыдатуры сп. Чыгіра. Радкевіч: Міхаілу Мікалаевічу, як новаму старому суб'екту палітычнага жыцьця ў Беларусі тут, відаць, варта памятаць, што ён уступае ня ў вакуум, а ўва ўжо распрацаваную і дастаткова разбудаваную палітычную структуру, і сваё месца там, у тым ліку і скаардынаванае зь іншымі дэмакратычнымі сіламі, яму яшчэ, бадай што, трэба шукаць. Алена Радкевіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |