RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Праскі Акцэнт



Беларусь на саміце АБСЭ ў Стамбуле.

Удзельнікі: Старшыня Сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч (Стамбул), карэспандэнт Радыё Свабода Валянсцін Жданко (Стамбул), аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк (Прага).  (эфір 21.11.1999).

Аўтар і вядучы Віталь Цыганкоў.

Наша радыё даволі падрабязна асьвятляла стамбульскі саміт. Аднак, цяпер існуе патрэба ня толькі ў інфармацыйным насычэньні, але і ў аналізе. Хто дамогся большых перамогаў у Стамбуле – апазыцыя ці афіцыйныя ўлады? Ці ўдалося хоць неяк зблізіць іхныя пазыцыі?

Сёньня гэтыя ды іншыя тэмы ў нашай праграме абмяркоўваюць: з гатэлю ў Стамбуле старшыня Сацыял-дэмакратычнай Народнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, а таксама наш карэспандэнт Валянцін Жданко. У праскай студыі аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк і я, Віталь Цыганкоў.

Пытаньне да Станіслава Шушкевіча: якімі былі задачы й мэты візыту ў Стамбул групы апазыцыйных палітыкаў? Ці былі яны выкананыя? Ці ёсьць у Вас задавальненьне ад вынікаў гэтай паездкі?

(Шушкевіч: ) “Пэўнае задавальненьне ёсьць, але я заўсёды ў жыцьці хачу большага. Я вам раскажу, што ў нас тут было. Нашая група Каардынацыйнай рады палітычных партыяў у складзе прадстаўнікоў 9 партыяў прыбыла ў Стамбул на запросіны Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Мы тут мелі шэраг сустрэчаў зь кіраўніцтвам тройкі, якая цяпер узначальвае АБСЭ, і зь якой мы абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі.

Што найважнейшае. Нам фактычна, ужо на сёньняшні дзень ня трэба было нікому нічога тлумачыць. Таму што прэзыдэнт Польшчы, кіраўнік дэлегацыі Люксэмбургу, кіраўнік дэлегацыі Швайцарыі, старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ – усе яны выступілі і, фактычна, вельмі рашуча асудзілі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Мы думалі, што нам давядзецца пераконваць людзей у гэтым, а да нас фактычна не было пытаньняў. Да нас ужо былі пытаньні як можа далей разьвівацца сытуацыя, і якія дэталі таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы растлумачылі, што цяпер адбываецца ў Беларусі, як парушаюцца правы чалавека, як зьнікаюць людзі, як ня можа нармальна працаваць парлямэнт, які ня можа знайсьці памяшканьня, каб правесьці сэсію. Гэтая інфармацыя была з разуменьнем прынятая.

Што нас вельмі ўзрадавала, дык гэта тое, што фактычна ўсе нам сказалі, што мы не жартуем, мы ідзём пасьлядоўна, мы, можа, ідзём ня так хутка, як вам хочацца, але мы не адступім ні ад адной пазыцыі, якая зьвязаная з правамі чалавека і з дэмакратыяй, мы будзем на гэтым настойваць.

Таму, калі ў нас былі пэўныя пытаньні адносна Санкт-Пецярбургскай дэклярацыі і адносна таго, якія пытаньні будуць абмяркоўвацца, я думаю, што апазыцыя пераканалася ў тым, што АБСЭ нас разумее.

(Цыганкоў: ) “Такімі бачацца вынікі саміту ў Стамбуле Станіславу Шушкевічу. А якімі яны бачацца з Прагі?”

(Максімюк: ) “Я сказаў бы, што гэтая сустрэча беларускай апазыцыі і беларускай улады з удзельнікамі стамбульскага саміту закончылася ў нічыю. Калі прыгледзіцца да фармулёвак канчатковай дэклярацыі стамбульскага саміту, то можна ўбачыць: па-першае – сытуацыя ў Беларусі знайшлася на 22 месцы – гэта 22 пункт дэклярацыі. Калі прачытаем гэтую фармулёўку – пабачым, што там выказана ўсё ў даволі асьцярожным тоне.

Проста дзяржавы-ўдзельніцы саміту падтрымоўваюць намаганьні менскай кансультатыўна-маніторынгавай групы правесьці дыялёг у Беларусі. І гэта ўсё. Як бы ніякіх новых элемэнтаў, што да беларускай сытуацыі, там ня было ўлучана. Там нават ня згадвалася парушэньне чалавечых правоў у Беларусі.

І гэта зразумела, таму што такая ўжо натура і такі характар гэтай арганізацыі – АБСЭ – дзе ўсе дэклярацыі і ўсе пастановы прымаюцца праз кансэнсус. Гэта значыць, што калі б адна дзяржава заўпарцілася і магла б не падпісаць такой дэклярацыі – такой дэклярацыі і не было б”.

(Цыганкоў: ) “У мяне пытаньне да спадара Шушкевіча. Ці былі ў Вас ідывідуальныя сустрэчы зь кіраўнікамі дзяржаваў, альбо іншымі палітыкамі, якія знаёмыя з Вамі яшчэ з тых часоў, калі Вы былі вышэйшай службовай асобай Беларусі – Старшынём Вярхоўнага Савету?”

(Шушкевіч: ) “Гэта пытаньне, фактычна, прыватнае. У мяне былі вельмі прыемныя сустрэчы. Я сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы і мне было вельмі прыемна падзякваць яму за тое, што ён сказаў пра Беларусь.

Я паслухаў ягоны выступ, перачытаў яго і пераканаўся, што мне ўжо ня трэба рабіць тое, што я рабіў два гады. Я быў у Польшчы, я сустракаўся зь ім перад гэтым і мне здавалася, што Польшча не разумее, што ў нас адбываецца. А цяпер я бачу, што прэзыдэнт Польшчы займае станоўчую ў адносінах да дэмакратызацыі і правоў чалавека ў Беларусі пазыцыю, што мне няма ў чым яго пераконваць.

У мяне была сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Кучмам. Гэта таксама было спатканьне па-чалавечы вельмі прыемнае, і я задаволены той пазыцыяй, якую займае Украіна ў дачыненьні да Беларусі на сёньняшні дзень.

У гэтым сэнсе нашая дэлегацыя здаецца была значна больш зразумелай для прадстаўнікоў краінаў АБСЭ, чым іншыя запрошаныя дэлегацыі. Дарэчы, апрача нас была запрошаная толькі адна дэлегацыя – зь Бялграду”.

(Максімюк: ) “Слухаючы гэтага аповяду пра сустрэчы ў Стамбуле, выпадае толькі парадвацца. І я думаю, што ў выпадку, калі апазыцыя здабудзе ўладу ў Беларусі, прынамсі адзін клопат адпадзе. Гэта клопат пра тое, каго паслаць у міністэрства замежных справаў кіраваць замежнай палітыкай Беларусі. Зразумела, што тут апазыцыя мае клясных спэцыялістаў. Ёй удалося пераканаць і Эўропу і ўвесь сьвет, што яна мае рацыю, што ў Беларусі парушаюцца правы і так далей і так далей.

Выпадае толькі паспачуваць цяперашняму міністру замежных справаў Беларусі, які, кажуць, ведае шмат замежных моваў, але ня мае нагоды папрактыкавацца ў гэтых мовах, таму што беларуская замежная палітыка стала прыхамацьцю толькі аднаго чалавека і міністэрства замежных справаў ня мае чаго рабіць.

Але другая справа ў тым, як пераканаць уласны народ, што ягоныя правы ў Беларусі парушаюцца, і што ён павінен зьмяніць уладу. Тут, у параўнаньні з посьпехамі нашай беларускай апазыцыі ў замежжы, справа намнога горшая.

Я належу да скэптыкаў, якія кажуць што такія арганізацыі як АБСЭ ў істотнай ступені ня могуць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, і ўсе гэтыя заявы, якія прыймаюцца праз гэтую арганізацыю, ня будуць мець такога ўплыву, якога спадзяецца і на які чакае беларуская апазыцыя, бо гэты ўплыў перш за ўсё мусіць знайсьці гэтыя як бы звароты да беларускага электарату, каб ён захацеў зьмяніць уладу і прыслухацца да апазыцыі. На жаль, АБСЭ такога ўплыву ня мае”.

(Цыганкоў: ) “Відавочна, што адной з мэтаў запрасіць апазыцыйную дэлегацыю, АБСЭ мела на ўвазе спробы чарговы раз неяк пасадзіць за адзін стол – і фігуральна і літаральна – і апазыцыянэраў і прадстаўнікоў беларускай улады. Ці мелі нейкі посьпех і ці не выглядалі штучна гэтыя спробы АБСЭ неяк зблізіць апазыцыйную і афіцыйную дэлегацыю?”

(Жданко: ) “Сапраўды, можна пагадзіцца, што яны выглядалі крыху штучна. І тое, што абедзьве дэлегацыі (і дэлегацыя апазыцыйных палітыкаў, і група Сазонава) яны ехалі адным цягніком, ляцелі ў адным самалёце і ў значнай ступені мелі аднолькавую праграму, было відавочнай спробай АБСЭ прадэманстраваць тое, што яна робіць усё магчымае, каб гэты дыялёг пачаўся, і каб было прасоўваньне да перамоваў.

Але я бачу тут, што воля апазыцыйнай дэлегацыі да таго, каб тыя папярэднія ўмовы, якія былі прад’яўленыя першапачаткова, выконваліся – яна даволі цьвёрдая гэтая воля. І ўсе гэтыя штучныя просьбы, мне здаецца плёну ня мелі.

Фактычна, гэтыя дзьве дэлегацыі асобныя. У іх абсалютна розныя пазыцыі, пазыцыі ясныя, што для групы апазыцыйных палітыкаў, што для групы Сазонава.

Напрыклад, тая сытуацыя з выкананьнем пратаколу пра доступ апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Гэтая сытуацыя зразумелая што апазыцыйным паітыкам, што групе Сазонава. Там было шмат сытуацыяў, калі гэта становішча станавілася вельмі відавочным, бо пра гэта часта ішла размова пад час сустрэчы што апазыцыянэраў, што групы Сазонава. Вось спадар Шушкевіч можа пра гэта вельмі добра расказаць”.

(Шушкевіч: ) “Вы ведаеце, там узьнікла такое пытаньне, калі старшыня Камітэту ў правох чалавека АБСЭ запытаўся ў Сазонава, што вам перашкаджае выканаць тыя прапановы, якія вы самі ўнесьлі, і на якія пагадзілася апазыцыя? Ён адказаў: тэхнічнае разуменьне, журналісты, тут, тое-сёе. Той сказаў: “Ведаеце, я працаваў у журналістыцы, працаваў 20 гадоў. Але я вас зразумець не магу”.

І Сазонаву больш не было чаго сказаць. І тады ён запытаўся ў мяне што да чаго. І мы павінны былі канстантаваць, што (гэта ўзгодненая пазыцыя ўсёй нашай дэлегацыі) рэжым прызнае, што ён парушае правы чалавека, рэжым прызнае, што ён не дапускае нас да сродкаў масавай інфармацыі, якія аплочваюць тыя падаткаплацельшчыкі, якія і за нас галасавалі. Рэжым фактычна прызнае, што ён не надзяліў ніякімі паўнамоцтвамі Сазонава і ягоную групу.

Мы сказалі так: давайце мы пагодзімся з гэтым, і гэта будзе першым крокам насустрач. І рэжым адразу адступіў, таму што ён шалёна баіцца праўды, надрукаванай у выданьнях у Беларусі і паказанай па беларускаму тэлебачаньню, альбо перададзенай па беларускаму радыё праўды аб сабе – гэта страх для яго вялікі”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, у Стамбуле Вы маглі некалькі дзён адпачыць ад беларускага тэлебачаньня, і я хачу вам распавесьці, што асноўная інфармацыйная праграма “Панарама” зноў аднавіла той зьдзеклівы тон, калі распавядала пра паездку апазыцыйных палітыкаў у Стамбул. Нібыта дзяржаўныя СМІ пасьля падпісаньня пратаколу мелі нейкую такую паўзу ў сваіх зьнявагах, але цяпер, апошнімі днямі, зноў як спусьціліся з тармазоў. Пры гэтым яны падкрэсьліваюць, што сябры апазыцыйнай дэлегацыі ў Стамбуле пазьбягалі кантактаў з журналістамі беларускага тэлебачаньня.

(Шушкевіч: ) “Ніякіх кантактаў мы ні зь кім не пазьбягалі. Больш за тое, да нас зьвярнуліся і прадстаўнікі прэзыдэнцкай вэртыкалі. Але яны ўнесьлі такія прапановы, якія паказвалі, што яны па патэрналісцку да нас ставяцца, што яны як бы старэйшыя браты, якія могуць нам сказаць, як мы павінныя сябе паводзіць.

Мы сказалі, што мы згодныя на любыя кантакты, але, прабачце, як сябе паводзіць, як ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, мы ведаем самі і мы адмовіліся ляцець зь імі на адным самалёце назад. Гэта была прапанова таго ж самага Лукашэнкі. Ён шукае цяпер прымірэньня, таму што разумее, што ад яго адвярнулася ўся Эўропа.

Ён жа ня змог сустрэцца ні з адным эўрапейскім дзеячом больш-менш прыстойнага ўзроўню. Заўважце, ні адзін кіраўнік эўрапейскай дзяржавы, ні адзін прэм’ер-міністар, ні адзін важкі сябра дэлегацыі не пагадзіўся, ня гледзячы на ўсе захады Латыпава, Сазонава і таго ж самага Шыпука – ніхто не згадзіўся зь ім сустракацца. А ў нас не было праблемаў з гэтымі сустрэчамі”.

(Цыганкоў: ) “Але якраз дзяржаўныя СМІ цяпер пэдалююць тое, што Лукашэнка, ну там кажуць, на некалькі хвілінаў, але змог пагаварыць з Клінтанам”.

(Шушкевіч: ) “Вы ведаеце, уся гэтая хэўра была мабілізаваная на тое, каб прайсьці насустрач Клінтану. Клінтан, як ветлівы чалавек, з усімі прывітаўся, але ж ні словам не абмовіўся з гэтай кампаніяй. Я ня ведаю пра што была сустрэча. Добры дзень – больш нічога”.

(Цыганкоў: ) “Якія беларускія СМІ былі прадстаўленыя ў Стамбуле, якая была атмасфэра і ўмовы для працы акрэдытаваных журналістаў?”

(Жданко: ) “Зь беларускіх сродкаў масавай інфармацыі я ведаю, што былі прадстаўленыя: беларускае тэлебачаньне, а ў склад дэлегацыі ўваходзіў Павал Якубовіч – рэдактар газэты “Советская Белоруссия”. Зь іншых сродкаў масавай інфармацыі (недзяржаўных) тут ніхто ня быў прадстаўлены, апроч карэспандэнта Радыё Свабода. Я думаю, што прычына тут галоўным чынам эканамічная, бо гэтыя выданьні павінны былі самі фінансаваць свой прыезд у Стамбул і працу ў Стамбуле.

Магу сказаць, што вельмі вялікая была дэлегацыя ад Чачэнскай рэспублікі, ад недзяржаўных арганізацыяў, але і ад дзяржаўных, якія прадстаўлялі прэзыдэнта Масхадава. Яны тут спрабавалі весьці шырокую агітацыйную кампанію сярод прадстаўнікоў іншых краінаў – наладжвалі прэсавыя канфэрэнцыі, распаўсюджвалі матэрыялы, відэа-матэрыялы, матэрыялы на кампакт-дысках пра тое, што робіцца ў Чачні, што робіць там сёньня расейская армія. Яны спрабавалі данесьці праўдзівую інфармацыю пра трагэдыю чачэнскага народу”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, чачэнская тэма пераважала на саміце. Ці не здаецца, што міжнародная сытуацыя гэтым разам была ня вельмі спрыяльнай для беларускіх апазыцыйных сілаў. Той факт, што беларускае пытаньне ў выніковых дакумэнтах стамбульскага саміту было закранутае 22-м пунктам, можа быць, якраз і гаворыць, што прыблізна там зараз месца Беларусі ў прыярытэтах эўрапейскіх палітыкаў. Дык, ці не здаецца, што Чачня засланіла Беларусь на саміце ў Стамбуле?”

(Шушкевіч: ) “Вы ведаеце, Чачня – гэта боль, гэта – гібель тысячаў мірных людзей. Я ня ведаю, як вырашыць чачэнскае пытаньне і баюся, што гэта цяжкое пытаньне і для Расеі і для Эўрапейскай Супольнасьці.

І таму, сапраўды, на фоне гэтага пытаньня, калі ў нас гінуць толькі тыя, хто прапалі бязь вестак, калі ў нас зьневажаюць людзей, кідаюць іх у турму па палітычных меркаваньнх, прабачце, у дадзены момант, на фоне чачэнскага пытаньня, гэта не такое крывавае пытаньне як чачэнскае.

Але тое, што яно на другім месцы пасьля гэтай крыві, пасьля гэтай зьнявагі чалавечай годнасьці, пасьля гэтага зьнішчэньня мірных грамадзянаў, мне здаецца, гэта больш чым знакавы паказчык. Мы ня можам не пагадзіцца з такім падыходам. Таму што перш за ўсё трэба шанаваць жыцьцё многіх людзей, і таму чачэнскае пытаньне было галоўным. А беларускае пытаньне было фактычна на другім месцы.

Мне здаецца, што больш важкай заявы па Беларусі, чым зробленая ў Стамбуле, быць не магло. І трэба нашым кіраўнікам, іхным паплечнікам і іхным хаўрусьнікам задумацца над тым, што, відавочна, час стаць на пазыцыі закону, дэмакратыі і правоў чалавека, час вярнуцца на пазыцыі Канстытуцыі 1994 году, і час правесьці нармальныя выбары ў нармальны парлямэнт адразу пасьля выбараў прэзыдэнта, таму што прэзыдэнт у нас незаконны. Гэта, фактычна, зразумела сёньня ўсім”.

(Цыганкоў: ) “Але наконт гэтага 22-га пункту фінальнае рэзалюцыі, дзе гаворыцца пра Беларусь, ёсьць ужо такія скептычныя меркаваньні, паводле якіх там няма нічога новага. І спадар Максімюк ужо гаварыў пра гэта. Зноў падкрэсьліваецца неабходнасьць дыялёгу, ушаноўваюцца намаганьні кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ, але ня ўзгадваюцца парушэньні правоў чалавека, ну і, бадай, самая рашучая заява ў гэтым пункце: “Мы настойваем на неабходнасьці ўхіленьня перашкодаў на шляху да дыялёгу праз павагу да прынцыпаў законнасьці і свабоды сродкаў масавай інфармацыі”.

(Шушкевіч: ) “Гэта выказваньне надзеі на тое, што нецывілізаваныя захады нашага рэжыму можна яшчэ трансфармаваць у цывілізаваныя; што ёсьць цывілізаванае выйсьце з гэтага агіднага становішча у якім знаходзіцца Беларусь.

Заўважце, дакумэнты ў АБСЭ прыймаюцца кансэнсусам, аднагалосна. І тое, што наш рэжым, заўважце, пагадзіўся з тым, што ў нас існуюць такія важкія праблемы, дзеля якіх сьпецыяльна створаная кансультатыўна-наглядальная група. Ён жа ж мог сказаць, што яна нам не патрэбная, што мы ўжо ўцямілі, што і як трэба рабіць. А рэжым сёньня павінен пагадзіцца, таму што АБСЭ пачынае дзейнічаць больш рашуча.

І тое, што, фактычна, не пусьцілі, у адрозьненьне ад іншых прэзыдэнтаў, нашага былога прэзыдэнта, які цяпер выдае сябе за прэзыдэнта, на спатканьне з кіраўнікамі дзяржаваў, з прэм’ер-міністрамі альбо з важкімі асобамі, гэта азначае так, што мы не прызнаём цябе чалавекам, які мае права ўзначальваць такую краіну як Беларусь. Гэтая цывілізаваная заява менавіта аб гэтым”.

(Максімюк: ) “Я думаю, што ўсё ж такі Беларусь на саміце ў Стамбуле была значна далей, чым на другім месцы, таму што найбольш увагі саміт прысьвяціў якраз праблемам Бальканаў і былой Югаславіі, потым праблемам, якія перажывае Каўказ.

Гэта ня толькі Чачня (хаця і Чачні таксама было шмат месца адведзена), гэта таксама сытуацыя ў Грузіі і ў Абхазіі. Пры тым, там яшчэ шмат гаварылася пра сытуацыю ў Цэнтральнай Азіі, хаця, фармальна, краіны Цэнтральнай Азіі да АБСЭ не належаць, а проста супрацоўнічаюць. І недзе там, на месцы чацьвертым ці пятым, згадвалася Беларусь.

Парадаксальна рэйтынг беларускага пытаньня на саміце павысіў сам Лукакшэнка, які ў часе выступу даў рэпліку на папярэднія выступленьні польскага прэзыдэнта Аляксандара Квасьнеўска і літоўскага прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. Я думаю, калі б ня гэтае выступленьне, дык увогуле беларуская праблема на саміце была б, прынамсі што тычыцца афіцыйных выступленьняў, была б прадстаўленая даволі бязколерна”.

(Цыганкоў: ) “Сярод тых гучных заяваў, якія пасьпеў зрабіць Аляксандар Лукашэнка за кароткі час свайго выступленьня на саміце, можна, бадай, выдзеліць і ягоныя словы аб правядзеньні ў наступным годзе ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў. Лукашэнка запрасіў назіральнікаў ад усіх краінаў-удзельніцаў саміту для таго (цытую) “каб вы пераканаліся, што выбары гэтыя – вольныя, справядлівыя, якія адпавядаюць сучасным патрабаваньням”. Як можна расцаніць гэтую заяву, і ці сьхільныя Вы ёй верыць?”

(Шушкевіч: ) “Тое, што верыць я ня схільны – гэта адно. Але другое, самае галоўнае, тое, што выбары па тым законе і па той так званай канстытуцыі, якая цяпер пануе ў Беларусі, ня маюць ніякага сэнсу. Таму што паводле гэтых так званых дакумэнтаў, гэтай канстытуцыі 96-га году, гэта – ганьба для нашага народу, нашай дзяржавы.

Фактычна, калі пераказаць сэнс гэтай канстытуцыі, гэта так, што прэзыдэнт мае права на ўсё, а парлямэнт мае права даваць парады прэзыдэнту, ні больш ні менш. Таму што дакрэты прэзыдэнта, указы прэзыдэнта набываюць сілу закону.

Такога няма ні ў адной дзяржаве. Гэта асуджана ўсімі эўрапейскімі кампэтэнтнейшымі юрыдычнымі камісіямі. І Эўропа гаворыць: зьмяніце сваё заканадаўства, зрабіце яго дэмакратычным, і тады маюць сэнс выбары.

А Лукашэнка, фактычна, зьдзекуецца над імі, калі гаворыць: мы правядзём выбары ў той парлямэнт, які ня мае ніякай улады. І таму гэта – чарговы цынізм, які не падтрымлівае ні адна краіна Эўропы.

Ну, калі лічыць эўрапейскай краінай Расею, то толькі яна падтрымлівае, пагаджаецца з тым. Таму што ёй вельмі зручна мець такога рахманага, такога падатлівага так званага прэзыдэнта ў Беларусі, які выконвае ўсе пажаданьні расейскага боку.

І цяпер ён кажа: я іду на вольныя выбары, я раблю выгляд, што я дэмакратычны. Прабачце, гэта – глупства. Па сур’ёзнаму рахунку гэта проста зьдзек над беларускасьцю, над беларускім народам, над беларускімі прынцыпамі, над беларускай талерантнасьцю.

Парлямэнт, абраны па так званай канстытуцыі 96-га году, ня мае ніякай улады і ня трэба ісьці на гэты крок. Гэта адназначная думка аб’яднанай апазыцыі”.

(Максімюк: ) “Фактычна, у Беларусі можна зрабіць цяпер дэмакратычныя выбары. Калі ідзецца пра працэдуры, іх можна зрабіць супэрдэмакратычнымі, але, ясная справа, што гэтыя дэмакратычныя выбары не пабольшаць дэмакратыі ў краіне, паколькі можна прыняць такі выбарчы закон, які адрэжа доступ, дарогу апазыцыі да ўдзелу ў гэтых выбарах.

Па-другое, так, як сказаў спадар Шушкевіч, выбары ў недэмакратычны ворган, які ня мае ніякіх такіх, фактычна, заканадаўчых правоў, яны зьяўляюцца пародыяй на дэмакратыю. Я думаю, АБСЭ добра сабе здае справу з таго, што такое Нацыянальны сход Беларусі, што такое Палата прадстаўнікоў, хаця я асабіста ніколі ня чуў ад афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ, каб яны менавіта давалі зразумець, што выбары маюць адбывацца ў нейкі іншы ворган, чымсьці Нацыянальнае сабраньне, створанае пасьля 96 году.

Я думаю, тут АБСЭ паставілася даволі такі стрымана, пакідаючы размову пра выбарчы закон, а таксама пра ворган, у які будуць праводзіцца Парлямэнцкія выбары, для вырашэньня паміж апазыцыяй і ўладамі”.

(Цыганкоў: ) “Самая няўдзячная справа рабіць прагнозы, але якога працэсу разьвіцьця стамбульскага саміту можна чакаць у бліжэйшыя тыдні і месяцы ў сувязі зь перамовамі, у сувязі з разьвіцьцём беларускай сытуацыі?”

(Шушкевіч: ) “Нам трэба чакаць, што ў бліжэйшыя дні беларускі рэжым, які незаконна пануе ў Беларусі, але які мы хочам вывесьці на цывілізаваны шлях узгадненьня пазыцыяў, прызнаў тое, што ён абавязаўся прызнаць.

Ён сам падцьвердзіў, што хоча даць доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Ён сам сьцьвярджае, што ў нас няма палітзьняволеных. Няхай ён неадкладна вызваліць Чыгіра. Няхай ён дасьць інфармацыю аб тым, куды падзеліся Ганчар, Захаранка, Вінікава.

Мы ж не патрабуем ад рэжыму даць дакладную інфармацыю, дзе яны, а мы патрабуем, каб рэжым паказаў, што мабілізаваныя ўсе даступныя рэжыму сродкі на тое, каб высьветліць гэтую сытуацыю. А рэжым хлусіў і працягвае хлусіць, што гэта – нейкія выбрыкі апазыцыі. І таму мы спадзяёмся, што саміт у Стамбуле падштурхне рэжым да таго, каб ён стаў крышку больш цывілізаваным, хаця гэта вельмі цяжка для яго, таму што цемрашальства тут бярэ, пакуль што, верх”.

(Максімюк: ) “Я думаю добра было б, каб цяпер беларуская апазыцыя, так як яна выступае адзіным фронтам перад міжнароднай супольнасьцю, вярнуўшыся з саміту ў Беларусь, такім самым адзіным фронтам выступіла ў сваёй краіне.

Пастановы саміту, між іншым той пункт, які датычны Беларусі, добра было б, каб беларуская апазыцыя данесла людзям на месцы.

Менавіта тое, што адбываецца на самых вяршынях міжнароднай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, яно таксама павінна даходзіць нескажоным выглядзе да беларускага народу”.

Віталь Цыганкоў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org