RFE/RL |
Праект пабудовы новага газаправоду праз Беларусь: назад, у Расею, ці наперад, у Эўропу.Удзельнікі: прэзыдэнт беларускага дасьледчага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка і аналітык нашага радыё Ян Максімюк. (эфір 29.10.2000). Аўтар і вядучы Юры Дракахруст. Вакол праекту новага газаправоду, які пройдзе з Расеі праз Беларусь, абмінаючы Украіну, сутыкнуліся інтарэсы Масквы і Кіева, Варшавы і Заходняй Эўропы. А якія выгоды прынясе ён Беларусі? І што такое наогул гэты праект – узмацненьне ўплыву Расеі ці першае сутыкненьне Беларусі з ХХІ стагодьдзем, з глябалізацыяй? Гэтыя тэмы за “круглым сталом” “Праскага акцэнту” абмяркоўваюць прэзыдэнт беларускага дасьледчага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка і аналітык нашага радыё Ян Максімюк. (Дракахруст: ) “На мінулым тыдні расейская кампанія Газпрам падпісала пагадненьне з буйнымі нямецкімі, французкімі і італьянскімі кампаніямі наконт пабудовы новага газаправоду. Гэты газаправод мусіць стаць адгалінаваньнем ад газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа” і ісьці праз Беларусь, Польшчу, Славаччыну ў Заходнюю Эўропу, абавязкова абмінаючы Ўкраіну. Пляны пабудовы гэтага газаправоду яшчэ некалькі месяцаў таму сталі прадметам жорсткіх геапалітычных сутычак. У ліпені міністар эканомікі Польшчы Янош Штайнгоф паведаміў, што Варшава заблякуе гэты праект, бо ён нанясе шкоду Украіне, якая з’яўляецца стратэгічным партнэрам Польшчы. У сваім перадавым артыкуле “Газэта выборча” адзначала тады, што “Незалежнасць Украіны – ключавы элемент стабільнасьці гэтага рэгіёну Эўропы”. На думку газэты , расейскі праект абыходнага газаправоду стварае пагрозу ўкраінскай незалежнасьці. Варта адзначыць, што палітычныя асьпекты сваёй ініцыятывы не хаваў і расейскі бок. Рэм Вяхіраў – кіраўнік Газпраму, заявіў, што такім чынам Расея забівае двух “зайцоў”: атрымлівае грошы за газ і добры сродак ціску на Украіну. Польшчы пры гэтым прапаноўваецца “пернік” – толькі за транзыт газу праз новую магістраль яна будзе атрымліваць па мільярду даляраў штогод. Але ёсьць і бізун.
І ўжо зараз прэзыдэнт Поьшчы Квасьнеўскі гаворыць не пра адмову ад праекту ў прынцыпе, а толькі пра неабходнасць далучэньня да яго Украіны. У адрозненьне ад Варшавы і Кіеву афіцыйны Менск новую ініцыятыву Газпраму горача вітае. На Ваш погляд, што ён можа прынесьці Беларусі? (Заіка: ) “Трэба сказаць, што праз Беларусь традыцыйна ідуць шляхі газавага транзыту і ў параўнаньні з Украінаю Беларусь больш надзейны партнэр. Зараз Беларусь практычна можа плаціць за той газ, што яна купляе. Пасьля таго, як усталявалася расейская цана 30 даляраў за тысячу кубічных мэтраў, узнікла сытуацыя патэнцыйна поўнай плацежаздольнасьці Беларусі. Украіна ня зможа гэтага зрабіць на працягу бліжэйшых 10 гадоў. Таму і праект будуецца такім чынам, каб абыйсьці Украіну і забясьпечыць сабе ўстойлівае паступленьне валюты. Мае падлікі паказваюць, што пры новых зьніжаных коштах на газ Беларусь мае штогод 840 мільёнаў даляраў чыстага даходу. Калі будзе ісьці новы газаправод, будзе шанец узняць пытаньне пра падвышэньне тарыфу за пракачку газа. Пакуль гэта можа і заўчасна, але калі на ўсясьветных рынках цэны на газ пойдуць угару, можна будзе цалкам эканамічна абгрунтавана ўзьнімаць такое пытаньне. Гэтую велічыню можна супаставіць з тымі грашыма, якія спадзяецца атрымаць Польшча за аплату транзіту газу - да мільярду даляраў штогод. Праэкт, пра які мы вядзем гаворку, выгадны ўва ўсіх адносінах. Беларускі бок зацікаўлены ў яго рэалізацыі. Я мяркую, што ён будзе рэалізаваны ў любым выпадку. У палітычным пляне пытаньне Украіны, якую Польшча называе сваім стратэгічным партнэрам, ідзе настолькі, наколькі трэба вытрымаць пэўныя правілы гульні. І Квасьнеўскі, і іншыя кіраўнікі Польшчы разумеюць, што ім прыйдзецца крыху паступіцца новымі абавязкамі, што вынікаюць з “трохкутніка” стратэгічнага партнэрства “ЗША-Польшча-Украіна”. Эўропе зараз патрэбныя энэрганосьбіты, нафта падаражэла і гэта паказала, што зараз патрэбная рэструктурызацыя рынку энэргарэсурсаў. Яны зараз зьбіраюцца пакупаць удвая больш газу”. (Дракахруст: ) “Сп-р Ян, а як мяркуеце Вы?” (Максімюк: ) “Гэта той праект, дзе палітычныя і эканамічныя інтарэсы Беларусі і Украіны разыходзяцца. Для Беларусі безумоўная тут толькі прамая карысьць. Зараз Расея прадае ў Заходняю Эўропу недзе 120 мільярдаў кубамэтраў газу, 108-110 мільярдаў кубамэтраў праходзяць праз Украіну і толькі 10-12 – праз Беларусь. Калі пабудуецца газаправод, пра які мы гаворым, тады транзыт газу праз Беларусь павялічыцца недзе ў 6 разоў. Так што Менск павінен быць зацікаўлены, каб такі праэкт зьдзейсьніўся. Украіна заяўляе, што калі крыху мадэрнізаваць украінскую сетку газаправодаў, празь яе можна будзе прапускаць не 110 міяльрядаў кубамэтраў газу, а 160-170. Кіеў кажа, што ня варта ўкладаць шалёныя грошы, каб пабудаваць новы газаправод, варта ўкласьці меншыя грошы ў мадэрнізацыю ўкраінскага газаправоду. Але нават калі гэты праект будзе здзейсьнены, Украіну немагчыма адключыць ад транзыту расейскага газу. Як я ўжо сказаў, “Ямал-Заходняя Эўропа” – гэта толькі 65 мільярдаў кубамэтраў газу, а праз Украіну праходзіць зараз амаль удвая больш. Нядаўна прэзыдэнт Кучма сказаў, што каб пазьбегнуць палітычнага ціску на Украіну з боку Расеі, Украіна мусіць стаць сумленым партнэрам. Гэтым усё сказана. Масква абвінавачвае Кіеў, што той незакона адпампаваў за 2 апошнія гады расейскага газу на мільярд даляраў. І будуючы новы газаправод праз Беларусь, “Газпрам” хоча націснуць на Кіеў, каб згандляваць сабе найлепшыя ўмовы транзыту газу праз Украіну”. (Дракахруст: ) “Сп-р Ян, у адным з Вашых артыкулаў, прысьвечаных гэтай праблеме, Вы напісалі : “Калі Ўкраіна пазбавіцца прыбыткаў ад транзыту расейскага газу, яна стане такой жа залежнай ад Расеі палітычна і эканамічна, як цяперашняя Беларусь”. Але калі абярнуць вашае меркаванне, можа меркаваць , што, атрымаўшы гэты транзыт, Беларусь можа стаць такой жа незалежнай ад Масквы, як цяперашняя Украіна. Ці ня так?” (Максімюк: ) “Украіне раней ці пазней прыйдзецца расплочвацца і за ранейшыя пазыкі, і за будучае спажываньне газу. Масква зараз прапануе Ўкраіне , каб усе гэтыя пазыкі камэрцыйных структураў Кіеў прызнаў як дзяржаўную пазыку. Потым гэтую пазыку можна было б канвэртаваць у каштоўныя паперы, за якія можна было б набываць уласнасьць ва Ўкраіне. Тэарэтычна гэта й няблага. Але мы бачым розьніцу паміж прыватызацыяй, якая праводзіцца ў краінах Заходняй Эўропы, і крымінальнай прыватызацыяй паводле расейскай мадэлі. Ёсьць небясьпека, што Ўкраіна будзе спрыватызаваная такім чынам, і не атрымае ад гэтага вялікай карысьці. Для Польшчы, як і для Беларусі, гэты праэкт карысны, гэта дадатковыя даходы. Але Польшча, прынамсі, на словах падтрымоўвае Ўкраіну, бо шмат палітыкаў у Польшчы лічаць, што адной з гарантыяў таго, што Польшча ізноў не апынецца ў расейскай сьфэры ўплыву, ёсьць існаваньне палітычна і эканамічна незалежнай Украіны. Варшава разумее, што рэалізацыя такога праэкту азначае для Ўкраіны. І таму Польшча шукае магчымасьці, каб далучыць да гэтага праекту Украіну”. (Дракахруст: ) “У выніку рэалізацыі гэтага праэкту Беларусь атрымае вялікую “трубу” ў адрозненьне ад той малой, на якой яна зараз “сядзіць”. Гэта – пэўнае ўзмацненьне яе залежнасьці ад Масквы, але і Масквы ад яе. Як зьменіцца унутры- і зьнешнепалітычнае становішча Беларусі са зьяўленьнем гэтай вялікай “трубы?” (Максімюк: ) “Гэтая вялікая “труба” запрацуе ў лепшым выпадку гадоў праз пяць. Але безумоўна роля Беларусі як дзяржавы, што ляжыць на шляху гэтай “трубы”, узрасьце. Тады беларускі урад, дамовіўшыся з украінскім, зможа нават шантажаваць Маскву. У Расеі ўзьнікне больш пільная неабходнасць, каб кожны новы беларускі урад быў ляяльны да Масквы”. (Заіка: ) “Я крыху паўтару свайго партнэра па дыскусіі. Украіна ў бліжэйшыя гады ня зможа аплочваць свой энэргабалянс. Украіна была і будзе залежная ад расейскіх энэргарэсурсаў. Шляхі і газаправоды ляжаць па ўсёй Эўропе. Гэта нармальны працэс узаемазалежнасьці нацыяў. Ён будзе разьвівацца ў межах глябалізацыі . Для Беларусі больш важна знайсьці свае інтарэсы, каб гэты праэкт зьдзейсьніўся. Ёсьць жа іншыя праэкты. Ёсьць праэкт пракладкі газаправоду праз дно Балтыйскага мора. Канкуруючай сілай з’яўляецца нафтавае лёбі. Павелічэньне спажываньня газу будзе азначаць зніжэньне прыбаткаў нафтавых кампаніяў, у першаю чаргу расейскіх. “Газпрам” узмацніць свае пазыцыі і ў Польшчы, і ў Беларусі, і ў Эўропе. Тыя групоўкі расейскага капіталу, што бліжэй да газавага лёбі, будуць мець больш істотны ўплыў на кожнае беларускае, польскае ці украінскае кіраўніцтва”. (Дракахруст: ) “Я дазволю сабе зрабіць падсумаваньне гэтай часткі дыскусіі. Відавочна, што гэты праэкт стане “падушкаю” для той улады, якая існуе ў Беларусі і, магчыма, будзе існаваць і да таго часу, калі вялікая “труба” запрацуе. Тымі грашыма, што будзе атрымліваць Беларусь, можна будзе “заткнуць” шэраг эканамічных “дзірак”. Другі момант – адвечная запазычанасьць Беларусі, якую Масква часам выкарыстоўвае дзеля ціску на афіцыйны Менск. Гэты доўг проста зьнікне ці істотна скараціцца. Трэці момант адзначыў сп-р Максімюк. Масква заўсёды была зацікаўленая ў ляяльнасьці беларускага ураду. Але ў сувязі з гэтым праектам гэтая зацікаўленасьць істотна ўзрасьце, бо ад ляяльнасьці будуць залежыць ня толькі нейкія геапалітычныя інтарэсы Расеі, якія можна трактаваць па-рознаму, а лёс велізарных грошай. У рэчышчы гэтых расейскіх стратэгіяў я прасіў бы вас параўнаць сытуацыі з трубаправоднымі сеткамі ў Беларусі і на Украіне. Падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы прэзыдэнтаў Пуціна і Кучмы Ўкраіна пайшла на сур’ёзныя саступкі Расеі. У прыватнасьці, Кіеў пагадзіўся перадаць Газпраму частку акцыяў карпарацыі Укртрансгаз, у якую ўваходзяць украінскія газаправоды. Пакуль аналягічнае беларускае прадпрыемства “Белтрансгаз” знаходзіцца ва ўласнасьці Беларусі, але і транзыт газу праз Беларусь – параўнальна невялікі. Ці ня можа здарыцца так, што калі гэты транзыт у сувязі з пабудоваю новага газаправоду істотна ўзрасьце, у Расеі ўзьнікне спакуса атрымаць “Белтрансгаз” у сваю ўласнасць, каб забясьпечыць сябе ад розных нечаканасьцяў?” (Заіка: ) “Гэта – даўняя тэма дыскусіяў паміж беларускім і расейскім бакамі. Але давайце разгледзім пытаньне з двух бакоў. Сама па сабе Белтрансгаз Беларусі не патрэбны, бо без расейскіх радовішчаў ён нічога сабой не ўяўляе. Ён пакуль – сродак дзеля таго, каб атрымліваць прымальны тарыф за перакачку. Парадокс: калі Беларусь праз стварэньне саюзу згандлявала сабе расейскія цэны і купляе газ не па 80 даляраў, а па 30 (суседняя Літва купляе па 80 даляраў за 1000 кубамэтраў), то плата за перакачку газа ўжо ня мае істотнага значэньня. Газаправоды патрабуюць пэўных фінасавых укладаньняў. З пункту гледжаньня нашых інтарэсаў будзе лепш, калі гэты Белтрансгаз будзе прыватызаваны, і будзе працаваць як прыватная карпарацыя. І хто будзе ўласьнікам – немцы, ангельцы, расейцы – гэта ужо ня мае значэньня. Хай працуе капітал, хай прыносіць прыбытак, плоціць падаткі краіне і ўсё будзе выдатна. Мы жывем ў ХХ стагодьдзі, мы не жылі ўва ўмовах глябалізацыі”. (Дракахруст: ) “А як мяркуеце Вы, сп-р Ян?” (Максімюк: ) “Зацікаўленасьць Расеі ў тым, каб атрымаць Белтрансгаз, узрасьце, але я б пагадзіўся са сваім прадмоўцам, што пры нармальных эканамічных адносінах, пры ўключэньні гэтай газаправоднай сістэмы ў глябальную эўрапэйскую сістэму, ня варта баяцца прыватызацыі. Што тычыцца Украіны, я мяркую, што Кіеў будзе ўпарціцца і не пагодзіцца з перадачай Газпраму кантрольнага пакету акцыяў, бо пакуль дзяржава трымае гэта ў сваіх руках, то мае ад гэтага вялікія даходы, у тым ліку і нелегальныя. Цяжка сказаць, хто адказны ва Ўкраіне за крадзеж расейскага газу, але я мяркую, што ня толькі “алігархі”, але й чыноўнікі. Ім цяжка зьмірыцца з думкаю, што калі ўся газаправодная сістэма трапіць у прыватныя рукі, усе гэтыя нелегальныя даходы зьнікнуць”. (Дракахруст: ) “Я б хацеў адштурхнуцца ад слова “глябалізацыя”, што прагучала ў выступе сп-ра Заікі. Падаецца, што ў сувязі з пабудоваю новага газаправоду Беларусь упершыню наўпрост сутыкнулася з гэтай самай глябалізацыяй. Прыгадаем – калі напачатку гэтага праэкту Польшча выказвалася супраць яго, спрабуючы абараніць інтарэсы саюзнай Украіны, расейскія камуністы казалі, што Варшава праводзіць лінію Захаду на абмежаваньне Расеі. А рэчаіснасьць аказалася зусім іншай. Кансорцыюм, у які ўвайшлі і Газпрам , і Рургаз – гэта новая палітычная сіла, і старшыня Эўракамісіі Продзі, які ўхваліў гэты праэкт, проста палітычна “праштампаваў” рашэньне транснацыянальных карпарацыяў. У рэчышчы гэтай новай сітуацыі падаецца, што геапалітычныя катэгорыі, якімі аперавала Варшава, – гэта катэгорыі ХХ стагодьдзя, таго стагодьдзя, якое сыходзіць. Якія наступствы будзе мець для Беларусі гэтае сутыкненьне з ХХІ стагодьдзем?” (Максімюк: ) “Я лічу, што для Беларусі гэта – станоўчая зьява. Беларусь – замкнёная дзяржава, і ня толькі ўлада, але і апазыцыя ўяўляюць сабе краіну, якая абставілася межавымі слупамі і сьцеражэ свой суверэнітэт. Але сёньня самае вызначэньне суверэнітэту зьмяняецца, уплыў на эканамічную і палітычную сытуацыю пачынаюць рабіць ня тыя, хто кіруе войскам, а хто мае капітал”. (Заіка: ) “Калі мы аналізавалі інфраструктуру эўрапэйскіх магістраляў – труба- і газаправоды, шашы, высьветлілася, што Беларусь апынулася па-за межамі распрацовак гэтых магістраляў з Поўначы на Поўдзень і з Захаду на Ўсход. Але, дзякуючы гэтаму праекту, Беларусь патрапіла ў гэтую сетку. Беларусь выпала з сучаснага эўрапэйскага разьвіцьця. Але жыцьцё настолькі аб’ектыўна і жорстка падштурхоўвае ўсе краіны да таго, каб яны знаходзілі новую формулу свайго ўдзелу ў эўрапэйскіх праэктах, што якія б ні былі выказваньні беларускіх лідэраў наконт таго, што “мы ня пойдзем за цывілізаваным сьветам”, гэтыя выказваньні ня маюць ніякай сілы, бо рэальная эканоміка, рэальныя міжнацыянальныя інтарэсы, інтарэсы транснацыянальных карпарацыяў, разбураюць гэтыя старыя палітычныя стэрэатыпы”. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |