RFE/RL |
Масавыя акцыі як тэатр і як рэчаіснасьць.Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч і Сьвятлана Навумава. (эфір 08.10.2000) Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст (Дракахруст: ) “Мы прыходзім у тэатр і чуем, як малады актор, наш сучасьнік, кажа, прыкладам: ”Я – Кастусь Каліноўскі!” Але ж ён хлусіць – Кастусь Каліноўскі пакараны сьмерцю больш за сто гадоў таму. Тым ня менш, мы настолькі прызвычаіліся да ўмоўнасьцяў тэатру, што ня тое, што не абражаемся, а нават атрымліваем задавальненьне ад гэтага “падману”. Палітычны тэатр таксама грунтуецца на пэўных умоўнасьцях. Часам афіцыйныя газэты, робячы выгляд, што не разумеюць гэтага, пішуць: “Навошта тыя мітынгі – ці можна на іх вырашыць набалелыя праблемы?” Мітынгі, сапраўды, зьбіраюцца не для ўсебаковага спакойнага абмеркаваньня праблемаў. А для чаго ж яны зьбіраюцца? Валер, Вашае меркаваньне? (Карбалевіч: ) “Спачатку мы адзначым, што мітынгі, шэсьці, як сродак палітычнай барацьбы, выкарыстоўваюцца ўва ўсіх краінах. Але ў дэмакратычных дзяржавах мітынгі – гэта другасная форма, гэта – выключэньне з правілаў. Там існуюць нармальныя, інстытуцыянальныя, легітымныя мэханізмы, пры дапамозе якіх грамадзства можа ўзьдзейнічаць на ўладу. Зусім іншая справа – недэмакратычнае грамадзства. Там легальныя мэханізмы адсутнічаюць. І грамадзству нічога не застаецца, як выкарыстоўваць па-за-інстытуцыянальныя формы: мітынгі, пікеты, шэсьці, страйкі, галадоўкі. Таму мітынгі і шэсьці – гэта вельмі прыкменты, яскравы паказчык недэмакратычнасьці дзяржавы, палітычнай сыстэмы. У пастсацыялістычных краінах пэрыяд мітынговай дэмакратыі быў у 1989-1991 гадох, у Беларусі, дарэчы, таксама. Пасьля гэтага былі створаныя дэмакратычныя інстытуты, мітынгі скончыліся і супрацьстаяньне перайшло ў парлямант і іншыя прадстаўнічыя ворганы. У Беларусі мітынгі ізноў зьявіліся як сродак палітычнай барацьбы і сталі масавымі з 1996 году, калі ізноў пачалася згортвацца дэмакратыя. І ў апошнія гады толькі Беларусь і Югаславія былі адметныя сваімі масавымі акцыямі. Ва ўмовах недэмакратычнай дзяржавы вулічныя акцыі выконваюць некалькі функцыяў: спроба данесьці да ўлады свае праблемы, якія ігнаруюцца ўладаю, абараніць інтарэсы пэўнай часткі грамадзства – напрыклад, страйкі прадпрыймальнікаў у Беларусі, форма аб’яднаньня прыхільнікаў, сродак натхненьня сваіх прыхільнікаў, сродак узьдзеяньня на астатнюю частку грамадзства, якая захоўвае нэўтралітэт у палітычнай барацьбе, і, нарэшце, сродак дэлегітымізацыі рэжыму. Заўважце, чаму ўлады так баяцца публічных акцыяў, нават невялікіх. Напярэдадні 8 кастрычніка ўлады забаранялі акцыі пратэсту супраць недэмакратычных выбараў, хаця ведалі, што на іх зьбярэцца няшмат людзей. Чаму? Аўтарытарная ўлада прэтэндуе на тое, каб гаварыць ад імя ўсяго грамадзства, і апазыцыя, паводле яе словаў, гэта “невялічкая купка”. Як казаў Лукашэнка на зьезьдзе Саветаў: ”Беларуская апазыцыя па ўсёй краіне – гэта адзін-два дзесяткі чалавек”. І любыя публічныя акцыі пратэсту, нават малалікія, разбураюць гэтую канцэпцыю”. (Дракахруст: ) “Сьвятлана Андрэеўна, а якое Вашае меркаваньне?” (Навумава:) “Акцыi пратэсту на самой справе iснуюць i ў межах дэмакратычнага разьвiцьця. Дастаткова прыгадаць анты-глябалiзатарскiя вулiчныя акцыi ў ЗША i ў iншых краiнах. Гэта таксама былi акцыi пратэсту i масавыя дзеяньнi, якiя ў прынцыпе адбывалiся ў межах дэмакратычных працэсаў. Мiтынг – гэта заўсёды альбо пратэст, альбо падтрымка, прычым, вельмi кароткi пратэст i вельмi кароткая падтрымка – гэта кароткае пасланьне. Мiтынг заўсёды будуецца вакол вельмi ляканiчнага паведамленьня: “Мы за нешта” цi “Мы супраць нечага”. Сапраўды, на мiтынгу абмяркоўваць аргумэнты “за” цi “супраць” чагосьцi бессэнсоўна. Важна зрабiць гэтае пасланьне – пасланьне свайму народу, пасланьне уладам. У гэтым – дзейснасьць мiтынгаў, менавiта таму iх баяцца улады, бо гэта цалкам сымбалiчная акцыя. Палiтыка – гэта наогул сымбалiчная прастора. Мiтынг – гэта сымбаль, сымбаль пратэсту, магчыма, iншых пачуцьцяў, напрыклад, падтрымкi. Тут мы павiнны прыгадаць, што сымбаль заўсёды выклiкае вельмi моцныя эмоцыi ў грамадзстве. Да сымбаляў нельга ставiцца рацыянальна.У гэтым небясьпека такога роду акцыяў для ўлады”. (Дракахруст: ) “Ва ўсім сьвеце (ня толькі ў Беларусі) маніфэстанты заўсёды імкнуцца праводзіць свае акцыі ў пэўных мейсцах гораду. Так, у Менску арганізатары акцыяў заўседы імкнуцца патрапіць на Плошчу Незалежнасьці, і кожны раз абураюцца, калі іх заганяюць на плошчу Бангалор. Але, здаецца, якая розніца, дзе зьбірацца – дарэчы, вакол плошчы Бангалор стаяць шматпавярховыя дамы, а на плошчы Незалежнасьці – толькі адміністрацыйныя будынкі, так што гледачоў на Бангалоры якраз больш, чым каля дому ўраду. А тэлежурналістам наогул ўсё роўна, дзе здымаць. Але маніфэстанты часам гатовыя біцца з міліцыяй, каб патрапіць на плошчу Незалежнасьці. А ўлада чамусьці ўпарта не пускае маніфэстантаў туды, куды яны хочуць. Хаця, здавалася б: выйдуць яны на плошчу Незалежнасьці, і што – улада падзе? Чаму гэтаму надаецца такая ўвага? Як Вы лічыце, Сьвятлана Андрэеўна?” (Навумава:) “У пляца Незалежнасьцi ў Менску ёсьць свая гiсторыя. Гэта ў тым лiку i найноўшая гiсторыя, калi на пляцы Незалежнасьцi адбывалiся масавыя, вельмi натхняльныя акцыi пратэсту ў часы перабудовы. Апроч таго, на пляцы iснуе таксама сымбаль улады – гэта дом ураду. Заўважце, дэманстранты не iмкнуцца iсьцi да рэзыдэнцыi прэзыдэнта, хаця iх “пасланьне” накiраванае часьцей за ўсё менавiта прэзыдэнту i супраць прэзыдэнта. Яны iдуць на пляц Незалежнасьцi, бо для беларусаў сымбаль улады – гэта Дом ураду, якi быў цэнтрам улады i ў савецкiя часы, нездарма перад Домам ураду стаiць галоўны помнiк Ленiну ў Беларусi. I там найлепшае мейсьца, каб сказаць, што мы пратэстуем супраць гэтай улады ў Беларусi, гэта самае зручнае для гэтага мейсьца”. (Дракахруст: ) “Валер, Вам слова”. (Карбалевіч: ) “Улада мае ня толькі канкрэтных носьбітаў, але і канкрэтнае мейсца, дзе гэтыя носьбіты знаходзяцца. Таму натуральна, што свае патрабаваньні трэба несьці менавіта да таго мейсца, дзе знаходзіцца ўлада, а не на ўскраіну гораду. Увесь сэнс вулічнай акцыі ў яе публічнасьці, сэнс мае тая акцыя, якую ўбачыць максымальная колькасьць людзей. А максымальная публічнасьць – у палітычным цэнтры краіны. Ёсьць яшчэ і эфэкт тэлебачаньня. Калі людзі бачаць, што маніфэстантаў пусьцілі на плошчу Незалежнасьці, з гэтага робіцца выснова, што маніфэстанты – сапраўдная сіла”. (Дракахруст: ) “Мне здаецца, што калі маніфэстанты прад’яўляюць свой пратэст з мейсца, якое ў масавай сьвядомасьці атаясамляецца з уладаю, яны і самі ў сымбалічным сэнсе робяцца ўладаю. Сьвятлана Андрэеўна, Вы сказалі, што масавая акцыя – гэта пасланьне. А пасланьне каму ў першую чаргу: уладам, астатнім людзям, якія не ўдзельнічаюць у акцыі, самім сабе?” (Навумава:) “Тут варта спытаць – з чыйго пункту гледжаньня гэта пасланьне. Калi Вы самi – удзельнiк мiтынгу, а я мяркую, шмат хто з тых, хто нас слухае, неаднойчы ўдзельнiчалі ў мiтынгах, гэта незвычайнае пачуцьцё яднаньня часта пераконвае удзельнiкаў, я ужо не кажу пра прамоўцаў, у тым, што гэта – пасланьне сьвету. Энтузiязм вельмi вялiкi i здаецца, што ў гэты момант мы гаворым ўсiм, як раней казалi, “усiм людзям добрай волi”. Калi ж мы назiраем за мiтынгам звонку, часта здаецца, што гэта пасланьне перш за ўсё самiм удзельнiкам мiтынгу, і, зразумела, перш за ўсё насельнiцтву, якое глядзiць на мiтынг падчас яго правядзеньня цi па тэлебачаньнi. Калi справа даходзiць да мiтынгаў, то аргумэнты прыхiльнiкаў i працiўнiкаў улады ўжо даўно i добра вядомыя, i iм няма сэнсу абменьвацца “пасланьнямi”, функцыя iнфармаваньня тут зусiм непатрэбная. Таму, хутчэй за ўсё, гэта пасланьне сваiм патэнцыйным прыхiльнiкам”. (Дракахруст: ) “Заўсёды пасьля масавых акцыяў іх арганізатары і ўлады “гуляюць у лічбы”. “Нас было шмат, – кажуць арганізатары, – ажно, прыкладам, 50 тысячаў”. “Ды не, – кажуць улады, – сабралося толькі, прыкладам, 3 тысячы”. Хаця гэтыя спрэчкі падаюцца, на першы погляд, недарэчнымі: і 3, і 50, і 100 тысячаў – усё роўна гэта мізэрная частка насельніцтва краіны, нават насельніцтва гораду, дзе адбываецца акцыя. Чаму лічбы зьяўляюцца такімі важнымі для актораў палітычнага тэатру? Валер, як Вы лічыце?” (Карбалевіч: ) “Лічбы ўдзельнікаў вулічных акцыяў – гэта пэўны паказчык узроўню легітымнасьці палітычных сілаў, якія выйшлі на вуліцу, гэта паказчык узроўню іх падтрымкі з боку грамадзства. Гэтыя лічбы адыгрываюць прыкладна такую ж ролю, як колькасьць галасоў, пададзеных на выбарах, альбо рэйтынг у сацыялягічных апытаньнях. Колькасьць удзельнікаў масавай акцыі – гэта ня толькі паказчык легітымнасьці апазыцыі, але і паказчык дэлегітымізацыі ўлады”. (Дракахруст: ) “Вам слова, Сьвятлана Андрэеўна”. (Навумава:) “Колькасны фактар сапраўды вельмi важны. Зразумела, што лiчбамi манiпулююць i тыя, i iншыя. Камусьцi трэба сказаць, што “нас было больш”, камусьцi – што “iх было меньш”, хаця тут ёсьць часам i дабрасумленныя памылкi. Калi чалавек знаходзiцца ў цэнтры вялiкай супольнасьцi (ня буду казаць “натоўпу”), яму здаецца, што людзей больш, чым гэта выглядае звонку. Так што тут ёсьць пэўныя асаблiвасьцi чалавечага ўспрыйманьня. Колькасны фактар у масавых акцыях надзвычай важны. Чым большая колькасьць удзельнiкаў, тым хутчэй гэтая колькасьць павялiчваецца. “Ядро” масавай акцыi мусiць пашырыцца да пэўных межаў, пасьля гэтага пачынае “абрастаць” народам вельмi хутка. Адбываецца пералом ў сьвядомасьцi староньніх нэўтральных назiральнiкаў, у якiх зьяўляецца гатоўнасьць далучыцца. Вялiкая колькасьць манiфэстантаў на вулiцах сапраўды робіцца сымбалем масавага непадпарадкаваньня. Паглядзiце: дагэтуль, рыхтуючы “Маршы Свабоды”, беларуская апазыцыя выкарыстоўвае фатаздымкi “Чарнобыльскага шляху” 1996 году – адной з самых масавых i натхняльных акцыяў таго часу. Гэта было мора людзей на праспэкце Скарыны. Гэтыя фатаздымкi ў мяне, і, мяркую, ня толькi ў мяне, выклiкаюць прылiў хваляваньня. Вялiкая колькасьць людзей нараджае ў сьвядомасьцi нават староньняга назiральнiка адчуваньне сiлы i салiдарнасьцi. I гэта можна назваць натхняльным прыкладам. Зразумела, вулiчная акцыя мусіць быць масавай, толькi тады яна мае сэнс”. (Дракахруст: ) “Падчас адной з масавых акцыяў у Менску я быў сьведкам жартаўлівай, але вельмі зьмястоўнай размовы двух удзельнікаў. “Пойдзем уладу браць”, – сказаў адзін.“А гэта дзе?” – запытаў другі. А сапраўды, улада – гэта дзе? Ці гэта наогул нейкае мейсца? Прыкладам, калі маніфэстанты нават трапяць у будынак, дзе сядзіць улада, ці стануць яны ўладаю? Валер, як Вы лічыце?” (Карбалевіч: ) “Улада мае свае атрыбуты. Гэта могуць быць скіпэтр, карона, “чорная валізка” з ядзернымі кодамі. Будынак улады таксама зьяўляецца такім сымбалем, ён заўсёды атаясамляецца з самой ўладаю. У газэтах часта пішуць “ Белы дом (ці Крэмль, ці Елісейскі Палац) прыняў нейкае рашэньне”. І ўсе разумеюць, што размова ідзе ня ўласна пра будынак, а пра ўладу. Невыпадкова сымбалямі рэвалюцыяў сталі штурм Бастыліі ў Францыі і Зімняга палацу ў Расеі. Акрамя сымбалічнага боку, захоп будынку ўлады часта зьяўляецца і важным матэрыяльным фактарам заваёвы ўлады, ён можа суправаджацца арыштам ці адхіленьнем ад улады былога кіраўніцтва, ці пазбаўленьнем яго сродкаў сувязі зь іншымі дзяржаўнымі ворганамі. Прыгадаем, як члены ГКЧП адхілілі ад улады Гарбачова ў Фаросе. Проста адключылі тэлефон”. (Дракахруст: ) “Мы ведаем пра досьвед “аксамітных” рэвалюцыяў ва Ўсходняй Эўропе, калі масавыя выступы народу зьмяталі аўтарытарныя рэжымы. На нашых вачох такая ж рэвалюцыя адбываецца ў Югаславіі. Але што значыць “зьмятаюць уладу”? Не было ж так, што маніфэстанты фізычна захоплівалі прадстаўнікоў улады і кідалі ў вязніцу? У самых масавых акцыях бярэ ўдзел невялікая, параўнальна з усім насельніцтвам, колькасьць людзей, часьцей за ўсё яны не нясуць для ўлады ніякай фізычнай пагрозы. І тым ня менш, нямала выпадкаў, калі масавыя, мірныя прычым, акцыі, прыводзілі да падзеньня ўлады, нават дыктатарскай? Чаму? Якім чынам вулічны пратэст трансфармуецца ў палітычныя зьмены? Сьвятлана Андрэеўна, Вам слова”. (Навумава:) “Калi Вы прыгадалi “аксамiтныя” рэвалюцыi, я хачу сказаць, што самы пiк гэтай рэвалюцыi , калi стары ўрад сыходзiць – гэта перш за ўсё маральная перамога, перамога сiлы духу народу, калi яна робiцца больш сур’ёзнай, чым сiла зброi цi пагроза зброяй. Гэты якасны пераход у iншы якасны стан, пераход колькасьцi ў якасьць, як нас вучылi яшчэ па Гэгэлю. Ён адбываецца тады, калi вулiчная акцыя ператвараецца ў кампанiю грамадзянскага непадпарадкаваньня. Зараз у сувязi з падзеямi ў Югаславii мы мусім прыгадаць, што гэта такое – кампанiя грамадзянскага непадпарадкаваньня. Прыгадваецца, як пра гэта гаварылi ў 60-я гады ў межах антываеннага руху: “Вы абвесьцiце вайну, а на яе нiхто ня прыйдзе”. У гэтым – сутнасьць кампанii грамадзянскага непадпарадкаваньня. Вы будзеце нешта нам загадваць, а мы ня будзем гэтыя загады выконваць. Самое “ядро” манiфэстантаў, як зараз ў Белградзе, яно вельмi шматлюднае, вулiцы гораду з цяжкасьцю выносяць такую колькасьць людзей, якiя выйшлi за сваiх дамоў. Але Вы маеце рацыю – гэта малая частка насельнiцтва. Але сiла духу тых, хто знаходзiцца на вулiцы, i моц iх пратэсту такая вялiкая, што астатнiя ўключаюцца ў кампанiю грамадзянскага непадпарадкаваньня: яны ня ходзяць у школу, на працу, яны зачыняюць свае крамы, яны фактычна не выконваюць нiякiя рашэньнi ўладаў”. (Дракахруст: ) “Валер, а як мяркуеце Вы?” (Карбалевіч: ) “У крытычныя, пераломныя моманты гісторыі лёс грамадзства вырашае актыўная меньшасьць, найбольш дынамічная, пасіянарная частка грамадзства, яе актыўныя дзеяньні. І тут мы ізноў мусім вярнуцца да паняцьця легітымнасьці. Нагадаем, што легітымнасьць – гэта згода грамадзства падпарадкоўвацца ўладзе. Калі казаць проста, яна складаецца з двух чыньнікаў. Першае – гэта матэрыяльная сіла, з дапамогай якой улада можа прымусіць людзей. Другое – гэта пэўная ідэя, якая кансалідуе, з дапамогай якой улада аб’ядноўвае народ. Гэтая ідэя можа быць клясавай, рэлігійнай, нацыянальнай (як тое было ў Югаславіі пры Мілошавічы), ці ідэяй стабільнасьці, на якую робіць націск сучасная беларуская ўлада. Масавыя публічныя акцыі пратэсту азначаюць, што насельніцтва адмаўляецца падпарадкоўвацца ўладзе. Масавае непадпарадкаваньне разбурае ідэю кансалідацыі нацыі вакол улады, адбываецца працэс дэлегітымізацыі рэжыму. І ўлада добра адчувае гэтую небясьпеку”. Вёў праграму
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |