RFE/RL |
Перамовы ўлады й апазыцыіУдзельнікі: дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка. (эфір 22.08.1999). Аўтарка й вядучая Алена Радкевіч. Тэма перамоваў улады й апазыцыі была на гэтым тыдні ў цэнтры ўвагі палітыкаў і сродкаў масавае інфармацыі, прычым актыўна абмяркоўвалі яе і незалежная, і афіцыёзная прэса. Незалежна ад інтанацыяў выказваньняў, тое, што афіцыйны друк і тэлевізія так актыўна гавораць пра будучыя перамовы, сьведчыць, што ўлада вымушаная сур’ёзна ставіцца да цяперашняе сытуацыі і ва ўмовах пасьля 20 ліпеня не наважваецца ігнараваць парады, якія гучаць з боку эўрапейскіх структураў. Але што кардынальна могуць зьмяніць у беларускай рэчаіснасьці гэтыя перамовы, якіх вынікаў можна чакаць ад іх, і якіх вынікаў чакае кожны з бакоў? На гэтую тэму мы будзем гутарыць з нашымі сёньняшнімі суразмоўцамі: дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Анатолем Лябедзькам, старшынём Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком, намесьнікам старшыні БНФ Вінцуком Вячоркам. Якімі вам бачацца рэальныя мэты перамоваў? У асноўных палажэньнях плятформы апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі напісана: “Мэта перамоваў – аднаўленьне мінімальнага ўзроўню даверу паміж палітычнымі суб’ектамі ў краіне, вызначэньне ролі будучага парлямэнту, правядзеньне свабодных і справядлівых парляманцкіх выбараў у 2000 годзе”. Гучыць прыгожа, але я нездарма, задаючы пытаньне, ужыла слова “рэальныя”. Якімі вам бачацца ўсё ж рэальныя вынікі гэтых перамоваў? Да чаго яны могуць прывесьці?” (Лябедзька: ) “Я магу толькі паставіць свой подпіс пад тым, што было Вамі адзначана…” (Вядучая: ) “Ну, ён там і стаіць…” (Лябедзька: ) “Так, ён там і стаіць. Па-другое, натуральна, што зьяўюляючыся вялікім прыхільнікам перамоўнага працэсу, у той жа час я зьяўляюся вельмі маленькім аптымістам у адносінах да вынікаў перамоўнага працэсу. Я думаю, што для апазыцыі будзе рэальным вынікам, калі перамоўны працэс будзе сарваны па віне грамадзяніна Лукашэнкі, і гэта будзе зафіксавана ў рэзалюцыі міжнародных структураў, як гэта было ў 97-м годзе, калі Эўразьвяз прыняў рэзалюцыю, у якой канстатаваў, што, на вялікі жаль – у той час прэзыдэнт – Лукашэнка сарваў перамоўны працэс. Я думаю, вось гэта – тая задача-мінімум, якая стаіць перад намі”. (Вядучая: ) “А што гэта зьменіць у цяперашняе сытуацыі ў Беларусі?” (Лябедзька: ) “Гэта, магчыма, і ня зьменіць рэальна сытуацыю ў Беларусі, але гэта значыць, што міжнародныя структуры будуць улічваць гэта ў сваёй палітыцы ў адносінах да Беларусі ў межах тых шматлікіх рэзалюцыяў (а іх было прынята больш за 20), у якіх зафіксаваны нелегітымны рэфэрэндум, прызнаньне легітымным Вярхоўнага Савету. І гэта азначае далейшую самаізаляцыю – палітычную і эканамічную – рэжыма”. (Вядучая: ) “А цяпер слова – старшыні Беларускага Народнага Фронту Зянону Пазьняку”. (Пазьняк: ) “Я думаю, што ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі да перамоваў будуць падрыхтаваныя абодва бакі. Таму што пры разумнай пастаноўцы пытаньняў, пры ясным разуменьні сваіх пазыцыяў і пазыцыяў іншага боку можна прынцыпова палепшыць сытуацыю для апазыцыі”. (Вядучая: ) “Намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка”. (Вячорка: ) “У эўрапейскай палітычнай традыцыі сынонімам слова дэмакратыя ёсьць слова выбары. Натуральна, маецца на ўвазе, што гэтыя выбары будуць свабодныя, дэмакратычныя, роўныя паводле ўмоваў для ўсіх іхных удзельнікаў. І ў гэтым сэнсе, пасьля таго, як рэйтынг Лукашэнкі быў заняпаў (а ён заняпаў у самым пачатку альтэрнатыўнае прзыдэнцкае кампаніі ўвесну сёлета. Заняпаў уваччу яго верных прыхільнікаў. І гэта здарылася з псыхалягічных прычынаў – выявілася, што іхны кумір баіцца вольных выбараў) – дык вось у гэтым сэнсе, як ні парадаксальна, але патрабаваньне вольных выбараў (неістотна, якіх – парляманцкіх ці прэзыдэнцкіх) і адмова ад такіх выбараў з боку рэжыму азначае псыхалягічны пройгрыш рэжыму і далейшы заняпад лукашэнкавага рэйтынгу”. (Вядучая: ) “Усе ўдзельнікі нашай гутаркі выказаліся адносна мэтаў, якія ставяць перад сабой удзельнікі перамоваў з боку апазыцыі. А якія, ў такім выпадку, мэты можа ставіць перад сабою бок улады? Якія мэты ставіць перад сабой Лукашэнка, апрэч тых, пра якія ўжо сказаў Зянон Пазьняк – “пацягнуць час”? Калі так, выглядае, ягоная мэта ім дасягаецца: удзельнікі перамоваў ідуць на гэтыя доўгія зацяжныя перамовы і ён у любым выпадку аказваецца ў выйгрышы…” (Лябедзька: ) “Я так ня думаю, што Лукашэнка будзе ў выйгрышы – калі ён пойдзе нават на імітацыю перамоўнага працэсу. Справа ў тым, што міжнародная супольнасьць недвухсэнсоўна заявіла, што на перамовы адводзіцца пэўны час: да канца сёлетняга году. І менавіта ў гэтым прамежку мы мусім убачыць рэальны пазытыўны вынік. Калі яго ня будзе, то на гэтым перамоўны працэс можа скончыцца, і прадстаўнікі міжнароднае супольнасьці зьбяруць чамаданы і зьедуць зь Беларусі. Я думаю, што Лукашэнка ўсё ж ткі больш зацікаўлены калі не ў самім перамоўным працэсе, то ў імітацыі перамоўнага працэсу. Справа ў тым, што ён сёлета й налета пазбаўляецца 1,5-2 мільярдаў даляраў, якія ён звычайна атрымоўваў з Расеі – там пачынаюцца выбары, і гэтыя грошы зноўдуць сабе рэалізацыю ў Расейскай Фэдэрацыі. Калі дадаць да гэтага складаную сытуацыю ў сельскай гаспадарцы, дзе – ў лепшым выпадку – ураджай будзе на ўзроўні 65-70% да леташняга, то рэальныя грошы Лукашэнка можа атрымаць толькі на Захадзе. Таму ён зацікаўлены, каб да яго было калі не пазытыўнае, то нейкае нэўтральнае стаўленьне. З другога боку, я хацеў вярнуцца троху назад і сказаць, што я не разглядаў бы такі сцэнар перамоўнага працэсу, як адзіны. На мой погляд, мы мусім быць фундатарамі двух праэктаў: перамоўны працэс і так званая “аксамітная рэвалюцыя” – гэта значыць, праца на вуліцы, праца з нашым народам. І гэтыя два праэкты, яны дадаюць адзін аднаго – толькі ў такім комплексе мы можам разьлічваць ня толькі на вырашэньне задачы мінімум, але й максімальных мэтаў”. (Вядучая: ) “А зараз я даю слова Зянону Пазьняку. Зянон Станіслававіч, Вы ўжо кранулі пытаньне – якім чынам гэта можа быць выгадна Лукашэнку. Але вы таксама сказалі пра тое, што апазыцыйны бок мусіць вылучыць шэраг умоваў. І гэтыя ўмовы ўсё ж вылучаныя. Яны зафіксаваныя ў плятформе палітычных партыяў. Скажыце, калі ласка, у Вас ёсьць крытычныя заўвагі адносна гэтае плятформы?” (Пазьняк: ) “Я лічу, што апазыцыя – нацыянальна-вызвольная апазыцыя, Народны Фронт у першую чаргу – падрыхтавалася да перамоваў нездавальняюча. І ў цэлым, усё, што зроблена на сёньняшні дзень – вельмі нездавальняюча. Лукашэнка ставіць задачы пацягнуць час, каб паказаць перад Захадам, што ён пайшоў на перамовы, і што ён павярнуўся да Захаду тварам. З другога боку, ён хоча пацягнуць час, каб праводзіць сваю палітыку ў дачыненьні да Расеі ды ў дачыненьні да нутраных праблемаў. Але ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі сур’ёзна да гэтага падыйдзе апазыцыя, наколькі дакладна вызначыць мэты, і дакладна паставіць умовы. Вось гэтае дакладнасьці няма. Я б сфармуляваў умовы такім чынам: пачаць трэба з вызначэньня таго, што ёсьць апазыцыя, якія партыі могуць удзельнічаць і на якой плятформе – таму што ў Беларусі ёсьць дзьве апазыцыі. Гэта нацыянальна-вызвольны рух, нацыянальна-вызвольная апазыцыя, якая мае свае крытэрыі, і апазыцыя дэмакратычная, якая фактычна выяўляе погляды каляніяльнае адміністрацыі, толькі з апазыцыйнага боку. Далей я лічу, што суб’ектамі перамоваў мусяць зьяўляцца палітычныя партыі, якія знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму, маюць структуры або фракцыі. Добрая ідэя мандату на ўдзел у перамовах. Але мандат мусіць даваць выканаўца абавязкаў прэзыдэнта – Сымон Шарэцкі. Гэта ў сыстэме беларускае ўлады адзіная цалкам легітымная фігура, на сто адсоткаў. Што датычыць групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету, то яны могуць вылучыць свайго прадстаўніка, але – ані кіраваць працэсам, ані, тым болей, зацьвярджаць прадстаўнікоў. Наступны момант, вельмі істотны: Народны Фронт мусіць выступаць за выбары ў аднапалатны парлямэнт, 50 : 50, паводле новага закону аб выбарах, які прыняты адмыслова створаным канстытуцыйным ворганам. Перамовы – гэта кампраміс, а кампраміс не адбываецца за кошт прынцыпаў. Таму нельга будзе гуляць толькі на чужым полі або на сваім полі – трэба ствараць трэцяе поле. І пытаньні тэрміналягічныя маюць значэньне: калі нехта з удзельнікаў ужо выступаў і казаў, што, магчыма, мы прымем і дзьвюхпалатны парлямэнт, і г.д. – гэта значыць, што будзе поўнае фіяска. Таму што дзьвюхпалатны парлямэнт адлюстраваны ў Нацыянальным Сходзе. Я лічу, што мусіць быць створаны адмысловы канстытуцыйны ворган, і гэта будзе тэма асобных перамоваў. Гэты ворган мусіць прыняць два законы: аб выбарах у Вярхоўную Раду, і аб Вярхоўнай Радзе. І наступнае, вельмі йстотнае: самі ўмовы, на якіх можна ўдзельнічаць у перамовах. На першае мейсца я паставіў бы пытаньне аб спыненьні палітычных перамоваў і дзеяньняў па інтэграцыі з Расеяй. Гэтае пытаньне – да рэжыму. Таму што, калі апазыцыя будзе займацца перамовамі аб выбарах, а рэжым у гэты час будзе “інтэгравацца”, то можа так аказацца, што апазыцыя апынецца ў такім стане, калі дзяржавы ўжо ня будзе, калі ўжо будзе зусім іншая палітычная сытуацыя – апазыцыя будзе займацца “ерундой”. Спыніць усе гэтыя дзеяньні й працэсы “інтэграцыі”. (Вядучая: ) “Зянон Станіслававіч, я яшчэ дам вам слова, каб Вы маглі разьвіць сваю думку, а пакуль я хачу даць слова іншым нашым суразмоўцам, і ў прыватнасьці Вашаму ж намесьніку па Фронту, Вінцуку Вячорку…” (Вячорка: ) “Я зьвярну ўвагу, што Лукашэнка й збудаваная ім уладная вэртыкаль сьпяшаецца – тое, што “палаты” распачалі інтэнсыўную падрыхтоўку да прыняцьця выбарчага Кодэксу і псэўдадэмакратычны антураж, спэктакаль з запрашэньнем асноўных палітычных партыяў да ўдзелу ў распрацоўцы або рэцэнзаваньні гэтага выбарчага Кодэксу, і робленае, удаванае абурэньне з прычыны таго, што аніводная з асноўных рэальных апазыцыйных партыяў у гэтым не пагадзілася ўдзельнічаць – паказвае, што ў рэжыму ёсьць свой арсэнал тарпэдаваньня таго працэсу, які цяпер прынята называць “Бухарэсцкім”. Зазначу, што слабасьць пазыцыі Лукашэнкі з гледзішча міжнароднага права пазбаўляе яго рэальнае магчымасьці весьці якія б там ні было паважныя гульні на інтэграцыйным полі. І нашая задача – не дапусьціць, каб падчас усіх гэтых перамоваў, ці імітацыі перамоваў, ці падрыхтоўкі перамоваў нейкім чынам, явачным парадкам легітымнасьць Лукашэнкі ўзмацнілася. А ён, відавочна, так і разглядае сваю магчымую згоду ўдзельнічаць у перамоўным працэсе, як свайго роду дадатковы мандат яму, як нефармальнае, паціху, прадоўжваньне ягоных паўнамоцтваў з гледзішча міжнароднага права – з гэтым мы не пагаджаемся”. (Лябедзька: ) “На мой погляд, мы мусім абавязкова ўлічваць існуючыя рэальнасьці. Па-першае, перамоўны працэс – гэта пункт у міжнародным парадку дня, і гэта складная частка агульнаэўрапейскае палітыкі ў адносінах да Беларусі. І мы мусім успрыймаць гэта, як рэальна йснуючы факт, як нішу, якая абавязкова будзе кімсьці занятая. І на гэтым этапе, калі йдзе вельмі складаная палітычная гульня, з рознымі камбінацыямі – мы мусім прысутнічаць у гэтым працэсе. Па-другое, плятформа, якая зьяўляецца кампрамісам сямі палітычных партыяў -- гэта не “бэтонная пляцоўка”. Яна на працягу часу яшчэ будзе карэктавацца і ўдакладняцца. Па-трэцяе, я хацеў бы адзначыць, што рэакцыя Лукашэнкі – гэта лякмусавая папера на тыя ці іншыя дзеяньні беларускае апазыцыі. Вось гэты крок – тое, што менавіта Вярхоўны Савет будзе зацьвярджаць склад дэлегацыі, які папярэдне ўзгоднены з палітычнымі партыямі – мне падаецца моцным палітычны крокам. Таму што, калі інфармацыйныя праграмы вылучаюць па 15-20 хвілінаў на камэнтар гэтага факту, прычым гэта ўсё робіцца нэрвова – значыць, мы йдзем у слушным кірунку. Чацьвертае: я б зыходзіў з таго, што на сёньняшні дзень Вярхоўны Савет – гэта адзіная легітымная ўладная структура ў Беларусі. І гэта прызнаецца міжнароднай супольнасьцю. І я думаю, што Вярхоўны Савет – гэта моцны палітычны козыр, які трэба беларускай апазыцыі скарыстоўваць. І апошняе: на мой погляд, на перамовах мусіць быць прадстаўлена палітычная апазыцыя, у якой ёсьць агульныя мэты, і ў якой ёсьць агульная ўзгодненая плятформа. Вось толькі пры такіх умовах мы можам разьлічваць на станоўчы вынік. Калі на перамоўным працэсе кожная партыя будзе прадстаўленая, як асобны суб’ект, то ўсё зьвядзецца ў лепшым выпадку да рэклямы свайго таварнага знаку – АГП ці БНФ, і гэта будзе толькі на карысьць беларускаму рэжыму. Мы мусім быць на гэтым перамоўныхм працэсае, як адзіная палітычная сіла, з адным сьцягам, на якім напісана: “Беларусь, законнасьць і дэмакратыя”. Тактычная задача, якую вырашае зараз Лукашэнка – гэта разьяднаць, разьбіць агульную апазыцыю. І сёньня назіраецца не лібэралізацыя нейкіх умоваў, а наадварот, ідзе псыхалягічная атака, дзе выкарыстоўваюцца й фінансавае ўзьдзеяньне, і псыхалягічнае ўзьдзеяньне на патэнцыяльных суб’ектаў перамоўнага працэсу. Мы максімальна мусім захаваць еднасьць, якая ёсьць паміж палітычнымі партыямі”. (Пазьняк: ) “Словы ў гэтай сытуацыі анічога ня значаць, таму што, калі ацэньваць аб’ектыўна – граматна дзейнічае толькі Лукашэнка. Абсалютна граматная пастаноўка пытаньня: стварэньне новага выбарчага Кодэксу. І пытаньне будзе стаяць: паводле якога выбарчага закону, які ворган мусіць прыняць гэты закон, і, пасьля выбараў, паводле якога закону парлямэнт мусіць кіравацца. Вось рэжым на гэтае пытаньне ўжо робіць адпаведныя крокі, а з боку апазыцыі няма нават яснасьці й дакладнага разуменьня гэтых крокаў. Таму я й прапаную ў гэтай сытуацыі супрацьпаставіць сваю пазыцыю. Пазыцыя можа быць прадстаўлена так: калі рэжым хоча прыняць гэты закон “палатамі”, то апазыцыя будзе гэта прадстаўляць так, каб гэта прыняў Вярхоўны Савет; калі рэжым прадставіць свой праект закону, то апазыцыя прадставіць свой праект закону. Гэта тупіковая сытуацыя, гэта зноў жа дзеяньні на сваіх палях. Вось чаму й прапануецца, каб гэты новы выбарчы закон прыняў кампрамісны ворган – маецца на ўвазе канстытуцыйны ворган, які мог бы быць створаны пагадненьнем абодвух бакоў. Гэта быў бы кампраміс паводле тактыкі, але не кампраміс паводле прынцыпаў. Усе засталіся б пры сваім – гэта выхад. Вось гэтага выхаду апазыцыя не прапанавала. І далей, калі разьвіваць гэтую тэзу, трэба прадбачыць і тэрміналёгію – як гэта будзе называцца: закон аб Вярхоўным Савеце ці закон аб парлямэнце – гэта істотна, таму што “Вярхоўны Савет” адлюстраваны ў Канстытуцыі 94-га году, “Нацыянальны Сход” – 96-га. І невыпадкова рэжым гуляе такімі тэрмінамі – аб чым не здагадваецца апазыцыя. Калі ў гэтым ня будзе яснасьці ў апазыцыі, то справа дойдзе да таго, што паступова перамовы будуць рэдукаваныя да прызнаньня структураў, некаторых пазыцыяў, некаторых ідэяў рэжыму. І, фактычна, рэжым выйграе. І тыя людзі, якія зараз ажыцьцяўляюць як бы пасярэдніцтва ў гэтай справе – яны пойдуць на гэта. Таму небясьпека тут ёсьць, і таму, я лічу, што гэта адзін з галоўнейшых прынцыпаў, што зьмест перамоваў трэба вызначыць самой апазыцыі”. (Вячорка: ) “Лукашэнка – гэта вельмі сур’ёзны праціўнік і дэмакратыі, і беларускай незалежнасьці. Гэта пэрсаніфікацыя нэакаляніялізму, гэта чалавек, які рэалізуе ў Беларусі варыянт “бананавае рэспублікі”. Вось чаму прынцыпова важна, что нарэшце беларускія дэмакратычныя і пранезалежніцкія сілы знайшлі мэханізм, пры дапамозе якога яны могуць аб’яднацца і, адпаведна, стаць мацней. Мяне ў пэўным сэнсе цешыць тая сынхронная і ўнісонная рэакцыя афіцыёзных сродкаў інфармацыі і тых незалежных газэтаў, пра якія дакладна вядома, што яны рэпрадукуюць меркаваньне расейскіх палітычных колаў. Яны надзвычай нэгатыўна ўспрымаюць рэальныя крокі беларускіх дэмакратычных сілаў дзеля каардынацыі ў гэтым канкрэтным выпадку. Тут ня трэба мець ілюзыяў: “усе разам – гоп да кучы” – не атрымаецца. Пасьля сыходу рэжыму будзе выяўляцца адрозьненьне палітычных плятформаў, але найважнейшае для нас – пераадолець дыктатуру, пераадолець адроджаную атмасфэру таталітарызму. І тады беларуская незалежніцкая ідэя, беларуская нацыянальная ідэя рэальна будзе мець шанцы ня проста рэпрэзэнтавацца ва ўладных ворганах, а фармуляваць беларускую нацыянальную палітыку. І тое, што ўдалося знайсьці праўны мэханізм, які не аспрэчыў пакуль што афіцыйна ніхто (я маю на ўвазе фармальнае бласлаўленьне з боку Вярхоўнага Савету складу дэлегацыі, якую фармуюць паводле свайго меркаваньня палітычныя партыі) – я лічу гэта вельмі істотным крокам, бо не таямніца, што якраз легітымны Вярхоўны Савет – гэта апошняя выспачка (я кажу не пра рэальныя палітычныя ўплывы, а пра фармальную легітымнасьць) – законная, легітымная, за якую можна трымацца, на якую можна абапірацца, ведучы міжнародную палітыку ў пераадоленьні рэжыму. І тое, што ўдалося знайсьці некалькі кутніх камянёў як тэмаў перамоваў, (а, зазначу: той ворган, куды маюць адбыцца выбары, ці той спосаб, кім будзе прымацца выбарчае заканадаўства – гэта таксама тэма да перамоваў, прадмет да далейшае дыскусі) – дык вось тое, што ўдалося сфармуляваць і ўмовы, супольныя для многіх, і перадумовы – гэта вялізарны крок дзеля перадачы палітычнае волі ў беларускія рукі – ня ў рукі рэжыму, і ня ў рукі пасярэднікаў”. Алена Радкевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |