border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Праскі Акцэнт


Рэпрэсыўная сыстэма ў Беларусі.
Удзельнікі: намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка й намесьнік галоўнага рэдактару “БДГ” Валянцін Жданко.  (эфір 8.08.1999).

Аўтар і вядучы Віталь Тарас.

Тэма перадачы – рэпрэсыўная сыстэма ў Беларусі. У чым яе сутнасьць? На чым яна трымаецца? Супраць каго скіраваная? І ўрэшце рэшт – наколькі даўгавечная гэтая сыстэма ды што можна ёй проціпаставіць?

На гэтыя пытаньні мы шукаем адказу разам з намесьнікам старшыні Беларускага Народнага Фронту Юрыем Хадыкам і намесьнікам галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Валянцінам Жданком.

(Вядучы: ) “Тэма палітычных рэпрэсыяў у Беларусі, на жаль, зусім ня новая. Фактычна, не бывае дню, каб не прыйшло паведамленьне пра арышт удзельніка якога-небудзь пікету, ці санкцыянаванага мітынгу, пра парушэньне правоў грамадзянаў на свабоду слова, на абарону ў судзе й г.д. Але паспрабуйма паглядзець на тэму трошкі шырэй – будзем гаварыць ня толькі пра факты рэпрэсыяў, але ж аб рэпрэсыях як сыстэме.

Тут нам дапаможа Аляксандар Лукашэнка, які заявіў нядаўна журналістам “Я дзяржаўнік, і я за тое, каб дзяржава рэгулявала ўсе адносіны”. І далей наконт ягонай сустрэчы зь сілавымі міністрамі: “Надзвычайшчыны тут няма. Я даручаў камітэту дзяржаўнае бясьпекі яшчэ раней – напярэдадні ўсіх гэтых зварушэньняў апазыцыйных, так званай апазыцыі, адсачыць сытуацыю, дакласьці мне, што адбываецца ў рэспубліцы… Інфармацыі хапіла… Але мне патрэбная комплексная інфармацыя”. І далей Лукашэнка паабяцаў апублікаваць стэнаграму БНФ-аўскага зьезду. КГБ, паведаміў ён, займацца зараз справамі “былых паліцаяў”, ды творчай інтэлігэнцыі, якая, на ягоную думку, “заблукала”. І прывёў у прыклад, чамусьці, Ларысу Геніюш. Потым назваў сярод крымінальных справаў справу Чыгіра…

Адным словам, усё тая ж старая савецкая практыка, калі ўлада робіць выгляд, быццам палітычных рэпрэсыяў не йснуе, а ёсьць звычайныя крымінальнікі. І тым ня менш, мы будзьма гаварыць ня столькі пра асобаў, колькі пра тэндэнцыі.

І першае пытаньне – ці ёсьць палітычныя рэпрэсыі, або, скажам сілавыя мэтады вырашэньня палітычных ды эканамічных праблемаў усяго толькі праяваю аўтарытарнага стылю кіраваньня, або гэта сапраўды сыстэма?”

(Хадыка: ) “Я нагадаю, што да абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам была чатырохгадовая паўза, калі ўрад не імкнуўся выкарыстаць а ні сілу міліцэйскую, дубінкі, а ні судовыя перасьледы. Я магу гэта падцьвердзіць сваім досьведам. Мяне арыштоўвалі пасьля першага “Чарнобыльскага шляху” у 89-м годзе, у 90-м годзе нас яшчэ цягалі па судах. Але з 91-га году наступіла паўза. Выразнаю прыкметай пачатку рэпрэсыўнага стылю было славутае зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі 12 красавіка 1995 году. Ну, і пасьля гэтага ўжо пайшло-пакацілася. Зь вясны 1996 году мы бачым грубую фізычную сілу, якую ўрад лічыў, мабыць найбольш надзейным сродкам падаўленьня. Аднак, праз год, нагадаю, быў дэкрэт 5 сакавіка, і мы назіралі, які міліцыя ўсё часьцей і часьцей пазьбягала сілавога ўзьдзеяньня на мірныя шэсьці й мітынгі, але затое пачала хапаць, пачала прысуджаць неверагодныя штрафы, сярэдні памер якіх быў роўны гадавому заробку ў Беларусі. Таму паўсталі іншыя цяжкасьці ў гэтай сыстэмы, зьвязаныя з тым, што арышты маёмасьці, як гэта адбывалася з дэпутатам ВС 12-га скліканьня Сяргеем Антончыкам, выклікала абурэньне людзей, якія бачылі гэты гвалт з боку дзяржавы. І тады яшчэ адзін паварот…

Зь вясны 98-га году пачынаюць пераважаць арышты, затрыманьні, і пачынаецца тая самая тэндэнцыя, якая набыла вельмі пагрозьлівыя формы. Гэта зьнікненьне Віньнікавай, зьнікненьне Захаранкі, арышт Чыгіра. Рэпрэсыі набылі адкрыта палітычны характар і сталі выкарыстоўвацца пагрозы пасадзіць на год, на два, як гэта ўпершыню адбылося з Аляксеем Шыдлоўскім. Так што, я думаю, гэта сыстэма, і сыстэма, якая шукае такія сродкі падаўленьня апазыцыі, падаўленьня супраціву, якія б зь ейнага пункту погляду былі б максімальна эфэктыўныя. А гэта азначае толькі падаўленьне масавых выступаў пратэсту”.

(Жданко: ) “На маю думку, можна назваць дакладную дату стварэньня гэтай сыстэмы. Гэта лістапад 1996 году, рэфэрэндум, калі было скасаванае падзяленьне ўладаў, калі ўлада была сканцэнтраваная ў адных рукох. Да таго часу, ўсё-такі, можна было гаварыць пра асобныя праявы рэпрэсыўнае сыстэмы. Лукашэнка яшчэ азіраўся на Вярхоўны Савет, ён яшчэ вымушаны быў лічыцца зь іншымі рэальнымі палітычнымі сіламі краіны. Пасьля лістападу 96-га году ён стварыў сыстэму, якая дазваляла яму звонку легальна, так бы мовіць, на законнай падставе, на падставе створанага ім закону, ажыцьцяўляць любыя дзеяньні дзеля ўмацаваньня сваёй улады, дзеля змаганьня з палітычнымі праціўнікамі, з магчымымі апанэнтамі ў нутры самой улады. І менавіта з гэтага часу рэзка ўзрасла колькасьць затрыманьняў, колькасьць арыштаў, колькасьць тых, хто прыцягваўся да адказнасьці. І менавіта з гэтага часу пачынаюцца гучныя працэсы ня толькі над дзеячамі апазыцыі і над многімі фігурамі ў атачэньні самога прэзыдэнта, якія ўяўляюць або могуць уяўляць небясьпеку трываласьці ягонай улады. І з таго часу, як ён атрымаў права выдаваць дэкрэты, роўныя або большыя па сіле закону, дэкрэты, якія аўтаматычна ўваходзілі ў моц і ня мелі патрэбу ў тым, каб іх зацьвярджаў парлямант, гэтая сыстэма ўдасканальваецца. І з гэтым удасканаленьнем мы маем справу фактычна кожны дзень. Ствараюцца дэкрэты, пашыраюцца магчымасьці й паўнамоцтвы сілавых ведамстваў. Літаральна днямі мы маглі пазнаёміцца з новымі актамі такога кшталту, калі былі зьмененыя закон аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і карныя ворганы атрымалі дадатковыя паўнамоцтвы”.

(Вядучы: ) “Ясна, што рэпрэсыўная сыстэма ня можа трымацца на загадах ці жаданьнях аднаго чалавека, ці толькі на сілавых структурах. Шмат залежыць ад бліжэйшага атачэньня – у гэтым выпадку, Лукашэнкі. Пытаньне: што рухае гэтымі людзьмі? Нейкая адданасьць рэжыму, ангажаванасьць, страх? Але чаму тады імі ня рухае страх перад тым, што давядзецца некалі несьці адказнасьць за тое, што яны робяць?”

(Хадыка: ) “Я б хацеў дадаць да вельмі слушных разважаньняў Валянціна толькі адну згадку, вельмі істотную для разуменьня таго, што адбываецца ў самой Беларусі і па-за яе межамі. Нядаўні дэкрэт, які мяняе парадак працоўных узаемаадносінаў работнікаў – не грамадзянаў, але работнікаў! – на кантрактавую сыстэму, ставіць, я б сказаў, людзей, якія быццам бы валодаюць усім наборам правоў члавека, у стан цалкам залежны. Гэта толькі адзін, але вельмі істотны элемэнт той структуры рэпрэсыўнага рэжыму, які ствараецца Лукашэнкам.

А што тычыцца ягоных памагатых, супрацоўнікаў вэртыкалі, і ў першую чаргу – супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, дык паводле маіх назіраньняў, тая тактыка, якую ажыцьцяўляе апазыцыя рэжыму, прыводзіць да паступовага размываньня іхнай псыхалягічнай гатовасьці выконваць любыя загады.

Вельмі характэрнымі ў гэтых адносінах зьяўляюцца падзеі, што адбываліся ў Менску 21 ліпеня і 27-га. Міліцыя ўжо паводзіла сябе надзвычай цывілізавана. Не пускала, як раней, у ход без усялякіх падставаў сілу. Ну, перагароджвала шлях, рухала дубінкамі па тарчах, але гэта было зусім ня тое, з чым мы сутыкаліся раней. І акрамя таго, я неаднаразова рабіў заяўкі на розныя масавыя акцыі, кантактаваў потым з супрацоўнікамі і раённых і гарадзкіх аддзелаў міліцыі. Яны ў прыватных гутарках проста скардзяцца, што ім усё гэта абрыдла, і яны разумеюць усю непрыстойнасьць сваіх паводзінаў. Але міліцыя апраўдваецца толькі тым, і гэта таксама ў маіх гутарках зь імі гучала вельмі часта, што любому рэжыму спатрэбяцца сілы, якія павінны падтрымліваць парадак”.

(Жданко: ) “Я згодны з Вамі, Юры Віктаравіч, што адзінства ў самой вэртыкалі, у намэнклятуры не існуе. Але я хачу заўважыць, што існуе вельмі вялікі пласт людзей у апараце, якія ажыцьцяўляюць гэтыя карныя функцыі, сярод судзьдзяў, сярод міліцыі, якія шчыра перакананыя, што яны дзейнічаюць у адпаведнасьці з законам. Яны спасылаюцца на прэзыдэнцкія дэкрэты, на законы, створаныя на падставе ягонай канстытуцыі, і паводле гэтых законаў выходзіць, што яны як бы дзейнічаюць у адпаведнасьці з гэтымі законамі. Яны перакананыя, што ніколі не панясуць за гэта адказнасьць. Але, сапраўды, шмат тых, хто разумее, што творыць, хто разумее, наколькі брудную справу даручана ім рабіць. І вось гэтыя людзі, якія або ўсьведамляюць, у якіх мэтах іх выкарыстоўваюць, або сумняюцца ў тым, што яны робяць справядлівую справу, якая адпавядае мальным прынцыпам, іхнаму сумленьню – на гэтых людзей, сапраўды, варта спадзявацца”.

(Хадыка: ) “Я цалкам, Валянцін, з Вамі згодны. Мне таксама найбольш не падабаецца судовая сыстэма, якая існуе ў Беларусі. Менавіта суд, галоўнае прызначэньне якога, усё-такі, шукаць праўду, хутчэй за ўсё, ажыцьцяўляе волю прэзыдэнцкіх ворганаў. Я ня думаю, што яны да такой ступені неадукаваныя або ў такой ступені зацятыя, што могуць апраўдваць сябе тым, што яны выконваюць дзейныя законы. Яны ўсё ж такі разумеюць, што гэтыя законы ня маюць поўнае легітымнасьці. Асабліва пасьля 21-га гэта наогул для іх будзе цяжкая праблема. Але чым вышэй падымаешся па судовай сыстэме, тым менш гэтыя ворганы й гэтыя людзі, скажам так, адпавядаюць нармальнаму чалавечаму ўяўленьню аб тым, што суд мусіць імкнуцца да справядлівасьці”.

(Вядучы: ) “Дагэтуль мы гаварылі пра тых, хто праводзіць палітыку рэпрэсыяў, хто творыць няпраўнасьць або спрыяе гэтаму, або прыкрываецца законам. Але ёсьць, як бы, другі бок – тыя, супраць каго накіраваныя рэпрэсыі. І тут я хацеў бы заўважыць, што паасобку ахвяры рэпрэсыяў спраўляюцца з сытуацыяй у меру сваёй мужнасьці, сваіх асабістых якасьцяў. Але, на жаль, грамадзтва – бо рэпрэсыі скіраваныя ня толькі супраць асобных людзей, а супраць цэлых пластоў грамадзтва, на запалохваньне яго – грамадзтва неяк спакойна, мякка кажучы, успрымае гэтыя рэпрэсыі. І ці не правакуе гэты спакой улады на працяг палітыкі рэпрэсыяў?”

(Хадыка: ) “У нашым грамадзтве ёсьць маса рэшткаў камуністычнага сьветаўспрыняцьця, ня вытраўлены яшчэ давер да ўлады, да любой улады, толькі таму, што яна ўлада. Людзі ня хочуць думаць над вынікамі дзейнасьці гэтае ўлады, над справядлівасьцю. Ідэя правоў чалавека, пра што сьведчаць і сацыялягічныя апытаньні, хвалюе яшчэ толькі каля 25 адсоткаў жыхароў Беларусі, г. зн., – толькі кожнага чацьвертага. І таму гвалт у адносінах да іншага чалавека вельмі часта ўспрымаецца ў нашым грамадзтве абыякава. Ну, і ня трэба забывацца, што на сьвядомасьць шэраговога грамадзяніна ўзьдзейнічае гэтая сыстэматычная і пасьлядоўная прапаганда нянавісьці й злобы да апазыцыі. Але я хачу падкрэсьліць, што Беларускі Народны Фронт, нават і ў першых сваіх праграмных заявах, і ў праграме, якая была прынятая ў 1993 годзе, якая дзейнічае да сёньняшняга дню, адназначна запісаў, што Фронт адмаўляецца адказваць гвалтам на гвалт з боку ўлады.

Гэта вялікі прынцып гандзіму. Я ня ведаю лепшага, таму што рэпрэсыўнаму рэжыму найбольш эфэктыўна можа супраціўляцца менавіта рух, які не адказвае гвалтам на гвалт. Гэта патрабуе вялікай мужнасьці – можа большай нават, чым рэвалюцыянэрам, якія маюць у рукох зброю. Але ўсе гэтыя рэвалюцыйныя шляхі, яны толькі спараджаюць напружаньне ў грамадзтве”.

(Жданко: ) “Усё ж такі размова йдзе ня столькі пра гвалт, а пра формы грамадзянскага пратэсту. На вялікі жаль – давайце ўзгадаем – за мінулыя гады, нягледзячы на тое, што столькі было выпадкаў, калі людзі несправядліва цярпелі, калі былі відавочныя выпадкі гвалту над палітычнымі апанэнтамі рэжыму, пікеты, грамадзкія акцыі пратэсту ў абарону затрыманых па палітычных матывах, яны выклікалі нязначную рэакцыю ў грамадзтве. Да варотаў турмаў, у пікеты станавіліся вельмі нямногія нашыя суграмадзяне. Даводзіцца толькі шкадаваць аб гэтым, але трэба прызнаць, што ў масавай сьвядомасьці не йснуе ўсьведамленьня таго, што адбываецца. Вельмі многія вераць у тое, што сапраўды кідаюць у турмы не па палітычных матывах, не за палітычныя перакананьні й палітычныя акцыі пратэсту, а за тое, што гэтыя людзі ўчынілі нейкія крымінальныя злачынствы. Няма ўсьведамленьня таго, што заўтра гэтая ўлада прыйдзе да гэтага чалавека ў ягоную хату, абвінаваціць яго ў нейкіх неіснуючых грахах і кіне ў турму. Якое выйсьце з гэтай сытуацыі? На жаль, відавочнага й простага выйсьця я ня бачу. Відавочна, што трэба гаварыць людзям праўду пра тое, што вакол іх адбываецца”.

(Хадыка: ) “Калі дазволіце, дзьве заўвагі да разважаньняў Валянціна. Ён шмат выказвае бясспрэчнага, але толькі занадта, па-мойму, пэсымістычна. Я хацеў бы зьвярнуць увагу на два моманты. Па-першае, улада ж не абсалютна дурная – яна вельмі часта маскуе палітычныя рэпрэсыі пад крымінальныя. Гэта ня так лёгка аддзяліць – за што сеў Чыгір той самы? Міхал Мікалаевіч меў дачыненьне да грошай да таго часу, як быў яшчэ старшынём Савету міністраў. І таму тут патрэбная дакладная тлумачальная праца. А з другога боку – узгадайце: калі мы зь Сіўчыкам сядзелі ў турме, і калі да нас нельга было прычапіць ніякае фінансавае злачынства, дык людзі пратэставалі. І я спадзяюся, што зараз, калі будзе на такіх жа падставах пасаджаны Статкевіч, дык гэта будзе яснай падставаю для пратэсту. І ня так ужо шмат у нас людзей, якія безагаворачна, безаглядна вераць Лукашэнку. У Менску ягоны адмоўны рэйтынг ужо вышэйшы за яго станоўчы: недзе там трыццаць супраць дваццаці. Гэта значыць – 20 за Лукашэнку безагаворчна, 30 супраць Па краіне трошкі горш – 40-45 за Лукашэнку, а незадаволеных 20-25”.

(Жданко: ) “Юры Віктаравіч, я хачу заўважыць, што размова йдзе пра маштаб гэтых пратэстаў. Пагадзіцеся, што калі б падобнае адбывалася ў якой-кольвек іншай краіне Ўсходняй Эўропы, хоць бы ў нашых суседзяў – у Польшчы, ці ў Летуве, як у выпадку з Вамі, калі Вы відавочна па палітычных матывах былі кінутыя ў турму, дык на вуліцы гэтых краінаў, мне здаецца, выйшлі б калі ня сотні, дык дзесяткі тысячаў людзей. Усё ж такі ў нас ідзе размова пра іншыя лічбы. І гэтым мы вылучаемся на астатняй прасторы Ўсходняй Эўропы. І наперадзе ў нас вельмі вялікі, цяжкі шлях і цяжкая праца”.

(Хадыка: ) “Я магу згадзіцца з гэтым. Я ўжо зьвяртаў увагу на факт абалютна лёсавызначальны. Грамадзтва ў нас далёкае ад таго нацыянальнага адзінства, якое існуе ў тых краінах, што Вы пералічылі”.

(Вядучы: ) “Сп. Хадыка! Я хацеў бы ў сувязі з гэтым задаць такое пытаньне. Мы ведаем зь гісторыі, што дзяржавы з рэпрэсўнай сыстэмаю могуць існаваць даволі доўга. Нават калі гістарычна гэта й невялікі адрэзак – некалькі дзесяцігодзьдзяў, скажам – дык у чалавека гэта ўсё ягонае жыцьцё. Наколькі даўгавечнай здаецца Вам гэтая рэпрэсыўная сыстэма, якая існуе? На што можа спадзявацца чалавек, на што абапірацца маральна? І галоўнае – якія прагалы ў гэтай сыстэме Вам бачацца, што могуць дазволіць яе разбурыць? Ці яна сама можа разбурыцца?”

(Хадыка: ) “Лукашэнка вельмі хацеў бы, на маю думку, каб яго лічылі, у першую чаргу – ягоныя адкрытыя апанэнты, у тым ліку й незалежныя журналісты, моцным дыктатарам. На самой справе гэта, па-мойму, вельмі далёка ад праўды. Гэта даволі слабая дыктатура. Таму тэрмін ягонага ўтрыманьня каля ўлады будзе залежыць толькі ад нашай здольнасьці, здольнасьці сьвядомай апазыцыі дайсьці да людзей, дайсьці да іхных сэрцаў, розуму, да іхных вушэй, найперш. Калі ў нас падвысяццца магчымасьці прапагандысцкага ўзьдзеяньня на наша насельніцтва, то Лукашэнка нам сам дапаможа. Яго гаспадарка развальваецца. Колькі ён не друкуе грошай, людзі, усё ж такі раней ці пазьней зразумеюць, што рэальны ўзровень жыцьця абніжаецца. Падтрымка яго, якая была заснаваная на тым чаканьні справядлівасьці, якую людзі ўсклалі на яго ў 94-м годзе – усё гэта ўжо разсыпалася ў пыл. І таму я ня думаю, што наш дыктатар хоць у нейкай ступені нагадвае дыктатуру што Піначэта, што Франка, ці іншых дыктатараў, якія на працягу дзесяцігодзьдзяў трымалі сытуацыю ў сваіх краінах пад кантролем”.

(Жданко: ) “Самы відавочны адказ на пытаньне, колькі можа існаваць сыстэма – столькі, колькі Лукашэнка будзе пры ўладзе. Зьнешне, усё ж такі, на маю думку, гэты рэжым выглядае вельмі маналітным. Улада сканцэнтраваная ў адных рукох. Судовая сыстэма, карны апарат у адных рукох. Вонкава яна сапраўды вельмі трывалая, хоць на самрэч адзінства ў нутры самой намэнклятуры не йснуе. Лукашэнка сцэмэнтоўвае сваё атачэньне калектыўнай адказнасьцю, ён стварыў у нутры гэтай сыстэмы адчуваньне страху. Кожны з гэтых вэртыкальшчыкаў апасаецца паўтарыць лёс тых, хто быў адхілены ад улады, хто страціў працу, або й трапіў у турму. І гэтая сыстэма, пабудаваная на страху, яна толькі вонкава маналітная. На самой справе, у ёй адбываюцца вельмі цікавыя працэсы. Створаныя групоўкі, якія спаборнічаюць адна з адной, супрацьстаяць адна адной. Людзі, надзеленыя высокай уладаю, пішуць адзін на аднаго ананімкі, зьбіраюць кампрамат, спаборнічаюць адзін з адным, хто каго патопіць, за тое, хто бліжэй да Лукашэнкі, хто можа ўплываць на яго, уплываць на ягоныя рашэньні. І мне здаецца, што ў дадатак да тых фактараў, якія Вы назвалі, Юры Віктаравіч, гэты фактар вельмі йстотны і можа ў пэрсьпектыве вельмі йстотна паўплываць на лёс самога рэжыму Лукашэнкі. Бо ў гэтай камандзе няма адзінства, і многія ў гэтай камандзе адчуваюць ненармальнасьць сытуацыі, якая існуе сёньня і ў нутры, і адчуваюць, што ёсьць патрэба ў зьменах, і ў многіх зь іх ёсьць, у прынцыпе, рэальныя рычагі дзеля таго, каб гэтыя зьмены адбыліся. І гэтая энэргія, мне здаецца, можа быць рэалізаваная нейкім нечаканым, магчыма, для нас чынам”.

(Хадыка: ) “Тады трэба яшчэ зьвярнуць увагу яшчэ й на міжнародны фактар. Ужо два гады Лукашэнка сутыкаецца зь ізаляцыяй на міжнародным узроўні з боку дэмакратычных краінаў. Ён ня можа ня ўлічваць тых падзеяў, якія адбываліся ў Югаславіі. Гэта знакавыя падзеі, якія прадэманстравалі, што заходняя дэмакратычная супольнасьць ня можа ў пэўных выпадках мірыцца з дыктатурамі сёньняшняга гатунку, посткамуністычнага. Вельмі дрэнныя зараз пэрспэктывы ў адносінах з Масквою, таму што відавочна, што ўрад Ельцына не імкнецца дапусьціць Лукашэнку, ва ўсялякім выпадку, да парляманцк іх выбраў, да прэзыдэнцкіх выбараў і давёў яго да сытуацыі, калі ён стаў нелегітымным прэзыдэнтам і можа пра гэта нагадаць у кожны момант Хаця, канечне ж, пагроза здачы й пагроза выйсьця ад адказнасьці шляхам капітуляцыі перад Масквою застаецца”.

(Вядучы: ) “Падсумуем. Наколькі даўгавечная гэтая палітычная рэпрэсыўная сыстэма, якая існуе зараз? І што можна ёй проціпаставіць?”

(Хадыка: ) “Я думаю, што гэтае пытаньне ўжо пачало павольна вырашацца. Пачаўся так званы “бухарэсцкі працэс” – працэс перамоваў аб магчымасьці правядзеньня свабодных выбараў… у парлямант, скажам. Таму што ворган, які будзе абірацца, яшчэ аніяк ня вызначаны. І пазыцыя антылукашэнкаўскіх сілаў у тым, каб гэта ня быў у ніякім выпадку прыдуманы ім нацыянальны сход, які ня мае аніякай легітымнасьці. А гэта можа быць нейкі ворган “часовага ўжываньня”, напрыклад, які мусіць прыняць новую канстытуцыю, новы закон аб выбарах і забясьпечыць свабодныя выбары ў новую Вярхоўную Раду”.

(Жданко: ) “На шчасьце, Беларусь ня востраў. Яна разьмешчаная хоць і на ўскрайку цывілізаванай Эўропы, але ўсё ж такі ў Эўропе. У атачэньні краінаў, якія будуюць нармальную, цывілізаваную, дэмакратычную будучыню. У Беларусі ня мае пэрспэктываў дыктатарскі таталітарны рэжым. Пытаньне часу – калі ў краіне ўсталюецца нармальная ўлада, калі людзі будуць пачуваць сябе вольнымі, калі яны будуць будаваць уласнымі рукамі ўласную будучыню”.

Віталь ТАРАС
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org