border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Праскі Акцэнт


Асноўныя вынікі апошніх пяці гадоў
Удзельнікі: Юрась Хадыка, Аляксандар Сасноў, Аляксандар Фядута, Тацяна Процька і Ўладзімер Арлоў  (эфір 18.07.1999).

Аўтар і вядучы - Віталь Цыганкоў

Сёньня нашая аналітычная праграма будзе выглядаць трошку неардынарна, як, зрэшты, неардынарная і цяперашняя сытуацыя ў Беларусі -- надыходзіць 21 ліпеня -- дзень заканчэньня легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, што ў сёньняшнім выпуску Праскага Акцэнту мы паставілі задачу паспрабаваць коратка ацаніць асноўныя вынікі гэтых пяці гадоў.

Гэтаксама зразумела, што для выкананьня такой задачы традыцыйныя два-тры суразмоўцы, відавочна, недастаткова. Таму сёньня ў праграме прагучаць ажно пяць удзельнікаў -- прадстанікоў самых розных сфэраў дзейнасьці, палітыкі, эканомікі, культуры, правоў чалавека, журналістыкі.

Такім чынам, прадстаўляю нашых суразмоўцаў:
Юрась Хадыка -- намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту;
Аляксандар Сасноў -- эканаміст, былы міністар працы;
Аляксандар Фядута -- журналіст, былы начальнік управы грамадзка-палітычнае інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі;
Тацяна Процька -- старшыня Гэльсынскага камітэту
і пісьменьнік -- Уладзімер Арлоў.

Маё першае пытаньне даволі відавочнае: "Што адбылося ў Беларусі і зь Беларусьсю за гэтыя пяць гадоў? Як можна ацаніць пэрыяд кіраваньня Алякчандра Лукашэнкі? Што было негатыўнага, што вы можаце прыгадаць станоўчага? Як, па вашаму, гэты пэрыяд будзе пазначаны ў падручніках па гісторыі Беларусі, прыкладам, праз пяцьдзесят гадоў?"

(Фядута: ) "Што я магу сказаць добрага й дрэннага пра гэты час? Добрага... -- наколькі я ведаю, усё ж такі нікога не забілі, і гэта добра. Я ведаю, што Лукашэнка вельмі баіцца крыві. Ён баяўся яе ў 1994 годзе, калі йшоў да ўлады, ён баяўся яе ў 1996 годзе, калі замацоўваў сваю ўладу, рабіў яе бязьмежнай. І тое, што да гэтага часу крыві не было -- гэта вельмі й вельмі добра. Што дрэнна? Дрэнна тое, што эканоміка Беларусі, на жаль, адстае ўсё больш і больш. Празь некалькі год нам, мажліва, і сапраўды ня будзе чаго есьці... А ўжо тое, што мы пакінем нашым дзецям -- тут Аляксандар Рыгоравіч ніколі не адмыецца, бо тое, што мы зараз не атрымліваем грошы на набыцьцё новых тэхналёгіяў, тое, што мы зараз аніяк не зьвязаныя з цывілізаванай часткаю сьвету -- гэта вельмі й вельмі цяжка адаб'ецца на будучыні Беларусі. Кожны кіраўнік дзяржавы застаецца перша за ўсё дзьвюма датамі: па-першае, тым -- калі і як ён прыйшоў да ўлады, і, па-другое, калі і як ён аддаў гэтую ўладу. І таму, па-першае, Аляксандар Лукашэнка назаўжды застанецца першым дэмакратычна абраным кіраўніком Беларусі -- калі гэта была памылка, дык гэта была памылка народу, народ абраў такога кіраўніка. А што датычна таго, як Аляксандар Рыгоравіч здасьць сваю ўладу -- дык трэба пачакаць. На мой погляд, гэта будзе дастаткова хутка".

(Хадыка: ) "Самае галоўнае й самае негатыўнае -- гэта тое, што адбыўся далейшы развал гаспадаркі, і асабліва, сельскае гаспадаркі. Адбылося стварэньне карумпаванага пласту прадпрыймальніцтва, які ня мае вялікіх пэрспэктываў у дэмакратычных умовах. Станоўчае -- гэта працьверазеньне нашага насельніцтва пасьля таго пачуцьця эйфарыі, якое суправаджала абраньне Лукашэнкі ў 1994 годзе, спадзяваньня на тое, што ён "адновіць справядлівасьць", што краіна выйдзе на шлях "паступовага разьвіцьця". Ну а гісторыя... Як ацаніць гісторыю? Як пакутлівае выпрабаваньне, якое выпала ў лёсе нашага народу".

(Процька: ) "Па-першае, дзякуючы Лукашэнке Беларусь зараз ведаюць ва ўсім сьвеце. Але, нажаль, гэтая тая вядомасьць, якой лепей бы не было. З чаго пачалося вось для мяне ягонае кіраваньне? З таго, што наш дзяржаўны сьцяг у парушэньне ўсіх існуючых законаў тыя людзі разарвалі й нарабілі на ім надпісаў... Гэта ганьбаваньне нацыянальнага сьцягу -- гэта крымінальная справа. І гэтая справа засталася без пакараньня. І для мяне той акт, які адбыўся тады на даху былога ЦК КПБ -- сымбалічная зьява. Але, каб не было Лукашэнкі -- мабыць, не было б і Гэльсынскага камітэту. Бо менавіта ў адказ на ганьбаваньне нашых нацыянальных і дзяржаўных сьцягоў паўстаў і Беларускі Гэльсынскі камітэт. І тыя часы, ад якіх мы працуем, яны менавіта зьвязаныя з тымі падзеямі. Хачу сказаць, што менавіта за гэтыя пяць гадоў шмат людзей даведаліся, што ў іх ёсьць пэўныя правы, гарантаваныя міжнародным заканадаўствам. Бо, калі мы ў 95-м годзе распачалі сваю працу, ну ніхто... і гаварыць нават не прыходзілася пра гэтыя правы. Нават, калі мы рэгістраваліся -- у Мінюсьце не было Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. І нас прапрасілі яе прынесьці -- каб мы растлумачылі, чым жа будзе займацца Гэльсынскі камітэт. А гэта ўсё ж такі вялікі крок за гэтыя гады ў сьвядомасьці нашага народу".

(Арлоў: ) "Ішло мэтаськіраванае разбурэньне адноўленае беларускае дзяржаўнасьці. Была зьмененая сымболіка, расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, што паставіла пад пытаньне гістарычную пэрспэктыву беларускае мовы. У гэтыя пяць гадоў ішло рэдагаваньне нацыянальнае гісторыі, якую дзяржаўныя структуры імкнуцца падпарадкаваць сваім ідэалягічным лёзунгам і ператварыць, па-сутнасьці, у палітыку, перакуленую ў мінулае. Цэнзуруюцца й забараняюцца падручнікі гісторыі і навукова-папулярныя кнігі гістарычнае тэматыкі, як гэта здарылася, прыкладам, з маёй кніжкаю для дзяцей "Адкуль наш род", большая частка накладу якой на год была заарыштаваная. Беларусаў зноў імкнуцца пераканаць, што на працягу многіх стагодзьдзяў яны ня мелі іншага клопату апрача імкненьня ўзьяднацца з "братнім расейскім народам". Што станоўчае адбылося за гэтыя гады? Ну найперш, напэўна, сьвет даведаўся пра краіну з назваю Беларусь. Даведаўся, нажаль, найперш дзякуючы падзеям сумным, часам, трагічным -- "дзякуючы" зьбітаму паветранаму шару зь мірнымі амэрыканскімі аэранаўтамі, "дзякуючы" інтэрвію, дзе Лукашэнка сказаў ухвальныя словы пра Гітлера, "дзякуючы" палітвязьням Беларусі ды зьнікненьню ў нашай краіне вядомых людзей. Другі станоўчы момант, які б я адзначыў -- гэта тое, што адбывалася, няхай не заўсёды й прыкметная, але кансалідацыя нацыянальных сілаў, для якіх найвышэйшай каштоўнасьцяй ёсьць незалежная Беларусь. Ну а пэрыяд, які мы пражылі, і які, магчыма, яшчэ нейкі час будзе доўжыцца -- асабіста я праз пяцьдзесят гадоў назваў бы ў падручніку гісторыі пэрыядам лукашызму".

(Сасноў: ) "Адбываўся антырынкавы адкат. Краіна ад пачатку 90-х гадоў пачала павольна пераўладковываць эканоміку ў кірунку рынка, але з прыходам да ўлады Лукашэнкі ўсё пайшло назад. Калі мы вылічым сярэднямесячную пэнсыю за ўсе пяць гадоў, то атрымаецца, што пэнсыю, якую  атрымалі за чэрвень 1999 году, амаль што ў два разы меншая за сярэднюю. Вось вам адзін з доказаў -- куды прыйшла дзяржава. Што тычыцца сярэдняга заробку -- ён таксама ў ліпені 1994 году быў 32 даляры. А калі параўнаць зь сярэднім заробкам за пяцігадовы пэрыяд, таксама атрымаецца, што ён амаль што ў два з паловаю разы меншы за той, што быў раней. Добрага было толькі тое, што насельніцтва прызвычаілася да рынкавай эканомікі. Таксама павольна. Лукашэнка не хацеў гэтага, але насельніцтва было вымушана да гэтага йсьці. І гэта добра. І праз пяцьдзесят гадоў, я думаю, што гэты час і ўзгадваць ня будуць. Аніяк".

(Вядучы: ) "Тое, што здарылася зь Беларусьсю за гэтыя пяць гадоў -- ці гэта была аб'ектыўная непазьбежнасьць? Ці былі шанцы ў нашага народу пайсьці нейкім іншым шляхам, збочыць? Або абраны ў 1994 годзе прэзыдэнт найбольш адэкватна адпавядае ўзроўню разьвіцьця беларускага народу -- нацыянальнаму, палітычнаму, дзяржаўнаму?"

(Хадыка: ) "Ну пачну з таго, што гісторыя, на маю думку, не зьяўляецца перадвызначанай. І таму іншыя шляхі ў разьвіцьці былі. Безумоўна былі. Мог быць абраны Кебіч, мог быць абраны і Пазьняк, і Шушкевіч... І разьвіцьцё нашае дзяржавы йшло бы іншым шляхам. І можа, было б не такім цяжкім. Але разам з тым нельга не прызнаць і таго, што Лукашэнка, нажаль, адпавядае стану палітычнага мысьленьня... Безумоўна, гэта памылка, і Беларусь заплаціла за гэтую памылку вельмі шмат. І нельга забываць пра тое, што мы ня проста згубілі пяць год -- мы проста адкінутыя назад. І любыя пераўтварэньні будуць ісьці з большымі цяжкасьцямі, з большымі стратамі для насельніцтва, чымся гэта магло быць, калі б не ён быў абраны. І разам з тым, ёсьць у ягоным абраньні пэўная заканамернасьць".

(Фядута: ) "Цалкам адпавядае, на мой погляд. Калі мы паспрабуем параўнаць гісторыю Беларусі й гісторыю, прыкладам, Польшчы як дзяржавы й палякаў як народу, дык палякі 300 год дзень у дзень змагаліся за сваю незалежнасьць. 300 год. У Беларусі беларусы таксама змагаліся, але гэта была справа адзінак, гэта была справа асобных гістарычных постацяў, гэта ня быў масавы працэс. І магчыма, менавіта таму народ не заўважыў, калі яму далі свабоду ў 91-м годзе й не заўважыў, як уласнымі рукамі адабраў гэтую свабоду ў сябе".

(Вядучы: ) "Аляксандар, у мяне да вас такое, троху банальнае, але індывідуальнае пытанье. Калі б вы з досьведам сёньняшняга дню апынуліся зноў у 94-м годзе, ці былі б вы зноў у выбарчай камандзе Аляксандра Лукашэнкі? Якую б вы занялі пазыцыю?"

(Фядута: ) "Вось гэта вельмі складнае пытаньне, таму што мой сёньняшні досьвед -- гэта мой сёньняшні досьвед у тым стане, у якім я знаходжуся. А ў тым стане, у якім я знаходзіўся тады -- у 94-м годзе... І я пісаў пра гэта ў 96-м годзе -- выгады ў мяне не было. Зараз -- так -- я ніколі б не пайшоў да Лукашэнкі. Але, вы ведаеце, а куды было йсьці? Да Пазьняка?"

(Процька: ) "У нас быў час, калі мы маглі пайсьці іншым шляхам. Гэта тады, калі былі сабраныя подпісы за тое, каб зноў выбраць Вярхоўны Савет".

(Вядучы: ) "Рэфэрэндум?.. Гэта ж быў 92-гі год, гэта было да Лукашэнкі".

(Процька: ) "Так. Гэта было да Лукашэнкі. Вось тады ў нас быў шанец пайсьці іншым шляхам. Каб мы тады ня зрадзілі... Я кажу "мы", бо ў пэўным сэнсе я падзяляю адказнасьць з тымі, хто знаходзіўся ва ўладзе ў тыя часы... Тады было б зусім па іншаму. А потым быў яшчэ шанец, але ён ужо ня тычыўся ўсяго грамадзтва. Ён тычыўся вузкага кола людзей. Каб яны вынесьлі справядліве законнае рашэньне -- мы б зусім па іншаму сёньня разьвіваліся. Яны зрадзілі тады таксама паасобку. І ўжо кожнаму зь іх, за тое, што імпічмант не адбыўся, прыйдзецца адказваць перад гісторыяй. А ці можна было гэтага пазьбегнуць... Што адбылося -- тое і адбылося. І заўжды ўзгадваю словы Бісмарка: "кожны народ мае тое кіраўніцтва, якое мае". Калі мы маем гэтакае кіраўніцтва -- значыць, яно нам Богам наканаванае. Бо, разумееш, у кожным чалавеку -- у нашым чалавеку -- у падсьвядомасьці яшчэ з тых часоў жыве прага каб усе былі роўныя, нават бедныя, але роўныя. Ведаеце, як у тым анэгдоце: "пазбаў яго вока, Госпадзі". Трэба, каб гэта ўсе людзі ўсьвядомілі, бо я памятаю, як выбіралі -- ня лепшага, не разумнейшага, а  "свайго". І сяньняшняя папулярнасьць трымаецца менавіта на гэтым, на тым, што -- "свой". Хоць дурны, але свой".

(Арлоў: ) "Існуе дзьве Беларусі. Першая -- здэнацыяналізаваная, зрусыфікаваная, саветызаваная Беларусь без гістарычнай сьвядомасьці, бяз мовы, і, у значнай ступені, ужо нават, без нацыянальнага характару. І другая Беларусь -- беларуская, з нацыянальным гонарам і годнасьцю, з нацыянальнымі сьвятынямі й нацыянальнымі ідэаламі. Вось гэтая другая Беларусь сёньня і ёсьць уласна Беларусьсю. Але сёньня суадносіны паміж гэтымі дзьвюма Беларусямі не на карысьць другой. А ў 94-м годзе, калі адбываліся прэзыдэнцкія выбары, гэтыя суадносіны былі яшчэ больш неспрыяльныя для Беларусі. І таму шанцы пайсьці тады іншым шляхам -- выглядаюць для мяне, далікатна кажучы, праблематычнымі. Нават, калі б у прэзыдэнцкіх выбарах ад дэмакратычных сілаў браў бы ўдзел адзін кандыдат".

(Сасноў: ) "Народ быў не гатовы ўспрыняць усё тое, што было зробленае ў суседніх краінах, прыкладам, у Польшчы ці Летуве.Трэба, каб прайшоў пэўны час, каб народ прызвычаіўся. Каб народ адмовіўся ад таго, да чаго ён прызвычаіўся раней, ад таго, як ён думаў -- што яму казалі. Гэта трэба было неяк перажыць, прайсьці... І, відаць, што менавіта такі прэзыдэнт быў патрэбны. Эканоміка была зусім іншая, чымся, прыкладам, у той жа Летуве. Прыватнага сэктару амаль што не было зусім. Існавалі нейкія вялізныя прадпрыемствы, як той казаў, "саюзнага значэньня". І таму перабудаваць гэтую эканоміку хутка было немажліва. Таму й насельніцтва думала толькі тымі катэгорыямі, якія зьвязаныя з такой эканомікаю -- вось у чым справа".

(Вядучы: ) "Якія пэрспэктывы выйсьця зь сёньняшняе сытуацыі? Я маю на ўвазе й сытуацыю 21 ліпеня, і, шырэй, -- выхад з нацыянальнага тупіку... На што вы асабіста ўскладаеце надзею? Я толькі падкажу некалькі варыянтаў: ці гэта масавыя акцыі непадпарадкаваньня, ці гэта сацыяльныя пратэсты, найперш, рабочага руху, ці гэта вярхушачны пераварот, ці, можа, замежная -- заходняе ці ўсходняе -- умяшальніцтва, ці гэта дыялёг улады з апазыцыяй і пагадненьне аб правядзеньні выбараў. Ці можа нейкі іншы -- ваш уласны варыянт? Які варыянт вы лічыце патрэбным, а які -- найбольш верагодным?"

(Процька: ) "Што б я хацела -- гэта адно, а тое, што магчыма... Тут трэба гаварыць пра тое, што найбольш верагодна. Найбольш верагодна -- безумоўна, вярхушачны пераварот. У якой форме ён будзе -- цяжка сказаць. Можа, ён будзе ў легітымнай форме, можа,-- у менш прыстойнай. Але на сёньняшні дзень адзінымі такімі магчымасьцямі валодаюць тыя людзі, якія пры ўладзе. Гэта й кіраўнікі заводаў, так званы, дырэктарскі корпус, гэта й старшыні калгасаў, так званы, старшыньскі корпус. Гэта й тыя чыноўнікі, якія працуюць непасрэдна побач з Лукашэнкам. Гэта людзі адукаваны, разумныя людзі. Нельга думаць, што там усе такія злачынцы. І яны бачаць, што сёньня краіна йдзе не ў заўтрашні дзень, а ва ўчарашні. І яны, нармалёвыя людзі, таксама хочуць, каб іхныя дзеці жылі ў нармалёвай краіне. Натуральна, многія зь іх ужо назапашылі ў замежжы грошай і маюць надзею сваіх дзяцей накіраваць за мяжу. Але гэта будзе магчыма, калі нашая краіна хоць вонкава будзе прыстойнаю. Я б хацела, каб міжнароднае супольніцтва назвала белае -- белым, а чорнае -- чорным. Каб яны, перш чым шукаць нейкае выйсьце, далі тую ацэнку сытуацыі ў Беларусі, якая вынікае з тых стандартаў, з тых нормаў, якія на сёньняшні дзень распрацаваныя ў сьвеце".

(Арлоў: ) "Вы ведаеце, ніхто з прафэсыйных саветолягаў, ніхто з тых, чыёй справаю жыцьця быў "развал СССР", нават, у другой палове 80-х гадоў ня верыў у тое, што савецкая імпэрыя неўзабаве разваліцца. Гісторыя часта бывае надзвычай непрадказальнаю... Вяртаючыся да сытуацыі ў Беларусі, я хачу сказаць, што ня выключаю ні "палацавага" перавароту, ні эфэктыўных вынікаў апазыцыйных акцыяў, ні іншых сюжэтаў..."

(Сасноў: ) "Я думаю, што нейкі такі комплексны падыход можа зьмяніць сытуацыю... Але, на мой погляд, галоўным у гэтым комплексе таго, што можа адбыцца, будзе, ўсё ж такі, вярхушачны пераварот. Бо йнакш Лукашэнка ўладу не аддасьць. Не аддасьць -- і ўсё".

(Вядучы: ) "А пасьля гэтага вярхушачнага перавароту новая ўлада будзе больш рынкава скіраванай?"

(Сасноў: ) "На мой погляд -- так. Бо зараз краіна ў сэнсе рэбудаўніцтва камандава-адміністрацыйнае эканомікі прайшла да краю. Далей гэта ўжо не магчыма рабіць. Ідзе поўная хлусьня. Надоечы выступаў Сазонаў (міністар прадпрыймальніцтва), казаў -- як добра ў нас з прадпрыймальніцтвам, і Лукашэнка толькі й пачаў арганізоўваць прадпрыймальніцтва. Калі размаўляеш з прадпрыймальнікамі -- яны кажуць: усё, жыцьцё прадпрыймальніцкае скончылася. Таму, калі такі пераварот адбудзецца, то новая ўлада пойдзе да рынку наўпрост і хутка".

(Хадыка: ) "20 ліпеня, безумоўна, гістарычны момант для Беларусі. Сканчаецца законны час, на які быў абраны прэзыдэнт Лукашэнка, і абраны, так бы мовіць -- пры шчырай падтрымцы насельніцтва. І з 21 ліпеня ён становіцца чалавекам, які незаконна ўтрымлівае ўладу. Чалавекам, які ўзурпаваў гэтыя найвышэйшыя паўнамоцтвы, якія толькі можа народ надаць свайму кіраўніцтву. Як я ўяўляю псыхічную прыроду Лукашэнкі -- для яго будзе ня вельмі лёгка перанесьці гэтую перамену, таму што гэта будзе суправаджацца ўскладненьнямі ў ягоных дачыненьнях з Масквою, ягоныя пазыцыі вельмі моцна саслабеюць, і асабліва -- з Захадам. Захад і так яго прымаў, як дрэнна выхаванага чалавека, але мусіў лічыцца з тым, што гэта прэзыдэнт краіны. А ў далейшым яго будзе сустракаць толькі халодная зьнявага. І, можа быць, таму Лукашэнка ўпершыню сур'ёзна пачаў гаварыць пра дыялёг з апазыцыяй".

(Вядучы: ) "Значыць, на гэты варыянт вы ўскладаеце надзею і лічыце, што ён можа адбыцца -- дыялёг з апазыцыяй?"

(Хадыка: ) "Я асабіста лічу гэта найлепшым выйсьцем, таму што масавыя акцыі ў нашых умовах -- гэта выбух, які можа суправаджацца стратаю нават тых пазытыўных момантаў, якія мы маем. Прыкладам, тое, што беларуская намэнклятура за мінулыя гады стала значна больш дзяржаўніцкаю, стала разумець каштоўнасьць незалежнасьці... Яна можа быць проста зьмеценая масавым выбухам і мы апынемся ў сытуацыі, калі мусім пачынаць усё ад пачатку. Зь іншага боку, самым дрэнным варыянтам быў бы пераварот. "Палацавы" пераварот, які б у бальшыні не закрануў грамадзтва, не спрабаваў бы зрэалізаваць ягоныя чаканьні. Вярхушачны пераварот -- гэта найбольш непрыемны варыянт. І такі варыянт дзяржаўнага перавароту найбольш бы задавальняў чаканьні Масквы, якая хоча бачыць у Беларусі свайго стаўленьніка, але разумнейшага й больш гнуткага за Лукашэнку".

(Фядута: ) "Вы ведаеце, 21 ліпеня анічога не адбудзецца. Зусім нічога! Ну, калі будзе там некалькі сотняў маніфэстантаў -- дык гэта ў лепшым выпадку. На мой погляд, цалкам мае рацыю амбасадар Францыі ў Беларусі, спадар Фасье, калі кажа, што легітымнасьць не даецца ані юрыстамі, ані нават кіраўніцтвам Злучаных Штатаў. Легітымнасьць набываецца пад час выбараў, калі народ ідзе да ўрны і кідае туды свой бюлетэнь. І адзіны выхад з таго палітычнага тупіку, у якім зараз апынулася і ўлада, і апазыцыя -- гэта выбары. Вы ведаеце, кожны бок лічыць, што гэта ён мусіць выйграць гэтыя выбары. Але, на мой погляд, апазыцыя можа перамагчы толькі ў адным выпадку -- калі будзе зьвяз паміж апазыцыяй і намэнклятураю. Калі знойдзецца такі чалавек, які будзе задавальняць тым крытэрыям, якія высоўвае апазыцыя -- то бок, гэта будзе незалежнік, чалавек, які зьяўляецца гарантам таго, што будзе йсьці працэс нацыянальнага адраджэньня й працэс эканамічных рэформаў і дэмакратызацыі, і для намэнклятуры -- гэта постаць будзе гарантыяй таго, што чыноўнікаў, намэнклятуршчыкаў ніхто ня будзе хапаць, ніхто ня будзе біць, ніхто ня будзе саджаць у турму, а калі й адправяць у адстаўку, дык без кайданкоў... Калі такая постаць знойдзецца -- Аляксандар Лукашэнка прайграў".

(Вядучы: ) "Напэўна, самая няўдзячная рэч -- даваць прагнозы, таму ў апошнім пытаньні я хацеў бы папрасіць вас падзяліцца не прагнозам, а сваім уражаньнем -- як пройдуць наступныя пяць гадоў для Беларусі?"

(Хадыка: ) "Так, Віталь. Прагноз -- гэта рэч складаная. За прагноз звычайна бяруцца ўсялякія глобы ды іншыя "чревовещатели", як тое па-расейску. Я так не магу разважаць. Я добра разумею, што разьвіцьцё падзеяў будзе залежыць ад таго, якія ўмовы будуць складацца ў нашым грамадзтве. Будзе голад, прыкладам, у зьвязку з засухаю ці падзеньнем вытворчасьці -- і адбудзіцца выбух. Гэта адзін варыянт разьвіцьця падзеяў. Паступовая эвалюцыя -- другі. І шмат залежыць ад таго, як хутка яна пойдзе, і зь якой ступеньню разуменьня. Але для апазыцыі, якая зь вялікай цяжкасьцю дасягнула пэўнае ступені паразуменьня -- трэба быць падрыхтаванай да любога разьвіцьця падзеяў. І адзінае, што мяне задавальняе -- гэта тое, што хоць нашае апазыцыйнае адзінства яшчэ й нетрывалае, і недасканалае, яно ўсё ж такі ёсьць. І я спадзяюся, што гэта разумеюць усе людзі, якія адказваюць, або, так бы мовіць, адчуваюць і разумеюць сваю адказнасьць перад беларускім народам".

(Сасноў: ) "На мой погляд, пяці гадоў не спатрэбіцца. Справа будзе вырашана ў карацейшы пэрыяд. Таму што грамадзтва неяк стамілася, яму патрэбныя нейкія перамены. Як і калі -- цяжка сказаць, але, на мой погляд, нешта мусіць адбыцца... і вельмі хутка. Прыкладам -- год ці, мо, два. За пяць гадоў у эканоміцы акрамя разбурэньняў анічога не зрабілі... амаль што няма інвэстыцыяў... аніякага абнаўленьня асноўных фондаў няма... Тэхналёгіі ўсе старыя -- усё трэба мяняць. І ўсё гэта хутка ня зробіш, нават, калі зьменіцца ўлада -- таму што прыйдзецца ствараць новы імідж краіны, прыцягваць інвэстараў, тэхналёгіі. Гэта ўсё цяжка, гэта час і праца. Будзе вельмі цяжка..."

(Арлоў: ) "Я лічу, што захаваецца сёньняшняя ўлада ці на зьмену Лукашэнку прыйдзе іншы палітык -- у кожным разе гэта будзе цяжкі час і для беларускай эканомікі, і для беларускай культуры, для ўсіх сфэраў існаваньня дзяржавы й нацыі. Гэта будзе час змаганьня за гістарычную пэрспэктыву Беларусі як дзяржавы й беларусаў як эўрапейскага народу. І, калі дазволіце, я скончу шэксьпіраўскай формулаю, якая мне вельмі да душы. Яна гучыць так: "Змагацца. І калі не перамагчы, то й не паддацца". Я думаю, што гэтым прынцыпам нам давядзецца кіравацца ў бліжэйшы час".

(Фядута: ) "Навогул ня ведаю. Я спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас усё ж такі адбудуцца не віртуальныя, а сапраўдныя прэзыдэнцкія выбары. Усе абставіны дзеля гэтага ўжо ёсьць. І я, дарэчы, спадзяюся на тое, што той зьвяз паміж апазыцыяй і намэнклятураю, пра які я казаў, што ён усё ж такі адбудзіцца. Таму што, таксама -- падставы дзеля гэтага ёсьць. Застаецца толькі спадзявацца і ўсё, што магчыма, рабіць дзеля гэтага".

(Процька: ) "Гэта будуць вельмі цяжкія гады, калі грамадзтва будзе расчараванае. І будзе шукаць выйсьця ў новым. Будзе шукаць новых ідэалаў, новых нормаў, новых стандартаў. Гэта вельмі цяжкі й пакутлівы працэс -- зьмена стандартаў, вяртаньне за законнасьці, вяртаньне да маральнасьці. Я жыву гэтай надзеяй. Калі б гэтага не было, я, мабыць, таксама зьехала б адсюль. На сёньняшні дзень гэтыя пяць гадоў -- яшчэ не вызначальны пэрыяд у нашай гісторыі. Нам яшчэ наканавана вызначаць свой лёс. На сёньняшні дзень ён у нашых рукох".

Наступныя пяць гадоў ня будуць лёгкімі. Але надзея ёсьць і ўсё залежыць ад нас -- у гэтым нашыя суразмоўцы прыйшлі да згоды.

Віталь Цыганкоў
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org