RFE/RL |
Пэрспэктывы мытнага саюзуУдзельнічаюць: былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, аглядальнік маскоўскае газэты "Ведомости" Вячаслаў Мксімаў і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст. (эфір 28.05.2000) Аўтар і вядучы: Віталь Тарас Што такое “братні прагматызм”, і што ён дае ўдзельнікам мытнага саюзу, найперш Беларусі і Расеі, у эканамічным ды ў палітычным аспэктах? (Тарас: ) “Я хацеў бы запытаць, найперш, Вас, спадар Чыгір. Зь якой мэтай утвараўся мытны саюз пяць гадоў таму? Якія мэты, у прыватнасьці, меў тады на ўвазе беларускі ўрад? І што паказала ў гэтым пляне менская сустрэча – ці былі дасягнутыя хаця б некаторыя з тых мэтаў?” (Чыгір: ) “Па-першае, я павінен сказаць, што Беларусь зьяўлялася часткай гаспадарчага комплексу былога Савецкага Саюзу. І канешне, калі дзяржавы сталі самастойнымі, дык эканоміка як бы патрабавала, каб кожная з гэтых часьцінак далей працавалі разам. Але ж калі зьявілася мытная праверка на мяжы, напрыклад, Беларусі й Расеі, паўстала шмат пытаньняў. Па-першае, парадукцыя была ўжо неканкурэнтаздольная, таму што калі на мяжы заплаціць нейкія мыты, хоць яны й невялікія, то ўжо цана прадукцыі становіцца больш высокай. Таму пяць гадоў назад я быў удзельнікам і зрабіў нямала для таго, каб стварыць мытны саюз. У мытным саюзе ёсьць дзьве самыя вялікія праблемы. Па-першае, павінныя быць узгодненыя мытныя падаткі. І па-другое, каб ніхто не парушаў дамоўленасьці. Вось гэтыя дзьве праблемы, якія на сёньняшні дзень існуюць, яны ня толькі ня зьменшыліся, але наадварот – узрасьлі. І па гэтай прычыне Расея апошнім часам была вымушаная ўвесьці мытны кантроль на мяжы Беларусі й Расеі, што, канешне, ня вяльмі добра адбіваецца на эканамічным супрацоўніцтве паміж дьвюма дзяржавамі”. (Тарас: ) “Цяпер у мяне пытаньне да маскоўскага ўдзельніка нашай перадачы. Днямі газета Новые Ізвестія ў артыкуле Аляксандра Старыкевіча нагадала пра ўсім памятныя скандалы вакол Торгэкспа, фонду Махмуда Эсамсбаева – гэтыя фірмы, нагадаю, зь вялікім прыбыткам для сябе займаліся транзытам праз Беларусь тавараў у Расею. Тады, некалькі год таму, расейкая прэса шмат пісала пра гэта, крытыкавала Лукашэнку, саюз Беларусі й Расеі. А што пісалі зараз расейскія ці, скажам, маскоўскія мэдыі пра сустрэчу ў Менску? Ці ўвогуле мытны саюз быў заўважнаю тэмай, і калі так, на які бок больш зьвярталася – на палітычны ці эканамічны?” (Максімаў: ) “Трэба сказаць, што маскоўскія газэты адгукнуліся на гэтую падзею амаль што аднолькава – у тым сэнсе, што менскі саміт абыйшоўся без аніякіх сэнсацыяў, як пісалі да сустрэчы і пасьля яе. Чаму іх не было – таксама вядома. Вядома, што ня вырашаная галоўная праблема, пра якую казалі дагэтуль усе ўдзельнікі мытнага саюзу, а менавіта – стварэньне зоны свабоднага гандлю. І заява аб тым, што галоўнай падзеяй сустрэчы сталася дэклярацыя пра стварэньне нейкай міжнароднай арганізацыі, наданьне мытнаму саюзу нейкага міжнароднага статусу, бадай, выклікала найбольшую цікавасьць. Але, на мой погляд, пакуль што гэта толькі дэклярацыя, і ня больш”. (Тарас: ) “Цяпер пытаньне да майго калегі ў студыі, сп. Дракахруста. Дык усё-ткі, у чым прычына, што ўдзельнікам мытнага саюзу зноў фактычна не ўдалося дамовіцца, калі не лічыць дэклярацыі Назарбаева аб тым, што ўвосені мытнаму саюзу будзе нададзены міжнародны статус?” (Дракахруст: ) “На мой погляд, саміт у Менску прадэманстраваў тыя ж невыкараняльныя супярэчнасьці паміж краінамі СНД, якія былі й год, і два, і тры таму. І ў прыватнасьці, асабліва гэтыя супярэчнасьці тычацца Расеі. Расея хоча адыгрываць ролю вялікай дзяржавы, асабліва такую ролю бачыць у ёй новы кіраўнік – прэзыдэнт Пуцін. Але Расея ня мае магчымасьцяў, ня мае рэсурсаў, каб несьці цяжар гэтай вядучай ролі, каб аплочваць выдаткі. І гэта вельмі яскрава паказаў гэты саміт. Бо, на самой справе, размова
вельмі простая. Кіраўнікі краінаў мытнага саюзу, акрамя Расеі, дамагаліся,
каб яна пайшла на ўмовы стварэньня зоны свабоднага гандлю – г.зн., згадзілася
з сыстэмай спагнаньня падаткаў на дадатковую вартасьць не ў краіне, якая
прадае, але ў краіне, якая атрымлівае тавар. Гэта азначае, што Расея губляе
велізарныя грошы на продажы свайго газу і сваёй нафты ў гэтыя чатыры краіны.
(Тарас: ) “І яшчэ пытаньне. Назарбаеў у першы ж дзень кінуў такую фразу, сэнс якой у тым, што Беларусі, маўляў, хутчэй трэба рэфармаваць сваю эканоміку ў рынкавым кірунку. У Лукашэнкі з Назарбаевым і раней былі разыходжаньні, нават жорсткія такія моўныя спрэчкі ўзьнікалі на самітах. Але гэтым разам выглядала, што Лукашэнка неяк асабліва цёпла прымаў менавіта прэзыдэнта Казахстану. Можа, гэта была спроба выкарыстаць, так бы мовіць, іншыя краіны СНД (да якога, дарэчы Лукашэнка заўсёды ставіўся непрыхільна), той самы Казахстан дзеля стрыманьня націску Расеі, для раўнавагі, так бы мовіць. Вашыя думкі?” (Чыгір: ) “Цёпла прымаць – гэта абавязак краіны, якая прымае высокіх гасьцей. Цёплы прыём яшчэ не азначае, што супадаюць інтарэсы, не гаворыць аб тым, што ў працэсе абмеркаваньня пытаньняў погляды на іх будуць супадаць, ці што па ўсіх спрэчных пытаньнях будзе дасягнутая дамоўленасьць. Разыходжаньні былі. Я павінен нагадаць, што гэтыя разыходжаньні ў поглядах Назарбаева й Лукашэнкі былі яшчэ тры й пяць гадоў таму. Назарбаеў не аднойчы казаў на гэтую тэму. Барыс Ельцын, напрыклад, маўчаў, не выказваўся на гэтую тэму. А Назрабаеў выказваўся і тады, калі быў у Беларусі два гады назад. Ён тады выступаў у Акадэміі навук і казаў, што трэба рэфармаваць эканоміку? Як мы будзем супрацоўнічаць пры рознай форме ўласнасьці ў Беларусі і ў Казахстане. Гэта самае вялікае разыходжаньне Беларусі ды іншых краінаў СНД – тое, што мы выбралі нейкі невядомы яшчэ нікому шлях далейшага разьвіцьця і спрабуем злучыць такія розныя падыходы, як рынкавая эканоміка і камандна-адміністрацыйная. Я нагадаю, што ў Беларусі цалкам рэгулююцца цэны на ўсю прадукцыю. Усім вядома, што гэта прывяло сёньня да таго, што ў Беларусі амаль 40 працэнтаў стратных прадпрыемстваў. І вядома, што гэта ні да чаго добрага не прывядзе. Вось гэтыя выказваньні Назарбаева я лічу справядлівымі. Было б вельмі добра, каб Лукашэнка да іх прыслухаўся. Але ж у мяне няма ніякай упэўненасьці, што гэта адбудзецца”. (Максімаў: ) “Калі разглядаць кожную з краінаў, якія ўваходзяць у мытны саюз, відавочна, што яны маюць даволі розныя інтарэсы, нягледзячы на тое, што ўваходзяць у гэтую міждзяржаўную структуру. Вядома, што існуе цэнтральна-азіяцкая эканамічная супольнасьць, у якую ўваходзяць Узьбэкістан, Кыргызтан, Казахстан ды Таджыкістан, існуе асобна саюз Беларусі й Расеі. І гэтыя інстытуты, якія існуюць як нягледзячы на СНД, гэтак ня гледзячы і на мытны саюз, яны сьведчаць аб тым, што краіны маюць свае інтарэсы, якія ляжаць па-за межамі мытнага саюзу. Найлепшае сьведчаньне гэтаму – прынамсі, Кыргызтан, які ўжо ўваходзіць
у шэрагі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.
Менавіта гаворка пра сыстэму бясьпекі ў далучэньні да дамоўленасьці з Узьбэкістанам і, таксама, Беларусьсю зараз дамінуе ў параўнаньні з эканамічным саюзам, з эканамічнымі праграмамі, якія існуюць у саюзе Беларусі й Расеі”. (Дракахруст: ) “Я хацеў бы зьвярнуць увагу на адну, на мой погляд, загадку, зьвязаную з гэтым самітам. Вы ўжо сказалі, Віталь, што фактычна адзіным рэальным вынікам была заява,
што, магчыма, увосень мытны саюз будзе ператвораны ў міжнародную арганізацыю.
Даволі цяжка зразумець: ну, а што гэта мяняе? Проста будзе існаваць тое
самае пад іншай назвай?
Бо калі мытны саюз ёсьць міжнароднай арганізацыяй, тады менавіта яна, як адзінае цэлае, будзе весьці размовы з УГА. Аглядальнік газэты лічыць, што адной з галоўных мэтаў Расеі было прыпыніць перамовы Казахстану аб уступленьні ў гэтую арганізацыю. Пад мытны саюз, як адзначыў сп. Максімаў, ужо падкладзеная бомба ў выглядзе ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Кыргызтану”. (Тарас: ) “Ну і вернемся да тэмы мытнае палітыкі. Лукашэнка заявіў, што Расея фактычна аднавіла межы ці, скажам, мягчэй – памежны кантроль на мяжы зь Беларусьсю. Ці азначае канстатацыя гэтага факту, што наступным трэба будзе прызнаць існаваньне саюзу Беларусі й Расеяй таксама фікцыяй. Як спалучыць спробы рэанімаваць тую самую калектыўную дамову аб бясьпецы з жорсткай эканамічнай канкурэнцыяй? І ці магчымы ў прынцыпе брацкі прагматызм у дачыненьнях паміж дзяржавамі? Менавіта такая дзіўная формула прагучала ў Менску”. (Чыгір: ) “Тое, што адбылося – я ўжо сказаў на самым пачатку – аднаўленьне мытнага кантролю на мяжы Беларусі й Расеі прынятае на той падставе, што Беларусь дапускала нейкія парушэньні пры пропуску тавараў на тэрыторыю Расеі. Таму Расея, каб не дапускаць такіх парушэньняў, каб кантраляваць, яна ўвяла кантроль на мяжы. Гэты кантроль можа быць часовым, а можа застацца назаўсёды. Калі ён застанецца назаўсёды, гэта будзе сьведчаньнем таму, што мытнае пагадненьне не знайшло свайго працягу, і жыцьцё яго будзе недаўгавечнае. Але я думаю, што так ня будзе, што Беларусь будзе ўсё-ткі кантраляваць свае дзеяньні, і Расея з цягам часу здыме гэты мытны кантроль, бо ён кашуте вельмі вялікіх грошай. А як на самой справе адбудзецца – адказаць на гэтае пытаньне даволі цяжка. І тое, што прагрэсу ў будаўніцтве адзінае эканамічнае прасторы пяці дзяржаваў, якія сабраліся ў Менску, няма – гэта адназначна. Прагрэс можа быць толькі тады, калі будзе дасягнутая дамоўленасьць па ўсіх пытаньнях. Аднак, на гэтай сустрэчы гэта дасягнутае не было, і таму гэтая сустрэча насіла фармальны характар, і таму больш на гэтай сустрэчы гаварылі аб калектыўнай бясьпецы, чым аб эканамічным разьвіцьці краін-удзельніц гэтага саміту”. (Тарас: ) “І ўсё-ткі, калі ня будзе існаваць мытны саюз, ён ня будзе дзейнічаць – ці можна тады казаць пра існаваньне саюзе Беларусі й Расеі?” (Чыгір: ) “Ведаеце, у той форме, у якой сёньня існуе саюз Беларусі з
Расеяй, на самой справе, пакуль што нейкае эканамічнае супрацоўніцтва,
ня больш за тое. Ёсьць іншыя пагадненьні – у ваеннай галіне, у сфэры палітыкі,
але яны скіраваныя, я сказаў бы, толькі на больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва,
якое не дасягнула тых вяршыняў, якія плянавалася дасягнуць раней.
(Максімаў: ) “Я хацеў бы вярнуцца да гэтай фармулёўкі: “Братні прагматызм”. Ёсьць цікавыя лічбы, зь якіх можнга зразумець, што гэты прагматызм, прынамсі, ужо дзейнічае. Паводле афіцыйных зьвестак Дзяржаўнага мытнага камітэту РФ, у першым квартале бягучага году зьнешнегандлёвы абарот Расеі з краінамі СНД зноў паменшыўся. А з улікам афіцыйна незарэгістраванага гандлю, напрыклад, дзейнасьці “чаўнакоў”, ён павялічваецца. Такім чынам, па розных ацэнках, 30-40 адсоткаў афіцыйнага ўзроўню зьнешняга гандлю прыпадае на гандаль, які не рэгіструецца. Зразумела, што гэтыя тавары не абкладаюцца ніякімі падаткамі. Пра які мытны саюз, такім чынам, можнга казаць – гэта пытаньне рытарычнае. Я хацеў бы зьвярнуцца таксама да тэмы міжнароднай арганізацыі. Апошнім часам нешта папулярным стала параўнаньне з Эўрапейскім Зьвязам, казаць аб тым, што мытны саюз уніфікаваў заканадаўства на 60 адсоткаў ці на 70, і гэта дае падставы казаць аб тым, што гэта жыцьцяздольная арганізацыя. Увогуле, параўнаньне не зусім карэктнае хаця б таму, што няма ніякай адзінай фінансавай сыстэмы, на якой мытыны саюз мог бы разьвівацца. Як паказвае практыка Эўрапейскага Зьвязу, эўра таксама не апраўдвае пакуль авансаў. Што ўжо казаць пра магчымую адзіную фінансаву сыстэму ў рамках СНД, мытнага саюзу ці іншых утварэньняў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу”. (Дракахруст: ) “Я лічу, што так званы братні прагматызм існуе і магчыма будзе існаваць далей. Гэты “кентаўр” складаецца з дзьвюх частак. “Прагматызм” – гэта частка эканамічная, а “братні” – частка палітычная. І сапраўды, шмат што ў адносінах паміж Беларусьсю й Расеяй тлумачыцца менавіта палітыкай, менавіта імкненьнем Расеі адыгрываць хоць бы нейкую ролю лідэра на постсавецкай прасторы. І калі Расея ня можа аплаціць выдаткі лідэрства сярод пяці краінаў, дык аплаціць гэтыя выдаткі адной Беларусі яна, нейкім чынам, да апошняга часу ўсё-ткі магла Я мяркую, што калі, напрыклад, будзе нейкае абвастрэньне палітычнае сытуацыі ў Расеі, і калі абвостарацца адносіны Расеі з Захадам, і калі ёй будзе патрэбная (магчыма, толькі псыхалягічная) нейкая падтрымка Беларусі, тады вось гэты “братні” складнік “братняга прагматызму” выйдзе на першы плян, як гэта здаралася й раней”. (Тарас: ) “Што атрымаў для сябе, а можа страціў кожны з удзельнікаў сустрэчы ў Менску – палітычныя дывідэнды, ілюзіі, нейкі прагматычны набытак? Перш за ўсё, нашых слухачоў цікавіць канешне, што набыў або страціў беларускі бок у гэтай сытуацыі, і як будуць складвацца далейшыя адносіны Лукашэнкі з Пуціным? Чаму, дарэчы, была перанесеная амаль на месяц іхная сустрэча ў Маскве?” (Чыгір: ) “Я лічу, што гэта была, як кажуць, дзяжурная сустрэча кіраўнікоў. Зробленая спроба надаць міжнародны статус пяці краінам, якія стварылі саюз эканамічнага супрацоўніцтва, для таго, каб у далейшым гэтае эканамічнае ўтварэньне не развалілася. Я лічу, што на будучыню, каб гэтага не адбылося, каб развалу не было, давядзецца яшчэ вельмі доўга працаваць”. (Максімаў: ) “Мне здаецца, што галоўная бязглузьдзіца наданьня нейкага міжнароднага статусу палягае на тым, што гэта не вырашае галоўнай праблемы. Усе без выключэньня краіны, якія ўваходзяць у мытны саюз, ім, у першую чаргу, патрэбны імпарт новых высокіх тэхналёгіяў. Гэта тое, чаго няма ў межах мытнага саюзу. І ад наданьня міжнароднага статусу гэтага ня будзе больш”. (Дракахруст: ) “На мой погляд, менскі саміт стаў чарговым посьпехам Пуціна і чарговай паразай Лукашэнкі. Пуцін стрымаў нападкі на расейскі бюджэт, спробы чатырох краінаў пажывіцца за кошт расейкага бюджэту, паказаў сябе моцным лідэрам, выступіў зь незразумелай, але прывабнай у прапагандысцкім пляне ідэяй ператварэньня мытнага саюзу ў міжнародную арганізацыю. А Лукашэнка не атрымаў ані зьняцьцё расейскага мытнага бар’еру на беларуска-расйекай мяжы, ані стварэньня зоны свабоднага гандлю, чаго ён разам з Назарбаевым так упарта дамагаўся”. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |