RFE/RL |
Тэхналёгіі вяртаньня Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьцяУдзельнічаюць: каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Зьміцер Бандарэнка і кіраўнік справаў сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Анатоль Сідарэвіч. (эфір 9.04.2000) Аўтар і вядучы: Алена Радкевіч У Беларусі поўнай хадою ідзе тое, што аналітыкі і палітыкі называюць “гарачая вясна-2000”. У панядзелак у Менскі гарвыканкам пададзеная чарговая заяўка на правядзеньне масавай вулічнай акцыі – “Чарнобыльскага шляху”, прысьвечанага 14-ым угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Невядома, як абыйдуцца гэтым разам з заяўкай улады – пакуль жа, у двух папярэдніх выпадках, улада прайграла аднолькава: як даўшы дазвол на акцыю 15 сакавіка, так і забараніўшы імпрэзу на 25-е. “Гарачая вясна” – гэта толькі частка плянаў апазыцыі ў тэхналёгіі вяртаньня Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Пра гэтую самую тэхналёгію мы будзем гутарыць з сёньняшнімі нашымі суразмоўцамі. Маецца на ўвазе, што праз вулічныя акцыі зьдзяйсьняецца ціск на ўладу. Што гэта значыць – на ўладу: на Лукашэнку канкрэтна, на ягонае атачэньне, на сілавыя структуры? Што за ціск – псыхалягічны? І да чаго ён павінен прывесьці? (Бандарэнка: ) “Праз масавыя акцыі насельніцтва становіцца грамадзянамі. Немагчымая сытуацыя, калі людзі сядзяць па хатах, па кухнях, скардзяцца на сваё няўдалае жыцьцё – і зьнянацку Беларусь становіцца вольнай, незалежнай, і паляпшаецца дабрабыт людзей. Гэта – звычайны элемэнт змаганьня любой дэмакратычнай апазыцыі ў любой краіне, а калі мы азірнемся на вопыт усходнеэўрапейскіх антытаталітарных рухаў, то гэта – неабходны элемэнт, бяз гэтага проста немагчыма. Сёньня эканамічная сытуацыя на Беларусі не паляпшаецца, як мінімум, а наадварот. І таму гэта – сапраўдны ціск, калі грамадзяне выходзяць на вуліцы і патрабуюць палепшыць сытуацыю ў краіне, патрабуюць ад уладаў пайсьці на сапраўдныя перамовы з апазыцыяй пры пасярэдніцтве міжнародных структураў. А ўжо ідуць ці ня йдуць улады – гэта іхны выбар, гэта яны вырашаюць свой далейшы лёс як улады, па якім варыянце будуць разьвівацца падзеі: па польскім, вугорскім, чэскім ці, магчыма, румынскім.” (Сідарэвіч: ) “Удакладняю яшчэ наконт адной заяўкі. Ужо павезеная заяўка ў гарвыканкам на правядзеньне першамайскай дэманстрацыі. Наколькі ведама, Фэдэрацыя Прафсаюзаў Беларускай адмовілася сёлета ад правядзеньня дэманстрацыі. І – гэта гучыць парадаксальна – улады будуць праводзіць дэманстрацыю. Зь няўрадавых арганізацыяў у першамайскім шэсьці хочуць удзельнічаць сацыял-дэмакраты і Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў”. (Вядучая: ) “Сп.Сідарэвіч, толькі што Зьміцер Бандарэнка казаў пра тое, што вось такія масавыя акцыі менавіта і робяць з проста незадаволеных людзей грамадзянаў. З вашага пункту погляду, акцыі зь якім сцэнаром – падобным на сцэнар 15 сакавіка альбо 25 – больш уплываюць на разьвіцьцё грамадзянскай сьвядомасьці? Прасьцей кажучы, мірныя акцыі альбо нямірныя?” (Сідарэвіч: ) “Нямірная акцыя была 25-га з боку ўладаў. Народ, дэмакраты, грамадзяне ня схільныя ўжываць фізычную сілу і не жадалі б гэтага ўжываньня. Улада правакуе, як гэта было 17 кастрычніка…” (Вядучая: ) “Менавіта. Дык што больш уплывае на разьвіцьцё грамадзянскай сьвядомасьці: вось такія правакацыі ўладаў і тое натуральнае абурэньне, якое выклікаецца гэтымі правакацыямі, альбо проста мірнае сьвяточнае шэсьце – такое, якім яно было 25 сакавіка?” (Сідарэвіч: ) “І тое, і тое. 15 сакавіка тысячы людзей у сталіцы і па-за яе межамі былі задаволеныя, што яны выйшлі – у тым ліку і за межамі сталіцы. Вось, маўляў, усё ж ткі мы жывем, у нас ёсьць дух і г.д. А калі казаць пра ўласныя ўражаньні ад 25 сакавіка, дык я прайшоўся па горадзе – і зусім незнаёмыя людзі, прычым пажылыя, супыняючыся, казалі: “Гэта ж так адгарадзіўся ад народу!.. Божа, – кажуць, – мы век пражылі ў Менску і ня бачылі такога!” Ён, сам таго ня ведаючы, выхоўвае грамадзянаў, настройвае людзей супраць сябе. Людзі пажылага веку – гэта ж ягоны электарат пераважна быў у Менску. “Якая шкода – ну прайшліся б? – пытаюць гэтыя людзі. – Прайшліся б, пагалёкалі… Навошта ж выпускаць сабак?” (Вядучая: ) “На думку Анатоля Сідарэвіча, у абодвух тыпах масавых акцыяў прайграе беларускае кіраўніцтва, і актыўна фармуецца грамадзянская сьвядомасьць. Ці згодны з такім пунктам погляду Зьміцер Бандарэнка?” (Бандарэнка: ) “Сёньня ў кіраўніцтве беларускай апазыцыі знаходзяцца людзі, якія прытрымліваюцца прынцыпу негвалтоўнага змаганьня за зьмены. Не сакрэт, што на Беларусі ёсьць людзі, якія гатовыя змагацца за свабоду і незалежнасьць Беларусі іншымі шляхамі – з выкарыстаньнем зброі. Гэтых людзей сёньня ў кіраўніцтве апазыцыі няма. І варыянт гвалтоўнага альбо мірнага правядзеньня шэсьця – гэта не варыянт з боку апазыцыі, гэта варыянт з боку ўладаў. На 17 кастрычніка мы мелі інфармацыю пра падрыхтоўку правакацыі ў часе шэсьця, і старшы лейтэнант міліцыі Батурын потым пацьвердзіў, што менавіта ўлады зарганізавалі гэтае сутыкненьне і кіданьне. 15 сакавіка пасьля акцыі да мяне падыйшлі некаторыя кіраўнікі Менскай міліцыі і сказалі: “Дзьмітры Яўгенавіч, вы можаце працаваць, як мінімум, намесьнікам старшыні ГУВД Менску па грамадзкім парадку”. Я кажу: “Дзякуй за прапанову, але ў мяне вайсковае званьне – малодшы сяржант”. Але гэта было пацьверджаньнем таму, што акцыя прайшла годна, што мы здолелі разам са сп.Івашкевічам – кіраўніком дружыны – наладзіць парадак у правядзеньні акцыі. Ну, а 25-га – гэта была ўжо гістэрыка. І я хацеў бы дадаць, што людзі сталага веку мне казалі, што яны ўжо бачылі калісьці ў сваім жыцьці такую сытуацыю: гэта было ў часе фашыстоўскай акупацыі Менску. Я хацеў бы паразмаўляць аб мадэлях зьмены ўлады. Я непасрэдна займаўся вывучэньнем польскага, чэхаславацкага вопыту, іншых краінаў. Там была прыблізна такая схэма. Першае – гэта распаўсюджваньне альтэрнатыўнай інфармацыі, калі ёю ахопліваецца большасьць насельніцтва. У свой час на тэрыторыю Польшчы, напрыклад, вяшчалі дзясяткі радыёстанцыяў, была наладжаная сыстэма распаўсюджваньня незалежных выданьняў накладамі сотні тысячаў. У Чэхаславаччыне не было масавай апазыцыі, але чэхі і славакі заўсёды казалі: “Польшча мае 10 мільёнаў членаў “Салідэрнасьці”, а мы маем 10 мільёнаў вушэй,” – г.зн. слухачоў незалежных радыёстанцыяў, якія вяшчалі на Чэхію з-за межаў. Другі этап – гэта ажыцьцяўленьне ціску, як звонку, так і ўнутры краіны – на існуючы рэжым. І толькі калі ўлада ідзе на саступкі, тады праводзяцца перамовы – непасрэдныя, альбо пры пасярэдніцтве, скажам, касьцёлу альбо міжнародных арганізацыяў, стварэньне, магчыма, кааліцыйнага ўраду з удзелам апазыцыі, і толькі пасьля гэтага правядзеньне выбараў. Іншая мадэль – гэта так званая “мадэль пляцдарму”, калі ня трэба выконваць ніякіх гэтых пунктаў, Захад праводзіць перамовы з Лукашэнкам, і мы ідзем на выбары на ўмовах Лукашэнкі. Безумоўна, яны ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівамі, але нашых пройдзе чалавек 10 са 110-ці, і вось мы, маўляў, далей разгарнем дзейнасьць… Вось дзьве мадэлі. Я – прыхільнік першай”. (Вядучая: ) “І я хацела б цяпер крануць гэтую другую мадэль, тым больш, што ейная апалягэтыка ўсё часьцей апошнім часам зьяўляецца ў незалежным друку. Сп.Сідарэвіч, вашае стаўленьне да такой мадэлі, пры якой важна на любых умовах прайсьці ў заканадаўчы ворган і стварыць сыстэмную апазыцыю?” (Сідарэвіч: ) “Я чытаў уважліва артыкул доктара Оргіша, ведаю пэўныя высновы і прапановы доктара Манаева, і, вядома, стварэньне сыстэмнай апазыцыі – гэта надзвычай вялікая праблема. Лукашэнка хацеў бы адпіхнуць апазыцыю і сам таргавацца з Эўропай. А гэтыя масавыя акцыі якраз і паказваюць Захаду, сьвету, што апазыцыя ёсьць, і яна масавая. Не забудзем, што 25 прайшлі масавыя акцыі і ў Драгічыне, і ў Смаргоні, і ў Магілеве, і ў Віцебску – больш, як у 20-ці гарадох. Дык вось, ён хацеў бы таргавацца з Эўропай, і правесьці, як казаў Зьміцер, выбары паводле ўласнага бачаньня і разуменьня, што такое дэмакратыя. Ці можна стварыць сыстэмную апазыцыю ў Беларусі – вось у чым пытаньне!” (Вядучая: ) “Названыя вамі сацыёлягі і філёзафы якраз і ўважаюць што ня толькі можна, але і трэба…” (Сідарэвіч: ) “Я, як сацыяліст, дасьледваў гісторыю: як ператвараліся сацыял-дэмакратычныя партыі з апазыцыйных несыстэмных у сыстэмныя ў Нямеччыне, скажам, пасьля 12-гі гадоў забароны дзейнасьці сацыял-дэмакратаў. І як яны потым сталі магутнай сыстэмнай партыяй, якой канцлер перадаў уладу пасьля адрачэньня кайзэра. Ці магла быць сыстэмная апазыцыя ў Заходняй Беларусі? Луцкевіч прыклаў нямала намаганьняў, і яшчэ ў міжнародна-прававым аспэкце не было прызнанае права Польшчы на Вільню і Віленскі край, а Луцкевіч зарганізаваў беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт і, памятаеце: 11 беларускіх паслоў у Польскім Сэйме і 13 сэнатараў…” (Вядучая: ) “Менавіта. І іхныя інтэрпэляцыі тады часта мелі велікі плён…” (Сідарэвіч: ) “Так, але адна маленькая рэч. І кайзэраўскі ўрад, і ўрад Польшчы больш ці менш строга прытрымліваўся літары закону. Не было гэтай адвольнасьці, сваволі ўладаў, вольнага трактаваньня законаў. Потым, не забудзьце: і ў кайзэраўскай Нямеччыне, і ў Польшчы была павага да прыватнай уласнасьці, да прыватнай натарыяльнай дзейнасьці, да прыватнай адвакатуры. Урэшце, там была судовая сыстэма зусім іншая. І, паважаючы права прыватнай уласнасьці, урад урэшце павінен быў цярпець і беларускія кнігавыдавецкія суполкі, і газэту “Наша Ніва”, бо яны выдаваліся на прыватныя грошы”. (Вядучая: ) “Дарэчы, да пытаньня прэсы. Адная з тэзаў, агучаных Зьміцерам Бандарэнкам – што для прасоўваньня на шляху да перамогі апазыцыя павінна выйграць інфармацыйную вайну з уладай. Ці ёсьць у беларускай апазыцыі на сёньня пэрспэктыва такой магчымасьці?” (Бандарэнка: ) “Я не казаў бы “перамагчы ў інфармацыйнай вайне”. Проста – распаўсюджваньне альтэрнатыўнай інфармацыі. У той жа Чэхіі, Польшчы велізарную ролю адыгрывала радыёстанцыя “Свабодная Эўропа”. Яе слухала, мабыць, больш за палову насельніцтва гэтых краінаў. У нас іншыя часы. На жаль, сёньня, паводле нашых прыкідкаў, радыё “Свабода” слухае 1-3 % грамадзянаў Беларусі, радыё “Рацыя” яшчэ толькі паўстае на ногі, у “Балтыйскай хвалі” вельмі кепскі прыём у Менску, прынамсі. Агульны аднаразовы наклад незалежных газэтаў на Беларусі сёньня складае ад 150-ці да 200 тысячаў экзэмпляраў. Гэта – увесь рэсурс, які мы мелі да апошняга моманту. Безумоўна, калі мы не даводзім альтэрнатыўную інфармацыю да людзей, то людзі ня могуць скласьці рэальную карціну таго, што адбываецца ў краіне, а мы яшчэ хочам, каб яны выходзілі на масавыя акцыі, баранілі свае правы, незалежнасьць краіны! Такога ня можа быць. То бо, гэта першы неабходны этап, які павінны вырашаць сумесна і дэмакратычная апазыцыя, і незалежныя СМІ. Яны павінны дасягаць таго, каб іх слухала, чытала як мага большая частка грамадзянаў Беларусі. Я некалі – ў часе адноснай “дэмакратычнай адлігі” працаваў у розных СМІ, займаўся рэклямай і маркэтынгам. І я скажу, што больш сур’ёзна, больш дакладна, больш эфэктыўна людзі займаюцца, напрыклад, продажам кампутараў, гумак, цукерак. А мы хочам рэклямаваць каштоўнасьці дэмакратыі, незалежнасьці левай нагой! Выніку ня будзе. І апошнім часам, у сувязі з прыходам на першыя ролі ў апазыцыі палітыкаў новай хвалі падыходы зьмяніліся, калі сталі выкарыстоўвацца больш сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі. І гэта адразу дае плён, бо калі людзі бачаць добры інфармацыйны прадукт, добры музычны беларускі прадукт, напрыклад, “Народны альбом” – ён зьбірае поўныя залі. Калі маладыя беларусы мараць, каб лідэр “НРМ” Лявон Вольскі даў ім аўтограф… Тое ж самае пры правядзеньні масавых акцыяў. Калі акцыя прадуманая, калі яна сканчаецца цікавым канцэртам – людзі прыйдуць і сёньня, і заўтра, і пасьлязаўтра. Калі мы будзем працаваць, тады будзе і аддача”. (Вядучая: ) “Сп.Сідарэвіч, а, на вашую думку, будзе задаволены гэты самы попыт на альтэрнатыўную інфармацыю, калі, напрыклад, апазыцыі будзе выдзелены некаторы час у дзяржаўным тэлеэфіры, чаго так упарта яна дамагаецца?” (Сідарэвіч: ) “Думаю, што ў пэўнай ступені так, але калі непасрэдна дзеячы апазыцыі будуць выступаць у прамым эфіры. Бо мы ведаем, што такое цэнзура, і як можна парэзаць стужку і зрабіць пародыю на выступленьне. І, па-другое, дэмакратам трэба прадумаць, хто ў іх больш эфэктна глядзіцца з экрану, і чый голас больш эфэктна чуецца па-радыё. Бо некаторыя лідэры не зусім аб’ектыўна, адэкватна ацэньваюць сябе”. (Вядучая: ) “Сп.Сідарэвіч, вось вы кіраўнік справамі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Ці ўлічвае вашая палітычная партыя гэтыя самыя новыя тэхналёгіі, пра якія мы казалі? Ці вывучае яна сёньня гэтыя асновы маркэтынгу, новага падыходу да працы з грамадзянамі, з выбаршчыкамі?” (Сідарэвіч: ) “Мы ўжо працавалі над канцэпцыя й прапагандысцкай інфармацыйна-аналітычнай працы, і прынялі яе нядаўна. Але справа ў тым, што ў партыі абмежаваныя рэсурсы. І мы стаім за тое, каб сядаць за круглы стол з блізкароднаснымі арганізацыямі, плянаваць гэтую працу: што выдаць, што распаўсюдзіць, як. Карацей, весьці пастаянны дыялёг: і з блізкімі да сацыял-дэмакратыі арганізацыямі, і міжпартыйныя кансультацыі, і кансультацыі з няўрадавымі арганізацыямі. Бо калі мы хочам дэмакратыі, трэба выключыць маналёг у такой працы. У пэўным сэнсе на сёньняшні дзень у партыі становішча такое, што нельга сказаць, што стопрацэнтова, і нават на 75% рэсурсаў партыі задзейнічана ў прапагандысцкай, распаўсюджвальнай працы. Не задзейнічаны ўвесь інтэлектуальны патэнцыял партыі дзеля ўсяго гэтага. І справа ня толькі ў рэсурсах. Трэба ўмець людзей натхніць, мабілізаваць, арганізаваць.” (Вядучая: ) “Толькі што сп.Сідарэвіч назваў адную з сёньняшніх цяжкасьцяў палітычных структураў: малыя рэсурсы. Тое, пра што казаў раней сп.Бандарэнка – выкарыстаньне новых тэхналёгіяў – сапраўды патрабуе вялікіх рэсурсаў, і перадусім фінансавых. Дзе апазыцыя можа іх знайсьці?” (Бандарэнка: ) “Паўсюль было дзьве крыніцы фінансаваньня: унутраная і зьнешняя. І ні для каго не сакрэт, што заходнія фонды падтрымкі дэмакратыі на Беларусі аказваюць падтрымку шэрагу праграмаў рознага накірунку. Гэта падтрымка незалежных СМІ, праваабарончая дзейнасьць і шэраг іншых. Але ва ўсіх краінах існавалі і ўнутраныя крыніцы фінансаваньня. У мэнэджмэньце вельмі важнае ўменьне распараджацца любымі рэсурсамі: людзкімі, фінансавымі, арганізацыйнымі. Я ўпэўнены ў тым, што калі ў Беларусі будзе крытычная маса людзей, якія гатовыя ахвяраваць чымсьці для свабоды і незалежнасьці сваёй Бацькаўшчыны, тады задача будзе выкананая. Тады знойдуцца і рэсурсы, і ўменьне”. (Вядучая: ) “Такім чынам, у выніку нашага абмеркаваньня можна зрабіць выснову, што тэхналёгіі вяртаньня дзяржавы на дэмакратычны шлях разьвіцьця існуюць – выпрацаваныя, сыстэматызаваныя. Тым ня менш, дагэтуль невядома, які з ужо выпрацаваных і прапанаваных гістарычным вопытам шляхоў абярэ Беларусь, і які з гэтых шляхоў найбольш адпавядаў бы сёньняшняй беларускай сытуацыі. Бясспрэчна, што і інтэлектуальныя, і маральныя, і псыхалягічныя рэсурсы, воля і сіла імкненьня да перамогі ў беларускай апазыцыі ёсьць. І задача апазыцыі – выкарыстаць гэтыя рэсурсы як мага больш плённа. Пакуль што пачатак “гарачай вясны-2000” паказвае, што з выкарыстаньнем сваіх рэсурсаў апазыцыя пасьпяхова дае рады.” Алена Радкевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |