|
ВАЦЛАЎ ГАВЭЛ ПЕРАДАЕ СВАЮ ПРЭМІЮ ГАЗЭЦЕ “НАША НІВА” |
Сёньня ўвечары ў Празе адбылася цырымонія ўзнагароджаньня былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гавэла прэміяй імя дабрачыннай дзяячкі Гано Эленбонген. Вацлаў Гавэл вырашыў перадаць сваю ўзнагароду незалежнай беларускай газэце “Наша Ніва”. Для гэтага ў чэскую сталіцу запрошаны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. Ва ўрачыстасьцях брала ўдзел Мэдлен Олбрайт.
|
|
|
Вольга Караткевіч, Прага |
|
Цырымонія адбылася ў Кангрэсавым цэнтры Нацыянальнага банку Чэскай Рэспублікі. Гавораць, што калісьці ў гэтым будынку спыняўся Фрэдэрык Шапэн.
Прэмію заснавала Праскае таварыства міжнароднага супрацоўніцтва. Прэзыдэнт, прафэсар Марк Эленбоген, назваў прэмію імем маці – Гано Эленбоген. У Праскае таварыства ўхваходзяць больш за 20 чалавек з розных краінаў. Ганаровы старшыня Праскага таварыства былы прэзыдэнт Паўдзённай Афрыкі, нобэлеўскі ляўрэат Фрэдэрык Дэ Клерк. Галоўная задача таварыства – адкрытыя кантакты Цэнтральнай Эўропы і ўсяго сьвету.
Узнагарода ўручалася тройчы, першым прэмію атрымаў Чэскі фільгарманічны аркестар Ашкеназі. Стала традыцыяй, што намінанты перадаюць свае прэміі – і першая была перададзеная 14-ці гадоваму піяністу Лукашу Вондрачку зь мястэчка Атава, для таго, каб ён мог працягваць музычную практыку.
У мінулым годзе ўганараваная была Мадлен Олбрайт, былая дзяржсакратарка ЗША. Мадлен Олбрайт вырашыла сваю ўзнагароду перадаць чэскай журналістцы Петры Прахазкавай, якая асьвятляла вайну ў Чачэніі, падзеі ў іншых “гарачых кропках” – Асэтыі, Афганістане, Таджыкістане... Петра ня толькі расказвала пра падзеі ў Чачэніі, але і заснавала ў Грозным дом дапамогі дзецям, які дзейнічаў і на момант уручэньня ўзнагароды, нягледзячы на тое, што расейцы больш не пускалі Прахазкаву ў Грозны. Атрыманыя грошы журналістка перадала на патрэбы Дому дапамогі чачэнскім дзецям.
Сёньня былы чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл у працяг мінулагодняй традыцыі таксама перадае сваю прэмію журналістам – беларускай незалежнай газэце “Наша Ніва”. З гэтай нагоды ў Прагу прыехаў рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. На цырымоніі таксама прысутнічала Мадлен Олбрайт, якая таксама выступіла з прамовай, павіншавала рэдакцыю "Нашай Нівы" з атрыманьнем гэтай узнагароды.
Вацлаў Гавэл вельмі часта выказваў салідарнасьць зь беларускімі культурнымі і дэмакратычнымі сіламі. Былы чэскі прэзыдэнт запрасіў у Прагу Васіля Быкава, сустракаўся зь ім, таксама цікавіўся пра сытуацыю ў Беларусі беспасярэдне ў беларускіх палітыкаў, для чаго адмыслова зь імі сустракаўся, сярод удзельнікаў быў, напрыклад, Вінцук Вячорка, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе.
Літаральна днямі Вацлаў Гавэл зноў сказаў, што трэба падтрымліваць дысыдэнтаў у краінах, дзе існуюць аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы, назваўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі “ганьбай для Эўропы”. У артыкуле “Душа нацыі”, які апублікавала газэта “Washington Post”, Вацлаў Гавэл сказаў, што існуе шмат палітыкаў у свабодным сьвеце, якія прагматычна супрацоўнічаюць з рэпрэсыўнымі рэжымамі, дазваляючы таталітарным рэжымам дыктаваць, з кім сустракацца і што гаварыць. Вацлаў Гавэл настойліва пераконвае, што гаварыць і сустракацца трэба з дысыдэнтамі. І гэтым падтрымліваць іх. Сваю прэмію былы чэскі прэзыдэнт, які прэтэндаваў на Нобэлеўскую прэмію міру, перадаў адзінай незалежнай беларускамоўнай газэце “Наша Ніва”.
Даведка Свабоды: “Наша Ніва” – заснаваная ў 1906 годзе, адноўленая ў 1991. Сярод галоўных рэдактараў газэты былі Аляксандар Уласаў, Янка Купала, Антон Луцкевіч. Адноўленую газэту доўгі час рэдагаваў Сяргей Дубавец, цяпер галоўны рэдактар “Нашай Нівы” – Андрэй Дынько. “Наша Ніва” выходзіць на тарашкевіцы, некаторыя тэксты публікуюцца лацінкай. За карыстаньне клясычным беларускім правапісам “Наша Ніва” атрымала папярэджаньне, быў суд, але газэта выйграла гэты працэс. |
|
|
|
 |