RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Лісты з Каліфорніі


Каб лепш адчуваць Амэрыку, я вырашыў купіць сабе амэрыканскі нацыянальны абутак – красоўкі. Іх носяць прэзыдэнты і студэнты, ў іх ходзяць на працу і ў кіно, у царкву і бібліятэку – разгул дэмакратыі. У краме, якая называецца “Плянэта красовак”, я змарнаваў гадзіну, чытаючы загадкавыя назвы дзясяткаў мадэляў, не знайшоў ніводнай, зробленай у Амэрыцы, выбраў пару адной папулярнай фірмы – і тут дэмакратыя скончылася. Адзін мой знаёмы спытаўся, чаму я хачу падвысіць дзіцячую сьмяротнасьць ў Тайляндзе?

І патлумачыў: “За канвэерам стаяць дзеці, а пры вытворчасьці спартовага абутку там ужываюць нейкі дужа шкодны клей. Аднак бяз гэтага заводу яны б увогуле ня мелі працы і заробку і паміралі б галоднай сьмерцю, хіба не?” “Вось так гэтая фірма заўсёды і адказвае, - скрушна паведаміў знаёмы і паказаў на пару з іншымі выявамі: а чаму гэтая кампанія ня можа арганізаваць працу бяз шкоды для насельніцтва? Трэба, каб і праца была, і не паміралі ад яе”.

Супраць апошняга пажаданьня цяжка нешта запярэчыць. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя кожны амэрыканец атрымаў магчымасьць асабіста ўплываць на сьвет. І ня праз удзел у выбарах, ня маршамі пратэсту ці дабрачыннымі ахвяраваньнямі, а проста, калі ідзе ў краму.

У 1988 годзе ў Злучаных Штатах упершыню выйшла ў сьвет кніга “Пакупкі дзеля лепшага сьвету” – штогадовае выданьне грамадзкай “Рады эканамічных прыярытэтаў”. Гэтая “Рада” сочыць за вялікімі карпарацыямі, банкамі, авіялініямі ды інфармуе пакупнікоў, хто паводзіцць сябе дрэнна, а хто добра. Дрэнна – калі забруджваюць атмасфэру, рэклямуюць цыгарэты, гандлюць зброяй, ставяць экспэрымэнты на жывёлах, хаваюць службовую інфармацыю ад публікі. Добра – калі дбаюць пра ўмовы працы, прызначаюць на пасады жанчынаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, займаюцца дабрачыннасьцю, паважаюць геяў і лезьбіянак.

У апошнім сёлетнім выданьні пратэставана больш за дзьве тысячы вырабаў ад больш чым двухсот карпарацыяў. Такім чынам, пакупнік атрымлівае інфармацыю, якая дапамагае вырашыць, што пакласьці ў кошык для пакупак, што не – гэта і называецца “купляць дзеля лепшага сьвету”.

У Беларусі дзейнічаюць ці дзейнічалі толькі тры з дзьвюхсот кампаніяў, ацэненых сёлета – Макдоналдз, Кока-Кола і Форд. Найлепшыя ацэнкі атрымаў Макдоналдз: найвышэйшыя балы, тры пяцёркі – за доступ да інфармацыі, стаўленьне да нацыянальных, сацыяльных і сэксуальных меншасьцяў і прафэсійны рост жанчынаў, дзьве чацьвёркі – за ўмовы працы і клопат пра сем’і супрацоўнікаў, і адну тройку – за дабрачыннасьць. На другім месцы – Кока-кола: адна пяцёрка за экалёгію, дзьве чацьверкі – за адкрытасьць і умовы працы, дзьве тройкі – за ўвагу да сем’яў супрацоўнікаў і дабрачыннасьць. Форд, які пакінуў Беларусь, меў ажно дзьве двойкі – за дабрачыннасьць і ўмовы працы, тры тройкі за сацыяльныя праграмы і адну пяцёрку за адкрытасьць.

Лёзунг “Рады” – “Ператвары свой кошык пакупніка ў інструмэнт сацыяльных пераменаў!” – клясычны прыклад практычнасьці тэорыі малых справаў. Чатыры зь пяці чытачоў выданьняў “Рады”, якія ўступілі зь ёй ў сувязь, паведамлі пра зьмены ў сваіх пакупках. Таксама мусілі зьмяніць сваю палітыку і некаторыя кампаніі.

Я вырашыў праверыць паслужны сьпіс кампаніі Найкі (Nike) – я купіў красоўкі менавіта гэтай, з выгнутым энэргічным росчыркам, які не зыходзіў з экрану Алімпійскіх гульняў. Некалькі гадоў таму Nike стала аб’ектам вострай крытыкі за эксплюатацыю таннай дзіцячай і жаночай працы ў Азіі, у тым ліку ў Тайляндзе. З таго часу кампанія шмат што памяняла ў сваіх адносінах з пастаўшчыкамі з Інданэзіі, Маляйзіі, Тайваню.

Хаця заводы, дзе вырабляеццца спартовы абутак, не належаць Nike, як умова для разьмяшчэньня заказаў Nike патрабуе сёньня выконваць правілы і патрабаваньні, якія тычацца умоваў працы, аплаты, узаемаадносінаў паміж мэнэджмэнтам і рабочымі. На заводы выяжджаюць інспэкцыі з удзелам прадстаўнікоў незалежных арганізацыяў.

Паводле падобных крытэрыяў – з акцэнтам на правы чалавека і правы прафсаюзаў – вызначае свае прыярытэты ў гандлі і ўрад ЗША. Беларусь нядаўна, як вядома, атрымала кол – стала адзінай краінай, якая была сёлета пазбаўленая статусу прэфэрэнцыяў у гандлі з Амэрыкай. У Менску на рэклямных шчытах можна пабачыць сымпатычны заклік “Купляй беларускае!” Рэкляма, безумоўна, ўплывае на эканамічныя паводзіны, аднак калі рэпутацыя прадаўца моцна сапсаваная, нават танныя трактары цяжка збыць. Расплочвацца за палітыку прэзыдэнта, які страціў легітымнасьць, даводзіцца ўсёй краіне.

За адкрытасьць, як і за дабрачыннасьць Nike, атрымала ад “Рады эканамічных прыярытэтаў” сёлета дзьве пяцёркі, і чацьвёрку – за ўмовы працы. Актывісты працягваюць настойваць на іншых зьменах, у тым ліку і павелічэньні зарплаты. Паводле статыстыкі, заробак рабочых на заводах спартовага абутку заўсёды вышэйшы за сярэдні па краіне. У каштарысе пары красовак, за якія я заплаціў 60 даляраў, аплата працы складае толькі два з паловай даляры, а, напрыклад, на рэкляму ідзе ў паўтары разы болей – 4 даляры. Актывісты незадаволеныя такой прапорцыяй – але і яны ведаюць, што без рэклямы тавар не прадасі. Напрыклад, “Рада эканамічных прыярытэтаў” у кожным выданьні паведамляе, што яе баршура надрукаваная на перапрацаванай паперы без ужываньня кісьліні, а друкарская фарба вырабленая з соевых інгрыдыентаў.

Хіба самую незвычайную рэкляму я пачуў у мінулую нядзелю па радыё: на фоне клясычнай музыкі мэлядычны жаночы голас задушэўна казаў: “Калі вы – карова, дык найлепшае месца для вас – фэрма ў Бэрклі”.

Прызнаюся, я спачатку падумаў, што гэта абраза, неяк зьвязаная з рэклямай прэпаратаў для пахудзеньня. Высьветлілася, што гэтак прапагандуецца арганічная ці натуральная сельскагаспадарчая вытворчасьць кампаніі “Horizon Organic Holding Corporation”, якая аб’ядноўвае 600 фэрмаў па ўсёй Амэрыцы, у тым ліку і ў каліфарнійскім мястэчку Бэрклі. На такіх фэрмах прадукцыя вырабляецца без ужываньня хімічных угнаеньняў, пэстыцыдаў, гармонаў, антыбіётыкаў.

“Horizon Organic” сёлета стала ляўрэатам “Рады эканамічных прыярытэтаў” за лідэрства ў экалёгіі. Паводле статыстыкі, штодня ў Амэрыцы становіцца на 30 фэрмэраў менш – але колькасьць арганічных фэрмаў расьце. Натуральная сельская гаспадарка ў Беларусі добра вядомая – абсалютная большасьць дачнікаў абыходзіцца бяз хіміі на сваіх падворках, а калгасы проста ня маюць грошай на дарагія і часам вельмі шкодныя прэпараты. Наўрад ці чарнобыльскі фактар дазволіць хутка наладзіць эфэктыўны экспарт такой прадукцыі, але ў самой Беларусі яна магла б мець неблагія пэрспэктывы. Прынамсі, аддзелы чыстых прадуктаў і цэлыя спэцыялізаваныя крамы набываюць імклівую папулярнасьць ў Эўропе і Амэрыцы.

У такой краме ў Стэнфардзе прадаецца біялягічна чыстая гародніна, фрукты і хлеб, макароны і крупы, яйкі, малако, мёд, мяса і алей. Усе набыткі пакуюць у пакеты з тэкстам дзесяці прыказаньняў – чаму трэба купляць менавіта натуральныя прадукты. Эвангельле для пакупніка з плястыкавага пакета прыводзіць наступныя прычыны:

Першая – каб абараніць будучыя пакаленьні, бо канцэрагены ад пэстыцыдаў у чатыры разы больш небясьпечныя для дзяцей, чым для дарослых. Другая – нічога добрага ад гэтай хіміі не даводзіцца чакаць і дарослым. Трэцяя мэта – каб захаваць якасьць вады, бо пэстыцыды трапляюць прыкладна ў палову ўсёй пітной вады ў Амэрыцы; чацьвертая выгада – традыцыйнае масавае земляробства вядзе да эрозіі глебы, натуральнае – лечыць і аднаўляе гумус.

Далей – хто купляе натуральныя прадукты, той дбае пра здароўе фэрмэраў, якім ня трэба важдацца з хімікаліямі і атрутай, а таксама – і гэта ўжо шостая прычына – спрыяе разьвіцьцю малых фэрмаў. Сёмае наступства натуральнага выбару – біялягічная разнастайнасьць. Асобны эфэкт – энэргазьберажэньне: сёньня на выраб штучных угнаеньняў траціцца больш энэргіі, чым на ўсю пасяўную кампанію, дагляд і збор ураджаю.

Натуральныя прадукты, натуральна, крыху даражэй – але грошы падаткаплацельшчыкаў у такім выпадку не марнуюцца на барацьбу з таксічнымі адходамі і аднаўленьне шкоды ад традыцыйнага гаспадараньня – вось і дзевятая прычына купляць натуральнае. Апошні, дзясяты запавет гучыць так – смак і харчовая вартасьць: арганічны прадукт пачынаецца з натуральнага ўгнаеньня глебы, на якой усё вырастае добра падсілкаванае, якім можна спараўды падсілкавацца самому. Пакаштуй і пераканайся!

Я пакаштаваў і ўведаў тое, што ведае любы беларускі вясковец ці дачнік – аказваецца, памідоры могуць мець смак, яблыкі водар, а з пары бульбінаў можна прыгатаваць смачны абед.

Прызнаюся, я ня бачыў, каб шмат людзей стаялі ў краме перад паліцамі і гарталі рэкамэндацыі “Рады эканамічных прыярытэтаў”. Нават мой знаёмы абаронца дзяцей Тайлянду, сябар гэтай арганізацыі, ня бачыў апошняга зьмененага рэйтынгу Nike, які я знайшоў у Інтэрнэце. Але, магчыма, гэта пытаньне тэхналёгіі – можна ўявіць эфэкт такога інструмэнту ў інфармацыйнай цывілізацыі, калі ўсе падобныя зьвесткі будуць зручна і лёгка даступныя.

Эмблема “Рады эканамічных прыярытэтаў” – глёбус у кошыку для пакупак. Ня выключана, аднак, што сымболіка можа зьмяніцца, калі да Рады далучыца арганізацыя, якая ўсур’ёз заклапочаная ня толькі справамі на зямлі, але і на небе. Сёньня чатыры тысячы сяброў гэтай асацыяцыі ратуюць зоркі і туманнасьці па ўсёй Амэрыцы – прычым у практычны і досыць выніковы спосаб, вельмі па-амэрыканску.

Пра гэта – у наступным лісьце з Каліфорніі.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org