RFE/RL |
25 кастрычніка 2000 году.
Выкупацца ў фантане, заснуць за сталом у чытальнай залі, падняцца на Гувэраўскую вежу – гэта толькі тры са 101 парады для першакурсьнікаў, якія склалі сёлета студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту. Прапановы, што трэба пасьпець зрабіць за час навучаньня, дзеляцца на тры катэгорыі. Першая – агульнастудэнцкі вопыт: напрыклад, патрапіць пад ровар ці паўдзельнічаць у дэманстрацыі пратэсту. Другая – сур’ёзныя справы: пазнаёміцца з мясцовым нобэлеўскім ляўрэатам, вывучыць замежную мову. Трэцяя – тое, што можна зрабіць толькі ў Стэнфардзе: пасядзець і падумаць побач з “Мысьляром” Радэна, які належыць унівэрсытэту, ці, напрыклад, цалавацца ў ноч поўні на цэнтральным пляцы насупраць царквы. Паводле мясцовай традыцыі, толькі пасьля пацалунку страшакурсьніка ці старшакурсьніцы абітурыент становіцца сапраўдным студэнтам. Справа гэта сур’ёзная, летась быў пастаўлены рэкорд – адна старшакурсьніца пацалавала аж 673 студэнты. Сёлета было вырашана рэкорд пабіць. Стэнфардзкая газэта друкавала рэпартажы пра падрыхтоўку – прэтэндэнтка бегала, адціскалася ад падлогі, рабіла вугалкі. У мяне асабіста склалася ўражаньне, што так рыхтуюцца не для пацалункаў, а для нечага адваротнага. Зрэшты, Беларусь і Каліфорнія – антыподы на глёбусе, калі тут ноч, там дзень, і наадварот. Аднак ноч поўні хавала і цалкам беларускія сюрпрызы. Было афіцыйна заяўлена, што якасьць пацалункаў на другім месцы, галоўнае колькасьць. На асобным століку стаяла вадкасьць для паласканьня роту. Напагатове былі студэнты-мэдыкі з пеніцылінам. Грала музыка, народ актыўна пасьвячаўся ў студэнты, некаторыя, па-мойму, па некалькі разоў. На працягу ўсяго сьвята Пацалункаў я ніяк ня мог уцяміць, што ж яно мне нагадвае: і здагадаўся толькі калі праз натоўп пад самы яркі ліхтар да музыкаў прабіліся два тузіны студэнтак і студэнтаў і пачалі танчыць – у чым маці нарадзіла. Гэта было Купальле па-стэнфардзку. За ўвесь час я пабачыў толькі аднаго студэнта моцна нападпітку – мясцовы паліцэйскі ветліва вёў яго некуды ўбок і тлумачыў, што будзе за парушэньне парадку: па пошце прыйдзе афіцыйная вымова, у кампутары застануцца дадзеныя. На голых танцораў пры гэтым ніхто не зьвяртаў увагі. Сёлета на плошчы не было хіба самай знакамітай студэнткі – Чэлсі Клінтан, дачка амэрыканскага прэзыдэнта ўзяла акадэмічны адпачынак і ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі першай лэдзі ў сэнат у Ню-Ёрку. Часопіс “Тайм” назваў Чэлсі “самым моцным сямейным упрыгожаньнем амэрыканскай палітыкі ад часу Джэкі Кэнэдзі”. “Я люблю Стэнфард, абажаю яго, гэта фантастычнае месца” – сказала Чэлсі перад ад’ездам. У Стэнфардзе яе таксама любяць – сьціплая, вучыцца выдатна, вернецца ў студзені, каб у чэрвені скончыць курс навукаў. Бацька адведваў дачку пару разоў, яна двойчы памяняла хлопца, у папулярным сярод студэнтаў японскім рэстаране “Міякэ” падаюць фірмовыя сушы “Чэлсі” – авакада і сыры ласось у рысе, закручаныя ў марскія водарасьці. Яшчэ ў адным папулярным рэстаране, дзе бывае Чэлсі, знаёмы шэф-повар прызнаўся мне, што яны ня надта любяць, калі прыходзіць дачка прэзыдэнта. Супраць самой Чэлсі ніхто нічога ня мае, але ахоўнікі цягаюцца сьледам, заглядваюць ва ўсе куткі, займаюць асобны столік і нічога ня п’юць. Афіцыйная рыса беднасьці для сям’і з чатырох чалавек у Амэрыцы – 33 тысячы даляраў у год. Столькі ж каштуе адзін год навукі у Стэнфардзе. Элітная адукацыя дарагая – але плённая. Стэнфард – адзін з вядучых амэрыканскіх ўнівэрсытэтаў, дарэчы, прэзыдэнты прэстыжных Гарвардзскага і Ельскага ўнівэрсытэтаў выпускнікі Стэнфарду. Ужо самы першы выпуск даў Амэрыцы будучага прэзыдэнта, Гербэрта Гувэра. Зараз ва ўнівэрсытэце працуюць 16 Нобэлеўскіх ляўрэатаў, 16 былых студэнтаў пабывалі ў космасе. Стэнфардзкі дыплём маюць вынаходнік Інтэрнэту і стваральнікіYahoo, заснавальнік фірмы моднага адзеньня Gap і прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Барак. Рэпутацыя вызначае адпаведны конкурс – на 1750 месцаў сёлета прэтэтэндавала 18 тысячаў чалавек. 1 кастрычніка 1891 году ўпершыню на цэнтральным пляцы прагучала музыка і сэнатар Лілянд Стэнфард узьняў шампанскае ў гонар адкрыцьця новага прыватнага ўнівэрсытэту. Стэнфард заклаў фундацыю ў памяць сына Лілянда, які памер у 15-гадовым узросьце. Гэта быў надзвычайны ўнівэрсытэт паводле мерак 19 стагодзьдзя – калі астатнія прымалі на вучобу толькі хлопцаў, Стэнфард браў дзяўчатаў, статут прадугледжваў шматканфэсійнасьць і ставіў задачу рыхтаваць ня толькі карысных, але і культурна адукаваных грамадзянаў. У падмурак ўнівэрсытэту леглі немалыя багацьці, заробленыя пад час залатой ліхаманкі ў Каліфорніі 1849 году (Стэнфард пастаўляў правізію залатакапальнікам) і на будаўніцтве чыгункі, а таксама абшырныя землі сямейнай фермы ля мястэчка Пала Альта. Праз сто гадоў гэтыя мясьціны стануць самым пасьпяховым эканамічным рэгіёнам сьвету, вядомым як Сыліконавая даліна. Сто зь лішкам гадоў таму Лілянд Стэнфард вызначыў крытэрыі набору студэнтаў, якімі Ферма – гэта яшчэ адна назва Стэнфарду – кіруецца і сёньня. Галоўнае патрабаваньне – талент і посьпехі ў вучобе ў школе. Прыёмная камісія глядзіць, што і ў якім аб’ёме вывучаў абітурыент – а ў амэрыканскіх школах вучні самі рэгулююць нагрузку ў апошніх чатырох клясах; затым чытаюць іхныя эсэ і параўноваюць вынікі школьных тэстаў. Дзевяць з кожных дзесяці сёлетніх студэнтаў уваходзілі ў склад 10% найлепшых вучняў у сваіх школах. Другі крытэрый – слынны ўдзел у школьным і грамадзкім жыцьці, посьпехі ў мастацтве ці спорце. Унівэрсытэт адкрыўся на пяць гадоў раней за першыя Алімпійскія гульні – і ў Стэнфардзе ўсур’ёз сьцьвярджаюць, што летнія алімпіяды праводзяцца спэцыяльна для мясцовых атлетаў. Аргумэнт – Стэнфард заваяваў больш медалёў, чым большасьць краінаў-удзельніцаў гульняў за ўсе часы. За першыя сто алімпійскіх гадоў Стэнфард атрымаў 166 узнагародаў, а, напрыклад, Кітай – 164. На Ферме за гэты час гадавалася 172.350 студэнтаў – супраць 1 мільярду 200 мільёнаў кітайцаў. З Сыднэю стэнфардцы прывезьлі дзесяць мэдалёў, і хаця цяпер саступаюць Кітаю, але апярэдзілі больш за 60 краінаў, якія атрымалі мэдалі ў Аўстраліі. Пры разглядзе заяваў на прыём, паводле ўмоваў заснавальніка, унівэрсытэт не зьвяртае ўвагі на плацёжаздольнасьць абітурыента. Стэнфард з жонкай чакалі нараджэньня свайго адзінага дзіцяці 18 гадоў, і калі падлетак згарэў у тыфознай гарачцы, адразу пасьля пахаваньня бацькі, якія ўжо нічога не маглі зрабіць для свайго сына, пастанавілі рабіць што могуць для дзяцей іншых. У гэтым навучальным годзе 70% студэнтаў атрымліваюць грашовую дапамогу – і найбольшая частка сродкаў ідзе з капіталу Лілянда Стэнфарда. Ва ўсе часы ва ўсіх краінах грошай студэнтам не хапае. У Стэнфардзе выдаецца некалькі газэтаў, і яны поўныя абвестак, як і дзе можна падрабіць. Традыцыйны студэнцкі занятак – рэпэтытарства, можна зарабіць да 25 даляраў за гадзіну; за дагляд за малымі дзецьмі плоцяць удвая меней, але там свае плюсы – адна такая абвестка шукала кандыдата на ролю старэйшага брата ці сястры для двух блізьнятаў, які б любіў дурачыцца, гуляць у мячык і добра паесьці. Нармалёвая праца, асабліва калі апетыт студэнцкі. Патрабуюцца развозчыкі прэсы, афіцыянты, бармэны – заробак 12-14 даляраў у гадзіну плюс чаявыя. Ня ведаю як цяпер, але раней у Беларусі шмат хто ў студэнтах, каб зарабіць, здаваў кроў. Газэта Stanford Daily з нумара ў нумар рэклямуе заробак здаровым малайцам, якія здаюць сперму – да 600 даляраў у месяц. Таксама шчодрая кампэнсацыя абяцаецца адказным і здаровым маладзіцам ва ўзросьце 21-30 гадоў, якія здадуць яйцаклеткі. Па тэлефоне гарантавалі ананімнасьць, але ўдакладнілі, што прапановы тычацца толькі амэрыканскіх грамадзянаў. Пераважная большасьць студэнтаў – амэрыканцы, але сярод сёлетніх першакурсьнікаў прадстаўнікі 38 краінаў, этнічна палову першага курсу складаюць белыя, адну чвэрць – азіяты, па 8% зь лішкам маюць амэрыканцы афрыканскага і мэксыканскага паходжаньня, ёсьць крыху індзейцаў. Паходжаньне амаль 5% студэнтаў пазначанае як “інтэрнацыянальнае” . Верагодна, гэта калі бацька беларус, а маці, напрыклад, японка, ці калі дзіця зьявілася на сьвет ад ананімных донараў. Ва ўнівэрсытэцкай прыёмнай камісіі ня ведалі пра студэнтаў зь Беларусі, але паабяцалі знайсьці адказ да наступнае серады. Тым часам, на паліцах Стэнфардзкай бібліятэкі я знайшоў беларускую кніжку, выдадзеную ў 1909 годзе у друкарні Марціна Кухты, якая дакладна апісвае парадкі ў тутэйшых інтэрнатах. Пра гэта – наступным разам.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |