RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Лісты з Каліфорніі


4 кастрычніка 2000 году.

Самы важны, самы істотны, самы амэрыканскі напой – гэта ня пэпсі і ня кока-кола, ня піва і ня віскі, ня чай і ня кава, і нават у Каліфорніі – гэта не каліфарнійскае віно. Такое, прынамсі, маё асабістае ненавуковае назіраньне. У першы ж дзень на выязьдзе з аэрапорту Сан-Францыска я пабачыў рэклямны шчыт, які паведамляў, што гэты напой можна набыць на наступных адным мільёне 650 тысячах прыпынкаў па ўсёй Амэрыцы. Потым з тэлеэкрану мяне пачалі штодня пытаць, ці я ўжо выпіў сваю шклянку. Асаблівую настойлівасьць пры гэтым праяўлялі вусатыя мужчыны рознага ўзросту – яны таксама пільна глядзяць з глянцавых вокладак часопісаў. Каб адказаць на ўсе пытаньні пра гэты напой, працуе бясплатная тэлефонная лінія – 24 гадзіны на дзень, сем дзён на тыдзень. Інтэрнэт прапануе ня толькі безьліч зьвестак, рэцэптаў і парадаў, але і адпаведныя кампутарныя гульні.

Прызнаюся, я даўно ўжо не аматар гэтага напою, але вырашыў купіць і пакаштаваць – аднак гэта аказалася зусім ня так проста, як я думаў. І не таму, што яго няма ў продажы – фактычна, якраз наадварот.

У малочным аддзеле крамы – а гаворка менавіта пра малако – стаяць дзясяткі розных гатункаў у розных упакоўках розных памераў. На выбар тлустасьць – 1%, 2%, 2,5% і гэтак далей; зь вітамінамі А, Д, С, В і мінэраламі ў розных камбінацыях; побач немалочнае малако – соевае, рысавае.

“Малако – найлепшая крыніца кальцыю, самы надзейны сродак супраць астэапарозу (слабых костак), ад якога пакутуюць мільёны амэрыканак”; “Штодня пі тры шклянкі!” – усё гэта сталыя заклікі малочнай індустрыі, якая і праводзіць кампанію “малако на вусах”, калі знакамітасьці фатаграфуюцца зь белай палоскай пад носам. Палоска, застаецца толькі ад тлустага малака, а амэрыканцы хочуць быць Fat Free – свабоднымі ад тлушчу. Дзеля гэтага сёлета ў Каліфорніі на паліцах зьявіўся новы гатунак – у малако бяз тлушчу дадаюць аўсяны экстракт – на 20 цэнтаў даражэй, але смак і гушчыня як у цэльнага малака. Калі верыць рэкляме, зразумела.

Кожнае дзеяньне, вучыць фізыка, выклікае супрацьдзеяньне. Так сёлета здарылася з папулярным рэклямным лёзунгам “Got Milk?”—“Ты выпіў малако?” У Стэнфардзкім унівэрсытэцкім гарадку стаяць круглыя тумбы, куды вешаюцца розныя абвесткі, рэкляма – сёлета на іх зьявіліся ўлёткі з надпісам “Got Beer?” – “Ты выпіў піва?”

Кампанію праводзіла арганізацыя “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі”. ЛЭАЖ абвінавачвае малочную індустрыю ў негуманных адносінах да кароваў. Маўляў, каровы даюць малако дзеля тых самых мэтаў што і людзі – каб карміць сваіх бэйбіз. Неэтычныя фэрмэры штучна асемяняюць кароваў, каб тыя пастаянна даіліся быццам машыны, цялятаў бяздушна забіраюць ад маці і робяць зь іх біфштэксы. Для старых кароваў няма дамоў адпачынку, дзе дажыць свой век – іх таксама вязуць на бойню.

“Піце не малако, а піва!” – заклікаюць “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” і прыводзяць цэлы стос аргумэнтаў, чаму піва лепшае за малако. Аргумэнты мне падаліся пераканаўчымі, я нават перапісаў некалькі: у піве няма халестэролу, а ў кожным кубку малака – 20 мг, у піўным куфлі – мінімум паўграма карыснай клятчаткі і ажно 3 грамы комплексных вугляводаў, у малацэ – нуль; піва ня ўтрымлівае гармоны і антыбіётыкі, у малацэ ня толькі поўна ўсякіх пестыцыдаў, там ёсьць гармон росту rBGH, ад якога ў мужчыны могуць вырасьці грудзі.

Кажуць, піўная кампанія мела шалёны посьпех ва ўнівэрсытэтах – але вельмі хутка “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” мусілі зрываць сваю агітацыю. У справу ўмяшалася трэцяя сіла, арганізацыя, якая называецца “Маці супраць п’янай язды”. “Маці” запатрабавалі неадкладна спыніць піўную прапаганду, як шкодную і нелегальную – у Амэрыцы алкаголь, у тым ліку піва, дазволена піць толькі пасьля дасягненьняя 21-гадова ўзросту.

“Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” апраўдваліся тым, што ўся іх кампанія – толькі пародыя, але мусілі здымаць старыя і вывешваць новыя абвесткі. На гэты раз з выявай сымпатычнага цяляці і надпісам – “Чарлі прапаў бязь вестак – апошні раз бачылі як плакаў, калі забіралі ад маці на фэрме і грузілі ў машыну – уратуйце яго жыцьцё”. Апроч таго, ЛЭАЖаўцы, каб загладзіць віну, паслалі “Маці супраць п’янай язды” ахвяраваньне – чэк на 500 даляраў. “Маці” заявілі, што ня могуць прыняць грошы ад асобаў, якія нахабна прапагандуюць сьмерць на дарозе, і вярнулі чэк; абаронцы жывёлаў адказалі, што ад малака гіне больш людзей, чым ад піва, бо малако спрыяе захворваньням сэрца і артэрыяў, раку, астме, алергіі, насмарку і ўвогуле ўсім хваробам апроч “карпальнага тунэльнага сындрому”. Я потым пацікавіўся загадкавым сындромам: аказалася, гэта калі з рук усё валіцца ці, напрыклад, цяжка завязаць снуркі на чаравіках. Тут малако хіба, сапраўды, невінаватае.

Малочна-піўная баталія – толькі пэрэфэрыйны эпізод вайны паміж малочнай індустрыяй і рознымі грамадзкімі арганізацыямі, заклапочанымі экалёгіяй, выкарыстаньнем гарманальных прэпаратаў, бясьпечным харчаваньнем. Справу слухаюць у судах, дыскусія выплеснулася на старонкі прэсы, віруе ў Інтэрнэце, але яўных пераможцаў быццам няма. Паводле статыстыкі, малако утрымлівае сваю пазыцыю нумар два сярод амэрыканскіх напояў (26%), удвая саступаючы ў папулярнасьці шыпучым ліманадам (52%), але стала апярэджваючы піва (22%) і каву (21%).

Але пераможцы ўсё ж ёсьць – гэта перш за ўсё публіка, якая цяпер больш і лепш паінфармаваная, і – каровы.

На пакеце амэрыканскага малака на маім стале намаляваная карова, якая ўсьміхаецца – і далібог, ёй ёсьць ад чаго радавацца. Працытую надпіс на ўпакоўцы: ”Мы дбаем пра дбрае самаадчуваньне нашых кароваў. Яны пасьвяцца на палетках, дзе не ўжываюцца пестыцыды і хімікаліі, маюць прасторныя і цёплыя хлявы, у іх рацыёне толькі арганічна вырашчаны корм. Нашы фэрмэры практыкуюць водара- і музыкатэрапію”. Адным словам, зусім так, як на Беларусі утрымліваюць свойскую жывёлу. Традыцыйная дудка ў пастушка – тая ж музыкатэрапія... Праўда, арганічных фэрмаў у Амэрыцы пакуль менш за 1% – але іх колькасьць імкліва расьце разам з попытам на менавіта такі сэртыфікаваны прадукт.

Першы кардонны пакет для малака з плястыкавым пакрыцьцём зьявіўся ў 1932 годзе, плястыкавая бутэлька – у 1964-м. Да таго малако кансэрвавалі ў бляшанках – іх, дарэчы, выдатна ведалі ў Беларусі ў 20-я гады. Ня выключана, што некаторых нашых слухачоў-гараджанаў проста не было б на сьвеце, калі б не амэрыканскае малако, якое яны ці іхныя бацькі, дзядулі ці бабулі атрымлівалі ў галодныя пасьлярэвалюцыйныя гады. Тады ў Беларусі дзейнічала АРА – Амэрыканская арганізацыя дапамогі дзецям. Беларускія дзеці амэрыканскае малако выпівалі, а бляшанкі не выкідалі – гэта быў каштоўны інвэнтар у гаспадарцы.

Асобныя несьвядомыя элемэнты амэрыканскае малако кралі і прадавалі на сталічных рынках. У архіве Гувэраўскага інстытута тут у Каліфорніі я знайшоў справаздачы пра малочную аблаву на менскіх рынках, якую ўвесну 1922 году праводзіла ЧК-ГПУ: чырванаармейцы ачаплялі тэрыторыю, і чэкісты правяралі ня толькі ўсе прылаўкі і паліцы на прадмет гандлю гуманітарнай дапамогай, але і абшуквалі пакупнікоў. Канфіскат вярталі на склады АРА, прадаўцоў забіралі з сабою – тады, праўда, не растрэльвалі – НЭП. Рынак адрэагаваў на новую кан’юнктуру імгненна – назаўтра на прылаўках стаялі тыя ж бляшанкі, але без этыкетак – паспрабуй дакажы, што гэта амэрыканскае малако. Дзелавітыя янкі нанесьлі ўдар у адказ – пачалі ставіць гумовыя пячаткі на накрыўках. Прадпрымальныя гандляры сталі змываць штампы газай – але гуманітарны бізнэс хутка выдыхся: без арыгінальнай этыкеткі прадаць тавар аказалася значна цяжэй.

Прыгожая каляровая этыкетка была, зразумела, на ангельскай мове. У Беларусі у тыя часы вывучалі французскую і нямецкую мовы, ангельская была амаль зусім невядомая. Калі супрацоўнікам місіі АРА надакучыла адказваць на пытаньні, што ж менавіта напісана на бляшанцы, яны арганізавалі курсы – праз паўтары гады ангельскую мову ў Менску вывучала ўжо дзьве тысячы чалавек.

Увогуле, этыкетка – суворая рэч. Я нядаўна купляў красоўкі і калі прымяраў пару адной папулярнай фірмы, мой знаёмы – дарэчы, ня сябар арганізацыі “Маці супраць п’янай язды” – цалкам сур’ёзна спытаўся, чаму я хачу павялічыць дзіцячую сьмяротнасьць ў Тайляндзе.

Пра гэта – у наступным лісьце з Каліфорніі.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org