RFE/RL |
27 верасьня 2000 г.
Кожную раніцу я кручу педалі праз Стэнфард – унівэрсытэцкі гарадок, дакладней – горад са сваімі плошчамі і фантанамі, стадыёнамі, кнігарнямі, банкам, поштай, царквой, і падымаюся на Гувэраўскую вежу – самае беларускае месца на ціхаакіянскім узьбярэжжы Амэрыкі, дзе захоўваюцца тысячы выданьняў і архіўных дакумэнтаў нацыянальнай гісторыі. Якраз у гэтым месцы мне і сказалі, што я не падобны да беларуса. Беларусы, на думку тутуэйшых знаўцаў, павінны выглядаць зусім іначай. Я папрасіў патлумачыць, як павінен выглядаць сапраўдны беларус. Этнаграфічная гутарка адбывалася ў адным з унівэрсытэцкіх рэстаранчыкаў. Мне паказалі на суседні столік, які ўвесь акупавала мажная афраамэрыканка, як тут называюць нэграў, даволі падобная на футурал з кантрабасам, што стаяў побач. Высьветлілася, што Гувэраўская бібліятэка ў свой час набыла кнігу “Беларуская кухня” на ангельскай мове, і адметнасьці нацыянальнага кухарства пакінулі глыбокі сьлед у душах чытачоў. Кожны другі рэцэпт пачынаўся фразай: “Вазьміце кіляграм сьвініны…” Самае папулярнае словазлучэньне, якое я чытаю і чую шмат разоў на дзень – Fat Free: свабодны ад тлушчу. Гэтае азначэньне стаіць на хлебе і каўбасе, цукерках і пірожных, фасаваных салятах, соўсах, кансэрвах. Тэлебачаньне паказвае, як сьпячы пірог бяз граму тлушчу, індустрыя выпускае патэльні, на якіх можна смажыць без алею, кнігарні поўныя кулінарных дапаможнікаў для тых, хто хоча есьці так, каб быццам і ня есьці. Амэрыканцы хочуць быць свабоднымі ад тлушчу. Нам бы такія клопаты, уздыхне слухач – і будзе мець рацыю. Было б вельмі нядрэнна мець менавіта такія клопаты, выбіраць здаравейшую ежу, сачыць за калёрыямі, дапільноўваць мінэральны балянс, спрачацца пра вітамінавыя дадаткі. Гэтыя клопаты – фэнаменальны паказчык ня толькі моднай дыеты, імкненьня быць прывабнымі і падцягнутымі, жыць даўжэй і больш прадуктыўна, – гэта адзін з вынікаў амэрыканскага стагодзьдзя. Я купляю свой “кіляграм сьвініны” ў адной краме з прафэсарам Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Дэвідам Кэнэдзі, аўтарам новага ўсеабдымнага дасьледаваньня гісторыі 1929-1945 гадоў, часу вялікай эканамічнай дэпрэсіі і яе пераадоленьня. Праца Кэнэдзі, якая заняла 11 гадоў і выйшла летась, называецца “Свабода ад страху”. Кніга ўжо атрымала Пуліцараўскую прэмію і залаты мэдаль каліфарнійскага кніжнага клюба. Напэўна будуць і іншыя ўзнагароды, як, напэўна, будзе і роспач студэнтаў, якім трэба прачытаць тысячу старонак. Гэта было б карыснае чытаньне і для шмат каго ў Беларусі. Сёньняшнія ўцёкі Амэрыкі ад тлушчу пачаліся 70 гадоў таму, калі біржавы крах і беспрэцэдэнтнае за мірным часам беспрацоўе балюча скаланулі грамадзтва, асабліва бязьлітасна крызіс ударыў па сельскай гаспадарцы. У 1933 годзе на просьбу жонкі прэзыдэнта Элеаноры Рузвэльт у падарожжа па краіне выправілася папулярная журналістка Лярэна Гігак. Ейная задача палягала ў тым, каб на свае вочы пабачыць, як жывуць людзі ў часы дэпрэсіі, і інфармаваць урад. Гігак вырасла ў беднасьці, яна яе не рамантызавала і не драматызавала. Тым больш красамоўныя яе лісты з падарожжа. “У старой царкве сабраліся некалькі фэрмэраў, дзеля холаду апранутых ва ўсё рызьзё, што знайшлося. Корму для быдла амаль няма. Мясцовыя жыхары спрабуюць даваць чартапалох, які ў сухім выглядзе падобны да калючага дроту, што ганяе ветрам па прэрыі. Каровы перасталі даіцца, бо няма чым карміць. Згаладнелыя коні падаюць у вупражы. Нават дзецям спрабуюць варыць суп з чартапалоху. На смак ён таксама як калючы дрот”. Сёлета ўвесну шмат дзе ў Беларусі раўлі галодныя каровы, калгасьнікі выганялі статак на пашу ужо ў сакавіку. За падобнае абыходжаньне з жывёлай паводле амэрыканскага заканадаўства ўсё калгаснае начальства зь міністрам на чале сядзела б у турме. Вось толькі калгасаў у Амэрыцы няма. Ці маглі тут яны быць? У кастрычніку 1933 году прэзыдэнт Франклін Рузвэльт, зь якім зьвязвалі надзеі на выхад з крызісу, атрымаў ліст ад фэрмэра зь Індыяны: “Леташняй вясной я думаў, Вы сапраўды зьбіраецеся нешта зрабіць для краіны... Цяпер гэтаму канец. Клянуся весьці вечную вайну супраць фінансавых баронаў і буду рабіць усё, што змагу, каб наступіў камунізм”. У Паўночнай Дакоце Гігак зайшла ў памяшканьне, якое, як яна піша, раней было хатай: “Апошні рамонт быў не вядома калі. Падлога на кухні ў латках з бляхі. Тынкоўка абвалілася. Дзіркі ў вокнах заткнутыя газэтамі. Два хлопчыкі ў рызьзі, басанож, без шкарпэтак і чаравікаў, ногі пунсовыя ад холаду. Гэта, мілая лэдзі, – зьвяртаецца Гігак да Элеаноры Рузвэльт, – і ёсьць рэчыва зь якога робяцца страйкі на фэрмах і аграрныя рэвалюцыі. Камуністычныя агітатары ўжо на месцы і працуюць напоўніцу”. Цікава, як Лярэна Гікак вызначала агульны настрой насельніцтва: палова людзей на фэрмах запалоханая да сьмерці, другая палова ў апатыі. Калі адкінуць амэрыканскія імёны, апісаньне цалкам падыйдзе да сучаснай калгаснай вёскі. Ды й ня толькі сучаснай – нават ў параўнальна сытыя 70-я гады ў беларускай вёсцы так дажывалі свой век шмат якія старыя. У інстытуце мы езьдзілі запісваць успаміны вяскоўцаў на Віцебшчыне пра вайну, і я памятаю, як пасьля наведваньня некалькіх хатаў усю дарогу назад плакалі ў аўтобусе дзьве студэнткі-гараджанкі, якія і не падазравалі што ў Савецкай краіне савецкія людзі мог жыць у такой галечы, на адной печанай бульбе ды тым, што Бог пашле – то бок, маладзейшыя суседзі дадуць. Выйсьце з цяжкага крызісу нярэдка зьвязваюць з жалезнай рукой, якая навядзе парадак, няхай і шляхам зьмены канстытуцыі. Так ў 1933 годзе прыйшоў да ўлады Гітлер, так у 1996 годзе матываваўся гвалт над канстытуцыяй Беларусі. Рузвэльт прапанаваў небывалыя сацыяльныя і эканамічныя рэформы – New Deal – новае пагадненьне, але без рэвалюцыйных узрушэньняў, без скасаваньня канстытуцыі. Лейтматывам новага пагадненьня стала бясьпека. Бясьпека ня толькі асобам, якія ня ў стане былі справіцца з цяжкасьцямі жыцьця, ня толькі непрывілеяваным клясам, расам, але і заможным банкірам, домаўладальнікам. Амэрыка, піша Дэвід Кэнэдзі, атрымала столькі свабоды ад страху, колькі дэмакратычны ўрад мог забясьпечыць. У адной з архіўных скрынак я знайшоў дакумэнт 1919 году, калі Гэрбэрт Гувэр карміў галадаючых у Эўропе, у тым ліку ў Беларусі. Настаўніца задае пытанье: чаму я ем, але ўсё роўна галодная. І лекар-прафэсар адказвае: вы не атрымліваеце досыць тлушчу. Пры недахопе ежы толькі тлушч дае адчуваньне сытасьці. Легендарнае беларуска-украінскае сала з часныком – усяго толькі паказчык галечы... Адчуваньне бясьпекі прыносяць розныя рэчы. Бэтонная столь бомбасховішча, працуючы тэлефон, гарантаваная пэнсія, ці, напрыклад, свае людзі ў выбарчай камісіі. Свабода як гарантыя бясьпекі – самы складаны і супярэчлівы чыньнік, які ніколі цалкам ня можа быць дасягнуты, хаця б таму, што свабода не бароніць ад сьмерці. Але яна – самае каштоўнае, што можа даць адсутнасьць страху. Свабодныя ад страху людзі – галоўны здабытак сёньняшняй Амэрыкі. Зразумела, амэрыканцы, як і ўсе людзі, шмат чаго баяцца – але калі нацыя дружна баіцца патаўсьцець, гэта сьведчыць пра герархію страхаў. Дарэчы, паводле крытэрыя кулінарных рэцэптаў “Беларускай кухні”, у Амэрыцы нашмат больш беларусаў, чым я меркаваў – кожны трэці мае залішнюю вагу. Унікальная асаблівасьць амэрыканскага руху за свабоду ад тлушчу – новая небывалая магчымасьць уплываць на сьвет. І ня праз удзел у выбарах ці грамадзкіх арганізацыях, ня маршамі пратэсту ці дабрачыннымі ахвяраваньнямі. І прафэсар Кэнэдзі, і ягоныя студэнты, і я, як высьвятляецца, штодня можам спрыяць разнастайнасьці жыцьця, перашкаджаць эрозіі глебы і, ўвогуле, бараніць будучыя пакаленьні. Прычым рабіць гэта проста, калі купляем, напрыклад, самы амэрыканскі напой – дарэчы, гэта ня пэпсі і ня кока-кола, ня піва, ня віскі, і нават у Каліфорніі гэта не каліфарнійскае віно. Але пра гэта – наступным разам. Аляксандар Лукашук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |