RFE/RL |
27 сьнежня 2000 году. Ліст фінальны, але не апошні.
Я вярнуўся ў Прагу пасьля трох месяцаў працы ў архівах Гувэраўскага інстытуту і заняткаў у Стэнфардзкім унівэрсытэце, а лісты яшчэ ішлі – вінаватая сьвяточная перагрузка пошты. Але ўсяму свой час – натуральна, сканчаюцца і мае эпісталярныя нататкі пра жыцьцё па-амэрыканску, засталіся зацемкі, нататкі, тэмы, якія, магчыма, стануць падставай для будучых развагаў. Сёньняшні ліст складзецца якраз з такіх фрагмэнтаў. 30 лістапада. Калі я пішу гэты ліст, Амэрыка па-ранейшаму ня ведае, хто будзе наступным прэзыдэнтам. Што гэта азначае для амэрыканскай і ня толькі амэрыканскай дэмакратыі – фактычна, нічога асаблівага, варта узгадаць выказваньне Чэрчыля, што дэмакратыя – самы неэфэктыўны спосаб кіраваньня, з той агаворкаю, што астатнія яшчэ горшыя. Кожны можа дома паставіць просты экспэрымэнт: вазьміце павелічальнае шкло і паглядзіце на самы прыгожы твар – чым бліжэй падносіце, тым выразьней відаць няроўнасьці скуры, бугаркі, рознасьць афарбоўкі, адмерлыя клеткі і поры – прыгажосьць зьнікае, зьяўляецца ня надта прывабны, нават страшнаваты ляндшафт. Такое самае павелічальнае шкло паднесенае да Флорыды, ня больш за тое. Маё працоўнае месца было ў Гувэраўскай вежы, самым высокім будынку Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, і самым глыбокім – пад зямлёй месьціцца архіўнае сховішча. Ужо напачатку першай усясьветнай вайны Гувэр зразумеў унікальнасьць пераменаў свайго часу, адчуў неабходнасьць збору матэрыялаў для будучага архіву, здолеў ацаніць гісторыю ў момант яе нараджэньня. Ягоныя пасланцы працавалі на абшарах былой расейскай імпэрыі, нястомна зьбіраючы газэты, плякаты, фатаздымкі, праклямацыі, зборнікі мясцовых дэкрэтаў. Думаю, калі б Гэрбэрт Гувэр сёньня наведаў Менск, ці ня першым, з кім бы ён захацеў сустрэцца, стаў бы Ўладзімер Кармілкін – чарнарабочы беларускай дэмакратыі, нястомны летапісец менскіх мітынгаў, дэманстрацыяў, сходаў. Прынамсі, пра калекцыю Ўладзімера Кармілкіна гувэраўскія архівісты ведаюць і цікавяцца магчымасьцю атрымаць яе ці нават проста скапіяваць. Яны толькі ня ведаюць, што рабіць з мытнымі дэклярацыямі новага ўзору, якія патрабуюць паведамляць пра друкаваныя ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы, забароненыя для вывазу, – каб не пашкодзіць дзяржаўным інтарэсам краіны. Цікава, якая ўстанова мусіла б даваць дазвол на вываз касэтаў з запісамі мітынгу ў Курапатах – КГБ, камандаваньне менскага АМОНу ці адміністрацыя прэзыдэнта?.. Амэрыканцы толькі-толькі ўведалі, хто перамог на гэтых выбарах, але мае знаёмыя абмяркоўваюць ужо, хто будзе наступным прэзыдэнтам пасьля Буша-малодшага. Я глядзеў па тэлебачаньні, як адзначалася 200-годзьдзе Белага дому, – былы прэзыдэнт Джордж Буш пад аплядысмэнты зьвярнуўся да першай лэдзі зь яе новым тытулам – сэнатар Клінтан. Упершыню ў амэрыканскай гісторыі першая лэдзі абраная ў сэнат ад штату Ню-Ёрк. Ужо гавораць, што яна можа паспрабаваць стаць першай жанчынай – прэзыдэнтам Амэрыкі. Пад час яе спаборніцтва за месца ў сэнаце з кандыдытам ад рэспубліканцаў Рыкам Лацыё часопіс New York надрукаваў апытаньне: каго лепш мець за сябра – галасы падзяліліся пароўну. Хто з кандыдатаў больш падобны да вас – 39% лічаць, што яны больш падобныя да Гілары, і толькі 32% – да Рыка. Адказы, якія мяне ўразілі больш за ўсё: на пытаньне, хто больш сумленны, Гілары атрымала 28% галасоў , а Рык –32%. А вось павячэраць разам з Гілары хацелі б 50%, і толькі 32% з Рыкам. Сэнатарам стала Гілары Клінтан. Кнігі і артыкулы пра Беларусь, якія выдаюцца апошнім часам у Амэрыцы, Канадзе, Францыі, Вялікай Брытаніі, амаль абавязкова маюць у назове слова “скрыжаваньне”: “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях”, “на скрыжаваньні часу”, і г.д . Мэтафара выбару і няпэўнасьці ў зборніку, які выдаў Фонд Карнэгі, узмацняецца фразай, якой адзін з аўтараў, Шэрман Гэрнэт, пачынае уступ: “На палітычнай мапе сьвету Беларусь мае тэндэнцыю правальвацца ў шчыліны шахматнай дошкі”. Алюзія да вядомай кнігі Збігнэва Бжэзінскага “Вялікая шахматная дошка”. І яшчэ на тэму скрыжаваньня зь іншай кнігі: “У рэшце рэшт, Беларусі давядзецца знайсьці свой шлях. Хаця тыя, хто сёньня кіруюць краінай, прагнуць збліжэньня з Расеяй, ім давядзецца спачатку зрабіць яго вартым для Расеі. Яны ня здолеюць захаваць эканоміку савецкага тыпу на субсыдыях з Масквы, бо Масква больш ня можа сабе гэта дазволіць. Але калі Беларусь зробіць партнэрства выгадным шляхам рэфармаваньня эканомікі і прыцягненьня інвэстыцыяў, ёй не спатрэбіцца Расея – хіба толькі ў якасьці добрай суседкі”. Шмат у каго пытаньне выклікае ня столькі шлях рэформаў, як прыметнік “добрая” ў дачыненьні да ўсходняй суседкі. Стэнфардзкі ўнівэрсытэт, цытата з падручніка макраэканомікі: “Джэйсан Кулі сустрэў дзяўчыну сваёй мары на аўтастаянцы і пачынае заляцацца, ня ў стане выстаяць перад яе ўсьмешкай, прыгожымі вачыма і тым, як Саманта тлумачыць розьніцу паміж абсалютнай і адноснай перавагай”. Падручнік называаецца “Жыцьцё, каханьне і эканоміка”. Апошнім часам ў Амэрыцы набылі папулярнасьць унівэрсытэцкія дапаможнікі раманнага тыпу. Калі герой падручніка Джэйсан прапануе не абмяжоўваць час сяброўствам выключна паміж сабою, маўляў, навокал ёсьць і іншыя цікавыя асобы, Саманта гаворыць: “Табе цікава, як было б зь нейкай іншай дзеўчынай. Калі ты застаешся са мной, кошт тваёй магчымасьці роўны таму, што ты мог бы рабіць зь ёю”. Параўнайце гэтае вызначэньне кошту магчымасьці з формулай з клясычнага падручніка “Эканомікі”: “Колькасьць асноўнай прадукцыі, ад якой трэба адмовіцца альбо ахвяраваць дзеля таго, каб стварыць адзінку новай прадукцыі”. Дзіва, што студэнты прызнаюцца, што ўпершыню ў жыцьці дачытваюць падручнік да канца. У старым даведніку ЦРУ коратка прадстаўленае ўсё вышэйшае кіраўніцва Беларусі пачатку 90-х гадоў: Кебіч, Шушкевіч, Краўчанка, Казлоўскі, Бураўкін, а таксама лідэр апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк – з фатаграфіямі і біяграфіямі. Лучыць усіх фраза-характарыстыка: “не гаворыць па-ангельску”. Цікава, што ў даведніку ЦРУ з таго часу ўсё састарэла, апроч гэтай апошняй фразы – па ангельску яны так і не загаварылі. Яшчэ адна кніга з паліцаў стэнфардзкіх бібліятэкаў – “Паталягаанатомія імпэрыі”, ўспаміны Джэка Мэтлака, амэрыканскага амбасадара ў Маскве з 1988-га па 1991год. Некалькі цытатаў: “Расея была паўнакроўнай імпэрыяй, якая спрабавала русыфікаваць іншыя народы і пашыралася шляхам экспансіі і вайсковых захопаў. На працягу ХІХ стагодзьдзя забаранялася друкаваць кнігі па-украінску і па-беларуску альбо пісаць па-літоўску лацініцай”. Камэнтар да цытаты: 10 гадоў таму я быў на прыёме ў рэзыдэнцыі Мэтлака у Маскве. Мэтлак з жонкай сустракалі гасьцей на лесьвіцы Спаса-гаўза і віталіся з кожным. Калі я сказаў, што зь Беларусі, Мэтлак працытаваў мне Купалу – ён перакладаў на ангельскую “А хто там ідзе”. І яшчэ адна цытата з кнігі амэрыканскага амбасадара пра візыт Гарбачова ў Менск: “Гарбачоў амаль нічога не сказаў пра Чарнобыль, а скарыстаў прамову для атакаў на рэфарматараў і інтэлектуалаў. Калі я прачытаў ягоную менскую прамову – яго скажонае прадстаўленьне падзеяў выглядала альбо як спэцыяльнае вычварэньне альбо трагічная неінфармаванасьць. Прамова пашкодзіла ня толькі ягоным сувязям зь інтэлектуламі-рэфарматарамі. Беларусь, якая змагалася з велізарнымі параблемамі са здароўем і экалёгіяй, выкліканымі Чарнобылем, пабачыла, што ён выкарыстоўвае трыбуну для палітычнай вендэты – і расцаніла гэта як абразу. Візыт Гарбачова ў Менск прысьпешыў аддзяленьне адной з самых ляяльных рэспублік, якое дасягнула кульмінацыі ў паляўнічым дамку ў Белавескай пушчы ў сьнежні 1991 году На гэтую сустрэчу Гарбачова не запрасілі”. …Імя “Каліфорнія”, як мне тлумачыў адзін знаўца ў рэстаране з выглядам на дахі Сан-Фрацыска і залітую сонцам акіянскую бухту, азначае месца, дзе сустракаюцца каліфы, феі, анёлы – дакладна гэтае квяцістае тлумачэньне я ня памятаю, але мясцовае віно даволі ўдала дапаўняла яго сэнс. На стальным парапэце легендарнага мосту Залатой Брамы я пабачыў выдрапаны надпіс “Беларусь у Эўропу” – не зусім дарэчны ў дачыньненьні да месца, па-мойму, але не такі ўжо і чужы для Каліфорніі. Авантурысты з Беларусі ўдзельнічалі ў залатой ліхаманцы ў мінулым стагодзьдзі, а кампутаршчыкі зь менскімі дыплёмамі ўдзельнчаюць ў інтэрнэтавай ліхаманцы Сылікованай даліны сёньня. Нягледзячы на вяртаньне аўтара, каліфарнійская тэма з эфіру “Свабоды” цалкам ня зьнікне – у Стэнфардзе я пазнаёміўся з выдатнымі навукоўцамі, дасьледчыкамі, літаратараміі і запісаў шэраг гутарак, якія прагучаць у наступным годзе. У “Каліфарнійскіх дыялёгах”, які прыйдуць на зьмену “Лістам з Каліфорніі”, бяруць удзел Робэрт Конквэст – хіба найвялікшы на сёньня аўтарытэт у сьвеце ў гісторыі сталінізму, і ня толькі сталінізму, вядомы нашым слухачам як аўтар клясычнай працы “Вялікі тэрор”, але зусім невядомы як арыгінальны паэт. Першае пытаньне, якое задаў мне Эдвард Тэлер, бацька амэрыканскай вадароднай бомбы, было пра стаўленьне ў Беларусі да распаду Савецкага Саюзу. Асабіста знаёмы з плеядай выбітных розумаў стагодзьдзя, ад Альбэрта Эйнштэйна да Андрэя Сахарава, Эдвард Тэлер моцна ўхваляе новую незалежнасьць былых савецкіх народаў. Нобэлеўскі ляўрэат эканаміст Мілтан Фрыдман узгадвае сваё падарожжа праз Беларусь у 60-я гады і мадэлюе сытуацыю рэпрэсыўнай эканомікі сучаснай Беларусі. Усе тры суразмоўцы так ці іначай выказваюцца пра будучыню Беларусі, – меркаваньне асобаў, чые думкі фармавалі хаду гісторыі ў мінулым стагодзьдзі, спадзяюся, прыдадуцца і для наступнага. Аляксандар Лукашук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |