RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Лісты з Каліфорніі


23 сьнежня 2000 году.

Неяк раней я абяцаў расказаць пра мясцовую Стэнфардзкую традыцыю танчыць на магілах. Але перашкодзілі танцы дэмакратыі ў Флорыдзе, якія натуральна прыцягнулі ўсю ўвагу і парушылі эпісталярную храналёгію. Аднак лісты пра стэнфардзкія парадкі хаця і саступілі электаральным баталіям за Белы Дом, аднак у кожнай паразе хаваецца рэванш – сёньня я раскажу пра інаўгурацыю прэзыдэнта. Калі нехта лічыць, што яна адбудзецца толькі 20 студзеня 2001 году, – крыху пачакайце.

У 1918 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты Янка Станкевіч надрукаваў “Новы лемантар для беларускіх дзетак”, які цяпер захоўваецца ў Гувэраўскай бібліятэцы. “Новы лемантар” зьмяшчае загадку:

“Бела-белава перад Богам стаяла: “Божэ мой мілы, Божэ адзіны, кроў маю п’юць, мяса ядуць, косьці на агні паляць, а самі б’юцца”.

Беларускія дзеткі, выхаваныя на падобных тэкстах, хіба цалкам спакойна ўспрынялі б відовішча, што адбываецца штогод ля маўзалею, дзе пахаваная сям’я Стэнфардаў, якія заснавалі ўнівэрсытэт. У масках і касьцюмах вампіраў, хлопцы пераапранутыя ў дзяўчатаў і наадварот танчаць пад гром барабанаў, сьпевы трамбонаў і гухканьне фаготаў. Як заявіў адзін са студэнтаў, больш чым тут, павясяліцца на могілках наўрад ці ўдасца.

Адгадка на беларускую дзіцячую загадку – ў канцы ліста, маеце некалькі хвілінаў, каб адгадаць тое, што дзеці лёгка адгадвалі яшчэ на пачатку стагодзьдзя.

Амэрыканская дыскатэка на магілах называецца Гэлоўін – гэтая кельцкая традыцыя, паводле паходжаньня, падобная да беларускіх Дзядоў, сьвяткуецца як чорны карнавал, у касьцюмах, з музыкай, і зборам пачастункаў, як на Каляды.

Увогуле, у Стэнфардзе практыкуюцца самыя розныя культурныя і рэлігійныя традыцыі. Будысты зьбіраюцца для мэдытацыі ў актавай залі, пасьлядоўнікі забароненай у Кітаі сэкты Фалун Гонг штонядзелі атрымліваюцць касьмічную энэргію на цэнтральным пляцы, індзейцы адпраўляюць свае племянныя рытуалы ля старажытнага камяня з новай бронзавай дошкай, і ўсе разам адведваюць унівэрсытэцкую царкву, дзе сьвятары розных канфэсіяў правяць службы, а пад час дыскусіяў прафэсары тлумачаць студэнтам, чаму яны ня вераць у Бога.

Я пайшоў у царкву на ўрачыстую службу з нагоды традыцыйнага збору выпускнікоў Стэнфарда – сёлета былі запрошаныя выпускі 1940-га, 45-га, 50-га і 55-га гадоў. Прыехала больш за 6 тысячаў чалавек. Чатырохразовая розьніца ва ўзросьце паміж выпускнікамі і студэнтамі адчувалася хіба толькі пад час танцаў з унівэрсытэцкім вулічным аркестрам – па-мойму, старэйшае пакаленьне давала больш імпэту.

Пад час службы мне падалося, што ў высокія, ля самай столі, вузкія царкоўныя вокны нехта заглядае. Перахапіўшы мой позірк, мой сусед, выпуску 1955 году, задаволена падміргнуў.

Аказалася, сьценкалазаньне – альпіністыка на будынках – даўняя Стэнфардзкая традыцыя, зь якой спачатку змагаліся татальнымі забаронамі, потым правіламі, якія дазвалялі падымацца на вышыню ня большую за падвойны рост сьценкалазаў, пасьля начальства плюнула і пабудавала на стадыёне спэцыяльную сьценку для тых, каму сьвярбіць залезьці на што-небудзь вертыкальнае. Трэніроўкі, відавочна, пайшлі на карысьць – кажуць, аднойчы пабачылі сьляды на Гувэраўскай вежы на вышыні 30 мэтраў.

Калі сёлета ў Стэнфардзе шукалі новага прэзыдэнта, дык у якасьці крытэрыя была прапанаваная якраз здольнасьць пераскочыць праз Гувэраўскую вежу. Прынамсі, я сам чуў, як пра гэта гаварыў былы прэзыдэнт унівэрсытэту. Стэнфард увогуле нагадвае дзяржаву: сувэрэнная тэрыторыя, свой сьцяг і гімн, свая паліцыя. Кіраўніка дзяржавы прызначае Давераная рада – 35 асобаў, які наглядаюць за выкананьнем запаветаў заснавальніка ўнівэрсытэту Лілянда Стэнфарда. У раду выбіраюцца слынныя навукоўцы, мясцовыя актывісты, прэзыдэнты транснацыянальных карпарацыяў. Радныя доўга шукала чалавека, здольнага пераадольваць самыя недаступныя вышыні. У выніку выбар спыніўся на чалавеку, які вядомы тым, што ня здолеў пераадолець самы звычайны камень, якіх ў Стэнфардзе поўна валяецца пад нагамі. Кандыдат насіў прозьвішча вядомага гатунку каньяку – але гэтая загадка калі і пасуе для “Лемантару”, дык хіба новага стагодзьдзя.

Дзясятым прэзыдэнтам за 110-гадовую гісторыю Стэнфарду сёлета стаў прафэсар Джон Генэсі. Генэсі – кампутарны архітэктар, ягоныя распрацоўкі кардынальна зьмянілі апэрацыйную хуткасьць сыгналу.

У канцы кастрычніка адбывалася інагурацыя новага прэзыдэнта. Былі адмененыя заняткі, ў амфітэатры пад адкрытым небам сабралося 9 тысячаў студэнтаў і выпускнікоў, ля сцэны ў акадэмічных тогах сядзелі тры папярэднія прэзыдэнты і ганаровыя госьці. У паветры луналі чырвона-белыя балёны – афіцыйныя колеры “Фермы”, мясцовы хор сьпяваў спэцыяльна напісаную дзеля такога выпадку кантату “Кліч Захаду”.

Патрабаваньне пераскочыць праз Гувэраўскую вежу не спалохала новага прэзыдэнта. Генэсі, выглядае, атрымаў аўтаматычны залік у навуцы перадоленьньня бар’ераў любой вышыні. Пад час свайго выступу ён паставіў небывалую задачу – сабраць на працягу наступных пяці гадоў адзін мільярд даляраў на патрэбы Стэнфарду. Зь іх трыста мільёнаў – на дасьледчыя і адукацыйныя праекты выпускнікоў, наступныя трыста мільёнаў – на стыпендыі. Стэнфард – адзін зь нямногіх прыватных унівэрсытэтаў у Амэрыцы, дзе пры прыёме не зьвяртаюць увагі на плацёжаздольнасьць – 72% студэнтаў атрымліваюць тут стыпендыі. І яшчэ 400 мільёнаў пойдзе на пашырэньне навучальных праграмаў. Грошы ахвяруюць дабрачынныя фонды, буйныя карпарацыі, былыя студэнты. Толькі выпускнікі чатырох гадоў, якія прыехалі ў Стэнфард на пару дзён у канцы кастрычніка, ужо ахвяравалі і першыя 64 мільёны даляраў у будучы мільярд.

Лягчэй, верагодна, сказаць, што ня робіць прэзыдэнт амэрыканскага унівэрсытэту, чым пералічыць ягоныя абавязкі. Мясцовая газэта зрабіла храналягічны рэпартаж аднаго дня новага прэзыдэнта.

5:15 (раніцы) – Кава з малаком, банан, кніжка “Акадэмічны абавязак”, аўтар якой, Дональд Кэнэдзі, даводзіць, чаму грамадзтва мусіць быць лепш паінфармаванае пра ўнівэрсытэцкае жыцьцё, чым цяпер. Затым – кампутар, абмен пасланьнямі з калегамі – такімі самымі раньнімі пташкамі, пасьля Генэсі будзіць жонку і двух сыноў-падлеткаў.

7:45 – Генэсі ў кабінэце, дзе на сьценах фотаздымкі Вэнэцыі, батанічная мапа расьлінаў на тэрыторыі Стэнфарду, асобна стаіць афіцыйная пячатка ўнівэрсытэту і алтар ХХІ стагоддзя – кампутар Power Mac G4 Cube з плоскім экранам. Звоніць краўнік кампаніі Apple Стыў Джобз і кажа, што бачыў у Інтэрнэце, як Генэсі працуе на іх Макінтошы. “Спадзяюся, Стыў, наступны я атрымаю бясплатна”, – кажа Гэнэсі.

8:00 – Нарада з кіраўніцтвам ўнівэрсытэту – пытаньні ад генэральнага пляну разьвіцьця на 10 гадоў, які павінна зацьвердзіць рада графства Сан Матэа, да судовых позваў, якія падаў сам ўнівэрсытэт альбо падалі супраць яго.

9:00 – Гутарка з кандыдатам на пасаду дэкана мэдычнага факультэту – Генэсі прапануе адправіць малых дзяцей кандыдыта, які прыехаў на агледзіны зь сям’ёй, да сябе дахаты, пакуль той будзе знаёміцца з факультэтам; просіць памочніцу знайсьці яму пару кніжак пра мэдычную адукацыю, каб прачытаць увечары.

9:30 – Кава з выканаўчым дырэктарам і віцэ-прэзыдэнтам кампаніі General Motors: што трэба зрабіць, каб умацаваць сувязі паміж унівэрсытэтам і карпарацыяй, пытаецца Гэнэсі. Аказваецца, госьці ўжо раніцай сустракаліся са студэнтамі механіка-інжынэрнага факультэту і не хаваюць захапленьня – “Уф, з такімі людзьмі мы хацелі б мець сувязі!..”

Далей Генэсі адмаўляе ў інтэрвію рэпарцёру з New York Times, але пагаджаецца сустрэцца з журналістам з папулярнага часопісу рок-культуры Rolling Stones (“Гэта адзінае, што можа зрабіць уражаньне на маіх сыноў”, тлумачць бацька.)

У 1992 годзе Генэсі ўзяў акадэмічны адпачынак на факультэце, дзе выкладаў, заснаваў кампанію, якая прапанавала на рынак яго і калегаў распрацоўкі ў кампутарнай архітэктуры, і праз год вярнуўся ва ўнівэрсытэт, прадаўшы кампанію за 315 мільёнаў даляраў.

На інаўгурацыі прэзыдэнта чыталі верш стэнфардзкай прафэсаркі Дэнізы Ліверт:

“Дзень зьзяе ў холадзе
Як пераможны духавы аркестр,
Што маршам праходзіць
Па пыльнаму мястэчку
Цалкам насуперак
Панурай рацыі”.

У сьпісе сарака фактараў, вызначальных для разьвіцьця кампутараў у ХХІ стагодзьдзі, аўтарытэтны амэрыканскі часопіс Electronics Engineering Times паставіў Джона Генэсі на другое месца. Апярэджвае новага прэзыдэнта Стэнфарду толькі каменьчык, што валяецца пад нагамі – мінэрал крэмній. Па ангельску – silicon, адсюль і назва самай эканамічна пасьпяховай тэрыторыі сучаснасьці – Сыліконавая даліна.

І на заканчэньне яшчэ адна адгадка страшнай загадкі пра кроў і косьці зь лемантара для беларускіх дзетак: гэта бяроза. На багатай на крэмній глебе Каліфорніі бярозы растуць побач з пальмамі.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org