RFE/RL |
6 сьнежня 2000 году.
Колькі ў Амэрыцы прыбіральняў, ня ведае нават амэрыканская статыстыка, якая ведае ўсё. У сучасных кватэрах і дамах звычайна па дзьве-тры прыбіральні, на вуліцах гарадоў і на стадыёнах, пляжах, у парках стаяць плястыкавыя платныя кабіны, рухацца без прыпынку можна ня толькі ў міжгародніх аўтобусах, але і шыкоўных лімузінах. Ня буду сьцьвярджаць, што праблемаў няма – адзін таксіст у Ню-Ёрку скардзіўся мне, што паводле правілаў яны ня могуць пакідаць машыну, і тады на выручку прыходзіць плястыкавая бутэлька; у крамах і кавярнях, часам, можна пабачыць надпіс “прыбіральні толькі для наведнікаў”, але ў цяжкую хвіліну ўсіх выручаюць дэмакратычныя МакДональдзы. Амэрыканцы ставяцца да прыбіральняў сур’ёзна і па-дзелавому: друкуюцца дапаможнікі бацькам, як правільна вучыць дзяцей карыстацца туалетам, прамысловасьць выпускае спэцыяльнае высокатрывалае абсталяваньне, на якім нават цьвіком ня выцарапаць памятны надпіс. Кожны прыстойны музэй сучаснага мастацтва мае экспанат на хвялюючую тэму – ва ўсясьветна вядомым музэі Сан-Францыска выстаўлены ўнітаз, які ягоныя стваральнікі і, адпаведна, калекцыянэры, уважаюць за мастацкі твор. Экспанат уражвае манумэнтальнасьцю формы, густым брунатным колерам і агрэсыўным разьмяшчэньнем на п’едэстале – гэткі трон хатняга ўжытку 20-га стагодзьдзя. У Тэхасе ёсьць музэй накрывак для ўнітазаў, а вусная народная творчасьць на гэтую тэму зьяўляецца прадметам навуковых дасьледаваньняў псыхасацыёлягаў і лінгвістаў. Лінггвісты-таполягі вывучаюць, чаму у розных месцах прыбіральні называюць па-рознаму: ад празаічных туалетаў, якія пераважаюць на поўначы краіны да нэўтральных “пакояў адпачынку” і эўфімістычных “станцыяў камфорту” на поўдні. Амэрыканскі інтэрнэт налічвае сотні адрасоў на гэтую тэму. Актуальная тэма, якая зараз абмяркоўваецца на расейскамоўных чатах – бізнэсовыя пэрспэктывы разьмяшчэньня рэклямы на сьценках і дзверках амэрыканскіх прыбіральняў. Ідэю абмяркоўваюць выключна амэрыканцы савецкага паходжаньня – нядаўнія імігранты з СССР. Чаму падобныя ідэі найстойліва прыходзяць у галаву менавіта людзям з савецкім мінулым, а не, напрыклад, мэксыканцам ці карэйцам – загадка, адказ на якую ведаюць хіба толькі прыхільнікі Зыгмунда Фройда і знаўцы творчасьці Ведзьмака Лысагорскага. “Лысая гара” – клясыка, а значыць зразумелая на ўсіх мовах. Прыбіральня займае сваё месца ў амэрыканскім жыцьці – і зьяўляецца прадметам заканадаўчай увагі і рэгуляваньня. Паводле закону, напрыклад, усе прыбіральні ў публічных месцах – крамах, музэях, школах, на вакзалах, у адміністрацыйных будынках – абавязаныя мець доступ для інвалідаў на калясках. Сярэдняя амэрыканская сям’я за год спажывае паўмільёны літраў вады, зь іх траціна – у туалетах. Вада ня толькі каштуе грошай, але і зьяўлецца прадметам пільнай увагі эколягаў і прыродаахоўных арганізацыяў, якія за апошнія дзесяцігодзьдзі значана павялічылі свой уплыў у амэрыканскім грамадзтве. Ашчаджальнікі амэрыканскай вады спрычыніліся да сапраўднага выбуху ўнітазавай кантрабанды на канадыйска-амэрыканскай мяжы. Справа ў тым, што пад ціскам экалягічных груповак, заклапочаных эканоміяй водных рэсурсаў, былі ўведзеныя абмежаваньні памеру сьліўнога бачка – традыцыйныя ўнітазы патрабуюць ад 12 да 25 літраў, а сучасныя эканамічныя мадэлі – менш за 8. Паводле новага стандарту, ва ўсіх новых дамах, што будуюцца, аб’ём не павінен перавышаць 12 літраў. На думку менш экалягічна заклапочаных грамадзянаў, такога аб’ёму недастаткова – але большыя бачкі цяпер ў Амэрыцы не выпускаюцца і не прадаюцца. Выйсьце, як і за часамі сухога закону, аматары ніягарскіх вадаспадаў хатняга карыстаньня знаходзяць па той бок Ніягары, у Канадзе. Людзі выпраўляюцца ў суседнюю краіну, каб адтуль прывезьці прыбор на свой густ і патрэбы. Эканоміка, як і прырода, таксама мае свае непарушныя законы. Адзін папулярны даведнік для турыстаў, якія сабраліся ў Эўропу, мае разьдзел пад назовам “Туалетная траўма”. Аўтар дае шэраг карысных парадаў, дзе шукаць паратунку ў незнаёмым месцы – музэях, рэстаранах, на чыгуначных вакзалах і аўтастанцыях. У даведніку няма разьдзелу пра Беларусь – гэта сёньня ня самы папулярны турысцкі маршрут. Месцы публічнага карыстаньня ў Беларусі хутчэй заслугоўваюць быць уключанамі ў справаздачу Камітэту правоў чалавека ААН у разьдзеле “Катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне”. Галоўная рыса амэрыканскіх прыбіральняў, ад будынку Кангрэсу на Капіталійскім узгорку да турмы ў Каліфорніі, – там ня сьмярдзіць. Цягам эвалюцыі пачуцьцё паху бараніла чалавека ад драпежнікаў і дапамагала здабываць ежу. Сёньня пах не настолькі істотны для выжываньня як раней, але важны для эмоцыяў і памяці. Клясыкай лічацца старонкі рамана Марсэля Пруста “У пошуках страчанага часу”, прысьвечныя ўспамінам, выкліканым пахам і смакам міндалевага пірожнага. На яшчэ адзін клясычны прыклад цягне гісторыя, якую мне расказаў тут у Гувэраўскім інстытуце Мілтан Фрыдман, ўсясьветна вядомы эканаміст, да парадаў якога прыслухоўваюцца прэзыдэнты і палітыкі ва ўсім сьвеце. Пад час падарожжа з Варшавы ў Маскву разам з жонкай яны начавалі ў гатэлі ў Берасьці. У кніжцы мэмуараў, якая выйшла летась, Роза Фрыдман так успамінае перажытае ў горадзе над Бугам: “Прыбіральня агульнага карыстаньня была жахлівая, яе можна было знайсьці здалёк па паху. Якія б дрэнныя не былі гатэлі, дзе мы пазьней спыняліся ў Маскве і Кіеве, яны былі чатырохзоркавыя ў параўнаньні з гэтым убоствам”. Мілтан Фрыдман перадае свой досьвед больш аналітычна: “Пад час абеду мне спатрэбілася выйсьці ў прыбіральню. Пасьля доўгіх пошукаў я стаў сьведкам аднаго з самых сьмешных відовішчаў, што я калі-небудзь сустракаў. Адкрыўшы дзьверы, як я меркаваў, у вольную кабінку, я пабачыў у сярэдзіне чалавека вярхом на парцэлянавым унітазе заходняга тыпу, які рабіў сваю справу, абапіраючыся нагамі на край.Усё сваё жыцьцё ён відавочна карыстаўся толькі прыбіральняй “усходняга“ тыпу, якая ўяўляе сабой з большага дзірку ў падлозе, і ня ведаў, што рабіць з навамодным заходнім абсталяваньнем”. Ня ведаю, наколькі перажытае пад час гістарычнага падарожжа 1962 года спрыяла фармаваньню эканамічнага сьветапогляду Мілтана Фрыдмана, але ў 1976 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Прынамсі, пад час гутаркі Фрыдман прызнаўся, што да візыту ў Беларусь ня думаў, што эканоміку можна аналізаваць праз нос. Сёньняшняя Беларусь можа прапанаваць шмат авангардных мэтодыкаў спасьціжэньня сьвету і, баюся, смурод будзе не самым агідным. Адзін мой знаёмы, палкоўнік амырыканскіх ваенна-паветраных сілаў, які атрымаў стыпэндыю ў Гувэраўскім інстытуце, патрулюе неба над Іракам і час ад часу ўступае ў перастрэлку з наземнымі проціпаветранымі ўстаноўкамі, у тым ліку, нібыта, набытымі празь Беларусь. Перастрэлкі дагэтуль сканчаліся не на карысьць войска Садам Гусэйна і савецкіх радарна-ракетных комплексаў. Ён зацяты рыбак, і калі кіраўнічую пару ў Багдадзе і Менску змые ў сьцёкавую канаву гісторыі, хацеў бы прыехаць на Браслаўшчыну і цікавіўся, што браць з сабою. У скафандры лётчыка, які праводзіць гадзіны ў небе, прадугледжаная спэцыяльная ёмістасьць дзеля адпраўленьня натуральных патрэбаў. Я параіў ўзяць у Беларусь свой касьцюм пілёта. Скончыць гэты ліст я хацеў бы цытатай са Слоўніка Свабоды, у якім летась прагучала слова “Туалет”: “Даступнасць прыбіральні робіць чалавека лёгкім і свабодным. Недаступнасць – ператварае ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЕ патрэбнасьцяў у экзэкуцыю патрэбнасьцямі. Таму многіх вязьняў і затрыманых пазбаўляюць туалету. У куце кожнай турэмнай камэры стаяла і стаіць – як сымбаль бруду, пакутаў і прыніжэньня – параша. На берасьцейскім памежжы туалеты ў цягніках зачыняюцца на некалькі гадзінаў. Далей – залежыць у які бок паедзеце. Там, дзе церпяць, смярдзіць парашай. Там, дзе паўсюль туалеты, лунае дух свабоды”. Аляксандар Лукашук,
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |