RFE/RL |
29 лістапада 2000 году.
Ночы цяпер нават у Каліфорніі ня дужа цёплыя. Раніцай, едучы на ровары
праз палі стэнфардзкай фэрмы ў Гувэраўскі інстытут, я апраную ня толькі
цёмныя акуляры ад сьлепячага сонца, якое б’е праз рэдкія пальмавыя лісты,
але і зімовыя пальчаткі – каб рукі да стырна не прымярзалі.
Каб выстаяць усю лістападаўскую ноч ў чарзе пад дзьвярыма крамы, трэба мець ня толькі пальчаткі, а шэраг якасьцяў, якімі ў Беларусі валодаюць хіба тыя, хто стаяў ў начных чэргах па мэблевыя гарнітуры, імпартныя кухні ды ваўняныя дываны, якія давалі па адным у рукі. У мінулую пятніцу чэргі ля ўваходаў у буйныя каліфарнійскія ўнівэрмагі пачалі займаць а палове другой начы. Раніца пасьля Дня падзякі лічыцца галоўнай у амэрыканскіх крамах, бо адкрывае навагодні сэзон купляньня, калі шмат якія тавары прадаюцца са значнай, да 50% скідкай. У начныя чэргі становяцца зусім не абавязкова бедныя амэрыканцы, а тыя, хто лічыць грошы. Мінулая пятніца засьведчыла нацыянальны рэкорд – крамы наведала 83 мільёны амэрыканцаў, лепшы паказчык за ўсе 114 гадоў назіраньняў, і гэта без уліку гандлю праз Інтэрнэт, які падскочыў у гэты дзень на чвэрць і перавысіў 105 млн. даляраў. Апошнія 10 гадоў продаж тавараў у Амэрыцы расьце на 5% штогод; сёлета да Раства сярэдняя амэрыканская сям’я плянуе патраціць на падарункі, падарожжы, упрыгожаньні 1684 даляры. Эканоміка ў выдатным стане, беспрацоўе рэкордна нізкае, будучыня выглядае . На першых палосах суботніх газэтаў рэпартажы з крамаў стаяць побач ці вышэй за паведамленьні пра няскончаныя прэзыдэнцкія выбары. У пятніцу некаторыя крамы адкрыліся а 5-й гадзіне раніцы – і робаты, самакаты, лялькі Барбі па зьніжаных цэнах былі распрададзеныя за першыя 15 хвілінаў. Папулярныя пакупкі сэзону – дыгітальныя фатакамэры па 300 даляраў, самакаты па 100, музычныя цэнтры новага пакаленьня, далоневыя электронныя арганізатары, а таксама – вопратка і абутак. Як сказаў мне адзін касір, для гандлю цёплымі рэчамі няма нічога лепшага, чым халоднае надвор’е. Цалкам згодны – я купіў нават другую пару пальчатак, праўда, пасьля таго, як згубіў першую. У катэгорыі “пакупкі разявы” пальчаткі саступаюць толькі парасонам, якія губляюцца яшчэ часьцей. Добра, што дажджы ў Каліфорніі рэдкасьць. У вялікую гандлёвую пятніцу каля 1 мільёну чалавек у Амэрыцы і яшчэ 40 краінах праводзілі сваю акцыю пратэсту -- “Дзень без пакупак”, які ўпершыню адбыўся ў 1993 годзе. У цэнтры Сан-Францыска, на плошчы Union Square ля вітрынаў самых дарагіх крамаў прайшла энэргічная дэманстрацыя пад лёзунгам “Перастань купляць, пачні жыць”. 20-30-ці гадовыя актывісты ў большасьці нарадзіліся ўжо пасьля таго, як зыйшло пакаленьне гіпі, але ідэалёгія “жыць трэба прасьцей” заўсёды знаходзіць сваіх прыхільнікаў. У Амэрыцы яна атрымала асаблівую папулярнасьць, дзякуючы кнізе Гэнры Тора “Вольдэн, альбо жыцьцё ў лесе” – аўтар правёў у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя два гады ў самаізаляцыі ад выгодаў цывілізацыі і меў шмат пасьлядоўнікаў, у тым ліку ў Беларусі, сярод талстоўцаў. Аднак спажывецкая цывілізацыя ад гэтага ня толькі не спынілася, а нават пачала прапаноўваць адмысловыя тавары і паслугі тым, хто хоча жыць прасьцей. На Union Square антыкапіталістычныя ўлёткі мінакам раздаваў хлопец ў апранутым на галаву пакеце з надпісам “Дзень без пакупак”. Сымбаль павінен быў азначаць, верагодна, адсутнасьць індывідуальнасьці ў Homo Consumeris – цікава, што кардонны пакет быў якраз для пакупак і прызначаўся для паўторнага карыстаньня. З ростам стрэсаў сучаснага жыцьця ідэі-блізьняты “менш купляць-менш працаваць” знаходзяць сьвядомых пасьлядоўнікаў. Чытачы сучаснай Бібліі антыспажывецтва і апрашчэньня “Грошы альбо жыцьцё”, якая выйшла ў 1992 годзе, аб’ядналіся ў сотні гурткоў і асацыяцыяў па ўсёй краіне, дапамагаюць пазбавіцца запазыкаў і вярнуцца да простых каштоўнасьцяў – больш часу праводзіць у сям’і, за кнігамі, падарожнічаць. (Адрасы ў Інтэрнэце www.adbusters.org www.simpleliving.net www.newroadmap.org) Іх лідэры папярэджваюць пра блізкую пагрозу новай эканамічнай дэпрэсіі, фінансавага і экалягічнага крызісу, і ў чаканьні катастрофы вырошчваюць гародніну на ўласных сотках. Усё можа быць, чалавецтва валодае надзвычайнай здольнасьцю ігнараваць непажаданую інфармацыю. Нагадаю толькі, што тыя, хто чакаў канца сьвету ад двух нулёў, якія кампутары быццам не павінны былі зразумеюць у даце 2000 год, ўжо год як ня могуць даесьці свае запасы кансэрваванай ежы. Дарэчы, кніга “Грошы альбо жыцьцё” патрапіла ў сьпіс бэстсэлераў цалкам капіталістычнай газэты New York Times і на сёньняшні дзень разышлося ўжо 750 тысячаў экзэмпляраў. Як можна здагадацца, не бясплатна, а за грошы. Такое жыцьцё... Не будаваць сабе царства на зямлі заклікаюць практычна ўсе асноўныя рэлігіі, але на антыспажывецкай дэманстрацыі я ня бачыў ні хрысьціянскіх сьвятароў, ні будысцкіх настаўнікаў, ні юдэйскіх равінаў. Паміж пакупнікамі ды іх апанэнтамі тым часам праходзіла акцыя “Апэрацыя: Адно Цёплае Паліто”. З надыходам халадоў мясцовая дабрачынная арганізацыя “Дзеці ў прытулках” зьбірала цёплыя рэчы для бяздомных, ўжо восьмы раз такім чынам адзначаючы пачатак гандлёвай ліхаманкі. На шляху па новыя рэчы людзі маюць магчымасьць годна разьвітацца са старымі, цалкам прыдатнымі, але непатрэбнымі. І ня толькі старымі – на некаторых рэчах нават не адрэзаныя этыкеткі з крамаў. Спакуса набыць дарагую рэч танна нярэдка перамагае рацыянальны падыход – пасьля сьвяточнага распродажу пакупнік доўга ламае галаву, навошта ж было купляць трэцюю скуранку і пяты шарф. Праз год, па дарозе на чарговы распродаж, леташнія набыткі ахвяруюцца на годныя мэты. Як паведаміла мне арганізатар збору цёплых рэчаў Луіс Ганг, за мінулыя выходныя удалося сабраць пад дзьве тысячы футраў, куртак і цёплага абутку. Бяздомныя падыходзілі і прыдзірліва выбіралі сабе фасоны паводле густу. У Каліфорніі даволі шчодрая сыстэма сацыяльнай дапамогі, а Сан-Францыска мае настолькі добрую рэпутацыю ў валацугаў з усёй краіны, што кансэрватыўныя крытыкі ахрысьцілі плошчу Union Square другім Бамбеем. Урбанізаваныя жабракі Каліфорніі вызначаюцца незалежнасьцю і пэўным гіранічным стылем папрашайніцтва. Адзін трымае ў руках плякацік з тэкстам: “Навошта хлусіць, я сапраўды прашу на піва”. Другі акупаваў дарожны астравок бясьпекі ля сьветлафору з лёзунгам “Ну што бяздомны можа сказаць?” Потым кардонка пераварочваецца і вадзіцелі чытаюць: “Жадаю бясьпечнага падарожжа!” Колькі разоў я не праяжджаў праз гэтае скрыжаваньне, столькі разоў бачыў, як у шапку ляцелі манэты і зялёныя купюры. Вілі Браўн, харызматычны мэр Сан-Францыска, праславіўся тым, што прапанаваў раздаць жабракам партатыўныя апараты для крэдытных картак – тады заможныя мінакі, якія ня носяць наяўных грошай, змогуць падаваць міласьціну напрасткі са свайго банкаўскага рахунку. Сыліконавую даліну па праву называюць самай пасьпяховай эканамічнай тэрыторыяй сучаснасьці, а Сан-Францыска нездарма лічыцца радзімай бітнікаў. Пакуль да электронных падаянак справа не дайшла, тут зусім неблага спрацоўвае сьціплая просьба на кардонным квадраціку: “Дапаможа любая драбяза, нават усьмешка!” Усьмешка сапраўды дапамагае мінакам разьвітацца з парай даляраў. І бяздомныя, і адэпты простых каштоўнасьцяў, і апантаныя пакупнікі маюць адну агульную патрэбу. Пасьля адкрыцьця дзьвярэй у крамах ня ўсе наведнікі рынуліся да прылаўкаў (прылаўкаў, як і складоў, дарэчы, у амэрыканскіх крамах амаль няма, свабодна выбірай сам сярод ўсяго выстаўленага тавару). Зьмерзлая за ноч чаканьня публіка накіравалася ў пакоі, дзе грае ціхая музыка, стаяць кветкі, на сьценах вісяць пэйзажы, электрычнае сьвятло адбіваецца ў бліскучых люстэрках: так выглядае сёньня неад’емная частка амэрыканскага культурнага ляндшафту – прыбіральні. І ня толькі амэрыканскага – тут у Гувэраўскім інстытуце я знайшоў сьведчаньні, што беларускія месцы публічнай гігіены і санітарыі адыгралі незабыўную ролю ў лёсе аднаго нобэлеўскага ляўрэта. Пра гэтую вечна жывую тэму – у наступным лісьце з Каліфорніі. Аляксандар Лукашук Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |