RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Лісты з Каліфорніі


22 лістапада 2000 году.

Штодзённая газэта San Francisco Chronicle за адзін дзень падскочыла ў цане ў 8 тысяч разоў. Верагодна, гэта фінансавы рэкорд усіх часоў і народаў, але рэдактар і журналісты з гэтае прычыны ня толькі ня радуюцца, але прыносяць прабачэньні і тлумачэньні чытачам. За асобнік, які я звычайна купляю за 25 цэнтаў, сёньня просяць 2000 даляраў – гэта нумар за 8 лістапада з загалоўкам на ўсю паласу: “БУШ ВЫЙГРАЎ” – без клічніка, але з 5-ці сантымэтровымі літарамі.

Як і супрацоўнікі San Francisco Chronicle, ноччу 7 лістапада разам з усёй Амэрыкай і кандыдатамі я раскачваўся на арэлях CNN: “Гор выйграў у Флярыдзе!.. Ніхто ня выйграў Флярыду!.. Буш першынствуе ў Флярыдзе!..” Апоўначы пад бравурную музыку CNN абвясьціла наступным прэзыдэнтам Амэрыкі Джорджа Буша. Апэратары паказвалі салют у сталіцы Тэхасу, панурыя, блізкія да сьлёз твары ў Тэнэсі. Калі CNN паведаміла пра тэлефонны званок Гора ў Тэхас і ягоныя віншаваньні Бушу, я, як і мільёны іншых амэрыканцаў, выключыў тэлевізар. А рэдактар San Francisco Chronicle Джэры Робэрц аддаў загад друкаваць ранішні выпуск. Газэта друкуецца ў розных друкарнях па паўвостраве і дастаўляецца падпісчыкам да 6-й раніцы, прычым зь невялікімі прамежкамі выходзяць некалькі адрозных выпускаў. Друкарскія станкі ўключыліся ў 12:09 і, калі было аддрукавана 28.938 экзэмпляраў (5% накладу), у 12:35 прыйшла раптоўная каманда спыніць друк. Аднак спыніць адладжаны мэханізм дастаўкі аказалася ня проста – на ногі былі пастаўленыя супрацоўнікі службы дастаўкі, якія кінуліся па сьлядах грузавікоў – частку накладу ўдалося сабраць і замяніць, але некаторыя падпісчыкі атрымалі па два гістарычныя нумары за адзін день.

Апошні прэцэдэнт такога кшталту адбыўся ў 1948 годзе, калі Chicago Daily Tribune выйшла з загалоўкам “Дуі перамог Трумэна”. У гісторыю амэрыканскай журналістыкі ўвайшоў здымак Гары Трумана, які насамрэч перамог Дуі, з чыкагскай газэтай у руках – гэты новы здымак, дарэчы, быў таксама зьмешчаны ў Chicago Daily Tribune. Калі цяперашнія выбары выйграе Гор, ён зможа выбіраць для здымка выданьне на свой густ: New York Times, Miami Herald, New York Post, Boston Herald, Austin Daily ці San Francisco Chronicle. Але на момант, калі я пішу гэты ліст, па-ранейшаму невядома, ці зможа падобная кампазыцыя паўтарыцца перад фотакамерай.

Кожная амэрыканская газэта, ад сталічнай Washington Post да ўнівэрсытэцкай Stanford Daily абавязкова друкуе папраўкі і ўдакладненьні. “Нашая палітыка – папраўляць істотныя фактычныя памылкі альбо непраўдзівыя заявы,” – піша San Francisco Chronicle у нумары, дзе тлумачыць, што адбылося ў ноч на 8 лістапада. У гэтым самым нумары – шэсьць паправак рознага характару. Паведамляецца, што два згаданыя ў папярэдніх рэпартажах вулічныя рынкі ўжо не працуюць, папраўляюцца ранейшыя лічбы галасаваньня мужчынаў і жанчынаў (Гор больш папулярны сярод каліфарніек – 58%, а каліфарнійскія мужчыны сымпатызавалі Бушу – 48%). Прызнаецца, што ў перадрукаваным з Washington Post артыкуле няправільна называўся запас патронаў, што мелі маракі на караблі Cole, які атакавалі тэрарысты – яны атрымалі па два магазіны для сваіх 9-мм пісталетаў. Нейкая спадарыня Спок была памылкова прадстаўленая як доктар Спок, нябожчык, а ў энтамалягічнай карэспандэнцыі пра жукоў публіку няправільна інфармавалі пра сямейныя сувязі вінаграднай блыхі – аказваецца, гэта бясшкодны сваяк скарпіёна. Хто б мог падумаць.

Амэрыканскага палітыка Гэнры Клея сёньня памятаюць не за тры ягоныя беспасьпяховыя спробы выйграць прэзыдэнцкія выбары, а за заяву, што лепш мець рацыю, чым Белы Дом. Прызнаваць свае памылкі ня дужа прыемна. У беларускай прэсе звычайна толькі пастановы суду ці пагрозы вялікіх фінансавых стратаў прымушаюць выданьні прыносіць прабачэньні ці друкаваць абвяржэньні. Нежаданьне і няўменьне прызнаваць памылкі шкодзіць перш за ўсё тым, хто іх робіць, бо не дазваляе эфэктыўна і своечасова іх выпраўляць. Гэтая хвароба, на якую пакутуюць, зразумела, ня толькі журналісты, у беларускім выпадку пераважна спадчынная і паходзіць з часоў, калі так званыя “памылкі” і “адхіленьні” папраўляліся выключна ў турмах і лягерах. Амэрыканцы да сваіх памылак ставяцца больш дзелавіта і лагодна: дакладнасьць для прэсы, сьцьвярджае мясцовая журналісцкая мудрасьць, тое ж самае, што цнатлівасьць для лэдзі – з тою розьніцай, што газэта заўсёды можа пасьля надрукаваць абвяржэньне.

Ужо два тыдні як ўся Амэрыка апынулася ў школе на ўроку канстытуцыі, які праходзіць у жанры дэтэктыўнага раману. Амаль незаўважаным застаўся гістарычны візыт Біла Клінтана ў Віетнам, пад час якога, нягледзячы на адсутнасьць афіцыйных паведамленьняў, дзясяткі тысячаў віетнамцаў выйшлі на вуліцы Хошыміну – былога Сайгону, вітаць амэрыканскага прэзыдэнта. Нацыянальнай сэнсацыі – абраньню першай лэдзі ў сэнат – на тэлеэкране адведзена менш часу, чым мініятурнай дзірачцы, якую на сьвятло разлядаюць у падліковых камісіях.

Пакуль вядуць свае дыскусіі палітычныя камэнтатары, спрачаюцца юрысты, выступаюць з ацэнкамі канстытуцыйныя экспэрты, у Флярыдзе працягваецца палітычны карнавал на вуліцы. Варта прыхільнікам Гора патрапіць са сваімі плякатамі у тэлекамеры, як адразу наперад выскокваюць рэспубліканцы са сваімі карыкатурамі і адозвамі. Сакратар штату рэспубліканка Кэтрын Гэрыс, якая вынесла спрэчную пастанову спыніць ручны падлік галасоў, спазнала на сабе ўсю моц публічных жарсьцяў. Па горадзе носяць надзіманую гумавую ляльку з фотапартрэтам Гэрыс і зьняважлівымі надпісам, гарвардзкі прафэсар юрыспрудэнцыі публічна ахрысьціў яе прайдзісьветкай, а газэта Washington Post прысьвяціла цэлы артыкул бязьлітаснаму разбору ейнай касмэтыкі і “мультфільмавых” вейкаў. Прыхільнікі Гэрыс, у сваю чаргу, параўноўваюць яе зь біблейскай царыцай Эстэр, якая запабегла забойству габрэеў, букеты кветак з усёй Амэрыкі завалілі прыёмную, штодзень гучаць сотні тэлефонных званкоў і прыходзяць пасланьні ў падтрымку па электроннай пошце.

У краіне няма канстытуцыйнага крызысу – свабода вулічнай палітыкі якраз гарантаваная першай папраўкай да канстытуцыі; паводле нацыянальнага апытаньня, праведзенага на гэтым тыдні, больш за 80 % амэрыканцаў гатовыя цалкам прызнаць легітымнасьць новага прэзыдэнта, хто б ён ня быў.

Тым часам у мінулую нядзелю ў царкве мястэчка Талягасы, дзе разгортваюцца гэтыя падзеі, пастар прамаўляў казаньне пад назовам “Дзякуй Богу, усё амаль скончылася”. Напачатку сьвятар падняў бюлетэнь, паглядзеў на дзірачку, а потым абвесьціў, што ён ня мае значэньня. “Я ня ведаю, хто стане прэзыдэнтам. Мне ўсё роўна. Але я ведаю, хто кіруе працэсам – Божа Ўсемагутны. І ён царствуе і ён накіроўвае час і гісторыю ў свой, вядомы адно яму спосаб. Няважна хто выйграе, Буш ці Гор, я буду маліцца за абодвух – усім патрэбная малітва, але гэтым двум больш за астатніх,” – сказаў сьвятар. “Амінь,” – дружна адгукнуліся чатыры тысячы вернікаў.

Калі Аврам Лінкольн чарговы раз прайграў прызыдэнцкія выбары, журналісты спыталіся, як ён сябе адчувае. “Як хлопчык, што у цемры стукнуўся пальцам нагі аб цьвёрды вугал”, – адказваў Лінкольн, – “быццам ужо дастаткова дарослы, каб ня плакаць, але занадта баліць, каб сьмяяцца”. Драму сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў спачатку напоўніцу, верагодна, адчуе той, хто прайграе. Потым прыйдзе чарга пераможцы – і яна, на думку многіх, можа зацягнуцца на чатыры гады.

На гэтым тыдні амэрыканцы адзначаюць ці ня самае сваё вялікае сьвята – Дзень падзякі. У нядзелю, пасьля заканчэньня службы ў сымпатычнай мясцовай царкве непадалёку ад Стэнфарда, мы са знаёмымі амырыканцамі павезьлі падарункі сям’і імігрантаў з Мэксыкі. Імёны маіх даўніх каліфарнійскіх сяброў, журналісткі Мішэль Картэр і авіяпілёта Майкла Вэнтурына добра ведаюць беларускія дзеці – ахвяры Чарнобыля. Яны ня раз прыяжджалі ў Беларусь разам з пастарам Полам Морам з праграмай City Hope, пасьля Мішэль наведвала рэдакцыі беларускіх незалежных газэтаў у якасьці экспэрта-дарадцы, а зараз яе царква ў Бэльмонце зьяўляецца сталым апекуном новага радыяцыйнага шпіталю для дзяцей Чарнобыля пад Менскам.

Мэксыканцы, якім мы завезьлі некалькі скрынак кансэрваў, цукерак і рознага кухоннага рыштунку, зь цяжкасьцю зводзяць канцы з канцамі. У двух пакоях месьціцца тры сям’і, сьцены завешаныя карцінкамі з каляровых часопісаў і каталіцкімі абразамі, поўна розных танных сурвэтак, рамачак, іншай драбязы, якая, як і ў шмат якіх беларускіх хатах, закліканая стварыць уражаньне ўтульнасьці, але выдае перш за ўсё беднасьць. Гаспадыню завуць Мэрылін, ёй каля 20-ці гадоў, і яна ні слова не гаворыць па-ангельску. Муж, Іхлехіо, крыху старэйшы, працуе на будоўлях. Раніцай на іх вуліцу прыязджае грузавік, сыгналіць, прараб набірае сабе рабочую сілу на дзень – і паехалі. За гадзіну цяжкай фізычнай працы плацяць 6 даляраў. Яны наўрад ці галасавалі на гэтых выбарах – хутчэй за ўсё таму, што прыехалі нелегальна.

А вось іхная дачка Эспэранца, якая нарадзілася ў Амэрыцы паўгады таму, ня толькі забясьпечвае цяпер легальнасьць знаходжаньня бацькам, але, паводле амэрыканскай Канстытуцыі, і сама можа недзе ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя стаць прэзыдэнтам ЗША. “Эспэранца” перакладаецца як надзея. Праўда, паводле аднаго апытаньня грамадзкай думкі, хаця амэрыканскія маці па-ранейшаму хочуць, каб іхнае дзіця калі вырасьце, стала прэзыдэнтам – але тры з кожных чатырох пры гэтым супраць таго, каб дзеці займаліся палітыкай.

Псыхолягі сьцьвярджаюць, што дзеля таго, каб засвоіць нейкае правіла ці зразумець выснову, неабходна паўтарыць яе шэсьць разоў. Калі аднаму кандыдату ў прэзыдэнты сказалі, што яго падтрымліваюць усе ўдумлівыя амэрыканцы, ён сказаў, што гэтага мала, бо патрэбная большасьць. Праблема зь цяперашнім урокам дэмакратыі ў тым, што яго выкладаюць адразу два выкладчыкі, якія супрацьлегла ацэньваюць сытуацыю. Але рыса якую неўзабаве падвядзе трэцяя улада – суд – будзе канчальнай. Да наступных выбараў, зразумела.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org