Біяграфіі супрацоўнікаў Беларускай службы Радыё Свабода:
Сяргей Абламейка
Нарадзіўся і вырас у Менску. Працаваў на МАЗе, у школе, музэі, Скарынаўскім Цэнтры. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, дактарантуру Люблінскага ўнівэрсытэту (Польшча). Аўтар доктарскай дысертацыі па гісторыі Уніяцкай царквы ў Беларусі. У 1983 годзе пачаў друкаваць апавяданьні і нататкі. Гістарычныя і літаратурныя публікацыі ў Беларусі, Польшчы, Італіі. З 1983 году – удзельнік нацыянальнага адраджэнскага руху, браў удзел у беларускім самвыдаце.
Выступаў экспэртам ад Беларусі на сымпозыюме ў справе мартыралёгу і новамучанікаў у Ватыкане.
На "Свабодзе” ад 1990 году.
|
Кастусь Бандарук
Родам зь Беласточчыны. Закончыў духоўную сэмінарыю і тэалягічную акадэмію ў Варшаве, магістар тэалёгіі. У 1970 годзе дэбютаваў на старонках беларускага тыднёвіка "Ніва". Член літаратурнага аб'яднаньня "Белавежа". Працаваў журналістам у польскамоўным "Тыднёвіку Падляскім". У 1977 годзе ажаніўся і прыняў сьвятарскі сан. Служыў у храмах Польшчы й Амэрыкі. Аўтар некалькіх сотняў іконаў і карцінаў; выдаў манаграфіі праваслаўных епархіяў у Польшчы, падручнікі Закону Божага і зборнікі казаньняў.
На "Свабодзе" ад 1990 году.
|
Данчык
"Беларускі салавей Амэрыкі" -- Данчык (Богдан Андрусішын) -- сьпявак, лірычны тэнар, з роду беларускіх адраджэнцаў Луцкевічаў. Скончыў факультэт масавых камунікацыяў Нью Ёрскага Ўнівэрсытэту, бакаляўр журналістыкі, працаваў у амэрыканскіх кампаніях, удзельнічаў у беларускім жыцьці ЗША. Выпусьціў чатыры альбомы беларускіх песень і кампакт-дыск украінскіх. Выступаў з канцэртамі ў Амэрыцы й Эўропе. Артыкул у энцыкляпэдычным даведніку "Беларусь", дакумэнтальны фільм (1989).
На "Свабодзе" ад 1992 году.
|
Юры Дракахруст
Журналіст, скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук (1986). Працаваў у Нацыянальнай Акадэміі Навук ў інстытутах матэматыкі і эканомікі. Ад пачатку 90-х гадоў выступаў у беларускім незалежным друку. З 1993 года працаваў у Незалежным інстытуце сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, друкаваўся ў "Белорусской деловой газете"; аўтар шэрагу паліталягічных і сацыялягічных дасьледаваньняў сучаснага беларускага грамадзтва, апублікаваных ў Беларусі, Расеі ды Польшчы.
У 1989-1991 гадох быў сакратаром ўправы БНФ.
На "Свабодзе" ад 1991 году.
|
Аляксей Знаткевіч
Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Унівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Працаваў прадаўцом, бэтоншчыкам, перакладчыкам. Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН", а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу "Transitions Online".
На "Свабоде" ад 2002 году.
|
Вольга Караткевіч
У адрозьненьне ад Купалы, Бацькаўшчыну атрымала не бяз злосьці. Усьвядоміла сябе беларускай дзякуючы Зянону Пазьняку. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. Вершы і проза па-беларуску, пераклады з польскай і ангельскай. У журналістыцы ад 1994 году (тэлекампанія "ФІТ", праграма "Эканамікст"). Пасьля было Радыё 101.2, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё. Газэта "Наша Ніва" дапамагла адчуць слова. Беларуская асацыяцыя журналістаў навучыла цаніць яго свабоду. Каардынатар аддзяленьня журналістыкі ў "Беларускім Калегіюме".
На Беларускай "Свабодзе" гучыць ад 1996 году.
|
Аляксандар Лукашук
Пасьвіў каровы на Берасьцейшчыне, скончыў інстытут замежных моваў у Менску, працаваў перакладчыкам, потым у газэтах, выдавецтвах, дакумэнтальным кіно (дзяржпрэмія за фільм "Дарога на Курапаты", 1994). Сябра парлямэнцкай камісіі ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1990-1995). Аўтар кніг "Зьдзек", "Філістовіч: Вяртаньне нацыяналіста", "За кіпучай чэкісцкай работай" (міжнародная прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага Пэн-Цэнтру, 1998) , "У фіялетавай ночы вугал крыла". Публікацыі ў ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрляндах, Францыі, Бэльгіі, Аўстрыі, Чэхіі, Расеі.
На "Свабодзе" ад 1990 году.
|
Сяргей Навумчык
Нарадзіўся у Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту, служыў у войску. Удзельнічаў у самвыдатаўскім друку. У 1990-1996 гадох - дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, каардынатар парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, сябра Канстытуцыйнай Камісіі і парлямэнцкай Камісіі ў пытаньнях СМІ і правоў чалавека. Узначальваў інфармацыйнае агенцтва "Павет".
У 1996 годзе вымушаны пакінуць Беларусь; загад пра затрыманьне на мяжы апублікаваны ў беларускім друку і да гэтага часу не адменены. Атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Публікаваўся ў выданьнях ЗША, Нямеччыны, Расеі, Польшчы, Украіны, Францыі, Чэхіі.
На "Свабодзе" ад 1990 году.
|
Уладзімер Каткоўскі
Нарадзіўся і вырас у Менску. Быў сярод першых 50 беларускіх школьнікаў, што паехалі на год вучыцца ў ЗША па праграме адукацыйнага абмену "Акт у падтрымку свабоды" ў 1993 годзе. Скончыў Амэрыканскі Ўнівэрсытэт у Баўгарыі па спэцыяльнасьці інфарматыка. Працаваў кампутарным спэцыялістам у Будапэшце (Фонд Сораса) і Франкфурце-на-Майне (Accenture).
На "Свабодзе" ад 2002 году.
|
Алена Радкевіч
Журналістка, скончыла БДУ, асьпірантуру АН РБ. Працавала на радыёстанцыі "Беларуская Маладзёжная", карэспандэнтам Бі-Бі-Сі, маскоўскай праваабарончай газэты "Экспресс-хроника", незалежнага Менскага тэлеканалу. Ад пачатку 80-х -- у нацыянальным адраджэнскім руху, удзельніца беларускага самвыдату.
На "Свабодзе" ад 1991 году.
|
Алена Ціхановіч
Вырасла ў Койданаве, што афіцыйна называлася Дзяржынскам. Па атрыманьні журналісцкай адукацыі працавала ў "Звяздзе". Пастаянная тэма - экалёгія мовы й культуры, беларуска-чэскія дачыненьні. Выдала зборнік сучаснага фальклёру "Народ сьпявае пра сябе".
На "Свабодзе" ад 1994 году.
|
Віталь Цыганкоў
Вырас у цэнтры Менску, скончыў факультэт журналістыкі БДУ, быў адным з апошніх студэнтаў, якіх у 1988 годзе яшчэ "забіралі" ў савецкае войска. У першыя ж дні службы выдаў гумарыстычную газэту, якую назвалі антысавецкай. У кастрычніку 1991 года быў адным з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах "Знамя Юности", "Зьвязда", быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай "Независимой газеты", Associated Рress, рэдактарам часопіса БАЖ "Чацьвёртая ўлада". У 1995 годзе з рук Васіля Быкава атрымаў першую прэмію імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру за публіцыстыку ў газэце "Свабода". У складзе футбольнай каманды журналістаў - пераможца турніраў "Кубак Свабоды імя Карпенкі" і "За ліцэй!".
На Беларускай Свабодзе ад 1994 году. Тры гады быў карэспандэнтам расейскай службы Радыё Свабода ў Беларусі.
|
Сяргей Шупа
Вырас на менскім бруку (Доўгі Брод), скончыў інстытут замежных моваў, працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Скарынаўскім цэнтры, ад 1991 у Вільні — удзел у выданьні “Нашай Нівы”; праца на вольным хлебе — пераклады, рэдагаваньне кніг, карэктура, макетаваньне, набор нотаў, выраб кампутарных шрыфтоў; прафэсійныя зацікаўленьні — мовы, пераклады Бібліі, гісторыя БНР, Інтэрнэт. Укладальнік выданьня Архіваў БНР.
На "Свабодзе" ад 1996 году.
|
|