RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Так сталася ў маім жыцьці, што вярнуўшыся з войска я мусіў працаваць амаль год на прадпрыемстве, адкуль мяне прызывалі. Гэта “Мінскбудматэрыялы”, зараз – вытворчае аб’яднаньне “Керамін”. Безумоўна, я будаваў далейшыя жыцьцёвыя пляны і мусіў спыніцца на тым, што найбольш мне падыходзіць БДУ, юрыдычны факультэт.

Калі аб гэтым даведаліся ў цэху, а таксама заводзкай канторы, то прапанавалі мне ўступіць у партыю для таго, каб лягчэй было з паступленьнем. Я адразу згадзіўся – калі трэба дык трэба. Але пасьля высьветлілася, што я выключаны з камсамола. Я расказаў, як гэта здарылася – што мяне ў войску выгналі, і ня толькі мяне, але і ўсіх, хто служыў на камандным пункце вайсковай часткі гораду Мары, які знаходзіцца пасярэдзіне пустыні Каракум ў Туркменістане.

А справа ў тым, што выключылі мяне ды іншых з камсамолу за традыцыйнае ў савецкім войску адзначэньне “ста дзён да загаду” – пераводзілі духаў у чарпакі, і гэта, як належыць, праходзіла са сьпіртным і закускамі. Мы тады грунтоўна падрыхтаваліся. Перад гэтым выяжджалі на бахчу ў пустыню, набралі кавуноў, дыняў. У аэрапорт схадзілі і набралі знакамітага туркменскага плову. Усё было як належыць.

Але ж нас застукалі, калі сьвята было ў разгары. Вынік быў для нас трохі сумны – сабралі ўсіх у роце, і вельмі жорсткі загад зампаліта: здаць камсамольскія білеты і да канца службы – у нарады, не вылазіць.

Ну так і сталася, што вярнуўся я пад Новы год без камсамольскага білета, але і без папераў, якія б пацьвярджалі, як нас выгналі з камсамолу. Расказаў, як усё адбылося, камсамольскаму бюро прадпрыемства “Мінскбудматэрыялы”, і таму давялося паўторна ўступаць. Неверагодна, але так было.

Я вырашыў, што да паступленьня ў БДУ амаль год, запісаўся на вечаровыя курсы, у камсамол не ўступаў прынцыпова, каб не плаціць лішнія ўзносы – 1% ад заробку. І ўступіў непасрэдна ўжо ў ліпені, калі былі ўступныя экзамены ў БДУ.

Такім чынам зэканоміў нават на складках, і ў той жа час, паступаў, і ў кішэні ў мяне ўжо быў камсамольскі білет. Гэта было неабходна для таго, каб была анкета нармалёвая, каб не ўзьніклі падазрэньні. Тым больш, што паступаў, як мне сказалі, на палітычны факультэт. Фактычна, гэта быў адзін з самых прэстыжных факультэтаў ва ўнівэрсытэце, і нялёгка было рабочаму туды паступіць, тым больш безь ніякіх сувязяў. Мне гэта ўдалося, бо я здаў на пяць балаў.

Павал Знавец
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org