RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу распавесьці, як я спадзяваўся на праграму пабудовы камунізму.

Пачалося тое, мабыць, гадоў 40 таму. Дом маёй бабулі Алёны ў мястэчку Забрэдзьдзе стаяў пры гасьцінцы ля самай царквы. Ну ён і зараз там стаіць, у ім Антось Янкоўскі жыве. І вось даўней, як і зараз, як нядзеля ці сьвята якое, ідуць людзі ў двор і ў хату: каму ровар паставіць, каму пакупкі пакласьці, каб у царкву не цягнуць, каму вады папіць…Бывала зойдзе нехта, бабулю прывітае, пра навіны параспытвае, тое-сёе сваё распавядзе. А нам малым, мне і стрыечным братам, цікава людзей паслухаць.

І заўсёды, пабачыўшы нас, а нас было чатырох – нарадзіліся ўсе ў адзін год аднолькавыя як грыбы. То пачне бывала распытваць – чый гэты, а гэны, а той… І праз тое мы сваё генэалягічнае дрэва вывучылі выдатна.
Да таго ж былі ў хаце ў бабулі і звычайныя, так бы мовіць, ілюстрацыі – некалькі вялікіх рамак з фатаграфіямі.

Адзін здымак мяне зацікавіў асабліва, бо на ім быў ваенны ў нейкай незнаёмай форме – нярускай і няпольскай. Рускіх і польскіх саладатаў было там нафатаграфавана багата. Неяк цішком я тую фотку выцягнуў і прачытаў на другім баку, што 23 верасьня 56-га года недзе ў Ню-Ёрку сфатаграфаваліся двое старых ды іхны ўнук Джымі О. Яблонскі. У момант я сьцяміў, што дзед на здымку – ніхто іншы як бабульчын брат Антоні, які зьехаў у Амэрыку яшчэ за царом. Такім чынам, дзяцюк у форме – мой стрыечны брат, гэткі самы, як двое Сьцяпанаў ці Валодзя.

Божа літасьцівы! Ажно мне млосна зрабілася. А як злосны амэрыканскі прэзыдэнт загадае яму скочыць на нас з парашутам ці напасьці вайною? Магчымасьць жудаснага граху братазабойства падчас імавернага савецка-амэрыканскага канфлікту сур’ёзна хвалявала мяне вельмі доўга, ці не да вясны.

Аднойчы, быўшы ў Маладэчне ў цёткі, я пачуў праз радыё, што ў 80-м годзе будзе поўны камунізм і ня будзе ніякае вайны. Пры першай нагодзе, я паведаміў маме і тату, што дзеля клопату партыі пазьбег непрыемнасьці служыць у войску, дзе трэба падцягвацца, як у фільме “Іван Броўкін”, а разам – і небясьпекі сьмяротнага граху – забіць пры тым свайго брата Джымі. Тата паслухаў і загадаў мне пра тое людзям не казаць. Вось я і маўчаў.

У 72-м годзе пахавалі ў Ню-Ёрку Антонія Яблонскага. У 74-м забралі мяне ў войска. У 80-м – ніякага камунізму не атрымалася. Ці жывы той Джымі, ці мае дзеці, унукі – ня ведаю. Зараз думаю, трэба знайсьці іх, каб разам паехаць у Забрэдзьдзе, сфатаграфавацца і сказаць малым дзецям маім у радзіне: “Не надумайцеся ваяваць, вы ж братоў маеце”.

Міхась Залескі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org