RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Для кожнага чалавека самае дарагое – гэта дзяцінства, юнацтва, таму што там чысьціня, там радасьць, там маладыя бацькі. Вось некалькі кропель сьветлай сьлязы ўспамінаў маіх.

Мы жылі, канешне, у тую пару вельмі кепска. Я памятаю – скіба хлеба, намазаная сьмятанай. Я выходжу на вуліцу, і ўсе дзяўчынкі, якія ня мелі такой лусты, зайздросьцяць мне. Адной захацелася пакаштаваць гэтага. Яна мне пальцам паказала некуды, маўляў, глядзі, там нехта ідзе. Я стала, канешне, глядзець, а яна ў гэты час зьлізала маю сьмятану. Мы да гэтага часу ўспамінаем зь ёй пра гэта і сьмяемся. Яна, дарэчы, жыве, яна настаўніца.
 
Пасьля помню – пара вайны, гарэла вёска. Хаты стаялі ў нас вельмі густа адна каля адной, бо ў той час зямлю бераглі, і яны загараліся адна ад адной. Вось згарэла і нашая хата. Таты не было дома, ён быў у нейкім абозе, і мама адна завіхалася, ратавала ўсё тое неабходнае для жыцьця, выкідвала на вуліцу, на гарод, а мне дала такі вузельчык з хусткамі сьвяточнымі. Я яго не магла нават трымаць, бо была малая, ён быў цяжкаваты для мяне. Мама гаворыць: “Цягні, цягні па зямлі”. І я цягнула. Пагубляла там хусткі, пасьля іх зьбіралі, аддавалі нам. Мы жылі ў дзедавай хаце, у цеснаце. Я памятаю, як я ўсё плакала і казала: “Ні таткі, ні хаткі, ні ляльлкі”, але больш за ўсё я плакала, канешна, па сваёй ляльцы, якая згарэла, – мая адзіная лялька, сшытая са шкуточкаў розных.

Пасьля, у сёмым-восьмым клясе, кожныя летнія канікулы заўсёды дзеці былі ў полі. Мая мама часта хварэла, а працадзень трэба было зарабляць, хоць за яго нічога не давалі. Я дапамагала маме, нават жала, і часта хадзіла жаць, сотак 6-7 у дзень, а іншы раз і больш. Канешне, для дзяўчынкі гэта было складана, цяжка, але я так шчыравала, так улягала, каб памагчы маме. І вось калі вечарам ужо ішлі з поля жанчыны, бачачы, што я яшчэ на сваёй палосцы, памагалі мне талакой. А я прасіла: “Ня трэба, ня трэба, я сама, яшчэ ж сонца не зайшло…” Так мне хацелася быць самастойнай.

Памятаю шматлікія вечары, калі зьбіралася вясковая моладзь на вуліцы пасьля працоўнага дня, і мы сьпявалі, вельмі прыгожа сьпявалі такімі чыстымі, звонкімі галасамі, сьпявалі да паўночы, і ніхто нас не праганяў, хаця людзі, змораныя працай, даўно спалі. Позна разыходзіліся, а назаўтра ранічкай, як сьвет, голас маці: “Уставай, дачушка, на пастбу трэба, я табе нешта смачнае паклала ў торбачку”.

Марыя Захарэвіч, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org