RFE/RL |
Здымалі мы фільм. Гэта было ў горадзе Валожын. А фільм называўся “Шэрае,
блакітнае і крыху зялёнага”. У гэтым горадзе ёсьць такая плошча, на якую
выходзяць усе канфэсіі, якія толькі можна сабе прыдумаць – касьцёл, царква,
сынагога, райкам… здаецца ўсё. Гэта зусім не замінае жыхарам гораду сябраваць
паміж сабой, то бок, ніякіх спрэчак на гэтую тэму не ўзьнікае. Мне здаецца,
гэта дужа паказальнай рысай беларускага характару.
Канешне, гэтыя канфэсіі маюць таксама дачыненьні паміж сабой. Мне, напрыклад, больш запомніўся ксёндз сваёй дэмакратычнасьцю. Як толькі нашая здымачная група зьяўлялася на плошчы, адразу аднекуль зьяўляўся ксёндз – гэта такі дзядок, яму 72 гады, малы, рухавы, пухленькі – ён казаў: “Пажалуста, кава, кава, пані рэжысэр, пані дырэкторка, пажалуста”. І абавязкова ў ксяндзоўскім доміку быў накрыты стол – як ён там зьяўляўся, якім цудам – я ня ведаю. Бацюшка быў больш стрыманы. Ён запрасіў здымачную групу на абед, але ўсіх выстраіў, прымусіў прачытаць “Ойча наш…”, гаварыў пра сур’ёзныя рэчы, крацей кажучы, здымачная група – яны ўсе людзі такія легкадумныя – яны больш да яго не пайшлі. Сынагога, на жаль, не захавалася, і таму мясцовыя жыхары ўздыхаюць, што вось было яшчэ адно шкельца ў гэтым узоры, і яно наўрад ці адновіцца. Быў яшчэ футбольны турнір паміж ксяндзамі і бацюшкамі. Гэта пра дружбу канфэсіяў. Перамаглі, здаецца, ксяндзы. А чаму мне ўзгадваецца гэты эпізод? Таму што талерантнасьць, падумала я, вось гэтая славутая беларуская талерантнасьць – гэта не бесхрыбетнасьць, не ўсёдаравальнасьць. Гэта – разуменьне таго, што кожны чалавек, гэта асоба, кожны чалавек мае права на сваё, і што гэтае “сваё” кожнага чалавека складае пэўны ўзор. Калі ў гэтым узоры ня будзе нейкай фарбы, ён прайграе. Ня трэба ўсіх фарбаваць адным колерам. Не дарэмна наш фільм называецца “Шэрае, блакітнае і крыху зялёнага”. Мясцовы мастак такімі фарбамі вызначыў свой горад. Іншыя фарбы там не прыжываюцца, там няма нічога выпадковага. Гэта характар. І таму нягледзячы на тое, што шляхі праз Беларусь вядуць у розныя бакі, выпадковага нічога няма – прыжываецца толькі тое, што можа тут жыць, і гэта дае надзею: гэта ня хутка, але гэта – назаўжды. Гэта дае надзею, што ўсё будзе добра. Ірына Волах
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |