RFE/RL |
У “лясную хатку” Зоські Верас прыяжджала шмат наведвальнікаў. Асабліва
засталося ў памяці спатканьне з Уладзімерам Караткевічам. Караткевіч прыяжджаў
у Вільню працаваць у архівах, ён спатыкаўся тут са сваім знаёмым Генадзем
Кісялёвым. Кісялёў жыў на Ігнатаўскім завулку у кляштары дамініканаў, дзе
калісьці была вязьніца, у якой апошнія свае часы правёў Кастусь Каліноўскі.
Па Ігнатаўскім завулку трэба было праходзіць побач з рэстаранам “Бочу”. Гэта значыць, продкаў. І вось Караткевіч, неяк ідучы, нават зарыфмаваў: “Па дарозе ў “Бочу” нікуды ня збочу”. Неяк у пачатку 70-х гадоў Караткевіч і Кісялёў прыйшлі наведаць Зоську Верас у яе “лясной хатцы”. Караткевіча цікавілі перадусім беларускія назовы расьлінаў. Яго цікавіў той батанічны слоўнічак, выдадзены яшчэ ў 1923 годзе, – “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”. Гэты слоўнік у той час быў вялікай рэдкасьцю. Ужо бібліяграфічнай рэдкасьцю. Ён разглядаў яго, запісваў, пытаўся пра іншыя назвы, якія не былі там, у слоўніку. Пасьля ўсе сабраліся на вячэру. Людзей было тут няшмат. Апроч гасьцей, Кіселёва і Караткевіча, былі толькі свае: сама гаспадыня, яе сын Антон, вось я, мой муж, Лявон Луцкевіч і сын Яраслаў. Як заўсёды, калі госьці, зьявіліся і каты. Яны таксама належалі да сям’і. Было іх тады два. За вячэраю гутарка была спачатку такая агульная, але пасьля ініцыятыву пераняў Караткевіч. Ён расказваў пра свае вандроўкі па Беларусі. Расказчык ён быў цудоўны. Расказваў вобразна, з гумарам. Толькі часам прабіваўся жаль, а, часам, і злосьць, што ў Беларусі столькі нявыкарыстанага, столькі ўсяго марнуецца. Больш у Зоські Верас ён не бываў. Але яны доўгі час ліставаліся. Лісты пісаў ён досыць часта, былі яны то вясёлыя, то сумныя… Галіна Войцік, Вільня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |