RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Маю журналісцкі дыплём. Але сталым журналістам так і не папрацаваў. Калі ў мяне пытаюцца, чаму так сталася, згадваецца першы выпадак майго знаёмства з тым, што ёсьць савецкая журналістыка. Мой першы журналісцкі досьвед.

Было гэта гадоў 25 таму. Тады я вучыўся ў 9-й клясе і мерыўся паступаць на факультэт журналістыкі. Прыйшоў у рэдакцыю сельгасадзьдзела аб’яднанай газэты “Сьцяг камунізму” да загадчыка, які мне на той час спрыяў, друкаваў у газэце мае вершыкі.

Я папрасіў у яго заданьне. “Едзь, Пятро, у саўгас ды папытайся ў знакамітай даяркі-рэкардысткі пра тое, як яна рыхтуецца сустрэць 24 зьезд КПСС,”- сказаў загадчык.

І вось я, гараджанін, упершыню трапляю на фэрму. Бачу вялікую колькасьць жывёлаў. Найбольш мяне ўражвае вялікая колькасьць гною. Спрабую лавіраваць паміж каровамі, каб не запэцкаць свае новыя штонікі. І размаўляю з даяркай, якая на ўсе мае роспыты пра падрыхтоўку да 24-га зьезду КПСС адказвае з уздыхам: “Якія кармы, такія й надоі”.

У гэты час, калі мы размаўлялі пра кармы, адной карове, мусіць, забалеў жывот, і яна плюхнула як раз каля маіх чаравікаў. Я паўзіраўся, што ж гэта за кармы, і пабачыў зялёныя кучы сіласу. Такія сьмярдзючыя, што аж ноздры рвала.

Тое, што каровы елі, было надта падобнае на тое, што пасьля зь іх выходзіла. Яшчэ мне запомніліся сумныя-сумныя вочы адной з кароваў-рэкардыстак.

Прыехаўшы дахаты, я цэлы вечар шрайболіў інтэрвію з даяркаю. Не забыўся й на 24 зьезд КПСС. У той час мы верылі ва ўсемагутную сілу зьездаў, якія прымушаюць і кароў даіцца інакш.

Былі там і досыць і дзіцячыя пытаньні, на якія даярка адказвала. Прыкладам, ці слухаюцца яе каровы. Гэты матэрыял я спачатку паказаў загадчыку адзьдзела культуры. На сёньня – знакамітаму паэту. “Малайчына, Пятро, - пахваліў мяне загадчык адзьдзелу культуры, - вельмі добра й жыва, толькі тое, што пра зьезд – сухавата”.

“Малайчына, Петрык, - пахваліў мяне і загадчык сельгасадзьдзелу, узяў чырвоны аловак і ўсё тое, што я пытаўся ў даяркі – пра кармы і пра каровы – выкрэсьліў чырвоным алоўкам. Засталося толькі пра зьезд.

Ад гэтага моманту я адчуў, якая гэта цяжкая прафэсія – быць савецкім журналістам. І хаця паступіў на журфак і атрымаў журналісцкі дыплём, журналіст савецкі і сапраўдны зь мяне так і не атрымаўся. Пайшоў у літатарурную крытыку, бэлетрыстыку.

А калі ў мяне пытаюцца, чаму не пайшоў у журналістыку, мне згадваюцца сумныя-сумныя вочы каровы-рэкардысткі.

Пятро Васючэнка
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org