RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


– Напрыканцы 45-га году – гэта ўжо пасьляваенны час – у пэдвучэльнях гарадоў Паставы й Глыбокае група юнакоў і дзяўчат заснавалі патрыятычную студэнцкую падпольную арганізацыю пад назовам СБП (Саюз Беларускіх Патрыётаў). Задачы нашыя былі выключна, як бы цяпер мовіць, адраджэнцкія.

Наша арганізацыя даволі доўга пратрымалася. Арышты распачаліся ў 1947 годзе. Судзіў нас ваенны трыбунал МВД у Менску і яшчэ другі суд адбыўся ў горадзе Полацку. Судзілі на вельмі вялікія тэрміны. Я таксама атрымала тэрмін 25 гадоў. Адбывала сваё пакараньне ў мардоўскіх лягерох.

Тое, што перажытае і перапакутаванае, я ня буду пра гэта згадваць – гэта незагойная рана на ўсё жыцьцё. А я распавяду пра першы дзень сваё волі.

У час адлігі хрушчоўскае прыяжджалі камісіі, якія ўжо датэрмінова вызвалялі. Чарга дайшла й да мяне. Адкрылі перад намі браму. Азірнуўшыся апошні раз, сэрца зашчымела ад болю і я заплакала. Я разьвітвалася са сваёй маладосьцю. Там засталіся мае лепшыя гады – назаўсёды ў турме за кратамі.

Павезьлі нас на станцыю Поцьма. У чаканьні цягніка я пайшла ў невялічкую краму. І тут падзадорылі мяне, што прадаюцца батоны. Я ж ніколі ў жыцьці ня бачыла тых батонаў. Мне здавалася, што гэта нейкія заморскія фрукты, накшталт бананаў. І вось прыйшоўшы ў краму, я папрасіла ў прадаўшчыцы: “Дайце мне, калі ласка, кіляграм батонаў!” Прадаўшчыца, прыняўшы гэта за жарт, так ўсьміхнулася, а потым кажа: “А мы прадаем іх паштучна”.

Я тут крыху разгубілася – якія ж гэтыя штукі, і колькі ж іх браць? Каб жа замала ня было і каб жа задужа ня ўзяць? Праўда, грошы нам далі – па 30 рублёў на дарогу, але баялася, каб мне хапіла разьлічыцца за гэтыя батоны.

І прадаўшчыца выкладвае на прылавак адзін за другім… даўгаватыя булачкі з папярэчнымі ўмяцінамі. І я разгубілася. Ледзь ня войкнула ад зьдзіўленьня. Але ж, як бы ні ў чым ні бывала, разьлічылася. Бяру ў абярэмак гэтыя булкі і – ходу хутчэй да сваіх. Тут раздаю ўсім і усе мы вельмі сьмяемся над гэтым. Рагаталі доўгі час.

А я ж адначасна й задумалася: “Якіх жа дзікуноў з нас зрабілі за гэтыя 8 гадоў, што я тут прабыла?” А потым падумала: “Магчыма ж будзе шмат такіх прыгод”. І сапраўды, гэтак і было, пакамест я увайшла ў нармальную каляіну жыцьця.

Вось такім застаўся першы дзень маёй волі ў памяці маёй назаўсёды.

Алеся Умпіровіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org