RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я ніколі ня быў дысыдэнтам. Я ўсё жыцьцё, калі працаваў на Беларускім тэлебачаньні, на радыё, быў … ну афіцыёзным. Адзін зь першых рэпартажаў, якія былі на Беларускім тэлебачаньні пра БНФ, рыхтаваў я.

Але здарылася так, што ў 1996 годзе, калі быў Чарнобыльскі шлях, я быў затрыманы. Мяне пасадзілі ў камэру – звычайная камэра, так званы “бамжатнік”. Нас было 25 чалавек. Прыходжу і кажу:

– Добры дзень. Маё прозьвішча Трызна. Завуць мяне Алег Сьцяпанавіч.

І да мяне падыходзіць такі малады хлапец і кажа:

– Вы той самы Трызна, што працаваў на Беларускім тэлебачаньні?

Я кажу:

– Так, я той самы Трызна, што працаваў на Беларускім тэлебачаньні.

– Дык за што вас тут пасадзілі? Вы ж нас усё жыцьцё тапталі?

Я кажу:

– Напэўна, таму я тут і апынуўся сярод вас, калі таптаў…

І ведаеце, пасьля гэтага выпадку я і адчуў сябе дысыдэнтам. А тое, чаму я іх таптаў?… Да БНФ я вельмі дрэнна ставіўся…

Гэта ўсё было ў красавіку, і я быў такі сьветленькі: касьцюмчык… А холадна было ў той камэры. І адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту, які трапіў у гэтую ж камэру, але быў у плашчы, ён гэтым сваім плашчом мяне накрыў… І вось калі мы спалі разам, я зразумеў чаго гэтыя людзі хочуць…У людзей ёсьць штосьці ў сэрцы, у людзей ёсьць нешта за душой.

Алег Трызна
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org