RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гадоў 70 таму на Случчыне, удалечы ад вялікіх дарог, сярод лясоў і балацявін тулілася невялікая вёска Буда Грэская. Мелі на стале хлеб і да хлеба, рабілі ўсё самі, парабкаў не наймалі, ды нібы чума нейкая накацілася бальшавіцкая калектывізацыя, а разам зь ёй гэтак званае раскулачваньне. Усчаліся высылкі сялян на поўнач Расеі ці ў Сібір, зьдзекі і гвалты, спусташэньне вёсак.

Памятаю, як аднойчы матуля сказала мне: “Хадзем, сынок, у Буду, трэба правесьці людзей у дарогу, разьвітацца зь імі”. Ад нашага хутару Буда Грэская была недалёка, і мы пайшлі туды. Вёска нагадвала патурбаваны муравейнік: мітусіліся людзі, сюды-туды снавалі міліцыянты ды іхныя памагатыя – вясковыя актывісты. Над вёскай луналі плач і галашэньне. З хат выносілі клункі і мяхі і ладавалі іх на вазы. Памятаю, мяне вельмі зьдзівілі нейкія дошчачкі, якія былі прывязаныя да кожнага мяшка ці клунка. Я спытаўся з дзяціннай цікаўнасьцю ў матулі, для чаго гэтыя дошчачкі. “На дошчачках напісана, чые гэта мяхі, каб не згубіліся потым у дарозе,” – патлумачыла яна мне.

Тых, каго высылалі, сталі зганяць да вазоў. Адна нямоглая бабуля, якую валаклі з хаты, ўчапілася за парог, крычала: “Не паеду, нікуды не паеду, лепш забеце мяне тут!” Нарэшце абоз з плачам пад канвоем міліцыянтаў вырушыў у дарогу. Аднавяскоўцы праводзілі няшчасных аж за аселіцу.

А вясковыя актывісты тым часам не марнавалі часу. Яны шнырылі ў пакінутых хатах і грэблі ўсё, што засталося там.

Уратавацца ад высылкі ўдалося толькі Юстыне Нямковіч. Яна была ўдава. Адзіны яе сын, Вецік, меў усяго толькі 16 гадоў. Таму і даводзілася наймаць каго-небудзь, каб узараць палетак, пасеяць збажыну, пасадзіць бульбу, накасіць сена. Вось за гэта і трапіла кабета ў сьпіс кулакоў, якія падлягалі высылцы ў далёкія мясьціны. Відаць адчуваючы нядобрае, удава атправіла сына да сваякоў у Ленінград. І калі пачалося раскулачваньне, яна ўцякла з дому, хавалася ў знаёмых. Міліцыянты і актывісты ганяліся за ёю як за дзікім зьверам. Усё шукалі яе, ды не знайшлі. Казалі, што яна потым падалася кудысьці ў Расею.

З 22 хатаў у вёсцы 5 хат апусьцелі. У адной зь іх асталявалася кантора новастворанага калгасу “Чырвоная Кветка”, у другой сьвінаркі гатавалі корм для калгасных сьвіньняў. У трох астатніх пасяліліся прыезжыя аднекуль людзі. І зажылі людцы калгасным жыцьцём. За працу ад цямна да цямна ў доўгі летні дзень ім давалі па 300 грамаў збожжа, у якім палова было герсы, а за каласкі, якія людзі зьбіралі на калгасным полі – 5 гадоў турмы.

Казалі, што прыходзілі з-за Ўралу лісты, у якіх сасланыя землякі прасілі прыслаць ім хоць крыху сухароў, сушанай бульбы альбо хоць чаго, чым можна было ўратавацца ад галоднае сьмерці. Далейшы іх лёс невядомы – ніхто адтуль не вярнуўся.

Пасьля вайны мне даводзілася сустракаць людзей, якія хваліліся тым, што яны раскулачвалі, і казалі яны пра гэта з такім гонарам, нібыта зьдзейсьнілі гераічны подзьвіг пры штурме Кёнігсбергу ці Бэрліну.

Алесь Траяноўскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org