RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


На пачатку 90-х гадоў адзін з нашых сябраў, а тады мы былі ў маладзёвай арганізацыі “Талака”, запрасіў нас на Каляды да сваіх сваякоў у маленечкую вёску пад Ліду. Мы сабралі кампанію, у нас была зорка, маска казы, калядныя песьні, вітаньні гаспадароў, гаспадыні, дачкам, ягоным бацькам, і паехалі ў гэтую вёску.

Нас вельмі гасьцінна сустрэла гаспадыня, патлумачыла, у якія хаты можна заходзіць, дзе жывуць дзяўчаты, дзе маленькія хлопчыкі, каб было ведама, дзе якія песьні сьпяваць. І з гэтым маладым чалавекам, родныя якога жылі ў гэтай вёсцы, мы пайшлі па хатах. Нас сустракалі вельмі гасьцінна, радваліся, частавалі – усё як належыць. Адзінае, што ў адной хаце мы пабачылі, як фіраначкі на вакне таргануліся, нейкі твар мільгануў праз шкло, фіранкі зацягнуліся, і нам ніхто не адчыніў. Гэта быў адзіны выпадак.

На раніцу з гаспадыняй мы пайшлі ў царкву. Ужо ўсе вёскі навакольныя ведалі, што ў гэтую вёску прыяжджалі калядоўшчыкі, жанчыны і сталыя кабеты пыталіся, ці можам мы прыйсьці да іх у хату пасьпяваць. А адна маленечкая бабуля спыніла нас ля царквы і сказала:

– Ой, дзеткі мае, каб я ведала, што гэта вы прыходзілі. Вы ж учора грукаліся да мяне, а я сьпевы пачула, фіранку адчыніла, гляджу – людзі стаяць, сьпевы гучаць, зорка… Я падумала, што ўсё, прыйшла мая сьмерць, паміраць мне ўжо трэба, гэта анёлы зь неба спусьціліся. Бо з 39-га году, як камуністы ўжо прыйшлі, зорак ужо не хадзіла, ніхто не сьпяваў. Я падумала, што гэта мне перад сьмерцю такое відовішча…

А калі мы ўжо ехалі назад, жанчыны ўжо ў нас пыталіся

– Вы калядоўшчыкі? Прыходзьце да нас у вёску…

Мы ўжо ад’яжджалі, заняткі ўжо пачыналіся ў некаторых, на працу трэба было. Нас прасілі пасьпяваць хоць у аўтобусе, частавалі чым маглі, бо лічылася, што калядоўшчыкаў абавязкова трэба пачаставаць, даць нейкі падарунак. Адна жанчына сказала:

– У мяне нічога няма. Вось дзьве капеечкі ляжыць, вазьміце хоць іх.

І вось тыя дзьве капейкі былі для нас самым дарагім калядным падарункам у тым годзе.

Алена Ткачова, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org