RFE/RL |
У мяне так склалося жыцьцё, што я 25 гадоў ужо працую ў архэалёгіі. Часам
задаюць пытаньне: “Што ты там знайшоў? Зямлю капаеш, корпаесься, нейкую
старызну шукаеш”.
А я ніколі не забуду, як аднойчы, раскапаўшы рэшткі драўлянага насьцілу – маставой 12 стагодзьдзя – мы па ім прайшлі (дарэчы, гэта было ў Менску), і было такое адчуваньне, што да цябе, ці паміж табой і тымі людзьмі, якія тады жылі, 800 гадоў таму, нічога не йснуе, нічога не было. Тады, дарэчы, мы знайшлі побач з гэтай маставой лапаць, прычым лапаць сапраўдны, плецены, і на ўсю Беларусь, на ўсю гісторыю беларускай архэалёгіі – гэта больш чым 50 гадоў – гэта было ўсяго толькі другая знаходка. Самае дзіўнае, што ўжо ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях нашыя продкі не хадзілі ў лапцях, прынамсі ў гарадох. І калі кажуць, што Беларусь – лапатная краіна, што тут жылі прыціснутыя да зямлі сяляне, якія нічога ня ведалі, не чыталі, неадукаваныя – аказваецца ўжо ў ХІІ стагодзьдзі яны насілі выключна скураны абутак. Вось ёсьць такая загадка ў архэалёгіі. Розныя стагодзьдзі складаюць розныя пласты – архэалягічныя пласты. І гэты пляст – гэта чыста рэальная рэч, якая мае сваю таўшчыню. Дык вось самыя магутныя напластаваньні, самыя тоўстыя – часам, яны дасягаюць і двух мэтраў, і трох – гэта ХІІ-ХІІІ стагодзьдзі, і потым ХVІІ-ХVІІІ. А вось часы Скарыны, часы Гусоўскага, часы Вітаўта ў культурных напластаваньнях не пакінулі вось гэтага слоя зямлі, пакінуўшы па сабе толькі рэчы. І часам, у тым ліку і ў гарадох, – а паколькі я гарадошнік і там у асноўным праводжу свае раскопкі – можна меркаваць аб стагодзьдзях толькі па саміх рэчах – па кафлі, па кубачках і г.д. Парадокс! Самы сапраўдны. Буяла культура, пісаліся кнігі, пісаліся вершы, пісаліся карціны, жыцьцё ішло ў вялікай, магутнай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, а слою зямлі не нарасло. Чаму? Можа сьмецьця не было, можа мала кідалі яго сабе пад ногі, можа
жыцьцё духоўнае больш напаўняла чалавека, чым хлеб будзёны?
Увогуле кажуць, што зараз, пасьля таго, як мы сыйдзем, нас ужо ня будуць шукаць у зямлі. Нас будуць шукаць па архівах, па кампутарах, паколькі мы пакідаем пасьля сябе столькі рознай інфармацыі, часам, абсалютна непатрэбнай… Сяргей Тарасаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |